Спектакль для нас і разам з намі. У БДПУ рэалізуецца незвычайны праект

- 13:20АРТ-квартал, Новости

Спектакль для нас і разам з намі. У БДПУ рэалізуецца незвычайны праект “Праз мастацтва — да культуры будучых педагогаў”. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Ідэя праекта належыць рэктару Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Аляксандру Іванавічу Жуку. Святлана Копцева, першы прарэктар, абгрунтоўвае:

— Нашы студэнты хутка пойдуць праца­ваць з падрастаючым пакаленнем. І калі мы не выхаваем сваіх выпускнікоў патрыётамі, людзьмі, якія ведаюць і шануюць сваю культурную спадчыну, то якасць падрыхтоўкі намі маладых спецыялістаў будзе пад пытаннем. Мы сур’ёзна ставімся да гэтага, таму наш праект мультымэтавы, ён закранае шмат розных кампетэнцый будучага прафесіянала.

Праект “Праз мастацтва — да культуры будучых педагогаў” рэалізуецца з мая 2022 года і развіваецца па трох кірунках: тэатральным, музейным і экскурсійным. Найбольш грунтоўна разгарнуўся першы.

— Мы заключылі дагаворы з васьмю вядучымі тэатрамі Мінска і вобласці (рыхтуемся падпісаць і дзявяты дагавор — з Драматычным тэатрам Беларускай арміі). За час рэалізацыі праекта больш за 4500 прадстаўнікоў нашага ўніверсітэта змаглі паглядзець спектаклі, пастаўленыя па лепшых творах айчынных і
замежных класікаў. Толькі ў мінулым навучальным годзе каля 3000 студэнтаў наведалі больш за 70 тэатральных пастановак у васьмі тэатрах. Ужо стала добрай традыцыяй пачы­наць навучальны год з прагляду “Паўлінкі” ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы, “Альпійскай балады” і “Адамавых жартаў” у Рэс­публіканскім тэатры беларускай драматургіі. Універсітэт прапаноўвае будучым настаўнікам прыемныя цэны на білеты, таму нават частыя культурныя паходы не моцна б’юць па студэнцкай кішэні, — расказвае Святлана Копцева.

Дзякуючы педагогу дадатковай адукацыі БДПУ Ганне Жытко, акрамя праглядаў спектакляў, праходзяць і творчыя сустрэчы будучых настаўнікаў з вядучымі артыстамі, рэжысёрамі і пастановачнымі групамі тэатраў. Студэнты бываюць на генеральных рэпетыцыях, на здачы спектакляў. Так, у межах праекта РТБД “Дыялогі ў закуліссі” яны сустрэліся са стваральнікамі і выканаўцамі спектакляў “Блытаніна”, “Лондан”, “Вось я і прыйшла” і інш.

— Настаўнік як творца ўрока таксама і артыст, і рэжысёр, а яго ўрок — своеасаблівы спектакль, які трэба па-майстэрску сыграць. Таму так важна, што студэнты, назіраючы за кулісамі, як нараджаецца пастаноўка, гэтаму вучацца, — абгрунтоўвае такі маштабны падыход прарэктар.

Акрамя таго, ва ўніверсітэце ёсць і свае тэатры: студэнцкі беларускамоўны тэатр “Жывое слова” і народны студэнцкі тэатр “Мы”. Для студэнтаў, якія ў іх іграюць (і навічкоў, і больш вопытных акцёраў), вельмі важна і каштоўна, што майстры сцэны — артысты тэатраў, рэжысёры — даюць для іх майстар-класы. Гэта, упэўнена Святлана Копцева, не толькі павышае іх прафесійнае майстэрства, але і натхняе ў будучыні прывучаць да тэатра іншых. Бо студэнт, які чатыры гады іграў на сцэне і ўзаема­дзейнічаў з прафесіяналамі, некалі абавязкова прывядзе ў тэатр сваіх вучняў.

Трэба адзначыць, што ўнутры вялікага праекта ўзнікаюць і невялікія ініцыятывы, падпраекты. Так, у Беларускім дзяржаўным акадэмічным тэатры юнага гледача студэнты факультэтаў дашкольнай і пачатковай адукацыі часта выступаюць аніматарамі перад спекталямі. У Беларускі дзяржаўны тэатр лялек студэнты факультэтаў да­школьнай і эстэтычнай адукацыі хо­дзяць на экскурсіі ў закуліссе, бываюць у цэхах, дзе ствараюцца лялькі. У фае Рэспуб­ліканскага тэатра беларускай драматургіі студэнты факультэта эстэтычнай адукацыі ладзілі выставы сваіх дыпломных работ: карцін, гістарычных касцюмаў, лялек, вырабаў з саломы, гліны, тканіны.

— Гэта тое, да чаго мы імкнёмся: наш вялікі праект натхняе студэнтаў на новыя ідэі, ініцыя­тывы, якія дапамагаюць ім рухацца далей, ствараючы сумесныя творчыя прадукты. Усё гэта працуе на прафесійнае станаўленне будучых педагогаў, узбагачае іх, — падкрэс­лівае Святлана Копцева.

Святлана Іванаўна — кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт. Таму натуральна, што, кіруючы гэтым праектам, яна не магла па­кі­нуць без увагі эмацыянальнае і псіхалагічнае ўз­дзеянне тэатра на студэнтаў. Яна расказвае:

— У тэатры лялек мы глядзелі сур’ёзныя пастаноўкі, якія выклікалі ў студэнтаў проста шквал эмоцый, шмат разважанняў. Куратары груп пасля праглядаў абмяркоўваюць з групамі ўбачанае, дзеляцца ўражаннямі. Чаго толькі вартыя тыя ж “Запіскі юнага ўрача”! Трэба бачыць, якімі выходзяць студэнты пасля праг­ляду імі горкай камедыі пра пажылых людзей “Пансіён Belvedere” — універсальнай гісторыі пра галоўнае, расказанай без лішніх слоў. Дак­ладней, зусім без слоў… Як псіхолаг я магу сказаць, што ўсведамленне ўбачанага можа прыйсці нават не адразу, а праз дзень, два, праз тыдзень. Гэтая ідэя аб’ядноўвае ўвесь універсітэт, бо ў яе рэалізацыі задзейнічаны не толькі студэнты, але і выкладчыкі (і куратары, і прадметнікі, і загадчыкі кафедр). Сумесна пражытыя эмоцыі збліжаюць іх.

Мы ствараем яшчэ і ўласныя пастаноўкі. Так, студэнты, якія пражываюць у інтэрнатах, самастойна паставілі там са­цыяльны спектакль, прысвечаны праб­лемам, звязаным з ранняй цяжарнасцю, ужываннем алкаголю і наркотыкаў і г.д. Пасля акцёры-студэнты абмеркавалі прайгранае з псіхолагамі, спецыялістамі МУС, інспектарамі па справах непаўналетніх, бо ім заўтра выхо­дзіць працаваць з класнымі калектывамі. Будучыя настаўнікі ў сваёй пастаноўцы адчулі на сабе названыя праб­лемы, таму ім будзе прасцей выбудоўваць адносіны з вучнямі і іх бацькамі. Бясспрэчна і тое, што чым больш праб­лем студэнт прайграе на сцэне, тым менш іх будзе ў яго рэальным жыцці. Маладыя лю­дзі нярэдка бываюць эмацыянальна няўстойлівымі, не заўсёды ў стане спраўляцца са стрэ­самі, ды і ўсе мы маем эмоцыі, прафесійна выгараем… Сцэна ж дапамагае з усім гэтым спраўляцца, — расказвае Святлана Іванаўна.

Універсітэт актыўна супрацоўнічае ў гэтым кірунку і з РТБД. У яго спектаклях засяроджваецца ўвага на падобных сацыяльных тэмах — суіцыду, дзіцяча-бацькоўскіх зносін і г.д. На такія спектаклі запрашаюцца студэнты, школьнікі, іх бацькі, а потым усе разам абмяркоўваюць убачанае. Па словах Святланы Копцевай, такая жывая дыскусія, рэфлексія мае каласальнае выхаваўчае значэнне і дапамагае папярэдзіць і нават вырашыць адпаведную праб­лему.

Рэалізуецца цікавая ініцыятыва і з Вялікім тэатрам. Студэнты-псіхолагі хо­дзяць на спектаклі і на аснове таго, як прайграецца той ці іншы сюжэт, прадстаўляюць сваю псіхалагічную інтэрпрэтацыю рэжысёрам і артыстам.

Ёсць задума далучаць студэнтаў да сумеснага стварэння спектакляў у тэатрах горада. Акцёры, якія ўжо адточваюць акцёрскае майстэрства на ўніверсітэцкай сцэне, маглі б паспрабаваць сябе і ў прафесійных пастаноўках. Студэнты-мастакі гатовы дапамагаць ствараць дэкарацыі, а танцоры — быць задзейнічанымі ў пастаноўцы танцаў.

Не менш за тэатральную актуальная для будучых педагогаў і музейная педагогіка. У межах праекта БДПУ заключыў дагаворы з шасцю музеямі (рыхтуецца падпісанне з сёмым). Па словах Святланы Копцевай, студэнты праходзяць падрыхтоўку і самі выступаюць гідамі і экскурсаводамі. З Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны супрацоўніцтва вядзецца ў межах грамадзянска-патрыятычных праектаў (“Зорныя паходы” і інш.), а на факультэце дашкольнай адукацыі рэалізуецца праект “Па­мяць юных сэрцаў”: будучыя выхавальнікі пад кіраўніц­твам выкладчыкаў, кіраўнікоў кафедр распрацавалі экскурсіі, адаптаваныя да самых юных наведвальнікаў музея.

Экскурсійны кірунак студэнты таксама любяць. Яны бываюць у розных рэгіёнах, некаторыя маршруты падштурхнулі вандроўнікаў да новых ініцыятыў. Так, на экскурсію ў мема­рыяльны комплекс “Хатынь” адпраўляюцца ўсе першакурснікі. Тут рэалізуецца праект “Захоўваем гістарычную памяць у імя будучыні”, ініцыіраваны студэнтамі гістарычнага факультэта.

— Сутнасць праекта ў тым, што супрацоўнікі мемарыяльнага комплексу бяруць групу нашых студэнтаў-гісторыкаў (10—12 чалавек) і рыхту­юць з іх экскурсаводаў, якія потым усё лета ў скла­дзе педагагічнага атрада працу­юць у мемарыяльным комплексе: праводзяць экскурсіі для дзяцей і дарослых, а ў верасні — яшчэ і для нашых студэнтаў-першакурснікаў, — расказвае С.І.Копцева.

Плануецца, што праект будзе развівацца і пашыраць сваё супрацоўніцтва па ўсіх трох кірунках.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота прадастаўлены БДПУ