Спачатку — па рэцэпце, а потым — на вока

- 13:33Педагагічная майстэрня, Рознае партфолiо

З настаўніцай пачатковых класаў Быстрыцкай сярэдняй школы Капыльскага раёна Мінскай вобласці Таццянай Іванаўнай Гурыновіч мне давялося пазнаёміцца на выставе навукова-метадычнай літаратуры і педагагічнага вопыту ў Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. Педагог дзялілася вопытам арганізацыі заняткаў па навучанні грамаце і развіцці маўлення малодшых школьнікаў, прадставіла найбольш эфектыўныя педагагічныя знаходкі, чым выклікала вялікую цікавасць у сваіх калег. І гэта зразумела, настаўніца мае больш чым дваццаціпяцігадовы стаж работы з пачаткоўцамі. Яна — аўтар метадычнага дапаможніка “Навучанне малодшых школьнікаў выразнаму чытанню”.
Сваімі думкамі наконт арганізацыі працэсу навучання малодшых школьнікаў, выкарыстання адукацыйных тэхналогій, сістэмы работы па развіцці навыку выразнага чытання дзяцей Таццяна Іванаўна падзялілася і з  “Настаўніцкай газетай”.

Пра мару дзяцінства

— Прафесія настаўніка — мая мара дзяцінства. Памятаю, што першыя гульні былі толькі “ў настаўніка”. У дзіцячым узросце прыбягала кожны дзень у школу, якая знаходзілася побач з домам, і выседжвала ўсе ўрокі. Дома спісвала крэйдай шафу, рашала прыклады, правярала сшыткі, выстаўляла адзнакі ў журнал. Падчас вучобы ў школе марыла ста ць настаўніцай біялогіі, але лёс распарадзіўся інакш: сёння я настаўніца пачатковых класаў. Хаця мая мара ў нейкай ступені таксама ажыццявілася — мая дачка стала настаўніцай біялогіі.
Пераканана, што ў выбары прафесіі не памылілася. Школа — гэта асаблівы свет, дзе кожны наступны дзень не падобны да папярэдняга. Жыццё ў школе б’е крыніцай, пастаянна трэба спяшацца, спяшацца дарыць энергію, веды, уменні сваім вучням.
Пасля заканчэння Нясвіжскага педагагічнага вучылішча я прыйшла працаваць у школу, вучылася завочна ў Магілёўскім педагагічным інстытуце імя А.А.Куляшова. Першыя дні работы ў школе паказалі, што за гады вучобы назапашаны вялікі багаж ведаў. Цяжкасці ж адчуваліся з методыкай: колькі часу адвесці на той ці іншы этап урока, як правільна сфармуляваць мэты, задачы ўрока і г.д. Пачынала з традыцыйных урокаў, бо, думаю, спачатку неабходна навучыцца рабіць як трэба, а ўжо потым — па-свойму.
Маё педагагічнае крэда — “У кожным чалавеку — сонца, толькі дайце яму свяціць”. Глыбока пераканана, што кожнае дзіця таленавітае па-свойму, і трэба стварыць умовы для таго, каб гэты талент раскрыўся. Для мяне вельмі важна перш за ўсё навучыць дзяцей самастойна мысліць, шукаць неабходную інфармацыю, супастаўляць факты. Тады яны не перастануць вучыцца ўсё жыццё, незалежна ад сваёй прафесіі, абганяючы мяне і саміх сябе.
Дзеці любога ўзросту адчувальныя і вельмі ранімыя. Неабходна дарыць ім усю сілу і любоў сваёй душы, вучыцца разам з імі, жыць іх надзеямі і марамі, давяраць ім. Толькі тады дзіця раскрые настаўніку сваю душу і апраўдае ўсе яго надзеі.

Пра сучасны ўрок

— Сучасны ўрок павінен быць такім, каб навучэнец чакаў новай сустрэчы з настаўнікам. З урока пачынаецца адукацыйны працэс, урокам ён і заканчваецца. Усё астатняе ў школе адыгрывае хоць і важную, але дапаможную ролю, дапаўняючы і развіваючы ўсё тое, што закладваецца падчас урокаў. Сучасны ўрок павінен быць пранізаны творчасцю.
Поспех сучаснага ўрока залежыць ад мно гіх фактараў: ад настрою ў класе, падрыхтаванасці навучэнцаў, іх працавітасці і жадання атрымліваць веды самастойна і інш. Аднак важную ролю адыгрывае і сам настаўнік. Калі педагог дакладна ўяўляе план свайго ўрока, ведае на памяць усе яго этапы, па неабходнасці можа імправізаваць у межах тэмы, калі правільна падабраны метады і прыёмы работы ў залежнасці ад класа, тады поспех забяспечаны. І яшчэ вельмі важна, каб на ўроку пераважалі добрыя эмоцыі, узаемная павага і давер.
Мабыць, з гадамі становішся фанатам сваёй справы. Пра што б я ні чытала, заўсёды думаю, як гэта можна прымяніць на ўроку. Ужо назапасілася многа розных ідэй. Да звычайных урокаў я рыхтуюся прыкладна так: спачатку аналізую, якія веды і ўменні павінны атрымаць навучэнцы, вылучаю вучэбныя элементы, потым прапісваю свае і вучнёўскія дзеянні, якія будуюцца на аснове дыягностыкі, падбіраю заданні, якія дапамогуць зразумець, ці атрымалі дзеці неабходныя ўменні і веды. Часта бывае наадварот: спачатку падбіраю заданні, а потым прапісваю свае дзеянні і дзеянні навучэнцаў. Для мяне важна спачатку структураваць матэрыял, знайсці галоўнае, а потым ужо праводзіць шматварыянтную і шматразовую апрацоўку галоўнага. Калі я рыхтую адкрыты ўрок, то ён пачынаецца з ідэі. Спачатку запісваю ўсе ідэі, якія ў мяне ўзнікаюць, а потым пачынаю адбор і аналіз інфармацыі. Далей планую ўрок, абапіраючыся на творчасць, веды і ўменні.

Пра методыку выкладання

— Калі маладая гаспадыня толькі пачынае вучыцца пячы пірагі, то робіць гэта дакладна па рэцэпце, а праз некаторы час дазваляе сабе дадаць штосьці сваё. І калі ў яе пытаюцца, колькі і чаго яна кладзе ў пірог, то яна адказвае: “Так, на вока…”. Прыкладна такім чынам пра методыку магу сказаць і я. Мне падаецца, што я інтуітыўна адчуваю, якія прыёмы будуць больш эфектыўнымі для тлумачэння той ці іншай тэмы. Прычым сёння настаўнік узброены вялікай колькасцю метадаў і прыёмаў, якія дазваляюць будаваць работу на ўроку больш эфектыўна. Педагогу толькі застаецца выбраць самае лепшае.
На занятках для мяне галоўнае — асоба кожнага дзіцяці. Працэс навучання будую так, каб навучэнец здабываў веды самастойна, а настаўнік толькі дапамагаў яму, накіроўваў на патрэбны шлях. Мае выхаванцы могуць не пагадзіцца не толькі з меркаваннем таварыша, але і з думкай настаўніка. Ім прадастаўлена права спрачацца, адстойваць і аргументаваць свой пункт гледжання. Пры такім падыходзе магчымы памылковыя выказванні, таму для мяне вельмі важна, каб навучэнцы не баяліся дапусціць памылку, хутчэй наадварот — актыўнасць на ўроку заахвочваецца. Мая задача ў тым, каб супярэчнасці на ўроку выклікалі спрэчку, дыскусію, і школьнікі вучыліся асэнсавана аргументаваць сваё меркаванне і паважаць пункт гледжання іншых.
Каб урокі былі цікавымі, я выкарыстоўваю гульнявыя метады і прыёмы, якія дапамагаюць дзецям знаёміцца з новым для іх вучэбным матэрыялам, замацоўваць вывучаны. Сур’ёзная работа становіцца для іх займальнай. Плануючы такія ўрокі, цесна звязваю іх з жыццём. Калі мы гуляем па лесе, то памятаем, што нельга парушаць яго цішыню. У гасцях у Нязнайкі замацоўваем правілы паводзін. Падарожнічаючы па горадзе, прыгадваем Правілы дарожнага руху.

Пра адукацыйныя тэхналогіі

— У сваёй практыцы я карыстаюся элементамі розных тэхналогій, выкарыстоўваючы толькі тое, што падыходзіць менавіта для маёй работы, улічваючы пры гэтым індывідуальныя асаблівасці класа, асобных навучэнцаў і магчымасці школы.
Традыцыйныя метады навучання арыентаваны на сярэдні ўзровень падрыхтаванасці навучэнцаў і ў новых умовах не даюць дастаткова высокага выніку. Таму я стала ўкараняць у сваю практыку інавацыйныя тэхналогіі, якія садзейнічаюць фарміраванню ў дзяцей ключавых кампетэнцый, што спрыяюць паспяховасці навучэнцаў у сучасным грамадстве. У пошуках вырашэння праблемы я выкарыстоўваю асобасна арыентаваны падыход, які рэалізую праз укараненне здароўезберагальных, інфармацыйна-камунікацыйных, гульнявых тэхналогій, кампетэнтнасна арыентаванае навучанне, педагогіку супрацоўніцтва.
Здароўезберагальныя тэхналогіі прымяняюцца як на ўроках, так і ў пазакласнай рабоце. На мой погляд, фарміраванне адказных адносін да свайго здароўя — неабходная ўмова паспяховасці сучаснага чалавека. А таму здароўезберагальны падыход прасочваецца на ўсіх этапах урока, паколькі прадугледжвае дакладнае чаргаванне відаў дзейнасці. Ва ўрокі, пазакласныя мерапрыемствы па прадмеце ўключаю гімнастыку для слыху, танцавальна-рытмічныя паўзы (пад музыку), фізкультхвілінкі, рухальна-маўленчыя практыкаванні, аздараўленчыя гульні на перапынках, практыкаванні на рэлаксацыю, дыхальную гімнастыку, гутаркі з медсястрой на тэмы: “Чысціня — перадумова здароўя”, “Карысныя прадукты”, “Урокі здароўя і бяспекі”.
Выбіраю фізкультхвілінку ў залежнасці ад пераважнай дзейнасці. Калі пераважны від дзейнасці пісьмо, то выкарыстоўваю практыкаванні для зняцця агульнай ці лакальнай стомленасці, практыкаванні для кісцей рук; калі чытанне — гімнастыку для вачэй; калі гаварэнне — гімнастыку для слыху, дыхальную гімнастыку.
Мая задача — не падаваць гатовыя веды навучэнцам, а арганізаваць самастойны пазнавальны працэс. Менавіта таму лічу неабходным выкарыстоўваць тэхналогіі, якія рэалізуюць кампетэнтнасна арыентаванае навучанне і забяспечваюць прыцягненне кожнага навучэнца ў актыўны пазнавальны працэс. Праблемнае навучанне выкарыстоўваю на этапах паведамлення тэмы і мэт урока і самастойнай работы навучэнцаў. Ствараю на ўроку праблемную сітуацыю, якая выклікае ў дзяцей здзіўленне, цяжкасць, якую трэба пераадолець, каб ісці далей. Улічваючы розны ўзровень падрыхтоўкі школьнікаў, адрозненні ў развіцці памяці, мыслення, увагі, выкарыстоўваю рознаўзроўневыя заданні.
Асноўным відам дзейнасці дзяцей сямі — дзевяці гадоў з’яўляецца гульня, на ўроках асаблівае месца адводзіцца гульнявым тэхналогіям. Гульня — гэта натуральная для дзіцяці і гуманная форма навучання. Навучаючы сродкамі гульні, мы вучым дзяцей не так, як нам, дарослым, зручна падаць вучэбны матэрыял, а як дзецям зручна і натуральна яго ўзяць.
Многія ўрокі праводжу з выкарыстаннем камп’ютарных прэзентацый. У форме гульні прапаноўваю рашыць прыклады: адкрыеш карцінку, уставіш правільна літары — наблізішся да мэты казачнага героя. Такім чынам, у працэсе гульні ў дзіцяці ўзнікае станоўчая матывацыя засваення ведаў.

Пра сістэму навучання выразнаму чытанню

— Урокі чытання адкрываюць шырокія магчымасці для інтэлектуальнай творчасці і пазнавальнага развіцця. На іх я працую над фарміраваннем у дзяцей творчага ўяўлення, фантазіі, эстэтычнага густу, маральных якасцей. Але каб дзіця валодала ўсім гэтым, яно павінна навучыцца выразна і асэнсавана чытаць. У сваёй рабоце выкарыстоўваю шэраг спецыяльных практыкаванняў, з дапамогай якіх ажыццяўляецца ўдасканаленне працэсу чытання. Для адпрацоўкі навыкаў выразнага чытання выкарыстоўваю практыкаванні для дыхальнай гімнастыкі; практыкаванні на гукавое выяўленне знакаў прыпынку; практыкаванні для адпрацоўкі дыкцыі.
Дапамогу ў засваенні правільнага вымаўлення гукаў аказвае прымяненне скорагаворак, прыказак і прымавак; чытанне цяжкавымаўляльных слоў; вылучэнне голасам то аднаго, то другога слова ў сказе; выбарачнае чытанне пытальных і клічных сказаў; чытанне аднаго сказа з рознай інтанацыяй; практыкаванне “Рэха”; разметка тэксту (паўзы, лагічны націск, узмацненне ці паслабленне голасу); чытанне пад музыку; чытанне-спевы; чытанне з настроем і г.д.

Пра фарміраванне арфаграфічнай пільнасці

— Фарміраванне ў школьнікаў трывалых арфаграфічных навыкаў — адна з найважнейшых задач вывучэння рускай мовы ў школе, бо граматнае пісьмо забяспечвае дакладнасць выказвання думак, узаемаразумення людзей у пісьмовых зносінах. Ад таго, наколькі поўна будуць сфарміраваны навыкі правапісу ў пачатковых класах, залежыць далейшае навучанне дзіцяці ў школе, яго арфаграфічная і маўленчая граматнасць, здольнасць засвойваць рускую мову ў пісьмовай форме. Менавіта таму зараз я працую над тэмай па самаадукацыі “Фарміраванне арфаграфічнай пільнасці на ўроках рускай мовы”.
Як зрабіць так, каб колькасць памылак зменшылася, а пісьмо стала ўсвядомленым і граматным? Гэтае пытанне хвалюе ўсіх навучэнцаў пачатковых класаў і настаўнікаў. Добра, калі дзіцяці дадзена звыш: правілы адчувае інтуітыўна і піша правільна. Але ж такіх адзінкі. Большасць дзяцей хаця і ведаюць правілы, аднак пішуць з памылкамі. Выснова напрошваецца сама: нашы вучні павінны ведаць правілы і ўмець іх прымяняць. У чым жа прычына няўмелага прымянення правіл? Відавочна, у няўменні ўбачыць патрэбную арфаграму. Адсутнасць арфаграфічнай пільнасці ці яе слабая сфарміраванасць з’яўляецца адной з галоўных прычын памылак. Гэтая прычына зводзіць на не добрае веданне правіл і ўменне іх прымяняць, школьнік не бачыць арфаграм у працэсе пісьма. Для таго каб развіць арфаграфічную пільнасць, прымяняю вялікую колькасць сістэматычных практыкаванняў. Сярод іх — арфаграфічныя зарадкі, накіраваныя на ўменне навучэнца знаходзіць і распазнаваць арфаграмы ва ўмовах як зрокавага, так і слыхавога ўспрымання; практыкаванні “Арфаграмы ў загадках”, якія, развіваючы арфаграфічную пільнасць, дапамагаюць разнастаіць работу на ўроку, развіваюць лагічнае мысленне, прывучваючы да разваг і доказаў; каменціраванае пісьмо з указаннем арфаграм. А таксама выкарыстоўваю пісьмо са знарок дапушчанымі памылкамі, тлумачальныя і папераджальныя дыктанты і многае іншае. Але, лічу, важней за ўсё — уменне ўбудаваць гэтыя практыкаванні ў адзіную сістэму, якая ў працэсе навучання дасць магчымасць падняць на новы ўзровень эфектыўнасць слоўнікава-арфаграфічнай работы і ўрока рускай мовы ў цэлым.
Як паказвае практыка, падобная работа вельмі эфектыўная і выніковая: актывізуе дзейнасць дзяцей, павышае інтарэс да авалодання багаццем роднай мовы, выхоўвае ўвагу да слова, узбагачае слоўнікавы запас і фарміруе навыкі граматнага пісьма.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.