«Спадчыннікі» Леля: як у дзіцячым садзе № 5 Лельчыц рэалізуецца адукацыйны праект «Юныя сябры лесу»

- 11:14Репортаж

Чаму Лельчыцкі край так называецца? Дакладны адказ на гэтае пытанне ведаюць выхаванцы дзіцячага сада № 5 Лельчыц. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Паводле адной з легенд, раённы цэнтр атрымаў сваю назву ў гонар заступніка лясоў і балот Леля. І па гэты дзень яго «спадчына» ўражвае — каля 70 % тэрыторыі раёна займаюць лясы. Невыпадкова ў дзіцячым садзе рэалізоўваецца сумесны з Лельчыцкім лясгасам праект «Юныя сябры лесу». Падобная ініцыятыва з удзелам дашкольнікаў стала першай у Гомельскай вобласці і другой у рэспубліцы. Праграма дзейнасці запланавана на два гады (да 2024 г.).

Мы стараемся прывіць выхаванцам пачуццё любові да Радзімы праз любоў да нашай прыроды. Хто, калі не мы, мясцовыя жыхары, абавязаны захаваць і прымножыць яе багацце. Як гаварыў вядомы пісьменнік Міхаіл Прышвін: «Любіць прыроду — значыць любіць Радзіму», — адзначае загадчыца дзіцячага сада № 5 Лельчыц Таццяна Сарнаўская.

У лістападзе мінулага года ў садзіку прайшло ўрачыстае мерапрыемства «Пасвячэнне ў юныя сябры лесу». Прагучаў гімн лясной гаспадаркі, 24 выхаванцы сярэдняй групы прамовілі клятву лесніка і апранулі спецыяльную форму, такую ж, як у сапраўдных ляснічых, што выклікала і ў дзяцей, і ў іх бацькоў асаблівую гордасць. З набыццём формы дапамаглі работнікі лясгаса, часткова яна была пашыта сіламі педагагічнага калектыву. Як жа прыемна было работнікам лясной гаспадаркі падчас урачыстасці глядзець на сваю копію ў паменшаным выглядзе!

Неўзабаве выхаванцы з экскурсіяй адправіліся ў Лельчыцкі лясгас, дзе кіраўнікі прадпрыемства азнаёмілі іх з гісторыяй лясной гаспадаркі і асноўнымі напрамкамі дзейнасці: захаваннем лесу і лесааднаўленнем, як вырошчваюцца сеянцы і ідзе пасадка лесу. Дзеці і педагогі таксама наведалі краязнаўчы музей, дзе з цікавасцю слухалі пра жывёльны і раслінны свет Лельчыцкага раёна.

Падчас заняткаў з педагогамі выхаванцы замацоўваюць уяўленні пра жывёл і расліны лесу, правілы паводзін на прыродзе, распазнаюць і называюць дзікіх жывёл і дрэвы, выконваюць заданні, чытаюць энцыклапедыі.

У дружбы з прыродай шмат розных шляхоў. І адзін з іх — гэта ўдзел дзяцей і дарослых у экалагічных праектах. Малышы праводзілі эксперыменты з лісцем, стваралі экалагічную карту ўчастка дзіцячага сада (у перспектыве яна стане інтэрактыўнай), вырошчвалі туі ў хатніх умовах. Падчас чарговай экскурсіі ў лясгас пасля займальнай размовы з ляснічым Васільевічам, які расказаў пра пасадку лясных культур, юныя сябры лесу атрымалі ў падарунак маленькія туі і ялінкі, узяўшыся іх даглядаць. Увесну разам з педагогамі яны высадзілі на тэрыторыі дзіцячага сада і ў дэндрапарку Лельчыцкага лясгаса памятную алею ў гонар Года міру і стварэння. А праз пэўны час у садзе з’явілася яшчэ і эксперыментальная алея туй розных парод.

Калі на базе Жмурнянскага лясніцтва ішоў агляд ацэнкі гатоўнасці дзяржаўнай лясной аховы Лельчыцкага лясгаса да пажаранебяспечнага перыяду, разам з работнікамі ў мерапрыемстве прымалі ўдзел і маленькія леснікі. Азнаёміліся з тэхнікай і сродкамі, што выкарыстоўваюцца лесаводамі пры тушэнні лясных пажараў.

Выхаванцы таксама праявілі сябе ў экалагічнай акцыі «Нашы дзеці — птушкам!». Змайстравалі разам з бацькамі кармушкі, размалявалі іх, арганізавалі «Птушыныя сталовыя», нарыхтавалі корм і падкормлівалі птушак на тэрыторыі дзіцячага сада. Прычым тут лес? Малышы ведаюць, што птушкі чысцяць яго ад шкодных насякомых.

Падчас рэспубліканскай акцыі «Тыдзень лесу — 2023» юныя сябры лесу разам з супрацоўнікамі лясгаса, у тым ліку з ужо заслужанымі работнікамі, якія знаходзяцца на пенсіі, залажылі алею клёнаў каля адміністрацыйнага будынка ўстановы. Дзеці ўзялі лапаткі з вядзерцамі і актыўна дапамагалі дарослым.

— Нават самы малы ўдзел у высакароднай справе станоўча ўплывае на асобу дзіцяці, — гаворыць намеснік загадчыка дзіцячага сада Алена Вага. — Упэўнена, што нашы выхаванцы ў будучыні будуць шанаваць і прымнажаць багацці роднага краю. Мы плануем залажыць дэндрапарк на тэрыторыі дзіцячага сада. А ў перспектыве, спадзяемся, у рамках пераемнасці ў Лельчыцкай гімназіі, якая знаходзіцца побач з намі, будзе адкрыты профільны клас леснікоў.

Напярэдадні мінулага Новага года адміністрацыя лясгаса перадала ў сад галоўны сімвал свята — жывую ялінку і сертыфікат на куплю гульнявога абсталявання. Выхаванцы ў сваю чаргу парадавалі дарослых добрымі пажаданнямі і дэманстраваннем творчых здольнасцей.

Юныя сябры лесу прымалі ўдзел і ва ўрачыстым мерапрыемстве «Для нас шумяць яго дубровы», прысвечаным адкрыццю памятнай дошкі ў гонар заслужанага лесавода Рэспублікі Беларусь Івана Нілавіча Зубрэя. Сёлета лельчыцкі дзіцячы сад № 5 выступіў арганізатарам раённага фестывалю «Які цудоўны гэты свет!». Тэматыка свята была лясная: у госці да бога Леля і яго памочніцы Лясной Феі прыходзілі хлопчыкі і дзяўчынкі з канцэртнымі нумарамі.

Сваім праектам мы паказваем дзецям, што экалагічны стан роднага краю залежыць толькі ад дзеянняў чалавека. Малышы, якія адчуваюць прыроду сезонную прыгажосць дрэў, водар кветак, шолах траў, спевы птушак, ужо не змогуць знішчаць гэтую прыгажосць. Вучыць выхаванцаў любіць лясы і рэкі, дрэвы і кветкі нам дапамагаюць іх бацькі, — падкрэсліла А. Вага.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара і з архіва ўстановы