Спроба праверыць веды: што дае рэпетыцыйнае тэсціраванне абітурыентам

- 11:12Абитуриент, Новости

У краіне праходзіць першы этап рэпетыцыйнага тэсціравання. Для абітурыентаў гэта добрая магчымасць загадзя праверыць свой узровень ведаў і падрыхтавацца да здачы ЦЭ і ЦТ, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

На сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў ёсць кантакты і адрасы тых устаноў адукацыі, дзе абітурыенты з кожнай вобласці і Мінска могуць прайсці першы этап РТ. Звесткі пра прадметы, якія можна здаць, а таксама тэрміны правядзення ўсіх трох этапаў рэпетыцыйнага тэсціравання таксама ўжо вызначаны: першы этап — кастрычнік — снежань бягучага года, другі — студзень — люты, трэці — сакавік — красавік 2024 года. Актуальная інфармацыя па ўсіх даступных сеансах РТ размяшчаецца ў асабістым кабінеце ўдзельніка тэсціравання на сайце РІКВ.

У спісе ўстаноў адукацыі, якія арганізоўваюць і праводзяць першы этап РТ, значыцца і Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт.

— Напэўна, як і ва ўсіх УВА, самымі папулярнымі дысцыплінамі, якія прыходзіць здаваць найбольшая колькасць навучэнцаў, з’яўляюцца матэматыка, руская і англійская мовы, — расказаў дэкан факультэта даўніверсітэцкай пад­рыхтоўкі БДЭУ Сяргей Кучук. — Наступнымі па папулярнасці ідуць фізіка, біялогія, хімія, гісторыя, грамадазнаўства. Сярод тых дысцыплін, якія здае менш за ўсё абітурыентаў, — геаграфія, замежная мова (нямецкая, іспанская).

У апошнія гады, са слоў С.Кучука, стала менш абітурыентаў, якія здаюць матэматыку, і больш тых, хто выбірае гісторыю:

— Школьнікі пачалі часцей выбіраць не дакладныя навукі, а гуманітарныя. Рускую мову заўсёды здавала найбольшая колькасць абітурыентаў, бо мова — гэта абавязковая дысцыпліна для ўсіх. Наступнай па папулярнасці была матэматыка, але сёння гэты прадмет знаходзіцца на трэцяй пазіцыі, бо стала больш тых, хто выбірае англійскую мову.

РТ БГЭУ 2023  ноябрь

Сярод трох этапаў РТ звычайна самы масавы — трэці. Гэтая тэндэнцыя паўтараецца з году ў год. Справа ў тым, што, згодна з аб’яўленымі правіламі, заданні трэцяга этапу па сваёй структуры і напаўняльнасці на 70—80% адпавядаюць тым, з якімі абітурыенты сутыкнуцца падчас здачы асноўнага этапу ЦТ.

— Мы заўсёды рэкамендуем праходзіць тэсты ўсіх трох этапаў, — адзначае Сяргей Аляксандравіч. — Гэта вельмі добрая трэніроўка ў тэхнічным плане, калі можна спакойна запоўніць бланк, навучыццца працаваць у межах вызначанага часу.

Праходзячы рэпетыцыйныя тэсціраванні, абі­ту­ры­ен­ты на­бы­ва­юць больш упэўненасці ў сабе, у тым, што яны ўсё робяць правільна. На РТ дзейнічаюць тыя ж правілы, што і падчас здачы асноўнага этапу тэсціравання. Жараб’ёўка, рассадка ў аўдыторыі, запаўненне бланка, час, які адводзіцца на выкананне заданняў, — усё гэта з дакладнасцю дубліруе тую атмасферу, у якую акунаюцца абітурыенты на ЦТ.

— Мы будуем сваю работу так, каб дзеці з першага этапу разумелі, што здача тэсціравання — гэта вельмі адказна, — дадаў дэкан факультэта даўніверсітэцкай пад­рыхтоўкі БДЭУ. — Што тычыцца тых, хто выбірае для здачы РТ наш універсітэт, то ў асноўным гэта навучэнцы, для якіх наша УВА найбліжэйшая тэрытарыяльна. Няма сэнсу запісвацца ў іншую ўстанову адукацыі, калі жывеш побач з той, дзе таксама праводзіцца тэсціраванне. Дарэчы, на сайце РІКВ ёсць інфармацыя па напаўняльнасці пунктаў правядзення РТ, таму абітурыенты, калі раптам не пашанцавала запісацца ў найбліжэйшы пункт, могуць знайсці для сябе іншы зручны варыянт.

У БДЭУ ў першы дзень здачы РТ па рускай і беларускай мовах прыйшлі 60 чалавек. Сярод іх — навучэнцы сярэдняй школы № 1 Асіповіч Максім Пазнякоў і Ула­дзіслаў Бруёк. Нягледзячы на тое, што выкладанне ў школе вядзецца на рускай мове, хлопцы будуць здаваць ЦЭ па беларускай.

— Я рыхтаваўся да здачы РТ разам з настаўніцай беларускай мовы Вольгай Аляксандраўнай Хмарай, — расказвае Максім Пазнякоў. — Вольга Аляксандраўна праводзіць у школе заняткі, падчас якіх рыхтуемся да ЦЭ. Акрамя гэтага, займаюся самастойна дома. Стараюся тры гадзіны ў дзень адводзіць на тое, каб прарашаць тэсты мінулых гадоў. Планую паступаць на “Графічны дызайн”. Акрамя беларускай мовы, мне трэба здаваць яшчэ матэматыку і фізіку. Што тычыцца таго, чаму выбраў беларускую мову, то гэта ўсё дзякуючы нашай настаўніцы, якая прывіла любоў да роднай мовы. У нас увесь клас любіць гэты прадмет.

Аднакласнік Максіма Ула­дзіслаў Бруёк плануе паступаць у БНТУ на “Лазерныя cістэмы і тэхналогіі”.

— Мы вучымся ў профільным фізіка-матэматычным класе, — гаворыць Уладзіслаў. — Нам вельмі пашанцавала з настаўніцай беларускай мовы В.А.Хмарай. Ні разу не сумняваўся ў тым, якую мову выбраць для здачы ЦЭ. Вольга Аляксандраўна знаходзіць індывідуальны падыход да вучняў. На яе ўрокі мы заўсёды прыходзім з задавальненнем. Падчас падрыхтоўкі да тэсціравання прарэшваем з ёй варыянты тэстаў розных гадоў, рыхтуюся таксама дома. Мы пакуль у 10 класе, таму спадзяёмся, што за два гады зможам добра падрыхтавацца і падцягнем усе тэмы.

Разам з сённяшнімі школьнікамі прыйшла здаваць РТ і студэнтка 2 курса Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Настасся Кулініч. За час вучобы ва УВА дзяўчына зразумела, што калісьці памылілася з выбарам прафесіі.

Першапачаткова я хацела паступаць на перакладчыцкі факультэт на англійскую і карэйскую мовы. Аднак у апошні дзень падачы дакументаў, калі прыйшла ва УВА, убачыла, як многа там людзей, спужалася, падумала, што не паступлю, — дзеліцца дзяўчына. — І падала дакументы на французскую і англійскую мовы. За першы год вучобы зразумела, што зрабіла памылку. У мяне не склаліся адносіны з французскай мовай, яе мы вучым з нуля. Англійская, якую люблю, у раскладзе з трэцяга курса. Я доўга думала і вырашыла, што буду перапасту­паць, але ў БДУ.

Пажадаем Настассі поспехаў!

 Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА