Сітуацыя поспеху стварае матывацыю

- 11:05Практыкум, Рознае партфолiо

Кожны настаўнік хоча, каб яго вучні добра вучыліся, з цікавасцю і жаданнем займаліся ў школе. У гэтым зацікаўлены і бацькі навучэнцаў. Але часам і настаўнікам, і бацькам прыходзіцца з жалем канстатаваць: “не хоча вучыцца”, “мог бы выдатна займацца, а жадання няма”. У гэтых выпадках мы сустракаемся з тым, што ў вучня не сфарміраваліся патрэбы ў ведах, няма цікавасці да навучання.

Майстэрства педагога выяўляецца перш за ўсё ў сферы яго зносін з навучэнцамі. Менавіта таму апошнія гады ўзмацнілася цікавасць педагогаў і псіхолагаў да працэсу ўзаемадзеяння настаўніка і вучня. Важным аспектам гэтай праблемы з’яўляецца пытанне аб уплыве стылю педагагічных зносін настаўнікаў на іх матывацыю да навучання.
Назіранне за работай настаўнікаў паказвае, што яны далёка не заўсёды ўдзяляюць належную ўвагу матывацыі навучэнцаў. Многія настаўнікі, часта самі таго не разумеючы, зыходзяць з таго, што калі дзіця прыйшло ў школу, то яно павінна рабіць усё тое, што рэкамендуе настаўнік. Сустракаюцца і такія настаўнікі, якія перш за ўсё абапіраюцца на адмоўную матывацыю. У такіх выпадках дзейнасцю навучэнцаў рухае перш за ўсё жаданне пазбегнуць розных непрыемнасцей: пакарання з боку настаўніка або бацькоў, дрэннай ацэнкі і г.д.
Вылучаюць пяць узроўняў вучэбнай матывацыі:
Першы ўзровень — высокі ўзровень школьнай матывацыі, вучэбнай актыўнасці. (У такіх дзяцей ёсць пазнавальны матыў, імкненне найбольш паспяхова выконваць усе школьныя патрабаванні.) Вучні дакладна выконваюць усе ўказанні настаўніка, добрасумленныя і адказныя, вельмі перажываюць, калі атрымліваюць нездавальняючыя адзнакі.
Другі ўзровень — добрая школьная матывацыя. (Навучэнцы паспяхова спраўляюцца з вучэбнай дзейнасцю.) Такі ўзровень матывацыі з’яўляецца сярэдняй нормай.
Трэці ўзровень — станоўчыя адносіны да школы, але школа прываблівае такіх дзяцей пазаўрочнай дзейнасцю. Такія дзеці даволі добра адчуваюць сябе ў школе, каб мець зносіны з сябрамі, з настаўнікамі. Ім падабаецца адчуваць сябе вучнямі, мець прыгожы партфель, ручкі, пенал, сшыткі. Пазнавальныя матывы ў такіх дзяцей сфарміраваны ў меншай ступені, і вучэбны працэс іх мала прыцягвае.
Чацвёрты ўзровень — нізкая школьная матывацыя. Гэтыя дзеці наведваюць школу неахвотна, лічаць за лепшае прапускаць заняткі. На ўроках часта займаюцца пабочнымі справамі, гульнямі. Адчуваюць сур’ёзныя цяжкасці ў вучэбнай дзейнасці. Знаходзяцца ў сур’ёзнай адаптацыі да школы.
Пяты ўзровень — негатыўныя адносіны да школы, школьная дэзадаптацыя. Такія дзеці адчуваюць сур’ёзныя цяжкасці ў навучанні: яны не спраўляюцца з вучэбнай дзейнасцю, маюць праблемы ў зносінах з аднакласнікамі, ва ўзаемаадносінах з настаўнікам. Школа нярэдка ўспрымаецца імі як варожае асяроддзе, знаходжанне ў ёй для іх нязносна. У іншых выпадках вучні могуць праяўляць агрэсію, адмаўляцца выконваць заданні, прытрымлівацца тых або іншых норм і правіл. Часта ў такіх школьнікаў адзначаюцца нервова-псіхічныя парушэнні.
Сярод прычын спаду школьнай матывацыі: адносіны вучня да настаўніка; адносіны настаўніка да вучня; разумовае развіццё вучня; прадукцыйнасць вучэбнай дзейнасці; неразуменне мэты навучання; страх перад школай і іншыя.

Умовы стварэння сітуацыі поспеху

1. Добразычлівасць навакольных: прыхільнасць тых, хто сядзіць, усмешкі, сяброўскія падбадзёрванні, чаканне выканання і цікавасць да будучага выніку — усё гэта знімае псіхалагічную заціснутасць, памяншае страх перад няўдачай, ініцыіруе актыўнасць суб’екта. Цікавасць да выніку можна павысіць за кошт высокай матывацыі дзейнасці, якая прапаноўваецца. “Нам гэта вельмі патрэбна, таму што…”, “Для цябе гэта важна, таму што…”. Падкрэсліванне значнасці справы неадкладна павышае ўяўленне асобы пра сваю значнасць і напаўняе большай упэўненасцю ў сваіх сілах.
2. Зняцце страху — асаблівая аперацыя, неабходная для кожнага дзіцяці, якое прагне поспеху і пужаецца няўдачы. Таму педагог гаворыць: “Гэта зусім не цяжка… Калі нават не атрымаецца, нічога страшнага, мы пашукаем іншы спосаб…” або “Мы ўсе табе дапаможам”.
3. Гэтая аперацыя падтрымліваецца іншым уздзеяннем — схаванай інструкцыяй. Гэта завуаліраваная дапамога чалавеку, які павінен навучыцца абыходзіцца без дапамогі, цалкам грунтавацца на сваіх рэсурсах, але зараз ён пакуль не справіцца з работай, таму што малы, нявопытны, няўмелы, нясмелы. Педагог гаворыць: “Ты памятаеш, канечне, што лепш пачаць з…”, або “Звычайна зручней пачаць з…”, ці “Тут, напэўна, галоўнае…”. Схаваная інструкцыя ініцыіруе ўяўленне ў свядомасці дзіцяці, яно бачыць тую карцінку прадмета, які павінен скласціся падчас яго дзейнасці. Гэтае ўяўленне дае падставу для самастойных крокаў суб’екта.
4. Сяброўскае станоўчае падмацаванне — авансаванне: абвяшчэнне добрых якасцей, якія яшчэ не паспеў паказаць чалавек, але якімі яго надзяляюць навакольныя. Напрыклад: “У цябе, такога разумнага (моцнага), абавязкова атрымаецца…”
5. Персанальная выключнасць: “Толькі ты і мог бы…; менавіта на цябе ў нас вялікая надзея”. Гэтая аперацыя ўскладае адказнасць, мабілізуе.
6. Педагагічнае ўнушэнне — інтанацыйна насычаны, мімічна аформлены спосаб пераконвання выхаванца ў вялікай веры ў яго. Гэты элемент цалкам залежыць ад педагагічнай тэхнікі, меры яе развітасці ў канкрэтнага педагога.
7. Ацэнка прадукту дзейнасці дзіцяці. Яна вызначыць, ці перажывае (усё ж такі) дзіця радасць поспеху. Ацэньванне павінна быць падрабязнае, а не цэласнае: “Асабліва ўдалося табе…”, “Больш за ўсё мне падабаецца, як ты…”, “Уражвае такі фрагмент…”.

Прыёмы стварэння сітуацый поспеху

* Эмацыянальныя пагладжванні
Настаўнік на ўроку хваліць: “Вы ў мяне малайцы”, “Разумнікі”, “Дзеткі, я ганаруся вамі”. Але ці толькі гэта пахвала? Або канстатацыя факта? Можа, дзіця таму і стараецца, што паверыла настаўніку: “Так, я малайчына, так, разумнік. Я заслужыў гэтыя словы. Я ўвесь час буду даказваць, што разумнік і малайчына!” Унушаем дзіцяці веру ў сябе.
* Прыём “даю шанс”
Гаворка ідзе пра загадзя падрыхтаваную асобным педагогам сітуацыю, пры якой дзіця атрымлівае магчымасць нечакана, можа быць упершыню, раскрыць для самога сябе ўласныя здольнасці. Падобную сітуацыю настаўнік можа і не рыхтаваць спецыяльна, але яго выхаваўчы дар праявіцца ў тым, што ён гэты момант не прапусціць, правільна яго ацэніць, зможа неяк матэрыялізаваць.
* Прыём “ідзі за намі”
Для непаспяховага школьніка настаўнік знаходзіць інтэлектуальнага спонсара. Спонсар — гэта той, хто забяспечвае за свой кошт, бескарысліва, бязвыплатна, не звязаны ніякімі патрабаваннямі, прымусамі.
Найбольш эфектыўны шлях — прыцягнуць да інтэлектуальнага спонсарства старшакласніка. Гэта дае шмат пераваг. Тут і рэалізацыя пачуццяў “старэйшага”, і ўсведамленне свайго інтэлектуальнага “я”. У той жа час слабаму вучню прыемна прымаць дапамогу старэйшага, адчуваць яго ўвагу. Ён не зазнае сваю зневажальную слабасць перад аднакласнікамі, у яго існуе аванс даверу да магчымасцей свайго спонсара.
* Прыём “адтэрмінаванай адзнакі”
Адзнака выстаўляецца толькі тады, калі дзіця заслугоўвае або станоўчую, або павышаную адзнаку. Не варта пры гэтым блытаць з ацэнкай! Адзнака — зафіксаваная ацэнка. Ацэнка можа быць рознай, яна патрэбна заўсёды і абавязкова. А адзнака толькі тады, калі яна гаворыць пра рух наперад, пра дасягненне дзіцяці. Не варта спяшацца з дрэннымі адзнакамі, дзіцяці трэба даць шанс!
* Прыём “эўрыка”
Сакрэт прыёму просты, заключаецца “ў імкненні настаўніка абудзіць думку вучняў, даць магчымасць кожнаму зрабіць сваё маленькае адкрыццё, а навакольных ператварыць у саўдзельнікаў, уключыць у працэс творчасці” (Ш.А.Аманашвілі). Такім чынам, трэба стварыць умовы, пры якіх дзіця, выконваючы вучэбнае заданне, нечакана для сябе прыйдзе да высновы, якая раскрые раней невядомае.
Заслуга настаўніка будзе заключацца ў тым, каб не толькі заўважыць гэтае глыбока асабістае “адкрыццё”, але і ўсяляк падтрымаць дзіця, паставіць перад ім новыя больш сур’ёзныя задачы, натхніць на іх вырашэнне.
Дзіця, асабліва ў малодшых класах, якое мае ўжо нейкі назбіраны інтэлектуальны запас, але не можа ім па-сапраўднаму скарыстацца, нагадвае заведзены спружынай пазнання механізм, якому патрэбны першапачатковы штуршок.
* Прыём “інтэлектуальная інверсія”
(змена знаходжання кампанентаў, размяшчэнне іх у адваротным парадку)
Адбываецца бесперапынны працэс узаемаўзбагачэння ведамі. Схематычна яго можна прадставіць так: настаўнік атрымлівае веды, перадае іх навучэнцам, а тыя, у сваю чаргу, назбіраўшы пэўны запас і здольнасць самастойна іх набываць, узбагачаюць інтэлектуальны фонд педагога. Такім чынам, у школьнікаў таксама фарміруецца свой інтэлектуальны патэнцыял. Можна нават гаварыць пра патэнцыял класа.
Формула: патэнцыял настаўніка нараджае групу патэнцыялаў, якія пастаянна ўзаемадзейнічаюць адзін з адным, каб “зараджаць” вучнёўскія патэнцыялы, настаўнік павінен няспынна папаўняць свой, а стымулам для гэтага працэсу служыць разумовы рост вучняў, “падключаючыся” да якога педагог атрымлівае новы зарад энергіі.
* Прыём “наўмысная памылка”
Мы прывыклі, што толькі настаўнік можа зазначаць памылкі. Калі ж такая магчымасць даецца вучню, трэба бачыць, якой гордасцю свеціцца яго твар: знайшоў памылку ў самога настаўніка!
Прыём “наўмысная памылка” можна прымяняць з улікам узросту толькі на вядомым навучэнцам матэрыяле, які выкарыстоўваецца ў доказе ў якасці апорных ведаў.
* Прыём “лінія гарызонту”
З’ява гэтая вядома з ранняга дзяцінства. Колькі б ты ні набліжаўся да таго месца, дзе праходзіць уяўнае зліццё неба з зямлёй, яно заўсёды будзе аддаляцца, вабіць, весці за сабой да бясконцасці. Тое ж і ў выпадку захаплення (зацікаўленасці) дзіцяці нечым.
Канечне, у кожнага настаўніка знойдзецца яшчэ не адзін прыём стварэння сітуацыі поспеху, і вельмі хочацца спадзявацца, што гэтыя прыёмы шмат у чым дапамогуць навучэнцам справіцца ў складаных сітуацыях, павысіць іх самаацэнку, матывацыю, пазбегнуць сітуацыі няпоспеху.
Несумненна, што вучань абавязкова павінен адчуваць сітуацыю поспеху. Жаданне вучыцца ўзнікае тады, калі ўсё або амаль усё атрымліваецца. З’яўляецца асабістая зацікаўленасць вучня ў атрыманні ведаў. Ні для каго не сакрэт, што дзіця, якое ніколі не пазнавала радасці дасягнення, не перажыло той гордасці ад таго, што цяжкасці пераадолены, страчвае цікавасць і жаданне вучыцца.
Кожны настаўнік можа ствараць на сваіх уроках сітуацыю поспеху — спалучэнне ўмоў, якія забяспечваюць поспех, а сам поспех — вынік такой сітуацыі. Задача настаўніка ў тым і заключаецца, каб даць кожнаму са сваіх выхаванцаў магчымасць перажыць радасць дасягнення, усвядоміць свае магчымасці, паверыць у сябе.
Вельмі часта асобасныя якасці настаўніка адыгрываюць значную ролю ў павышэнні матывацыі навучэнцаў, як інструмент яго прафесійнай дзейнасці.

Асобасныя крытэрыі паспяховасці настаўніка

1. Эмацыянальнасць
Гэтая якасць складаецца з:
— інтэнсіўнасці эмоцый, іх устойлівасці, глыбіні пачуццяў;
— адэкватнасці эмацыянальнага стану настаўніка на дзейнасць навучэнцаў;
— упэўненасці ў сваіх педагагічных думках і дзеяннях, задаволенасці ад выніку сваёй працы.
2. Выразнасць маўлення
Гэтая якасць характарызуе змястоўнасць, яркасць, вобразнасць і пераканаўчасць мовы настаўніка. Для пастаноўкі голасу, валодання сродкамі знешняй выразнасці неабходна выкарыстоўваць рэфлексію сваіх паводзін, а для ўзбагачэння лексікі, вобразнасці дзейнічае правіла “ТРЫ З”:
— зносіны з добрай літаратурай, мастацтвам, прыродай;
— зносіны з цікавымі людзьмі; любоў, сяброўства;
— зносіны з самім сабой; самаразвіццё; час смутку, творчасці, разважанняў.
3. Творчы пачатак асобы
Настаўнік, як і пісьменнік, павінен ствараць сваю “знешнюю” і “ўнутраную” біяграфію. Здаецца, проста: думаць, пісаць, чытаць, вырашаць… Але калі гэта выконваць без творчага падыходу, без дасціпнасці душы, то не будзе ні арыгінальных меркаванняў, ні выдатных урокаў, ні трапных жартаў, ні пазапрадметных інтарэсаў. У выніку вучням з настаўнікам нецікава, быць з ім не хочацца. І прысуд: “На ўроку сумна!”
4. Арганізатарскія здольнасці
Неабходны як для забеспячэння работы самога настаўніка, так і для стварэння добрага вучнёўскага калектыву.
5. Пачуццё гумару
Дзеці любяць розных настаўнікаў, але больш за ўсё вясёлых.
6. Настойлівасць, дысцыплінаванасць
Пад настойлівасцю мы разумеем здольнасць дасягаць пастаўленай мэты і даводзіць прынятыя рашэнні да канца. Дысцыплінаванасць — гэта свядомае падпарадкаванне сваіх паводзін грамадскім правілам.
Педагог — гэта не спецыяльнасць, педагог — гэта прызванне. Выконвайце гэтыя правілы, і вы будзеце лепшым настаўнікам у вашых вучняў.

Алена КУМПІЦКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 3 Ашмян.