Справядлівасць застаецца галоўным гарантам свабод

- 11:58Інфармацыйная гадзіна

Сенат Францыі (верхняя палата парламента) 12 сакавіка прыняў канчатковым галасаваннем законапраект аб процідзеянні агрэсіўным удзельнікам маніфестацый. У падтрымку законапраекта выказаліся 210 сенатараў, 115 прагаласавалі супраць і 18 устрымаліся, паведамляе французская радыёсетка France Info.

Найбольшыя спрэчкі пры абмеркаванні законапраекта, паводле інфармацыі ТАСС, выклікаў артыкул, які надзяляе прэфектаў (вышэйшых чыноўнікаў, у тым ліку кіраўнікоў рэгіёнаў і дэпартаментаў) паўнамоцтвамі забараняць удзел у маніфестацыях пад пагрозай турэмнага зняволення тэрмінам да паўгода, а таксама накладаць штрафы на асобных грама­дзян, якія ўяўляюць сабой асабліва сур’ёзную пагрозу грамадскаму парадку. Пакуль што такія рашэнні былі толькі ў юрысдыкцыі суда. Сярод іншых новаўвядзенняў — прыцягненне да адказнасці тых, хто з’явіцца на акцыі пратэсту з закрытым маскай або шалем тварам: штраф да 15 тысяч еўра і магчымы турэмны тэрмін. Таксама ў законапраекце ўдакладняюцца правілы вобыскаў у раёнах маніфестацый на прадмет наяўнасці рэчаў, якія могуць ­выкарыстоўвацца ў якасці зброі (адвёрткі, малаткі, шары для петанка і г.д.).

5 лютага законапраект аб абмежаванні правоў дэманстрантаў адобрылі дэпутаты Нацыянальнага сходу Францыі (ніжняя палата парламента). Да абнародавання закон разгле­дзяць у Канстытуцыйным савеце. Некаторыя папраўкі ў законапраект да яго абнародавання можа ўнесці і прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон. “Тэкст закона не азначае пачатак самавольства, — падкрэсліў на выступленні ў сенаце міністр унутраных спраў Францыі Крыстоф Кастанер, — справядлі­васць застаецца галоўным гарантам свабод”.