Словы аб важнасці сямейных каштоўнасцей настаўніца Язненскай школы Іна Пашковіч падмацоўвае ўласным прыкладам

- 13:15Я.Мы.Социум

Настаўніца рускай мовы і літаратуры Язненскай сярэдняй школы Міёрскага раёна Іна Пашковіч прывівае вучням сямейныя каштоўнасці на прыкладзе не толькі літаратурных герояў, але і ўласнага жыцця — іх з мужам гарманічнаму саюзу нядаўна споўнілася 35 гадоў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У адрозненне ад буйных гарадоў у вёсцы ўсе як на далоні — не схаваеш ні доб­рага, ні дрэннага. Сям’ю Пашковіч тут ведаюць як годны ўзор таго, як трэба выбудоўваць асабістыя адносіны і дружна ісці па жыцці.

У аграгарадку Язна Міёрскага раёна Пашковічы жывуць ужо амаль 30 гадоў. Іна Вітальеўна вучыць дзяцей, Уладзімір Пятровіч — лечыць мясцовых жыхароў, узна­чальвае язненскую ўстанову аховы здароўя. 

— Мы абое родам з Глыбоцкага раёна, нашы вёскі знаходзіліся па суседстве. Былі аднакласнікамі, але пачалі сустракацца, калі сталі студэнтамі. Стварылі студэнцкую сям’ю, нарадзілі сына. Жыццё склалася так, што нашым домам стала Міёршчына, і мы палюбілі яе ўсім сэрцам, — заўважае Ула­дзімір Пятровіч.

Іна Вітальеўна расказвае, што ў педагогіку яна пайшла па прыкладзе роднага дзядзькі, хаця ад яе хутчэй чакалі, што працягне традыцыю некалькіх пакаленняў сям’і і звяжа сваё жыццё з чыгункай. Скончыла філалагічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута (цяпер Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава). Адзначае, што на працягу свайго педагагічнага жыцця ёй даводзілася весці розныя вучэбныя прадметы, але выкладанне рускай і беларускай мовы і літаратуры заўсёды было самым любімым. Канкрэтна сёння яна адкрывае навучэнцам прыгажосць свету рускага слова. 

— На ўроках літаратуры мы нярэдка абмяркоўваем розныя аспекты тэмы сямейных узаемаадносін, якая раскрываецца ў многіх мастацкіх творах. Імкнуся даносіць да вучняў думкі аб важнасці сям’і, прыві­ваць ім традыцыйныя сямейныя каштоўнасці. І, вядома ж, той факт, што ў мяне ў самой добрая сям’я, надае маім словам больш аўтарытэту ў вачах навучэнцаў, — адзначае яна.

— Сям’я — гэта аснова ўсяго. Дзякуючы ёй, ты дакладна ведаеш адказ на спрадвечныя пытанні: “Хто мы?”, “Адкуль?”, Куды ідзём?”. Не забываеш мінулае і з цікавасцю глядзіш у будучыню. Узаемаразуменне, павага адно да аднаго,  шчырасць ва ўсім — вось, на мой погляд, асноўныя складнікі сямейнага шчасця. А яшчэ дапамагае пачуццё гумару, — дзеліцца думкамі Іна Ві­тальеўна.

Сям’я робіць чалавека больш моцным і матываваным, а жыццё — поўным і асэнсаваным. Галоўнае — берагчы тое доб­рае, што ёсць ва ўзаемаадносінах. І мець агульныя інтарэсы, каб разам было цікава ў любым узросце, — падкрэслівае Ула­дзімір Пятровіч.

Муж і жонка Пашковічы вельмі лю­бяць народныя традыцыі, цудоўна гату­юць беларускія стравы, у тым ліку па старажытных рэцэптах. Іна Вітальеўна вядзе ў школе факультатыў “Шчаслівы беларусам звацца”, дапамагае вучням больш даведацца аб духоўнай і матэрыяльнай культуры нашай Радзімы, адчуць сябе сапраўднымі беларусамі і ганарыцца гэтым. З дапамогай калег яна стварыла ў школьным музеі экспазіцыю “Беларуская хатка”, дзе сабрана нямала рарытэтаў. Уладзімір Пятровіч — актыўны ўдзельнік мастацкай самадзейнасці ў Язненскім сельскім Доме культуры, саліст фальклорнага калектыву “Язынка”.

Без іх не абыходзіцца ні адно вясковае свята, добра ведаюць пару і ў раёне. Так, у верасні мінулага года ўдзельнічалі ў экалагічным свяце “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю”. Прадстаўлялі хлеб, які ў сям’і выпякаецца па рэцэпце XVIII стагоддзя, скрыпень, які збіраюць і сушаць самі, традыцыйныя беларускія напіткі і іншую смакату.

З размахам любіць адзначаць сям’я і святы ў сваім доме. У іх шмат свая­коў і сяб­роў у розных кутках Беларусі. Калі за сталом збіраецца менш за 20 чалавек, жартуюць: “Лічы, нікога і не было”. Дарэчы, сябраваць Пашковічы ўмеюць шчыра, па-сапраўднаму, і лю­дзі адказ­ваюць ім тым жа. 12 гадоў назад у сям’і здарылася бяда — пажар знішчыў значную частку хаты. Убаку не застаўся ніхто з родных і блізкіх, і даволі хутка ўсё адбудавалі нанова. 

Шмат гадоў муж і жонка Пашковічы з’яўляюцца прыхаджанамі Спаса-Прааб­ражэнскай царквы, якой, дарэчы, у гэтым годзе споўніцца 125 гадоў. Удзельніча­юць у жыцці прыхода. Уладзімір Пятровіч спявае ў царкоўным хоры, Іна Вітальеўна дапамагае ўпрыгожваць храм да свят. Неаднара­зова ўдзельнічалі ў арганізацыі фестываляў нядзельных праваслаўных школ “Язненскі звон”, на які з’язджаліся юныя прыхаджане з цэркваў Полацкай епархіі.

У такіх годных духоўна-маральных традыцыях выхавалі Пашковічы і свайго сына Ілью. Сёння ён разам з сям’ёй жыве ў Мар’інай Горцы. Ілья, як і бацька, выбраў медыцыну, працуе ўрачом агульнай практыкі. Яго жонка Іна — урач-анколаг. Іх сыну Канстанціну 3 гады. Маладая сям’я часта наведвае бацькоў, іх звязваюць самыя цёп­лыя адносіны.

Нядаўна Уладзімір Пятровіч і Іна Ві­тальеўна адсвяткавалі 35-годдзе свайго сямейнага саюза — так званае каралавае вяселле. Адзначалі сярод родных і сяброў. У свята быў свой дрэс-код — адзен­не ў беларускім нацыянальным стылі. На па­мяць засталося шмат цудоўных каларытных здымкаў, якія сталі годным дапаўненнем сямейнага альбома. Дарэчы, такіх фотаальбомаў, дзе захаваны самыя розныя моманты іх сямейнага жыцця, ужо каля 30. Кожны аформлены з любоўю і крэатывам. Гэта — яшчэ адна сямейная традыцыя… 

 Аксана МЫЦЬКО
Фота з сямейнага архіва Пашковічаў