Сімвал славы

- 17:02Родная земля

Сімвал нашай памяці пра Вялікую Айчынную вайну, сімвал чатырох франтоў, якія вызвалялі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, сімвал ­міралюбівай беларускай ­зямлі — усё гэта знакаміты Курган Славы. Узве­дзены 50 гадоў назад, ён стаў адной з візітовак нашай краіны. І ўсё ж у першую чаргу гэта візітоўка Смалявіцкага раёна, на тэрыторыі якога і знаходзіцца мемарыяльны комплекс.

Незабыўныя ўражанні

Вяршыня 35-метровага кургана — выдатнае месца, каб атрымаць незабыўныя ўражанні. Той, хто пераадолее 241 пры­ступку, якія віюцца ўверх па схілах кургана, адчуе прыкладна тыя ж эмоцыі, што адчуваюць турысты падчас пад’ёму на горную вяршыню ў прыкладна 2410 метраў. А яшчэ на вяршыні кургана ўяўляеш сябе птушкай. Каля цябе (здаецца, толькі працягні руку) павольна плывуць аблокі і ўзлятаюць самалёты (недалёка знаходзіцца Нацыянальны аэрапорт Мінск), а пад табой як на далоні маляўнічая смалявіцкая зямля.

75 гадоў назад краявіды гэтай зямлі былі зусім не маляўнічыя. Тоны абгарэлай тэхнікі, тысячы забітых салдат, сотні варонак ад узрываў снарадаў — так выглядаў “Мінскі кацёл”, у які ў ліпені 1944 года трапіла каля 105 тысяч салдат вермахта. У гэтым месцы Смалявіцкага раёна адбываліся самыя жорсткія баі. Сёння ля падножжа кургана таксама можна ўбачыць тэхніку, але яна не абгарэлая, вакол танкаў і артылерыйскіх гармат няма варонак ад узрываў. Сёння ля падножжа кургана знаходзіцца музей ваеннай тэхнікі пад адкрытым небам. Ён быў створаны па ініцыятыве Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі падчас рэканструкцыі Кургана Славы ў рамках падрыхтоўкі да святкавання
60-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Шматлікія наведвальнікі любяць фатаграфавацца каля 76- і 85-міліметровых гармат узору 1944 года, супрацьтанкавай 57-міліметровай гарматы, самаходнай устаноўкі ІСУ-152, танкаў Т-34, ІС-2, ІС-3, ІС-10. Падчас урачыстых мерапрыемстваў з нагоды 75-годдзя вызвалення Беларусі і 50-годдзя ўзвядзення Кургана Славы, якое адбудзецца 5 ліпеня, плануецца папоўніць музей ваеннай тэхнікі яшчэ адным экспанатам — штурмавіком ІЛ-2. Сярод частых наведвальнікаў мемарыяльнага комплексу — навучэнцы і педагогі Смалявіцкага раёна і ў першую чаргу Азярыцкаслабад­ской сярэдняй школы, якая знаходзіцца ўсяго за паўтара кіламетра ад комплексу.

Інжынернае збудаванне

— У памяць пра перамогу нашага народа ў Вялікай Айчыннай вайне на беларускай зямлі ўзве­дзена шмат помнікаў, абеліскаў, але самы велічны — Курган Славы. Ён увасабляе высакародную па­мяць пра мужнасць і гераізм воінаў-вызваліцеляў. Ветэраны і моладзь, жыхары Беларусі і яе госці прыязджаюць на нашу смалявіцкую зямлю, каб ­наведаць Курган Славы і пакланіцца памяці загінуўшых герояў. У кожнай школе ёсць свае традыцыі. Колькі існуе мемарыяльны комплекс, столькі ж у нас існуе традыцыя несці Вахту памяці на Кургане Славы. Абавязкова яны арганізоўваюцца на Дзень Перамогі і Дзень Незалежнасці, — паведаміла дырэктар Азярыцкаслабадской сярэдняй школы Марына Аляксандраўна Бачыла.

І.В.Скрэкацень.

На кожнае дзяржаўнае свята каля Кургана Славы праходзяць урачыстыя мерапрыемствы. Традыцыйна адбываецца прыняцце навучэнцаў Смалявіцкага раёна ў БРПА і БРСМ, ладзяцца Дні піянерскага сяброўства. Таксама адбываецца ўрачыстая адпраўка прызыўнікоў у месцы нясення тэрміновай службы. Прыязджаюць сюды і выпускнікі пасля апошняга званка, а пасля выпускнога яны ­сустракаюць каля кургана першае світанне свайго дарослага жыцця. Сюды сапраўды не зарасце народная сцяжына. Курган і ёсць народны помнік, бо ствараўся народам. Прыго­жая гісторыя ўзвя­­дзення кургана: маў­ляў, жменьку за жменькай сыпалі сюды зямлю з гарадоў-герояў усяго Савецкага Саюза, месцаў баёў. Гэта праўда. Аднак праўда яшчэ і ў тым, што калі насыпаць 35-метровы курган толькі жменькамі, то для гэтай справы спатрэбіцца некалькі гадоў. Насамрэч, курган быў
узведзены за паўтара года. Асноўная частка зямлі бралася з вёскі Задомлі. Сёння на тым месцы, адкуль экскаватарамі чэрпался зямля, знаходзіцца невялікае возера.

Курган Славы — не проста насыпанае ўзвышша, гэта складанае інжынерна-архітэктурнае збудаванне, разлічанае літаральна да пясчынкі. Спецыяльны дзёран з густым карэнішчам, на думку аўта­раў праекта (інжынера Валерыя Лапцэвіча, скульптараў Андрэя Бембеля і Анатоля Арцімовіча, архітэктараў Алега Стаховіча і Льва Міцкевіча), павінен стварыць своеасаблівы ахоўны панцыр, які б супрацьстаяў апоўзням і падтрымліваў бы найбольш аптымальны вугал схілу ў 35 градусаў. Надзей­насць канструкцыі надае нябачная для наведвальнікаў палівальная сістэма, а таксама 482 прыступкі, якія віюцца з падножжа да вяршыні і ў адваротным напрамку. Знахо­дзіцца курган на 30-метровым слупавым падмурку.

М.А.Бачыла.

Нямногія ведаюць, аднак шырокае кола, якое акружае чатыры ­35-метровыя штыкі, што сімвалі­зуюць чатыры франты, якія вызвалялі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (1-ы, 2-і, 3-і Беларускія і 1-ы Прыбалтыйскі), было смелым на той час архітэктурным рашэннем. На ўнутранай паверхні кола мазаікай выкладзены словы: “Арміі Савецкай, Арміі-вызваліцельніцы — слава!”, а на знешнім баку ўпрыгожваюць ба­рэльефныя выя­вы твараў юнай партызанкі, старога партызана, пілота, матроса, танкіста, маладога і старога пехацінцаў. Мазаікай ­выкладзена і выя­ва ордэна Славы і ордэна Вялікай Айчыннай вайны.

Сястра Хатыні

Пра гісторыю стварэння Кургана Славы можна даведацца або з інфармацыйных стэндаў, якія размешчаны на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу, або падчас наведвання гісторыка-краязнаўчага музея Азярыцкаслабадской сярэдняй школы, які дзейнічае з красавіка 1987 года. Ініцыятарам стварэння і першым кіраўніком была настаўніца гісторыі Алена Сяргееўна Войценка. Па словах сённяшняга кіраўніка Ірыны Вікенцьеўны Скрэкацень, экспанаты асноўнага (214 адзінак) і дапаможнага фонду (50 адзінак) падзелены на тэматычныя раздзелы: “Быт беларускіх сялян XIX — пачатку XX стагоддзя”, “Наш край да Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі”, “Развіццё ­Азярыцкаслабадскога сельскага савета ў 1918 — 1940 гадах”, “Наш край у гады Вялікай ­Айчыннай вайны”, “Гісторыя Азярыцкаслабадской школы”, “Дзіцячая творчасць”. “Наш край у гады Вялікай Айчыннай вайны” — асноўны і самы шматлікі па колькасці музейных прадметаў раздзел.

Як паведаміла Ірына Вікенць­еўна, ужо вечарам 26 чэрвеня 1944 года вёска Слабада была занята ворагам. Акупанты адразу ўстанавілі новы парадак, пачаліся смяротныя пакаранні. Быў закатаваны старшыня Азярыцка­сла­бадскога сельсавета Платон Антонавіч ­Яскевіч. Яго прывязалі да вялікай драўлянай бочкі і білі пугамі да таго часу, пакуль ён не памёр. Вытрымліваць падобныя зверствы людзі не маглі, і на акупаванай тэрыторыі разгарнулася барацьба. Так у чэрвені 1941 года ў вёсцы Задомлі Азярыцкасла­бадскога сельсавета была створана падпольная група, якой кіравалі дырэктар Задамлянскай школы Аляксандр Іванавіч Мрочак і жыхар Прылепаў Пётр Іванавіч Санковіч. Восенню 1941 года Аляксандр Іванавіч па даносе быў схоплены і пасля катаванняў расстраляны. Пра подзвіг гэтага чалавека расказвае адзін са стэндаў музея і альбом “Подзвіг настаўніка”.

На тэрыторыі ­Смалявіцкага раёна дзейнічалі ­партызанскія брыгады “Смерць фашызму” і “Разгром”. Акрамя таго, на смалявіцкай зямлі перыядычна праводзіла аперацыі брыгада “Дзя­дзі Колі”. Многія жыхары Слабады і навакольных вёсак дапамагалі народным мсціўцам ці самі сыходзілі ў партызанскія атрады. Партызанскаму руху на тэрыторыі Смалявіччыны таксама прысвечаны адзін са стэндаў музея. У адказ на актыўную барацьбу акупанты право­дзілі карныя аперацыі. 12 сакавіка 1943 года адбылася трагедыя ў вёсцы Багуце, якая знаходзіцца недалёка ад Слабады.

— Карнікі групамі ўваходзілі ў кожны дом і ва ўпор расстрэльвалі вяскоўцаў. Не шкадавалі ні старых, ні дзяцей. Пасля вёска была падпалена. 130 чалавек загінулі ў гэты дзень, з іх 40 дзяцей. З усіх багуцкіх жыхароў уратаваліся толькі трое. Цяжкі лёс у Марыі Яўгенаўны Булыга. Марыя была ў двары, калі ўбачыла, што вёску з усіх бакоў акружаюць немцы. Яна ўбегла ў хату, дзе былі бацька і маці, і сказала пра тое, што ўбачыла. Бацька загадаў: “Бяжы, дачушка, можа, паспееш, а нам, старым, не пад сілу ўця­каць”. Заплакаўшы, Марыя выбегла з ха­ты і накіравалася ў бок лесу. Раптам пачула вокрык па-нямецку: “Стой!” Адразу ж аўтаматная чарга. Дзяўчына адчула, як руку абпаліла нешта гарачае, але ўсё бегла. Наперадзе было балота. Марыя, не разбіраючы дарогі, кінулася ў балота і адразу зразумела, што гразне ў ім і не зможа выбрацца. Апошняе, што памятае, — гэта тое, як да краю балота падышоў паліцай з ­аўтаматам і стрэліў ёй у вока, кроў заліла твар. Калі карнікі пакінулі спаленую Багуту, сюды прыйшлі жыхары іншых навакольных вёсак. Яны знайшлі Марыю і выцягнулі з балота, дзяўчына цудам выжыла. У аснову альбома “Сястра Хатыні — Багута” якраз і пакладзены ўспа­міны жанчыны, — паведаміла Ірына Вікенцьеўна Скрэкацень.

На стэндах раздзела, прысвечанага Вялікай Айчыннай вайне, захоўваюцца фотаздымкі ветэранаў, іх узнагароды, салдацкія лісты-трохкутнікі. Сярод ветэранаў, якія да нядаўняга часу жылі ў Азярыцкаслабадскім сельсавеце, удзельнік Парада Перамогі ў Маскве тройчы ардэнаносец Мікалай Паўлавіч Васілёнак. А вось Міхаіл Васільевіч Яскевіч удзельнічаў у ахове Патсдамскай канферэнцыі дзяржаў-пераможцаў у Другой сусветнай вайне. На жаль, ветэранаў ужо няма побач з намі. У вітрынах захоўваюцца рэшткі зброі, гільзы, каскі, знойдзеныя ў ваколіцах Слабады. Цэнтральнае месца займаюць мемарыяльныя дошкі, дзе пералічаны грамадзяне Азярыцкаслабадскога сельсавета, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Важны экспанат — кніга “Нашчадкам прысвячаецца”, якая, па словах метадыста ўпраўлення па адукацыі, спорце і ­турызме Смалявіцкага райвыканкама Ганны Яўгеньеўны Чыстай, была выдадзена рэдакцыяй раённай газеты “Край Смалявіцкі” ў дзвюх част­ках сумесна з раённым Саветам ветэранаў у 2012 і 2014 гадах. Следам выйшла яшчэ адно дакументальна-мастацкае выданне “Іх імёны вартыя памяці”. Гэтыя выданні ёсць у кожнай установе адукацыі.

Прылепшчына гераічная

З падрабязным лёсам земля­коў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, можна азнаёміцца і ў музеі Прылепскага дзіцячага сада — сярэдняй школы. Народны краязнаўчы музей “Гісторыя Прылепшчыны” быў створаны ў 1980 годзе па ініцыятыве Дар’і Цімафееўны Абмётка. З 2004 года кіраўніком музея з’яўляецца Ва­лянціна Васільеўна Лянцэвіч. Сваё высокае званне “народны” музей атрымаў у 2014 го­дзе невыпадкова. Яго стварэнне, а потым і рэканст­рукцыя былі справай сапраўды народнай. З пералікам людзей і арганізацый, якія выдзелілі сродкі на рэканструкцыю музея ў 2010 го­дзе, знаёміць спецыяльная шыльда, змешчаная каля ўвахода ў залу.

Экспазіцыя складаецца з трох раздзелаў. Першы расказвае пра ­гісторыю краю і школы, другі пры­свечаны гісторыі  Пры­леп­шчыны ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Трэ­ці раз­дзел — “Этнаграфія, побыт і ­адзенне”. У музейных фондах захоўваецца больш за тысячу прадметаў. Па кожным ­раздзеле праводзіц­ца
ці­кавая экскур­сія, асабліва ду­­шэўная — па этнаграфічным раздзеле, у якім сабраны матэрыялы пра малую ра­дзіму Ва­­лянціны Ва­сіль­еўны і яе землякоў, якія пасля аварыі на ЧАЭС перасяліліся ў Прылепы з Нараўлянскага раёна.

У гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў найбольш запатрабаваным сярод наведвальнікаў з’яўляецца раз­дзел па ваеннай гісторыі краю. Цэнтральнае месца займае своеасаблівая стэла памяці, на якой пазначаны імёны землякоў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і імёны воінаў-вызваліцеляў. Сярод іх імя былога дырэктара Задамлянскай школы аднаго з арганізатараў падпольнай групы Аляксандра Іванавіча Мрочака. Яго сын Генадзь Аляксандравіч, выпускнік Прылеп­скай школы 1941 года, быў падпольшчыкам, сувязным-партызанам, байцом спецатрада “Артур”, пасля вызвалення ваяваў у складзе 2-га Беларускага фронту аўтаматчыкам і дайшоў да Берліна. Валянцінай Васільеўнай разам з вучнямі запісаны ўспаміны Генадзя Аляк­сандравіча пра яго баявы шлях, а таксама ўспаміны пра бацьку, сабраны падрабязныя звесткі пра дзейнасць прылепскага падполля.

— Наш музей вядзе вялікую работу па зборы матэрыялаў па гісторыі роднага краю, аб яго жыхарах. Асабліва вялікая ўвага ўдзяляецца сустрэчам з ветэранамі Вялікай ­Айчыннай вайны, бо для нашых вучняў гэта не проста абстрактныя героі, а блізкія людзі, родныя. Адна з такіх сустрэч і адбылася з Гена­дзем Аляксандравічам Мрочакам выпадкова каля помніка тату і маме ветэрана. Генадзя Аляксандравіча, на жаль, не стала ў снежні 2010 года, аднак ён пакінуў нам каштоўныя ўспаміны пра сваіх бацькоў, пра жыццё партызан у ­Барысаўска-Бягомльскай партызанскай зоне. На прыкладзе жыцця яго бацькоў, а таксама самога ­ветэрана вучні пераканаліся, што значыць па-сапраўднаму любіць і абараняць Радзіму, як пераадольваць цяжкасці і заставацца чалавекам, як любіць свой народ і родны край, — падзялілася Валянціна Васіль­еўна.

“Пасля выпуску мы з класам сабраліся ­паехаць у Мінск. Назначылі паездку на 22 чэрвеня. Аднак планы аб прагулцы былі парушаны. На другі дзень вайны мой бацька па заданні Смалявіцкага райкама КПБ пачаў ства­раць падпольную групу. Яе кас­цяк склалі брат таты Іван Мрочак, наша сям’я, а таксама аднавяскоўцы. Дзякуючы прыхаванаму радыёпрыёмніку, сярод мясцовага насельніцтва распаўсюджваліся звесткі Саўінфармбюро. У жніўні 1941 года па даносе тата быў схоплены і расстраляны каля вёскі Рудні. Наша мама пасля гэтага яшчэ больш актыўна пачала весці падпольную дзейнасць. Па рашэнні падпольнага райкама партыі, уся наша шматдзетная сям’я была перавезена ў Барысаў­ска-Бягомльскую партызанскую зону”, — такія ўспаміны Генадзя Аляксандравіча Мрочака захоўваюцца ў школьным музеі. І гэта толькі частка вялікага аповеду пра цяжкасці, якія давялося пераадолець у гады Вялікай Айчыннай вайны мясцовым жыхарам.

Масавы подзвіг

Верхмень — вёска ў Смалявіцкім раёне, вядомая ў першую чаргу тым, што ў 1906 го­дзе тут настаўнічаў Якуб Колас. Пра гэта сведчыць памятная шыльда на будынку Верхменскай сярэдняй школы, а таксама музей, які носіць імя класіка нашай літаратуры. А вось сама школа носіць імя Героя Савецкага Саюза былога выпускніка Віктара Андрэевіча Тумара. Яго партрэт упрыгожвае адзін з раздзелаў экспазіцыі школьнага музея бая­вой славы, дзе расказваецца пра гады вучобы, пра баявы шлях і подзвіг, які ўраджэнец Смалявіцкага раёна здзейсніў на тэрыторыі Румыніі (цаной свайго жыцця падарваў нямецкі танк у баі
30 мая 1944 года).

Па словах дырэктара школы Марыны Аляксандраўны Крэ­сік, музей быў адкрыты 26 лютага 1986 года па ініцыятыве былога кіраўніка ўстановы Віктара Сцяпанавіча Мішкевіча. Велізарную дапамогу ў стварэнні музея аказалі ветэраны вайны, якія перадалі ў музей баявыя фотаздымкі, лісты, альбомы, прадметы салдацкага побыту. Чатыры раздзелы экспазіцыі расказваюць пра пачатак Вялікай Айчыннай вайны, баявы шлях 873-га знішчальнага супрацьтанкавага артылерыйскага палка, які вызваляў тэрыторыю Смалявіцкага раёна, пра жыццё і баявы подз­віг Віктара Тумара, пра Герояў Савецкага Саюза — ураджэнцаў Смалявіцкага раёна.

— Музей баявой славы з’яў­ляецца цэнтрам пошукава-да­следчай працы. Савет музея далучае ўсіх школьнікаў да гэтай цікавай справы. Вывучэнне літаратуры пра Вялікую Айчынную вайну, архіўных дакументаў, работа з перыёдыкай і іншымі крыніцамі, паходы па месцах баявой славы, экспедыцыі, экскурсіі, сустрэчы з ветэранамі, запіс іх успамінаў, удакладненне спісаў ветэранаў, устанаўленне адрасоў аднапалчан, перапіска — гэта асноўныя формы пошукава-даследчай дзейнасці школьнікаў. Музейныя прадметы і калекцыі сістэматычна выкарыстоўваюцца на ўроках гісторыі, грамадазнаў­ства, літара­туры, дапрызыўнай падрыхтоўкі і іншых, — адзначыла Марына Аляксандраўна.

Асобных слоў за­слугоўвае ­раздзел, прысвечаны бая­вому шляху 873-га Смаленска-Брандэнбургскага зні­шчальнага супраць­­танкавага арты­лерыйскага палка, байцы якога 5 лі­пеня 1944 года на тэрыторыі Смалявіцкага раёна ­здзейснілі масавы подзвіг: полк у складзе шасці батарэй (гэта каля 400 чалавек) на працягу 9 гадзін вёў бой з пяцітысячнай групоўкай нямецкіх войск, якія спрабавалі прарвацца з акружэння. Вывучаючы баявы шлях палка, школьнікі правялі вялікую пошукава-даследчую работу, працавалі з гістарычнымі, архіўнымі матэрыяламі, якія тычацца аперацыі “Баграціён”, неаднаразова здзяйснялі паходы па месцах баёў палка. У выніку былі сабраны ўнікальныя матэ­рыялы. Адной з важных спраў стала ўсталяванне педагогамі і вучнямі памятнага знака ў гонар подзвігу байцоў палка.

На базе музея баявой славы паспяхова дзейнічае валанцёрскі атрад “След”. Адным з галоўных напрамкаў яго работы з’яўляецца грамадзянска-патрыятычнае выхаванне навучэнскай моладзі. Вучні-валанцёры задзейнічаны ў пошукавай, даследчай працы музея, праводзяць паходы па месцах бая­вой славы, экскурсіі, аказваюць дапамогу Курганскаму сельсавету ва ўдакладненні спісаў малалетніх вязняў, наведваюць і віншуюць ветэранаў, дапамагаюць ім у што­дзённых клопатах, шэфствуюць над брацкімі пахаваннямі ў навакольных вёсках.

Дырэктар Прылепскага ВПК Д.Л.Жукоўскі каля музейнай стэлы памяці.

Маляўнічыя далягляды

Дзясяткі абеліскаў, помнікаў перыяду Вялікай Айчыннай вайны знаходзяцца на тэрыторыі Смалявіцкага раёна. Самы галоўны — мема­рыяльны комплекс “Курган Славы”. Гэта адзін з сімвалаў нашай памяці пра Вялікую Айчынную вайну, сімвал народнай славы. Калі падняцца на вяршыню 35-метровага кургана і палюбавацца адтуль на маляўнічыя смалявіцкія далягляды, то можна яшчэ раз пераканацца ў прыгажосці беларускай зямлі, яе міралюбівасці.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.