Спартыўны ўрок

- 8:35Педагагічная майстэрня

З 9 па 25 лютага ў Паўднёвай Карэі праходзіць зімовая Алімпіяда. Прапаную матэрыялы для правядзення ўрока беларускай мовы з выкарыстаннем спартыўнай лексікі. Гэтыя заданні можна выкарыстоўваць пры вывучэнні ўсіх раздзелаў беларускай мовы з улікам індывідуальных магчымасцей вучняў. Яны ажыўляюць урок, выклікаюць цікавасць, даюць магчымасць уключыць у маўленчы працэс максімальную колькасць дзяцей, а галоўнае, спрыяюць актыўнаму папаўненню слоўнікавага запасу вучняў.

Народная мудрасць. Патлумачце сэнс прыказак, дайце характарыстыку сказу, патлумачце знакі прыпынку, назавіце часціны мовы, уключыце прыказку ва ўласнае выказванне.

Пехатой хадзіць — доўга жыць.

Паветра, сонца і вада — тры кіты здароўя.

Аддай рукамі, хадзі нагамі.

Здароўя за грошы не купіш.

Будзеш рухацца — праз хрыбет пераваліш, будзеш сядзець — у яму скацішся.

У здаровым целе — здаровы дух.

Арфаграфічная хвілінка. На аснове дадзеных слоў можна прапанаваць вучням слоўнікавыя дыктанты, а таксама заданні знайсці лішняе, уставіць прапушчаныя літары, патлумачыць арфаграмы і інш.

Аўтсайдар, тайм-аўт, накаўт, накдаўн, валейбол, гарналыжны, веламотаспорт, лёгкаатлет, цяжкаатлет, сямібор’е, біятлон, стадыён, алімпіец, легіянер, трэнер, чэмпіён, алімпіяда, самба, баскетбол, футбол, спартакіяда, медаль, спаборніцтва, гандбол, рэкорд, рэкардсмен, тэніс, дзюдо, барацьба, лідар, спартсмен, п’едэстал, плаванне, плывец, фехтаванне, гімнастыка, дэлегацыя, цырымонія, майстар спорту, трэніроўка, дзесяціборац, хакей, ядро, выйгрыш, конны спорт, стральба з лука, веславанне, фігурнае катанне, балельшчык, варатар, Алімпійскія гульні, арбітр, атлетыка, атлет, турнік, армрэслінг.

Алфавіт. На кожную літару алфавіта запішыце (назавіце) від спорту.

Акрабатыка, армрэслінг.

Бадмінтон, баскетбол, бейсбол, біятлон, бабслей.

Валейбол, веласпорт, воднае пола, вольная барацьба.

Гандбол, гольф, горныя лыжы.

Дзюдо.

Жаночы футбол.

Канькі, конны спорт.

Цікава ведаць. Запішыце наступныя сказы. Зрабіце фанетычны, марфемны, словаўтваральны, марфалагічны, сінтаксічны разборы (па выбары настаўніка).

Ужо ў старажытнасці Алімпійскія гульні былі вельмі значнай падзеяй, на час іх правядзення дзяржавы, якія ваявалі, заключалі паміж сабой мір.

Удзельнічаць у Алімпіядзе і глядзець яе маглі толькі мужчыны.

Раней на Гульнях было вельмі мала правіл. Не было ніякіх вагавых катэгорый і адзінак вымярэння, а таксама не засякаўся час, таму што ў суддзяў тых часоў былі толькі пясочныя гадзіннікі. Перамагаў той, хто быў хутчэйшым або мацнейшым.

У першыя 30 гадоў існавання Алімпіяды ўзнагароды атрымлівалі не толькі спартсмены, але і мастакі, паэты, скульптары, якія ў сваёй творчасці закраналі тэму спорту.

Упершыню беларусы прынялі ўдзел у Алімпійскіх гульнях у 1952 годзе ў Хельсінкі ў складзе зборнай СССР.

Першыя зімовыя Алімпійскія гульні прайшлі з 25 студзеня па 5 лютага 1924 года ў Шамоні (Францыя). Спартсмены спаборнічалі ў наступных відах спорту: біятлон, лыжны спорт, фігурнае катанне, бег на каньках, бабслей і хакей з шайбай.

Як незалежная дзяржава Беларусь удзельнічала ў зімовых Алімпійскіх гульнях у Лілехамеры ў 1994 годзе і заваявала два сярэбраныя медалі.

Стварэнне ўласных тэкстаў. Здагадайцеся, пра якіх славутых спартсменаў ідзе размова, і складзіце невялікі дыялог (маналог) на тэму “Сустрэча са знакамітым спартсменам”. Складзіце тэкст sms-паведамлення любімаму спартсмену.

Самая тытулаваная беларуская спартсменка ў гісторыі зімовых Алімпійскіх гульняў. Першая ў гісторыі нашай краіны жанчына, якая атрымала найвышэйшую ўзнагароду — Герой Беларусі. (Дар’я Домрачава.)

Беларускі фрыстайліст, які заваяваў першае ў гісторыі незалежнай дзяржавы “золата” зімовых Алімпійскіх гульняў у Ванкуверы-2010. (Аляксей Грышын.)

Бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў у Сочы-2014, вядомая беларуская біятланістка. (Надзея Скардзіна.)

Вядомы фрыстайліст, чэмпіён Алімпійскіх гульняў у Сочы-2014. Ён выканаў неверагодны скачок з найвышэйшым каэфіцыентам складанасці. (Антон Кушнір.)

Тэксты. На аснове прапанаванага тэксту складзіце дыялог (у парах), выкарыстоўваючы наступныя выразы: скажыце, калі ласка; а ці вядома вам; як бачыце; я звярнуў увагу яшчэ на тое, што…

Алімпійскі сімвал — пяць пераплеценых кольцаў — увасабляе адзінства пяці кантынентаў.

Алімпійскі дэвіз “Хутчэй, вышэй, мацней” перадае імкненне алімпійскага руху.

Алімпійскі агонь — адзін з традыцыйных атрыбутаў Алімпійскіх гульняў. Прыкладна за месяц да пачатку гульняў агонь запальваюць у Алімпіі ад сонечных промняў з дапамогай павелічальнага шкла, потым ад гэтага полымя — алімпійскі факел і дзве шахцёрскія лямпы (запасныя факелы). З дапамогай эстафеты, у якой удзельнічаюць выдатныя спартсмены, алімпійскі агонь пераносіцца ў цэнтр правядзення Алімпійскіх гульняў. У эстафеце выкарыстоўваюцца і сродкі транспарту — аўтамабілі, марскія судны, самалёты. Першая факельная эстафета была праведзена ў 1936 годзе, і з гэтага часу яна прызнана алімпійскім рытуалам.

Першая кругасветная эстафета алімпійскага агню адбылася перад адкрыццём Алімпіяды 2004 года ў Афінах. Падарожжа доўжылася 78 дзён. У ім былі задзейнічаны 11 300 факеланосцаў.

Прачытайце тэкст. Падзяліцеся аб прачытаным, выкарыстоўваючы наступныя словы: аказваецца; цікава, што; дзіўна, але; не забывайце…

Зімовая Алімпіяда ўпершыню праходзіць у Паўднёвай Карэі. У 15 дысцыплінах, якія прадстаўляюць 7 відаў спорту, будуць разыграны 102 камплекты медалёў. 28 беларускіх спартсменаў будуць прэтэндаваць на самыя высокія месцы ў спаборніцтвах па біятлоне, фрыстайле, канькабежным спорце, шорт-трэку, у лыжных гонках і гарналыжным спорце.

На мінулай зімовай Алімпіядзе беларускія спартсмены заваявалі 6 медалёў: 5 залатых і 1 бронзавы. У агульнакамандным медальным заліку Беларусь заняла 8 месца.

Маўленчая сітуацыя. Прапаноўваючы маўленчую сітуацыю, папрасіце вучняў ужываць у сваіх выказваннях тыя лексічныя, сінтаксічныя адзінкі, якія вы вывучаеце ў гэты час на ўроках.

Уявіце, што вы спартыўны каментатар. Складзіце рэпартаж з хакейнай пляцоўкі (лыжнай трасы).

Уявіце, што вы спартыўны журналіст. Якія пытанні вы задалі б спартсмену адразу пасля спаборніцтваў?

Уявіце сябе актыўным балельшчыкам. Як бы вы падтрымлівалі нашых спартсменаў у час біятлоннай эстафеты?

Нона СІЛЮК,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Юрацішкаўскага ясляў-сада — сярэдняй школы
Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці.