У пачатку лета кожны з бацькоў задаецца пытаннем, дзе адпачыць яго дзіцяці. Як правільна выбраць дзіцячы аздараўленчы лагер, каб дзіця правяло час з карысцю, весела, знайшло новых сяброў і набралася яркіх уражанняў.
Сакрэты поспеху
У філіяле “Дзіцячы санаторый “Расінка” ААТ “Белаграздраўніца”, што знаходзіцца ў Віцебскай вобласці Мёрскага раёна, наладжана работа па актуальных напрамках сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы з дзецьмі.
Сённяшні час узнімае вельмі сур’ёзныя пытанні, якія патрабуюць глыбокага аналізу, сістэмнасці і адладжанасці, дакладных арганізацыйных момантаў у рабоце з дзецьмі. Выдатныя працэдуры, смачнае харчаванне, цудоўны адпачынак — гэта галоўныя складнікі аздараўлення дзяцей, аднак паспяховым адпачынак можа быць толькі тады, калі створаны і выконваюцца ўсе правілы бяспекі і наладжаны ўзаемаадносіны дзяцей. Калі дзіця ў санаторыі з першых дзён адчувае сябе маральна і псіхалагічна камфортна, а самае галоўнае — бяспечна, то і ўсё, што ўключае ў сябе аздараўленне, будзе прыносіць радасць і карысць.
Перш за ўсё перад санаторыем як аздараўленчай установай стаіць задача стварэння аптымальных умоў для праходжання паспяховай сацыялізацыі дзяцей і падлеткаў, абарона іх інтарэсаў, стварэнне станоўчага псіхалагічнага клімату і душэўнага камфорту.
У дзяцей узнікаюць унутраныя цяжкасці пераходнага ўзросту, пачынаючы з псіхічных і гарманальных працэсаў і заканчваючы перабудовай “Я”-канцэпцыі. Прычын у адхіленні дзяцей у развіцці і паводзінах шмат, і сам падлетак не здольны справіцца са сваімі праблемамі, яму патрэбна дапамога.
Асаблівай увагі патрабуе група дзяцей з дэвіянтнымі паводзінамі. Сюды ўваходзяць дзеці з дэлінквентнымі, крымінальнымі і антысацыяльнымі паводзінамі, гэта значыць, супрацьпраўнымі паводзінамі. Сустракаюцца ў санаторыі і прадстаўнікі нефармальных субкультур моладзі: эма, рэперы, футбольныя балельшчыкі (фаны). Ёсць дзеці з рознымі відамі расстройстваў адаптацыі. І ў большасці выпадкаў псіхатраўміруючай сітуацыяй з’яўляецца не саматычнае захворванне, а міжасобасныя адносіны і страта блізкіх. З такімі дзецьмі праводзіцца работа, накіраваная на асобасны рост, выпрацоўку новых стратэгій і адносін да праблемы, фарміраванне адэкватнай самаацэнкі.
Як стаць чэмпіёнам заезду
Некаторыя формы работы даўно і добра прыжыліся ў санаторыі, сталі традыцыйнымі, але яны штогод папаўняюцца новымі, паколькі жыццё не стаіць на месцы, асабліва сярод моладзі. Мерапрыемствы павінны адпавядаць запатрабаванням дзяцей, іх інтарэсам, быць актуальнымі і карыснымі, а часам і значнымі ў іх далейшым жыцці. Так, напрыклад, работа гідаў, якія выбіраюцца сярод дзяцей на конкурснай аснове, дзе дзеці праходзяць так званы кастынг. Права быць гідам для дзяцей вельмі значнае і ганаровае. Яны сустракаюць дзяцей з іх бацькамі, якія прыбылі ў санаторый, дапамагаюць паднесці багаж і па ходзе руху расказваюць пра санаторый, адказваюць на пытанні, дзеляцца ўласнымі ўражаннямі аб адпачынку. Як паказвае практыка, такая форма работы падабаецца і дзецям, і іх бацькам.
Паспяховым адпачынак можа быць толькі тады, калі створаны і выконваюцца ўсе правілы бяспекі і наладжаны ўзаемаадносіны дзяцей.
Самакіраванне, ці работа актыву ў атрадах — яшчэ адна эфектыўная форма работы ў санаторыі. Дзеці вучацца правільным зносінам, разам з дарослымі займаюцца планаваннем, складаннем сцэнарыяў, уключаюцца ў актыўную творчую дзейнасць. Штодзень праходзяць саветы камандзіраў атрада, дзе абмяркоўваецца правядзенне мерапрыемстваў і ўдзел у іх, даецца ацэнка кожнаму пражытаму дню атрада: якія поспехі, недахопы, якая і ў чым неабходна падтрымка і дапамога. Такія парады даюць магчымасць актывам атрадаў пазнаёміцца лепш, разам узаемадзейнічаць, садзейнічаць згуртаванню дзяцей усіх атрадаў.
У санаторыі актыўна выкарыстоўваецца такая форма работы, як рэйтынг атрадаў, што стымулюе дзяцей да росту, поспеху, сумеснага супрацоўніцтва, дзе роўны вучыць роўнага, стымулюе да перамогі, садзейнічае здароваму духу канкурэнцыі, падтрымцы і павазе сапернікаў. Пры падвядзенні вынікаў у канцы змены атрад-пераможца атрымлівае ганаровае званне “Чэмпіён заезду”, узнагароджваецца пераходным кубкам і бясплатнай паездкай на экскурсію ў Мёры. А актывісты, творчыя ініцыятыўныя дзеці і дзеці, якія праявілі сябе ў спорце, у атрадных справах, заахвочваюцца “залатымі” білетамі, якія даюць магчымасць адправіцца ў бясплатную экскурсію па “залатым кальцы” Браслаўшчыны.
У Год гістарычнай памяці
Выхаваўчая работа ў санаторыі спланавана з улікам патрабаванняў часу, накіравана на патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення.
Дзень Перамогі святкавала ўся краіна. Прымеркаваныя да важнай даты мерапрыемствы прайшлі і ў “Расінцы”. Добрай санаторнай традыцыяй з’яўляецца экскурсійны паход у в.Пераброддзе да абеліска воінскай славы. У Пераброддзі дзеці ўдзельнічалі ва ўрачыстым мітынгу, на якім прысутнічала ганаровая варта пагранічнай камендатуры “Опса” Полацкага пагранатрада. Завяршыўся святочны дзень у санаторыі “Расінка” масавай ваенна-патрыятычнай гульнёй “Зарніца”. Галоўная задача, якую ставіць перад сабой педагагічны калектыў санаторыя, акцэнтаваць увагу падрастаючага пакалення на неабходнасці памятаць тыя страшныя дні, перадаваць гэтыя веды наступным пакаленням, не дапускаць скажэння і перапісвання гісторыі, а таксама берагчы родную зямлю.
Летнія ўрокі
Удала і эфектыўна, а галоўнае з карысцю для справы ў санаторыі выкарыстоўваюць такія формы работы, як “Школа этыкету”, “Школа здаровага ладу жыцця”, “Урок беражлівасці”, якія дапамагаюць не толькі папаўняць веды дзяцей аб правілах карыстання сталовымі прыборамі, правілах паводзін людзей у грамадстве або як і чаму трэба быць беражлівымі, але і падмацоўваць гэтыя веды абавязковай практыкай у штодзённым жыцці. Цікавымі і запамінальнымі сталі для дзяцей урокі рамеснікаў, на якіх моладзь знаёміцца з гісторыяй прафесій, рамеснай справай па розных напрамках, дзе даецца магчымасць самім папрабаваць штосьці вырабіць з гліны, дрэва, нітак, пражы і іншага матэрыялу.
Ужо больш як 10 гадоў санаторый “Расінка” цесна супрацоўнічае з хрысціянскімі храмамі праваслаўнай і каталіцкай канфесіі. У санаторыі праходзяць урокі духоўна-маральнага выхавання, дабрачынныя акцыі, святы, якія садзейнічаюць выхаванню дзяцей на аснове хрысціянскіх каштоўнасцей, дзе месца агрэсіі і злосці займаюць дабро, павага і міласэрнасць.
Атрад-пераможца ўзнагароджваецца пераходным кубкам і бясплатнай паездкай на экскурсію ў Мёры.
Найбольш палюбілася ўсім гальштучная сістэма: кожны атрад праходзіць пасвячэнне ў рады адпачывальнікаў санаторыя, і дзецям павязваюць гальштукі. Кожнаму атраду прысвойваецца пэўны колер. Дзеці даражаць гальштукамі, баяцца дзе-небудзь забыць і згубіць. Перад ад’ездам на гальштуках дазваляецца пакідаць надпісы, пажаданні, свае ўражанні, і як добрая памяць аб адпачынку ў санаторыі — гальштукі застаюцца ў дзяцей.
Я ніколі не бачыла такога прыгожага возера
З водзываў дзяцей.
Саша, 14 гадоў, Мінск: “Я адпачывала ў многіх лагерах і ў розных краінах. Была ў лагеры ў Польшчы, Балгарыі, Францыі, але “Расінка” мне спадабалася больш за ўсё. Я хачу сюды абавязкова вярнуцца ў наступным годзе. Тут неверагодная атмасфера сяброўства, радасці і разумення таго, што ўсе дарослыя хочуць зрабіць твой адпачынак запамінальным. Мне падабаецца павага да дзяцей”.
Радасна разумець, што такое цудоўнае месца для адпачынку і развіцця дзяцей знаходзіцца ў нашай роднай Беларусі.
Яна, 16 гадоў, Мінск: “У лагеры за 11 дзён было столькі цікавага і новага для мяне, што хочацца вярнуцца абавязкова ў наступным годзе. Я знайшла шмат новых сяброў, адпачыла, прайшла лячэбныя працэдуры, у нас былі выдатныя выхавальнікі і самае галоўнае — такога шчасця ад адпачынку і зносін у мяне яшчэ не было”.
Насця, 12 гадоў, Гродна: “Я сама знайшла гэты санаторый у інтэрнэце і папрасіла бацькоў купіць мне пуцёўку. Я ніколі не бачыла такога прыгожага возера, кожны вечар любавалася заходам сонца. Я праехала 500 км, і гэта было таго варта. Гэта лепшы адпачынак у маім жыцці”.
Як педагог-псіхолаг і суправаджальнік дзіцячых груп я палюбіла гэты лагер за тое, што за такі кароткі перыяд дзеці раскрыліся нечакана і па-іншаму, праявілі свае самыя лепшыя якасці. А гэта сведчыць аб вельмі высокім узроўні арганізацыі культурна-масавых мерапрыемстваў і ўсяго выхаваўчага працэсу. Радасна разумець, што такое цудоўнае месца для адпачынку і развіцця дзяцей знаходзіцца ў нашай роднай Беларусі, што людзі, якія там працуюць, укладаюць усю душу і ўсе свае прафесійныя веды ў кожнае дзіця.
І, перш чым выбіраць адпачынак для сваіх дзяцей за мяжой, хочацца прыгадаць прыказку — “За морам цяплей, а ў нас святлей”.
Наталля СТЭЛЬМАХ,
педагог-псіхолаг ясляў-сада № 161 Мінска, кіраўнік МА педагогаў-псіхолагаў устаноў дашкольнай адукацыі Ленінскага раёна Мінска;
Жанна АКАЧОНАК,
загадчыца па выхаваўчай рабоце філіяла “Дзіцячы санаторый “Расінка” ААТ “Белаграздраўніца”.