Арыгінальныя сімвалы эпох сабраны ў музеі баявой і працоўнай славы Караваціцкай сярэдняй школы Рэчыцкага раёна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Выратаваная спадчына
Акрамя традыцыйных для падобных музеяў прадметаў перыяду Вялікай Айчыннай вайны і пасляваеннага развіцця краю, тут можна ўбачыць і даволі рэдкія экспанаты. Напрыклад, сцягі ЦК КПСС, Савета Міністраў СССР, УЦСПС і ЦК УЛКСМ, уручаныя кіраўніцтву калгаса “ХХІ з’езд КПСС” за перамогу на ўсесаюзных сацыялістычных спаборніцтвах.

— Раней сцягі захоўваліся ў калгаснай канторы, аднак некалькі гадоў назад кіраўніцтва гаспадаркі вырашыла замяніць гэтыя сімвалы савецкай эпохі. Настаўнікі прапанавалі перадаць іх на захоўванне ў школьны музей, — расказвае дырэктар школы Аляксандр Уладзіміравіч Васількоў.
Пра гэта паклапаціўся былы кіраўнік установы адукацыі Вячаслаў Мікалаевіч Мароз. Сам жа музей ствараўся апантаным краязнаўцам тагачасным дырэктарам Эдмундам Пятровічам Залескім. Ён быў географам па адукацыі і разам з дырэктарам суседняй Краснадуброўскай базавай школы Васілём Арцёмавічам Ярамчуком у вольны час, на канікулах на ўласным транспарце прывозілі ў школу прадметы даўніны. Частку перадавалі мясцовыя жыхары, астатняе настаўнікі знаходзілі самі ў пустуючых дамах. Гэты шлях папаўнення экспазіцыі сёння найбольш папулярны.
— Са старшынёй сельсавета ў нас сяброўскія адносіны. Калі нейкі дом рыхтуецца да зносу, ён запрашае мяне, і мы разам даследуем будынак, глядзім, ці ёсць што каштоўнае для музея: фотаздымкі, дакументы, прадметы побыту або працы вяскоўцаў. Такім чынам у музей трапілі каменныя жорны. Іх, дарэчы, дазваляецца чапаць рукамі. Жорны хоць і старыя, але ў рабочым стане. Падчас экскурсіі прапануем вучням засыпаць у іх зерне і змалоць, — паведаміў Аляксандр Васількоў.

Па яго словах, яшчэ гадоў 20 назад экспанаты знаходзіліся ў холе трэцяга паверха. З часам патрабаванні да афармлення экспазіцыі змяніліся і яна была перанесена ў асобнае памяшканне. Сёння асноўны фонд налічвае амаль 600 прадметаў, якія захоўваюцца ў раздзелах “Ветэраны працы нашага калгаса”, “Трагедыя сяла Кабылева”, “У баях загінуўшыя каравацічане”, “З архіўных дакументаў часцей і падраздзяленняў”, “У баях за вызваленне Каравацічаў”, “Карта-схема вызвалення Каравацічаў”.
Сястра Хатыні
Тэма Вялікай Айчыннай вайны займае важнае месца ў экспазіцыі музея Караваціцкай сярэдняй школы. Асаблівая ўвага — генацыду беларускага народа, аповеду пра лёс суседняй вёскі Кабылева — сястры Хатыні.
— Зімой 1942 года немцы адправілі на прымусовыя работы 40 юнакоў і дзяўчат. Гэта было прадвесцем будучай бяды, — расказваюць юныя экскурсаводы. — 28 студзеня 1942 года ў вёску прыйшоў карны атрад з 200 чалавек. Яны лютавалі на працягу двух тыдняў. Ахвярамі сталі 42 чалавекі. Большая частка мясцовага насельніцтва, нягледзячы на зіму, пайшла ў лес. Акупанты даведаліся, што мясцовае насельніцтва не толькі падтрымлівала партызан, але і актыўна ўступала ў іх рады, беручы ў рукі зброю.

Аблаву на вяскоўцаў у навакольных лясах карнікі зрабілі 13 мая 1943 года. Некалькі чалавек схапілі, расстралялі, астатнім загадалі ісці ў вёску, абяцаўшы, што тыя застануцца жывымі. Але гэта быў падман. Усіх, хто паверыў абяцанням немцаў і вярнуўся ў родныя дамы, забілі. Першымі на вачах дзяцей, жонак расстралялі мужчын. Не мінулі жудаснай расправы і жанчыны, дзеці, старыя. Лёс Хатыні Кабылева раздзяліла 14 мая 1943 года.
Пра тыя падзеі нагадвае не толькі помнік, пастаўлены на месцы брацкай магілы, у якой пахаваны больш за 1200 вяскоўцаў, забітых у жудасны дзень. Экспанаты школьнага музея таксама сведчаць пра генацыд — гэта гістарычныя дакументы, успаміны тых, хто выжыў.
Погляд з мінулага
Пры ўваходзе ў музей увагу адразу прыцягвае вялікая галерэя фотапартрэтаў перадавікоў сельгасвытворчасці. Гэта своеасаблівая Дошка гонару мясцовага калгаса, якая ўпрыгожвае адну са сцен музейнага памяшкання. Пад фотаздымкамі, акрамя імён і прозвішчаў, такія словы: даярка, цялятніца, механізатар, палявод, брыгадзір, жывёлавод… А на саміх фота — адкрытыя твары, шчырыя погляды з мінулага. Не толькі гэтыя погляды прыцягваюць увагу.

Калі знаёмішся з біяграфіямі прадстаўнікоў мінулых пакаленняў, то здзіўляешся характару, загартаванасці гэтых людзей.
Яскравы лёс былога старшыні калгаса Мікалая Мікалаевіча Коваля.
— Ён зрабіў вялізны ўклад у развіццё вёскі і калгаса “ХХІ з’езд КПСС”, — расказвае юны экскурсавод. — Амаль 47 гадоў — з 1962-га па 2009-ы — нязменна кіраваў гаспадаркай. Дзякуючы яму, калгас неаднаразова станавіўся пераможцам усесаюзных спаборніцтваў. Сюды прыязджала шмат дэлегацый з розных куткоў СССР. Працаваць Мікалай Коваль пачаў яшчэ 15-гадовым падлеткам на гомельскай МТС. Тут ён быў сеяльшчыкам, машыністам малацілкі, працаваў на коннай сенакасілцы, жняярцы-самакідцы. Калі асноўныя палявыя работы заканчваліся, займаўся зварачнымі справамі.

У 1962 годзе яго накіравалі ў адну з самых складаных і слабых на той час гаспадарак Рэчыцкага раёна. Абапіраючыся на вопыт іншых спецыялістаў, камуністаў, Мікалай Коваль пачаў наводзіць парадак. У 1978 годзе калгас “ХХІ з’езд КПСС” стаў пераможцам Усесаюзнага сацыялістычнага спаборніцтва і быў узнагароджаны вось гэтымі сцягамі. Таксама яго імя занеслі на ўсесаюзную Дошку гонару ВДНГ СССР у Маскве. Землякі ўзгадваюць Мікалая Коваля як працавітага і мудрага чалавека. Гавораць, ён быў бескампрамісным, заўсёды заставаўся пры сваім меркаванні. Дзякуючы гэтым рысам характару, другая палова 1970-х гадоў была зорным часам для калгаса.
Працягваючы традыцыі
З асаблівым гонарам юныя экскурсаводы расказваюць пра гісторыю ўстановы адукацыі. І гэта невыпадкова. На працягу дзесяцігоддзяў тут працавала цэлая плеяда выдатных педагогаў. Дарэчы, сёння больш за палову настаўніцкага калектыву — выпускнікі Караваціцкай школы, у тым ліку і яе дырэктар.

— Пачалася гісторыя развіцця адукацыі ў Каравацічах у далёкім 1881 годзе, калі тут была створана аднакласная царкоўнапрыходская школа. У 1911 годзе яна стала земскай, а ў 1912-м для яе ўзвялі спецыяльны будынак. У ім знаходзіліся два класныя пакоі і доўгі калідор, а таксама дзве кватэры для настаўнікаў. Да пачатку 30-х гадоў у Каравацічах была адкрыта сямігадовая школа. Пасля Вялікай Айчыннай вайны заняткі вяліся ў наёмных памяшканнях, а класнай дошкай служылі дзверы. Не было падручнікаў, сшыткаў, вучні пісалі на кавалках паперы, абрыўках газет. Пазней было пабудавана новае памяшканне. А ў 1952 годзе адбыўся першы выпуск дзесяцікласнікаў. У 1966 годзе вёску ўпрыгожыў новы цагляны будынак школы, які функцыянуе ў наш час, — паведаміла вучаніца.

Акцэнт падчас экскурсіі робіцца на лёсах настаўнікаў, дырэктараў. У першую чаргу Эдмунда Пятровіча Залескага. Ён займаў пасаду дырэктара з 1975 па 1993 год і зрабіў шмат карыснага для развіцця Караваціцкай сярэдняй школы. Яго важнай заслугай стала адкрыццё ў 1985 годзе музея. Працягвае традыцыі сваіх папярэднікаў сённяшні кіраўнік і выпускнік школы Аляксандр Уладзіміравіч Васількоў.
Кожны экспанат музея Караваціцкай сярэдняй школы з’яўляецца сімвалам сваёй эпохі: ці гэта прадмет побыту пачатку ХХ стагоддзя, ці граматы калгаснікаў-перадавікоў, ці асабістыя рэчы франтавікоў. Усе экспанаты — часцінка нашай гісторыі, да якой мы павінны ставіцца з павагай.
Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара





