«Спорт – адзін з асноўных элементаў выхавання». Іван Мокшын – пра сістэму адукацыі Лагойшчыны

- 11:41Планерка

Пра родную Лагойшчыну — прыгожую і спартыўную, яе сістэму адукацыі і сваю адказную справу карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказаў начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Лагойскага райвыканкама Іван Мокшын.

Іван Аляксандравіч заняў пасаду начальніка ўпраўлення ў маі мінулага года, многае ў рабоце ўжо было знаёма. Бо і раён родны, і сам райвыканкам — з 2013 па 2018 год Іван Мокшын працаваў тут намеснікам начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму. У кабінеце, дзе мы вя­дзём размову, шмат спартыўных узнагарод Івана Аляксандравіча — кубкаў, грамат, дыпломаў, ён чалавек і са спортам добра знаёмы, і за якасць адукацыі Лагойшчыны даўно хварэе.

— На пасадзе намесніка начальніка аддзела я сутыкаўся з вялікай колькасцю няпростых працоўных момантаў — рамонты школ, дзіцячых садкоў, іншыя надзённыя справы, — успамінае Іван Аляксандравіч. — Праблемы адукацыі раёна ўжо тады былі мне добра знаёмы. Пасля нейкі час я працаваў старшынёй Астрашыцкага сельсавета, але лёс зноў паклікаў мяне сюды — ужо як начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме. Расслабляцца няма калі і зімой, і летам. Напрыклад, шмат намаганняў патрабуе падрыхтоўка ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года. Трэба сказаць, што ў гэтым годзе мы лідзіруем у раёне па колькасці выдзеленых сродкаў — як сваіх, так і бюджэтных ці спонсарскіх — на рамонт устаноў адукацыі. План правя­дзення рамонтаў ужо складаем і на наступны год.

Сістэма адукацыі, спорту і турызму раёна вялікая — 46 устаноў, з іх 15 сярэдніх школ, 3 базавыя і адна гімназія, 17 устаноў дашкольнай адукацыі і інш. У тым ліку фізкультурна-аздараўленчыя комплексы: “Ла­гойск”, “Скарб спорт”, “Атлет”. Усяго ў школах раёна працуе больш за 600 педагогаў, вучыцца звыш 4 тысяч дзяцей. Вялікі працэнт выпускнікоў паступае ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Таксама былыя школьнікі ідуць вучыцца ў каледжы, ліцэі.

— Асаблівую ўвагу ўдзяляем забяспечанасці ўстаноў адукацыі кадрамі, — адзначае Іван Мокшын. — Стараемся зра­біць усё, каб маладыя педагогі затрымаліся на першым працоўным месцы. У гэтым годзе да нас прыйшлі 26 маладых спецыялістаў, з іх 11 — мясцовыя ­жыхары. Лічу, што ў іх вельмі добрая перспектыва, каб застацца тут: усе яны забяспечаны жыллём. Вядома, хацелася б больш маладых кадраў, асабліва выкладчыкаў фізікі, матэматыкі. Ёсць праблема і ў сельскай мясцовасці — там працуе шмат ­педагогаў-пенсіянераў, а маладыя размяркоўваюцца ў асноўным у Лагойск і прыгарад.

Лагойскі раён спартыўны, гэтаму спрыяе і яго прыродны ландшафт, і добрыя фізкультурныя традыцыі, якія захоўваюцца ва ўстановах адукацыі доўгі час.

— Усе сярэднія школы раёна рэгулярна прымаюць удзел у абласных і рэспубліканскіх спартакіядах і спаборніцтвах — у нашых маладых спартсменаў высокія паказчыкі, — расказвае Іван Аляксандравіч. — Дарэчы, побач вялікі гарналыжны комплекс, а таксама іншыя спартыўныя аб’екты. Ёсць у раёне і спартыўныя школы, дзе дзеці зай­маюцца па 7 розных кірунках. Непадалёк размяшчаецца Плешчаніцкае дзяржаўнае абласное вучылішча алімпійскага рэзерву. Але ў першую чаргу мы працуем над тым, каб ва ўсіх агульных сярэдніх установах адукацыі былі добрыя ўмовы для заняткаў спортам. Напрыклад, у лагойскай сярэдняй школе № 1 зроблена сучасная спартыўная пляцоўка, адрамантавана фізкультурная зала. Тое ж самае плануем у наступным навучальным годзе зрабіць яшчэ ў некалькіх школах і гімназіях. На кантролі трымаем усе стадыёны ў аграгарадках раёна. Задача — каб кожная ўстанова адукацыі мела свой стадыён, які пастаянна будзе даступны для мясцовых жыхароў, каб туды прыходзілі сем’ямі. У гэтым намаганні нас вельмі падтрымлівае старшыня нашага райвыканкама Аляксандр Ласевіч.

Сам Іван Мокшын са спортам сябруе з дзяцінства — зай­маецца валейболам, футболам. Нарадзіўся і вырас на Лагойшчыне, 9 класаў скончыў у Косінскай сярэдняй школе, удзель­нічаў у розных спартакіядах. Цікавасць да спорту ўзнікла ў многім дзякуючы настаўніку фізкультуры Пятру Іванавічу Байдуку.

— Ён і зараз у Косінскай школе выкладае, — дзеліцца Іван Аляксандравіч. — А атэстат за 11 класаў я атрымаў ужо ў Лагойску, у сярэдняй школе № 1, потым паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры, па адукацыі я настаўнік фізічнай культуры і здароўя. Як кіраўнік упраўлення лічу, што трэба са­чыць за рознабаковым развіццём нашых дзяцей — і фізічным, і інтэ­лектуальным. Таму шмат увагі ўдзяляем сучасным тэхналагічным напрамкам — робататэхніцы, інфарматыцы. Таксама ў школах ёсць клубы “Што? Дзе? Калі?”. Існуюць і атрады юных інспектараў дарожнага руху. Мы падтрымліваем любую ініцыятыву дзяцей. Патрыятычнае выхаванне — наш прыярытэт. У плешчаніцкай сярэдняй школе № 1 працуе клуб па ваенна-патрыятычным выхаванні, які дзейнічае пры падтрымцы раённага ваеннага камісарыята. Дзеці рэгулярна наведваюць вайсковыя часці, мемарыялы і помнікі. Дзейнасць клуба — добры прыклад і для іншых школ, дзе выкладаюцца факультатывы па ваенна-патрыятычным выхаванні.

На пытанне, якім павінен быць сучасны педагог, Іван Мокшын адказвае, што такім, які ідзе ў нагу з часам:

— Тэхналогіі сёння мяняюцца амаль што кожны дзень, так што настаўніку трэба быць добра падкаваным. Дарэчы, іншыя ў школу прыходзяць і дзеці — педагогам гэта трэба добра ра­зумець. У бягучым годзе хачу пажадаць усім, хто працуе ў сферы адукацыі, моцнага здароўя, цярпення і сіл.

Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота аўтара