Рэчыцкі раён славіцца не толькі нафтай. Ганарацца настаўнікі і багатай гісторыка-культурнай спадчынай роднага краю. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Паклон табе, родная зямля
З якой бы мэтай вы ні адправіліся ў Рэчыцкі раён, вам так ці інакш давядзецца пазнаёміцца з чорным золатам. Напрыклад, у дарозе будзеце любавацца станкамі-качалкамі, падобнымі да калодзежных жураўлёў. Размерана кланяючыся зямлі, гэтыя прыстасаванні дапамагаюць нафце паднімацца з нетраў.
Металічныя качалкі (наземныя прывады свідравінных штангавых насосаў) з’яўляюцца самымі вядомымі сімваламі здабычы нафты. Побач з імі ўзвышаюцца не менш пазнавальныя аб’екты — нафтавыя вышкі. Асабіста мне яны нагадваюць каркасы веж старадаўніх замкаў — помнікаў архітэктуры мінулых эпох. Дарэчы, са словам “архітэктура” гэтыя металічныя пабудовы цудоўна спалучаюцца, паколькі з’яўляюцца аб’ектамі прамысловага турызму.
Палюбавацца імі ў Рэчыцкі раён рэгулярна прыязджаюць блогеры, фатографы, журналісты, проста экскурсійныя групы. Абавязковы прыпынак госці робяць каля стэлы (зноў жа ў выглядзе нафтавай вышкі і станка-качалкі), устаноўленай побач з месцам, дзе 60 гадоў назад быў атрыманы першы прамысловы прыток беларускай нафты. Сёння тут помнік першаадкрывальнікам нашага чорнага золата і памятныя знакі ў гонар здабыцця 100-мільённай і 140-мільённай тоны айчыннай нафты.
Не горш за Эйфелеву вежу
Гісторыя здабычы беларускай нафты вывучаецца многімі ўстановамі адукацыі Рэчыцкага раёна, у тым ліку настаўнікамі Караваціцкай сярэдняй школы, якая знаходзіцца недалёка ад арыгінальнай стэлы. Цікавыя ўспаміны мне ўдалося запісаць і ад ветэрана педагагічнай працы Алы Венядзіктаўны Пырх.
Вывучаць гісторыю здабычы нафты яна пачала яшчэ ў 1960-я гады, калі працавала настаўніцай у вёсцы Маўчаны. У той час толькі пачыналася распрацоўка нафтавых радовішч. Жанчына ўзгадвала, як пасля ўрокаў і на перапынках дзеці бегалі за вёску назіраць за работай тэхнікі, узвядзеннем металічных вышак. На вясковых хлопчыкаў і дзяўчынак (як, дарэчы, і на дарослых) гэтыя высокія канструкцыі аказвалі такое ж уражанне, як у свой час Эйфелева вежа на ўдзельнікаў сусветнай выставы 1889 года.
Назіраць за працай нафтавікоў цікава было і настаўнікам. Яны праводзілі сустрэчы з рабочымі, ладзілі для іх канцэрты, сумесныя конкурсы мастацкай самадзейнасці. Асабліва запомнілася Але Венядзіктаўне вялізнае полымя агню ад газу, які паступаў на паверхню зямлі падчас здабычы нафты. Полымя гэтае было настолькі яркім, што асвячала ўсё наваколле.
Прэстыжная прафесія
Нафтавай тэмай займаюцца і ў сярэдняй школе № 4 Рэчыцы. На працягу многіх гадоў настаўнікі збіраюць інфармацыю пра выпускнікоў, якія выбралі прафесію нафтавіка. Шэфам школы, дарэчы, з’яўляецца “Рэчыцанафта”. Разам з дырэктарам установы адукацыі Галінай Мікалаеўнай Ушавай і кіраўніком школьнага музея Аленай Рыгораўнай Кечка мы пагарталі арыгінальныя прафарыентацыйныя альбомы мінулых гадоў. Тут і фотаздымкі нафтавікоў, інфармацыя пра рабочыя прафесіі, патрэбныя нафтаздабыўной галіне.
— Мы рэгулярна праводзім сустрэчы з нафтавікамі, а ў нас вучацца прадстаўнікі многіх рабочых дынастый. Такія мерапрыемствы ў першую чаргу носяць прафарыентацыйную накіраванасць. Можна адзначыць цікавае назіранне. У савецкі час школьнікі марылі стаць касманаўтамі, акцёрамі. У 1990-я папулярнай была прафесія эканаміста. Аднак у нашым горадзе на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў прэстыжна быць нафтавіком, — паведаміла Галіна Мікалаеўна.
Далучылася да размовы і намеснік начальніка аддзела адукацыі Рэчыцкага райвыканкама Ірына Іванаўна Казлова. Па яе словах, нафтавікі не толькі шэфствуюць над установамі адукацыі, вядуць прафарыентацыйную работу, выдаюць мэтавыя накіраванні лепшым выпускнікам. У гэтым годзе, дзякуючы дапамозе “Рэчыцанафты”, сістэме адукацыі раёна ўдалося паспяхова справіцца з наступствамі летняй стыхіі. Нафтавікі дапамаглі ачысціць тэрыторыі школ і дзіцячых садоў ад паваленых дрэў, адрамантаваць дахі будынкаў.
Нельга забыць
Вернемся ў Караваціцкую школу. Як ужо адзначалася, яе педагогамі актыўна вывучаецца мінулае малой радзімы, у тым ліку гісторыя здабычы беларускай нафты. І ўсё ж акцэнт у краязнаўчай дзейнасці настаўнікі робяць на падзеях Вялікай Айчыннай вайны, у прыватнасці, трагедыі вёскі Першамайск (былое Кабылева), спаленай карнікамі ў маі 1943 года. Разам з дырэктарам школы Аляксандрам Уладзіміравічам Васільковым наведаем брацкую магілу, дзе пахаваны больш за 1200 мірных жыхароў (у асноўным жанчын, дзяцей, старых). Аднак спачатку азнаёмімся з экспазіцыяй школьнага музея.
— 13 мая 1943 года карнікі зрабілі аблаву ў навакольных лясах. 12 сяльчан былі схоплены каля сваіх пабудоў і расстраляны, астатнім загадалі вяртацца ў вёску, паабяцалі, што чапаць не будуць. Аднак акупанты схлусілі. Над тымі, хто вярнуўся ў родныя дамы з лесу, пачалася жудасная расправа. Спачатку былі адабраны мужчыны. На вачах матуль, жонак і дзяцей іх расстралялі, а целы спалілі. Потым фашысты пачалі знішчаць жанчын, дзяцей, падлеткаў. Іх заганялі па 20—30 чалавек у асобныя дамы, закідвалі гранатамі, падпальвалі. Стогны, крыкі, плач стаялі над вёскай 14 мая 1943 года. Нават цяпер, праз дзясяткі гадоў, боль той трагедыі лунае над тымі, хто прыходзіць да помніка, пастаўленага ў памяць пра ахвяр генацыду беларускага народа.
Каля брацкай магілы сапраўды пануе адметная, сумная атмасфера, асабліва яскрава гэта адчуваецца ў зімовы час. На гранітным помніку — вобраз смуткуючай жанчыны-маці, за помнікам — адзінокія дрэвы, вакол — заснежанае поле і вясковыя дамы з асірацелымі вокнамі…
— Калісьці да вайны тут было больш за 700 двароў, пражывала амаль паўтары тысячы чалавек. Па афіцыйных звестках, у гэтай магіле пахавана 1214 вяскоўцаў, хаця забітых у той жудасны дзень на самай справе значна больш. Пасля Вялікай Айчыннай вайны на брацкай магіле ўстанавілі памятны знак. У 1970-я гады яго абнавілі. Цяпер прынята рашэнне да 14 мая наступнага года пабудаваць каля брацкай магілы мемарыял. Як бачыце, пачалася падрыхтоўка пляцоўкі. Калі я вучыўся ў Караваціцкай школе, нас з аднакласнікамі рэгулярна вазілі сюды на мітынгі. Нярэдка ў памятныя дні мы ўдзельнічалі адразу ў некалькіх мітынгах. У цэнтры Караваціч, у Першамайску і Чырвонай Дуброве, — паведаміў дырэктар Караваціцкай сярэдняй школы.
Падчас камандзіроўкі ў Рэчыцкі раён адзначыў для сябе тры рэчы, на якія можна глядзець бясконца: як магутны Дняпро бурліць сваімі хвалямі пад сцюдзёным снежаньскім ветрам, як металічныя жураўлі-качалкі павольна здабываюць нафту і як настаўнікі расказваюць пра адметнасці роднага краю.
Сямейныя гісторыі
Сёння традыцыі шанавання памяці пра ахвяр генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, а таксама воінаў-вызваліцеляў, салдат-землякоў працягвае кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Ігар Васільевіч Дуброўскі. Па яго словах, работа па грамадзянска-патрыятычным выхаванні ў школе ва ўсе часы вялася на высокім узроўні. Што тычыцца помніка ў Першамайску, то тут заўсёды выстаўляецца ганаровая вахта на Дзень Перамогі, а таксама на 14 мая. З апошняй сумнай датай у педагога звязана трагічная сямейная гісторыя.
— Здаецца, усё вядома пра знішчэнне фашыстамі вёскі Кабылева, дзе ў агні загінула і шмат маіх родзічаў. Але мне прыйшла на ўспамін гісторыя, аб якой у нашай сям’і не прынята гаварыць. Думаю, расказаць яе варта, бо менавіта з такіх падобных гісторый і складаўся лёс нашага народа ў той страшны час, — пачаў аповед педагог. — Бацька маёй маці, дзед Нічыпар, быў на вайне. Бабуля Наталля, свёкар, прадзед Павел, двое дзяцей хаваліся ў лесе. Сядзелі ў куранях на балоце. Фашысты дабрацца да іх не маглі і таму пусцілі чуткі: хто вернецца дамоў — застанецца жывы, а хто будзе ў лесе — таго заб’юць. Прадзед Павел ваяваў у Першую сусветную і добра ведаў, што верыць немцам нельга, таму аднёсся да прапановы акупантаў падазрона. І меў рацыю. Праз некаторы час мае продкі даведаліся, што вёску спалілі разам з жыхарамі.
Дзед Нічыпар сустрэў на вайне чалавека з нашых мясцін, які паведаміў, што Кабылева спалілі разам з жыхарамі і нікога не засталося ў жывых. Дзед не ведаў, куды ісці, калі скончылася вайна, таму прыжыўся ў адной удавы далёка ад родных мясцін. Час ішоў. Бабуля атрымлівала пенсію на мужа як прапаўшага без вестак. Мая маці пазнаёмілася з бацькам у 1944 годзе і выйшла замуж, працавалі абодва ў школе. А што ж дзед Нічыпар? Пасля вайны прайшло, напэўна, гадоў сем. І ён вырашыў з’ездзіць на малую радзіму, упэўніцца ў словах, якія пачуў на вайне ад земляка. Так ён трапіў у суседнія Каравацічы. Стукае дзед у першую хату. Пытаюцца: “Хто там?” Ён адказвае: “Нічыпар з Кабылева”. Яму тады: “Не хлусі, Нічыпар зямлю парыць каторы год”. “Ды адчыні, пабач”. Адчынілі — і праўда Нічыпар. І расказалі дзеду, што яго жонка, двое дзяцей і бацька жывыя, а дачка замужам у Каравацічах. Можна ўявіць, што адчувала мая мама, калі адчыняе дзверы хаты, а на парозе стаіць бацька, якога яны ўжо лічылі мёртвым. Дзед застаўся ў Кабылева, трэба было дабудоўваць хату, таму што даваенная згарэла…
Пасля гэтых слоў Ігар Васільевіч падышоў да музейнага стэнда з чорна-белымі партрэтамі землякоў:
— Гэта мой тата Васіль Пятровіч Дуброўскі. Ён добраахвотнікам пайшоў на фронт у 17 гадоў, скончыўшы нашу Караваціцкую школу ў 1941-м, дзе быў старшынёй камсамольскай арганізацыі. Спачатку яго накіравалі ў ваеннае вучылішча. Пасля паскоранага навучання адправілі на фронт малодшым лейтэнантам, камандзірам кулямётнага ўзвода. Атрымаў раненне. З 1944 года працаваў настаўнікам пачатковай ваеннай падрыхтоўкі, потым скончыў мінскі педінстытут і выкладаў ў Каравацічах гісторыю.
Шмат цікавых звестак пра землякоў, якія прайшлі вогненнымі дарогамі Вялікай Айчыннай вайны, расказаў і настаўнік гісторыі Дзяніс Генадзьевіч Сыч. Дарэчы, шлях Дзяніса Генадзьевіча ў педагогіку даволі нестандартны. Хоць яго маці і працавала настаўніцай пачатковых класаў, а сам ён вучыўся па гісторыі на дзявяткі, пасля школы вырашыў паступаць у Гомельскі дзяржаўны каледж будаўнікоў. Скончыўшы ўстанову, працаваў, як і тата, вадзіцелем. Але з часам зразумеў, што яго прызванне педагогіка. Сёння малады настаўнік завочна вучыцца ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф.Скарыны, адначасова выкладаючы гісторыю караваціцкім школьнікам. Дзяніс Генадзьевіч прызнаецца, што даваць дзецям веды, выхоўваць іх патрыётамі, разам даследаваць мінулае роднага краю — тое, да чаго ляжыць душа. Слухаючы захоплены аповед маладога настаўніка, як і яго старэйшых калег, злавіў сябе на думцы, што ў Каравацічах працуюць шчаслівыя людзі, бо жывуць на роднай, бацькоўскай зямлі, займаюцца любімай справай.
— Колькі прапаноўвалі Аляксандру Уладзіміравічу ўзначаліць гарадскую школу, ён ніяк не пагаджаецца, — з усмешкай адзначыла Ірына Іванаўна Казлова.
— Як можна? — паўжартам працягвае дырэктар. — Я ж скончыў гэтую школу, узрастаў тут як педагог, прафесіянал. Да таго ж працую з такімі ж шчырымі патрыётамі.
Любімы горад
Гэтак жа шчыра, аддана любяць родны край і настаўнікі сярэдняй школы № 6 імя С.У.Сыча Рэчыцы.
— Прадмет, які я выкладаю ў школе, мае вялікі выхаваўчы эфект, — дзеліцца настаўніца гісторыі Кацярына Юр’еўна Яшанава. — У сваёй дзейнасці мы з калегамі не можам абмінаць краязнаўства, таму што яно садзейнічае выхаванню любові да малой радзімы — асновы асноў усёй выхаваўчай работы ў школе. Калі кожны настаўнік будзе звяртацца да краязнаўства, то расціць патрыётаў мы будзем больш паспяхова. Каб зацікавіць вучняў краязнаўствам, я, напрыклад, практыкую на сваіх уроках такую форму работы, як супастаўленне старых фотаздымкаў помнікаў архітэктуры з іх сучаснымі выявамі. Праз вывучэнне вуліц і аб’ектаў роднага горада мае дзеці далучаюцца да праектнай дзейнасці.
Сярод краязнаўчых дасягненняў Кацярыны Юр’еўны — напісанне разам з вучнямі работы “Рэчыца — духоўная сталіца Палесся”, якая была паспяхова прадстаўлена на рэспубліканскай экалагічнай акцыі “Сцяжынкамі Бацькаўшчыны” ў намінацыі “Спадчына”. У мінулым годзе яе выхаванцы ўдзельнічалі ў турніры інтэлектуальных гульняў “Фавор”, якія праводзіць Гомельская епархія Беларускай Праваслаўнай Царквы. Станавіліся падлеткі і ўдзельнікамі раённых навуковых чытанняў “Залатыя россыпы”, дзе прадстаўлялі работу, звязаную са Свята-Успенскім саборам.
Сапраўднай жамчужынай краязнаўчай дзейнасці Кацярыны Юр’еўны і яе калег стаў праект “Рэчыца слаўная — горад любімы”, які заняў на вобласці 1-е месца. Гэта не проста даследчая работа, гэта сапраўдная краязнаўчая энцыклапедыя.
— Для яе стварэння мы прапанавалі вучням 6—9 класаў і іх бацькам скласці краязнаўчыя гісторыі, напісаць іх ад рукі або прадаставіць у друкаваным выглядзе. Лепшыя ўвайшлі ў кнігу. Адметнасцю выдання з’яўляецца выцінанка. Як бачыце, інфармацыя пра нашы галоўныя архітэктурныя славутасці, напрыклад, Свята-Успенскі праваслаўны сабор, дапоўнена выцінанкай, якая нядаўна, як мы ведаем, уключана ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, — адзначыла дырэктар школы Лілія Бандарэнка.
Што тычыцца праектнай дзейнасці, то, па словах Ліліі Паўлаўны, яна пачынаецца ў пачатковых класах. Прычым абавязкова далучаюцца бацькі. У якасці пацвярджэння сваіх слоў яна прапанавала наведацца ў кабінет настаўніцы пачатковых класаў Ірыны Фёдараўны Марчанка.
— Заўсёды працую так, каб заняць і дзяцей, і бацькоў, таму што сумесная творчая дзейнасць згуртоўвае. Мне як настаўніку тады лепш працаваць, знаходзіць агульную мову з дзецьмі і бацькамі. Мы разам вершы пішам, казкі складаем і ствараем вось такія макеты, — адзначыла педагог і ўзяла ў рукі арыгінальны кардонны макет драўлянага замка, які калісьці размяшчаўся на гарадзішчы (сёння на яго месцы дзіцячы парк).
Адказваючы на пытанні настаўніцы, хлопчыкі і дзяўчынкі дзяліліся думкамі, для чаго трэба ведаць гісторыю роднага горада, гаварылі, чаму месцам пасялення продкі выбралі высокі бераг Дняпра, хто пабудаваў драўляны замак, якія незвычайныя будынкі горада яны ведаюць, хто вызваляў Рэчыцу ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, адкуль пайшла назва горада. Выдатныя веды дзяцей па гісторыі малой радзімы ўжо ў пачатковых класах выдатна сведчылі: краязнаўчая работа ў школе вядзецца на высокім узроўні. І так ва ўсіх установах адукацыі раёна.
Захочацца вярнуцца
Напрыканцы — невялікая падказка аматарам падарожжаў. Цудоўным завяршэннем знаёмства з Рэчыцкім раёнам можа стаць прагулка па гістарычным цэнтры горада.
Тут вы палюбуецеся Свята-Успенскім праваслаўным саборам, Троіцкім касцёлам, капліцай Святой Ефрасінні Полацкай, арыгінальным будынкам былой паштова-тэлеграфнай канторы, іншымі цікавымі аб’ектамі. А перад самай маршруткай або цягніком пастойце на агляднай пляцоўцы на месцы старажытнага гарадзішча і з высокага берага палюбуйцеся магутным Дняпром, яго шырокай поймай. Упэўнены, пасля ўбачанай прыгажосці вам захочацца вярнуцца на багатую як нафтай, так і гісторыяй, гасціннымі людзьмі рэчыцкую зямлю.
Начальнік аддзела адукацыі Рэчыцкага райвыканкама Святлана Валянцінаўна Лукінская:
— Калі паглядзець на карту раёна і вобразна правесці лініі ад Рэчыцы да населеных пунктаў, дзе знаходзяцца школы, то можна ўявіць сонца і яго промні. Усяго ў раёне 78 устаноў адукацыі. І ў кожнай вядзецца актыўная работа па вывучэнні адметнасцей малой радзімы.
Так, у Караваціцкай сярэдняй школе даследуецца гісторыя здабычы чорнага золата, бо ўстанова размяшчаецца недалёка ад таго месца, дзе ў 1964 годзе атрыманы першы прамысловы прыток беларускай нафты. Асаблівая ўвага ў школе ўдзяляецца тэме Вялікай Айчыннай вайны, паколькі недалёка, у вёсцы Першамайск, знаходзіцца брацкая магіла нашых землякоў, забітых карнікамі ў маі 1943 года.
З нафтавай тэмай можна азнаёміцца ў сярэдняй школе № 4 Рэчыцы, дзе на працягу многіх гадоў збіраецца інфармацыя пра выпускнікоў, якія выбралі прафесію нафтавіка. Шэфам школы, дарэчы, з’яўляецца “Рэчыцанафта”.
Цікава пра гісторыю архітэктурных аб’ектаў райцэнтра раскажуць у сярэдняй школе № 6 імя С.У.Сыча. Настаўнікі нават могуць правесці экскурсію па гістарычным цэнтры горада.
Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара