Скарбонка карысных спраў

- 12:14Выхаваўчая прастора

Тэма міру займае важнае месца ў адукацыйным працэсе Відамлянскай сярэдняй школы Камянецкага раёна. На працягу навучальнага года ва ўстанове праводзяцца тэматычныя акцыі, лекторыі, класныя і інфармацыйныя гадзіны, накіраваныя на тое, каб дзеці змалку ведалі, наколькі важны мір на планеце.

Візітоўкай школы з’яўляецца круглагадовая кветкавая кампазіцыя “Мір усім”, размешчаная на пясчаным схіле побач з будынкам. Вучні пад кіраўніцтвам педагогаў даглядаюць кампазіцыю, якая задае асаблівы сэнсавы тон усёй кветкавай разнастайнасці на прышкольнай тэрыторыі. Гэта вельмі важна, паколькі міма школы праходзіць дарога на Белавежскую пушчу. Кветкавая кампазіцыя радуе вока шматлікіх турыстаў.

Нядаўна школьныя актывісты БРПА і БРСМ правялі акцыю “Мы за мір!”, падчас якой папрацавалі карэспандэнтамі. Так, першакласнікі з задавальненнем давалі інтэрв’ю дзесяцікласнікам. Малодшыя школьнікі сказалі, што мір — гэта калі свеціць сонейка, у небе спяваюць птушкі, усе жывуць дружна і не сварацца.

Вучні звярнуліся да жыхароў аграгарадка, у якіх таксама пацікавіліся, што такое мір. Па словах дырэктара сельскага Дома культуры кіраўніка аматарскага аб’яднання “Вечарынка” С.В.Добыш, мір — гэта адчуванне спакою, надзейнасці і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні, добрага суседства.

Дом культуры цесна супрацоўнічае са школай. Вучні актыўна ўдзельнічаюць у сумесных конкурсных праграмах, у многіх з якіх абавязкова прысутнічае тэма міру.

У рамках акцыі ў школе працавала выстава “Прыгажосць выратуе свет”, для якой хлопчыкі і дзяўчынкі падрыхтавалі вырабы з незвычайных матэрыялаў у рознай тэхніцы. Так, удзельнікі гуртка “Творчыя майстэрні” пад кіраўніцтвам настаўніцы пачатковых класаў А.М.Брышчук прэзентавалі калектыўную работу ў тэхніцы гофраквілінг. Парадавалі і назвы дзіцячых работ: “Мірны куток”, “Дрэва міру”, “Родны дом”, “Дружная сямейка”, “Голуб шчасця”, “Птушка міру”, “Чароўныя кветкі міру”, “Сонейка”, “Кошык сюрпрызаў”, “Асенняя фантазія”, “Кветкавы вадаспад”, “Дары прыроды” і інш. Самым актыўным удзельнікам выставы стаў шасцікласнік Данііл Турыч, які разам з мамай падрыхтаваў 4 цудоўныя вырабы.

— Усе карысныя справы мы робім разам і без прымусу, — гаворыць педагог-арганізатар Відамлянскай сярэдняй школы А.М.Росляк. — Штогод наша ўстанова актыўна ўдзельнічае ў акцыі “Зберажы дрэва — здай макулатуру!”, у рамках якой кожны вучэбны дзень для школьнікаў пачынаецца са здачы макулатуры. Другасную сыравіну актыўна прывозяць ва ўстанову мамы, таты, дзядулі і бабулі. Здаровы дух саперніцтва не пакідае нікога. Усе стараюцца як могуць. У выніку школа заняла 2-е месца ў сёлетнім раённым конкурсе па зборы макулатуры сярод сельскіх устаноў адукацыі. Найбольш важкі ўклад у перамогу ўнеслі васьмікласнік Станіслаў Ваўчок (212 кг), пяцікласніцы Ганна Шылавец (111 кг) і Валерыя Шэнда (амаль 85 кг).

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.