22 чэрвеня асаблівая дата ў нашым календары — Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа.
Роўна 83 гады назад мільёны нашых суайчыннікаў яшчэ не ведалі, што заўтра пачнецца вайна. Выпускнікі збіраліся сустракаць першае світанне дарослага жыцця, настаўнікі радаваліся доўгачаканаму летняму адпачынку. У кожнага былі свае планы. Планы на мірнае жыццё…
Тое, што адбылося ў 4 гадзіны раніцы 22 чэрвеня 1941 года, мы ведаем з падручнікаў гісторыі, мастацкіх і дакументальных фільмаў, твораў літаратуры, аповедаў ветэранаў, дзяцей вайны, сведак таго часу. Першы дзень вайны — і ўжо тысячы забітых і параненых, разбураныя гарады. Пра гэта ўсяму свету сведчаць маўклівыя сцены Брэсцкай крэпасці. Заўтра па традыцыі жыхары горада над Бугам і яго шматлікія госці ўскладуць тут кветкі, ушануюць подзвіг чырвонаармейцаў.
Мітынгі-рэквіемы адбудуцца па ўсёй краіне пры актыўным удзеле настаўнікаў і вучняў. Напрыклад, у Шаркаўшчыне, якую я нядаўна наведаў падчас камандзіроўкі, месцам ускладання кветак стане брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан на плошчы Леніна. І так у кожным райцэнтры, аграгарадку, у многіх вёсках.
Памятныя мерапрыемствы пройдуць і на Буйніцкім полі пад Магілёвам, і на тэрыторыі мемарыяльных комплексаў “Трасцянец” у Мінску, “Ала” ў Светлагорскім раёне…
Месцы масавага знішчэння нацыстамі мірнага насельніцтва нездарма стаяць у адным спісе з Брэсцкай крэпасцю-героем. Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 117 ад 23 сакавіка 2022 года, назва памятнага дня была дапоўнена. Цяпер 22 чэрвеня мы абавязкова згадваем і ахвяр генацыду беларускага народа, што цалкам справядліва. Мы не павінны забываць: вайна — гэта не толькі баі на фронце, у месцах дзеянняў партызанскіх атрадаў. Гэта яшчэ і мэтанакіраванае знішчэнне агрэсарам цэлых народаў, пра што беларусы добра ведаюць і памятаюць.
Цяпер лета, самыя доўгія канікулы. Але заўтра — асаблівы дзень. Кожнаму з нас варта хаця б на некалькі імгненняў забыцца пра радасці летняга адпачынку і згадаць, колькі гора і пакут прынесла беларускаму народу Вялікая Айчынная вайна, успомніць сваіх продкаў, якія сталі яе ахвярамі. Тым больш што для гэтага будзе добрая падстава — апоўдні аб’яўлена агульнарэспубліканская мінута маўчання. А яшчэ ў гэты дзень (памінальную суботу напярэдадні Святой Тройцы) у праваслаўных храмах будзе гучаць асаблівая малітва за памерлых.
Спынімся сярод штодзённай мітусні, памаўчым, успомнім нашых равеснікаў, якія будавалі мірныя планы ў чэрвені 1941-га і не дажылі да пераможнага мая 1945-га. Падзякуем ім за мужнасць, самаахвярнасць і пастараемся зрабіць усё магчымае, каб вайна больш ніколі не прыйшла на нашу зямлю.
Фота на прэўю з архіва рэдакцыі носіць ілюстрацыйны характар