«Сонца. Цяпло. Ты». Валанцёры — навучэнцы школы № 8 Салігорска рэалізуюць праект для дзяцей з АПФР

- 15:06Пресс-тур «Настаўніцкай»

«Сонца. Цяпло. Ты». Такую назву атрымаў праект, які ў Салігорскім раённым ЦКРНіР распрацавалі валанцёры — навучэнцы сярэдняй школы № 8 Салігорска. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Ідэя, якую рэалізуюць удзельнікі валанцёрскага атрада “Сцежкаю цяпла”, заключаецца ў сацыялізацыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Працаваць над ёй вучні пачалі год назад.

“Камунікацыя нашых выхаванцаў са школьнікамі дае станоўчы вынік, — адзначае намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Салігорскага раённага ЦКРНіР Вольга Башура. — Вучні прыходзяць да нас у цэнтр, ствараюць разам з дзеткамі вырабы, размаўляюць. Гэта дапамагае дзецям, якія маюць асаблівасці ў псіхафізічным развіцці, убачыць, што яны не адны”. 

Рэалізацыя сумеснага са школай праекта стала для ЦКРНіР заканамерным крокам. Па словах дырэктара ўстановы Жанны Альховік, на працягу трох гадоў Салігорскі раённы цэнтр карэкцыйна-развіццё­вага навучання і рэабілітацыі працаваў над інавацыйным праектам “Укараненне мадэлі фарміравання і развіцця камунікатыўнай кампетэнтнасці навучэнцаў у сістэме ўзае­мадзеяння ўстаноў адукацыі, дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў”. Менавіта падчас работы над ім вялася падрыхтоўка навучэнцаў-валанцёраў, якія змо­гуць фарміраваць інклюзіўную свядомасць ва ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу.

Адной з праблем у працэсе арганізацыі інклюзіўнай адукацыі педагогі называюць тое, што паміж дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і звычайнымі дзецьмі вельмі цяжка і павольна наладжваюцца кантакты.

Таксама часта ўзнікаюць перашкоды сацыяльнага характару: не ўсе бацькі гатовы прыняць новыя прынцыпы адукацыі, якія накіраваны на ўзаемадзеянне ад розных паміж сабой дзяцей.

“Падчас рэалізацыі праекта адбывалася ўзаемадзеянне паміж дзецьмі з АПФР, у прыватнасці, з тымі, хто мае цяжкія, множныя парушэнні ў фізічным, псіхічным развіцці, з іх здаровымі аднагодкамі, — расказала Жанна Альховік. — У межах інклюзіўнага праекта апрабуецца прынцып “роўны вучыць роўнага”, які забяспечвае перадачу і пашырэнне сацыяльна значнай інфармацыі праз даверныя зносіны на роўных з аднагодкамі. Узаемадзеянне навучэнцаў-валанцёраў і навучэнцаў ЦКРНіР з выкарыстаннем вызначанага падыходу праходзіць у выглядзе сумесных тэатралізаваных пастановак, простых зносін, падчас спартыўных мерапрыемстваў і мае станоўчыя вынікі. Сёння сумесна са спецыялістамі і педагогамі ЦКРНіР працуюць валанцёры Беларускага Чырвонага Крыжа, навучэнцы гімназіі № 2 Салігорска, члены валанцёрскага аб’яднання сярэдняй школы № 10 Салігорска”.

Педагогі ЦКРНіР, якія працуюць над праектам, супрацоўнічаюць з дзіцячымі і маладзёжнымі грамадскімі аб’яднаннямі, валанцёрамі. Такая работа накіравана на фарміраванне адзінай выхаваўчай стратэгіі, арыентаванай на развіццё камунікатыўнай кампетэнтнасці дзіцяці з АПФР.

Удзел у валанцёрскай дзейнасці — гэта не проста добрая справа і дапамога тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Удзельнікі валанцёрскага атрада вучацца ставіць мэты, прадумваць шляхі іх дасягнення, ацэнь­ваць вынік і знаходзіць эфектыўныя спосабы вырашэння праблемы. Адным з важных напрамкаў валанцёрства з’яўляецца настаўніц­тва: дапамога ў адаптацыі тым дзецям-інвалідам, якія жывуць у цяжкіх умовах.

“Такое ўзаемадзеянне спрыяе ўмацаванню сувязей паміж дзецьмі, — упэўнена дырэктар Салігорскага раённага ЦКРНіР. — Безумоўна, падчас зносін знікаюць бар’еры і няўпэўненасць, нашы падапечныя адгукаюцца на прапанову сябраваць, размаў­ляць са сваімі равеснікамі. Нашым выхаванцам важна даць магчымасць рэалізаваць закладзены ў іх патэнцыял, дапамагчы ім у сацыяльнай адаптацыі. У ЦКРНіР право­дзяцца мерапрыемствы па стварэнні адаптыўнага адукацыйнага асяроддзя. Наша ўстанова абсталявана пандусамі для перамяшчэння дзяцей з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату, ёсць поручні двух узроўняў, устаноўлены мнемасхемы, таблічкі Брайля, кнопка выкліку персаналу  на ўваходзе ў цэнтр і інш. Акрамя гэтага, арганізаваны падвоз навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця на спецыяльна абсталяваным транспарце ад месца жыхарс­тва да месца вучобы і назад”.

У ЦКРНіР наладжана персанальнае суправаджэнне навучэнцаў з расстройствамі аўтыстычнага спектра. Для выяўлення такіх дзяцей тут працуе кабінет ранняй комплекснай дапамогі дзецям і іх сем’ям. Настаўнік-дэфектолаг і педагог-псіхолаг праводзяць кансультаванне бацькоў па праблемах ранняга развіцця дзіцяці. Тут жа працуе бацькоўскі клуб “Мы разам”. Заняткі ў ім праводзяцца ў выглядзе майстар-класаў, псіхалагічных трэнінгаў, семінараў.

“Сацыяльную адаптацыю дзяцей з АПФР можна будзе назваць паспяховай, калі ўсе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу будуць талерантнымі і зразумеюць простае правіла: ніхто, акрамя нас, не зможа дапамагчы дзецям з асаблівасцямі ў развіцці”, — заўважыла Ж.Альховік.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА