У перыяд канікул навучэнцаў Трылесінскай сярэдняй школы Дрыбінскага раёна прываблівае працоўная занятасць. Старшакласнікі тут масава праводзяць лета з карысцю і зарабляюць свае першыя грошы. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Працоўнаму выхаванню дзяцей удзяляем прыярытэтную ўвагу. У гэтым нас усебакова падтрымліваюць бацькі. Як вынік — улетку працоўныя формы занятасці запатрабаваны сярод вучняў. Жадаючых працаваць заўсёды шмат. Імкнёмся задавальняць попыт: арганізоўваем для хлопцаў і дзяўчат індывідуальнае працаўладкаванне, дзейнасць студатрадаў і вытворчых брыгад, — паведаміла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Святлана Завідоўская.

Зараз у складзе студатрада на вытворчых аб’ектах мясцовага сельгаспрадпрыемства шчыруе амаль увесь 9 клас школы. Моладзь дапамагае калгасу ў відавой праполцы збожжавых культур, навядзенні парадку на тэрыторыях малочнатаварнай фермы, машыннага двара, зернесушыльнага комплексу.
— У студатрад увайшлі 12 навучэнцаў. Прычым яны самі выступілі з ініцыятывай правесці лета працуючы. Работа арганізавана ў адпаведнасці з заканадаўствам. Вучні працуюць па чатыры з паловай гадзіны ў дзень, з імі заключаны дагаворы, выдадзена спецадзенне і інвентар. Неабходную дапамогу гаспадарцы аказваем да абеду, у другой палове дня ладжу для дзяцей спартыўныя, культурныя, патрыятычныя мерапрыемствы, — расказала кіраўнік атрада маладая настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ангеліна Упская.

З ускладзенымі абавязкамі школьнікі спраўляюцца выдатна. Працуюць падлеткі з энтузіязмам, адказна выконваючы ўсе заданні.
— Да любой справы дзеці адносяцца добрасумленна. Кіраўніцтва вельмі задаволена такімі памагатымі. Акрамя заработнай платы, адзначым вучняў прэміямі падчас урачыстай лінейкі да Дня ведаў. Падарункі для ўмацавання матэрыяльнай базы рыхтуем і для школы, — заўважыла інспектар па кадрах ААТ “Трылесіна-агра” Наталля Белазёрава.
Дарэчы, за дзесяць дзён работы ў студатрадзе школьнікі атрымаюць каля 400 рублёў. Сяброўкі Кіра Красоўская і Мілана Емяльянава ўжо строяць планы на першы заробак. Сродкі дзяўчынкі накіруюць на падрыхтоўку да новага навучальнага года. Такія ж прыярытэты і ў большасці іх аднакласнікаў.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара





