Скіраваныя ў еўрапейскую плынь

- 12:13Актуально, Апошнія запісы, Рознае

У Міністэрстве адукацыі адбылася сустрэча супрацоўнікаў Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Рэспубліцы Беларусь, Еўрапейскага фонду адукацыі па пытанні супрацоўніцтва ў сферы прафесійнай адукацыі і рэалізацыі праграмы Еўрапейскага саюза “Занятасць, прафесійная адукацыя і навучанне”. Гасцей сустракаў міністр адукацыі С.А.Маскевіч.

Сяргей Аляксандравіч Маскевіч расказаў, што ў нас даўняя гісторыя супрацоўніцтва з Еўрапейскім саюзам і непасрэдна з Еўрапейскім фондам адукацыі, з якім ажыццяўляюцца сумесныя праекты, у тым ліку і ў прафесійнай адукацыі. Апошнія два гады гэтага супрацоўніцтва былі прысвечаны сумесным дзеянням па рэалізацыі новых праграм.
Такая павышаная ўвага да прафесійнай адукацыі з боку Еўрапейскага саюза невыпадковая. Вялікая цікавасць да яе ў краінах Еўропы і ў Беларусі выклікана шэрагам аб’ектыўных прычын.
— Галоўнае, што мы сёння бачым і што вельмі важна для нашай моладзі, — гэта павышэнне іміджу рабочых прафесій, — падкрэсліў С.А.Маскевіч. — А гэта немагчыма без вызначэння, фармулёўкі саміх мэт і задач прафесійнай адукацыі.
Сёння вельмі хутка мяняюцца тэхналогіі ў вытворчасці, эканоміка рухаецца па інавацыйных рэйках, што, безумоўна, уплывае на рост патрабаванняў да рабочых прафесій з боку работадаўцаў. Змест прафесійнай падрыхтоўкі імкліва мяняецца з улікам сучаснай вытворчасці. Ёй патрэбны не проста рабочыя ў традыцыйным разуменні, а спецыялісты з сярэдняй спецыяльнай і нават з вышэйшай адукацыяй.
Таму вельмі важна сфармуляваць задачы еўрапейскага і ўвогуле міжнароднага кшталту, у тым ліку стварэнне прафесійнай рамкі кваліфікацый, распрацоўку прафесійнага стандарту.
— Прапанаваны замежнымі калегамі праект вельмі важны для нас, — адзначыў Сяргей Аляксандравіч. — І не столькі ў матэрыяльным плане, хаця фінансаванне вельмі неабходна для яго рэалізацыі. Адметна тое, што мы зможам трансліраваць самыя цікавыя здабыткі з еўрапейскага вопыту ў нашу нацыянальную сістэму адукацыі і ў сваю чаргу перадаваць наш вопыт.
Для рэалізацыі праекта будуць узяты тры вядучыя галіны эканомікі, у якіх найбольш эфектыўна праяўляюцца інавацыйныя кірункі развіцця, — гэта машынабудаванне, будаўніцтва, энергазберагальныя тэхналогіі.
Як падкрэсліў міністр, у рамках праекта мы будзем мець не проста апісанне той ці іншай адукацыйнай праграмы, а атрымаем комплекснае абсталяванне сучаснага ўзроўню, якое дазволіць забяспечыць падрыхтоўку спецыялістаў па адпаведных кампетэнцыях з улікам новых тэхналогій. Прадстаўленыя фінансавыя асігнаванні будуць накіраваны на мадэрнізацыю вучэбна-лабараторнай базы, на распрацоўку вучэбных планаў і праграм, адукацыйных стандартаў з дапамогай спецыялістаў Еўрапейскага фонду адукацыі.
— Рашэнне, прынятае Еўрапейскай камісіяй для ажыццяўлення ў нашай краіне гэтага праекта, для нас вельмі важнае, — падкрэсліў С.А.Маскевіч. — Хочацца верыць, што наша сумесная работа будзе накіравана на карысць моладзі і дазволіць маладым людзям атрымаць высакаякасную прафесійную адукацыю, быць канкурэнтаздольнымі на рынку працы і паспяхова будаваць сваю працоўную кар’еру. Гэтая праграма дазволіць скіраваць сістэму прафесійнай адукацыі нашай краіны ў плынь еўрапейскага вопыту, сучасных сусветных тэндэнцый.
Міністр адзначыў, што ўсе кірункі супрацоўніцтва ў сферы прафесійнай адукацыі, якія раней былі абмеркаваны на экспертным узроўні, у тым ліку па ўдасканаленні заканадаўства, выпрацоўцы прафесійнай рамкі кваліфікацый і прафесійных стандартаў, будуць напоўнены канкрэтным зместам, па кожным кірунку будуць сфарміраваны рабочыя групы з ліку нашых спецыялістаў, якія будуць займацца рэалізацыяй праекта з улікам патрабаванняў і падыходаў еўрапейскіх калег.
Прадстаўнікі Еўрапейскага фонду адукацыі паведамілі, з чаго будзе пачынацца рэалізацыя праграмы Еўрапейскага саюза “Занятасць, прафесійная адукацыя і навучанне”. Паралельна з пастаўкай абсталявання для вучэбна-матэрыяльнай базы будзе арганізаваны шэраг вучэбных семінараў па тэмах якасці прафесійнай адукацыі і распрацоўкі прафесійных стандартаў для работнікаў прафесійнай адукацыі. Адметна, што мэтавай аўдыторыяй праекта могуць стаць і людзі з абмежаванымі магчымасцямі. У сувязі з гэтым замежныя калегі плануюць актыўна далучаць грамадскія аб’яднанні, якія прадстаўляюць гэтую катэгорыю, да сумесных дзеянняў у названым кірунку.
— Трансляцыя вопыту інклюзіўнай адукацыі для нас вельмі значная, асабліва ў прафесійнай адукацыі, — адзначыў С.А.Маскевіч. — Менавіта людзі з абмежаванымі магчымасцямі найбольш зацікаўлены ў атрыманні рабочых прафесій, таму ваш вопыт нам вельмі спатрэбіцца.
Абмяркоўваючы тыя эканамічныя сферы, дзе будзе весціся рэалізацыя сумеснай праграмы прафесійнай адукацыі, кіраўнік міністэрства паведаміў, што для гэтага выбраны менавіта тыя галіны, у якіх прафесійная адукацыя найбольш вызначылася. Так, у прыватнасці, па кожнай з гэтых галін у сістэме прафесійнай адукацыі створаны рэсурсныя цэнтры, якія абсталяваны па апошнім слове тэхнікі, распрацавана адпаведнае вучэбна-метадычнае забеспячэнне. Па кірунку энергазберажэння быў рэалізаваны сумесны праект з нямецкімі калегамі, што дало станоўчыя вынікі.
Завяршаючы размову, еўрапейскія калегі выказалі задавальненне супрацоўніцтвам з нашай краінай, гатовай не толькі браць ужо здабыты вопыт іншых краін, але і аддаваць свой, ініцыіраваць новыя праекты і дэманстраваць свой энтузіязм. Таму ў поспеху сумесных праектаў не прыйдзецца сумнявацца.
У праграме Еўрапейскага саюза будзе задзейнічана таксама Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Асноўная нагрузка па рэалізацыі праграмы ўскладзена на Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі.

Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.