Сістэма адукацыі актыўна ўключана ў працэсы інфарматызацыі

- 10:42Актуально, Апошнія запісы

Другая Міжнародная спецыялізаваная навукова-тэхнічная выстава-форум “Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі” ўчора адкрылася ў Мінску. Арганізатары форуму — Міністэрства адукацыі і ГІАЦ Мінадукацыі. Галоўнымі інавацыйнымі партнёрамі з’яўляюцца Парк высокіх тэхналогій і IT-Academy.

Форум закліканы спрыяць эфектыўнаму выкарыстанню і прасоўванню інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у адукацыйны працэс, прыцягненню ўвагі грамадскасці да працэсу лічбавай трансфармацыі адукацыі, а таксама ўстанаўленню дзелавых кантактаў і пашырэнню міжрэгіянальнага і міжнароднага супрацоўніцтва адукацыі. Упершыню выстава-форум праходзіла ў Беларусі ў 2017 годзе і сабрала больш за 3 тысячы ўдзельнікаў.

Першы намеснік міністра адукацыі Ірына Старавойтава перад адкрыццём адзначыла, што ў Беларусі распрацавана канцэпцыя лічбавай трансфармацыі адукацыі. “Цяпер яна знаходзіцца на абмеркаванні. Спадзяёмся, што да канца года пачнём яе ўкараняць”, — сказала Ірына Анатольеўна. Паводле яе слоў, гаворка ідзе пра з’яўленне новых спецыяльнасцей і ўмацаванне пазіцый дыстанцыйнай адукацыі на ўзроўні вышэйшай школы.

“За апошнія 5 гадоў у сферы вышэйшай адукацыі ў нас з’явілася 30 новых спецыяльнасцей IT-профілю. Умацаванне пазіцый дыстанцыйнай адукацыі — таксама найважнейшае пытанне, паколькі гэта не толькі стварэнне адпаведнай інфраструктуры, але і новыя методыкі, новыя адукацыйныя падыходы да навучання. Дыстанцыйная адукацыя — гэта не проста чытанне лекцый па тэлевізары, гэта цалкам іншы тэхналагічны падыход”, — адзначыла першы намеснік міністра.

Сістэма адукацыі актыўна ўключана ў працэсы інфарматызацыі. “Гаворка ідзе пра два важныя працэсы: інфарматызацыя ўсёй сістэмы адукацыі і яе лічбавая трансфармацыя. У першым выпадку мы гаворым перш за ўсё пра паказчыкі інфраструктуры, пра колькасць камп’ютараў на 100 навучэнцаў і колькасць устаноў, забяспечаных шырокапалосым інтэрнэтам. На сённяшні дзень больш за 90% устаноў адукацыі Беларусі маюць шырокапалосы доступ у інтэрнэт”, — працягвала Ірына Анатольеўна.

Ужо ў дашкольнай установе актыўна ажыццяўляюцца працэсы інфарматызацыі і ўкаранення новых тэхналогій. “Сёння пытанні інфарматызацыі важныя нават для арганізацыі гутаркі з дзіцем, абмеркавання літаратуры, зразумела, у адпаведнасці з яго ўзростам”, — адзначыла першы намеснік міністра. Ірына Старавойтава дадала, што не менш актуальным з’яўляецца ўменне навучэнцаў узаемадзейнічаць у інфармацыйным грамадстве. “Тут важны выхаваўчы момант, паколькі вялікі доступ да інфармацыі азначае, што наша моладзь павінна ўмець аналізаваць гэтую інфармацыю, умець працаваць з ёй, думаць актуальна. Гэта ўсё сістэмныя пытанні”, — падкрэсліла яна.

ІI Міжнародную спецыялізаваную навукова-тэхнічную выставу-форум “Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі” могуць наведаць больш за 5 тысяч удзельнікаў. Пра гэта паведаміў дырэктар галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Міністэрства адукацыі Павел Ліс. “Па нашых прагнозах, форум будзе масавым. Ужо на сённяшні дзень больш за 3 тысячы зарэгістраваных — гэта толькі праз інтэрнэт. Шмат хто праходзіць рэгістрацыю непасрэдна на мерапрыемстве”, — паведаміў Павел Ліс.

Акрамя таго, Павел Анатольевіч сказаў, што на форуме будуць абмяркоўвацца глабальныя праблемы сістэмы адукацыі. “Будзе весціся размова аб стане сістэмы адукацыі, пра тое, з якімі праблемамі мы можам сутыкнуцца ў будучыні і як іх вырашаць. Разам з міжнароднымі спікерамі, вядучымі экспертамі з тэлекамунікацыйных і IT-кампаній мы абмяркуем пытанні, як з дапамогай тэхналогій змяніць адукацыю і як нам у гэтым плане ўпісацца ў сусветную сістэму адукацыі”, — адзначыў дырэктар цэнтра.

Павел Ліс падкрэсліў, што мэтай форуму з’яўляецца папулярызацыя інфармацыйных тэхналогій і лічбавай трансфармацыі. “Мы спрабуем стварыць лічбавую культуру сярод педагагічнай, экспертнай грамадскасці, матываваць навучэнцаў быць актыўнымі ўдзельнікамі гэтых працэсаў”, — падкрэсліў ён.

Форум можна наведаць у Мінску (праспект Пераможцаў, 20) з 28 па 30 лістапада. На працягу трох дзён на пяці пляцоўках будуць працаваць 72 спікеры, 12 экспанентаў і тысячы ўдзельнікаў. Для сумеснай працы і дыскусій прапануюцца 5 тэматычных напрамкаў: інтэграцыя Рэспубліканскага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя з еўрапейскімі навукова-адукацыйнымі сеткамі, інфраструктура сістэмы адукацыі ў інфармацыйным грамадстве, інавацыйныя адукацыйныя тэхналогіі на аснове выкарыстання ІКТ, робататэхніка ў сістэме сучаснай адукацыі, інфармацыйныя тэхналогіі ў рабоце з рознымі катэгорыямі навучэнцаў, развіццё кампетэнцый педагога ва ўмовах лічбавай эканомікі, анлайн-школы і курсы (новы погляд на дыстанцыйную адукацыю).

Больш падрабязна пра работу ІІ Міжнароднай спецыялізаванай навукова-тэхнічнай выставы-форуму “Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі” чытайце ў найбліжэйшых нумарах “Настаўніцкай газеты”.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара і БелТА.