Спаборніцтвы па сілавым трохбор’і аб’ядналі 30 каманд з ліку навучэнцаў каледжаў Магілёўшчыны

- 17:02Новости

Спаборніцтвы па сілавым трохбор’і аб’ядналі 30 каманд з ліку навучэнцаў каледжаў Магілёўшчыны. Усяго ўдзел у турніры прынялі каля 90 юных аматараў цяжкай атлетыкі, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

— У рэгіёне вялікая ўвага ўдзя­ляецца арганізацыі фізкультурна-аздараўленчай работы, далучэнню мола­дзі да здаровага ладу жыцця. Для папулярызацыі спорту рэгулярна ладзім спаборніцтвы. Ужо традыцыяй сталі старты і па паўэрліфтынгу. Важна, што право­дзім іх ва ўзаемадзеянні з іншымі зацікаўленымі ведамствамі і ў супрацоўніцтве з заказчыкамі кадраў. Паказальна і тое, што навучэнцы дэманструюць добрую фізічную падрыхтоўку і нават устанаўліваюць пэўныя рэкорды, — паведаміў першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Ігар Лашкевіч.

Выдатных вынікаў сапраўды было шмат. Напрыклад, навучэнка Магілёўскага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання Карына Новікава ў суме трохбор’я паказала 290 кг, а ў станавай цязе падняла штангу ў 130 кг. Вызначыліся таксама навучэнцы Магілёўскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа Аляксей Ганькоў і Данііл Заяц. За трохбор’е хлопцы ўзялі вагу 520 і 510 кг адпаведна. 

Усяго медалямі, дыпломамі і каштоўнымі падарункамі пасля заканчэння спаборніцтваў былі адзначаны звыш 40 юнакоў і дзяўчат. У камандным заліку лепшымі сталі прадстаўнікі Магілёўскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа, Магілёўскага дзяржаўнага эканамічнага прамыслова-тэхналагічнага каледжа і архітэктурна-будаўнічага каледжа Беларуска-Расійскага ўніверсітэта.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара