У Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту “Раўбічы” завяршыліся спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне “Снежны снайпер” на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
У цырымоніі ўзнагароджання прынялі ўдзел намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка, міністр адукацыі Андрэй Іванец.
Рэспубліканскія спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне “Снежны снайпер” на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба праводзяцца з 2007 года. Удзельнікі заключнага, рэспубліканскага этапу раней прайшлі адбор на раённых і абласных спаборніцтвах. На іх старт сёлета выйшлі больш за 33 000 навучэнцаў.
У фінальных спаборніцтвах прынялі ўдзел 168 юных спартсменаў з каманд усіх абласцей і Мінска. Прыкметна, што яны не займаюцца біятлонам у спецыялізаваных вучэбна-спартыўных установах. Падтрымаць юных спартсменаў прыехалі не толькі іх родныя і сябры, але і настаўнікі, а таксама начальнікі ўпраўленняў па адукацыі.
На працягу некалькіх дзён на пляцоўках РЦАП вялася напружаная барацьба. У пятніцу, у першы дзень спаборніцтваў, былі разыграны ўзнагароды ў спрынтах. Другі дзень вызначыў наймацнейшых юных біятланістаў у мас-стартах і змешаных эстафетах.
У асабістых гонках, якія прайшлі ў нядзелю, у малодшай узроставай групе (10—11 гадоў) сярод хлопчыкаў і дзяўчынак перамаглі прадстаўнікі каманды Мінска Аляксей Марсель і Соф’я Ластоўская.
У сярэдняй узроставай групе (12—13 гадоў) роўных не было юнаму біятланісту з Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці Радзівону Акатаву. Сярод дзяўчынак гэтай узроставай групы перамагла спартсменка з Магілёўскай вобласці Вікторыя Яўсеенка.
У старэйшай узроставай групе сярод дзяўчынак перамагла Уладзіслава Акоча, якая прадстаўляла каманду Мінска. Сярод хлопчыкаў 14—15 гадоў выйграў Яраслаў Петрушэнка (Гомельская вобласць). Дарэчы, Яраслаў не адзіны спартсмен у сваёй сям’і. Яго бацька, Раман Петрушэнка, — чэмпіён і бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў 2008 года ў Пекіне, бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў 2004 года ў Афінах, 7-разовы чэмпіён свету, васьміразовы чэмпіён Еўропы, шматразовы пераможца і прызёр этапаў Кубка свету па веславанні на байдарках і каноэ.
Падчас правядзення змешанай эстафеты прадугадаць, хто прыйдзе на фініш першым, таксама было немагчыма. Усе спартсмены паказвалі хуткасць, спрытнасць, бездакорнае валоданне тэхнікай. Іх вынікі адрозніваліся долямі секунды.
Наталля САХНО
Фота БелТА