Старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Марына Ільіна і рэктар БДПУ Аляксандр Жук падпісалі дагавор аб супрацоўніцтве. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі МГІРА, кіраўнікі ўпраўленняў адукацыі раённых адміністрацый сталіцы, дэканы факультэтаў і дырэктары інстытутаў БДПУ, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Аляксандр Жук падкрэсліў, што колькасць педагагічных класаў і груп у сталіцы вырасла (сёлета іх адкрыта 125). І сёння Мінск займае 1-е месца па колькасці навучэнцаў педкласаў — больш за 2400 чалавек. Гэта на трэцюю частку перавышае лічбы мінулага года. У гэтым годзе з педкласаў выпусцілася 680 навучэнцаў, што на 26% вышэй за мінулагодні паказчык. Ва УВА паступілі 185 выпускнікоў.
А.Жук паведаміў, што ўніверсітэтам заключаны дагаворы аб узаемадзеянні з усімі ўпраўленнямі па адукацыі 9 раёнаў горада. Сярод асноўных вектараў існуючага супрацоўніцтва, якое ажыццяўляецца на сістэмна-планавай аснове, — арганізацыя на базе ўстаноў адукацыі педагагічнай практыкі студэнтаў і прыцягненне ў адукацыйны працэс кваліфікаваных педагогаў (кафедрамі ўніверсітэта ўзгадняюцца з камітэтам па адукацыі базы практыкі, асноўнымі крытэрыямі выбару якіх з’яўляюцца: высокі прафесійны ўзровень калектыву, наяўнасць сувязі з універсітэтам, адкрыццё педкласаў ці груп), стварэнне ва ўстановах адукацыі сталіцы філіялаў кафедр універсітэта (адкрыта 47 філіялаў, 13 з якіх дзейнічаюць на базе ўстаноў, дзе працуюць педагагічныя класы), арганізацыя і правядзенне прафарыентацыйных мерапрыемстваў, павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўка кадраў (летась іх прайшлі каля 900 сталічных педагогаў). Універсітэт прапануе і праграмы стажыроўкі. Найбольш запатрабаваныя вучэбныя праграмы — “Псіхолага-педагагічнае суправаджэнне дзяцей з РАС”, “Работа педагога-псіхолага па аказанні дапамогі ў крызісных сітуацыях”, “Арганізацыя дзейнасці выхавальніка, які забяспечвае персанальнае суправаджэнне дзяцей з РАС”, “Сіндром дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці ў дзяцей: спецыяльныя ўмовы арганізацыі навучання.”
Як адзначалася, цеснае ўзаемадзеянне з установамі адукацыі Мінска дазваляе студэнтам выпускных курсаў працаўладкоўвацца ў якасці педработнікаў. Гэта дае магчымасць установам закрыць вакансіі, якія маюцца, а выпускнікам набыць практычны вопыт педагагічнай дзейнасці яшчэ падчас вучобы ва ўніверсітэце. Летась ва ўстановах адукацыі працавалі амаль 13% студэнтаў 3 курса і больш за 25% студэнтаў 4 курса.
А.Жук звярнуў увагу на праблему, якая тычыцца не толькі сістэмы адукацыі сталіцы, — гэта недахоп ва ўстановах педагогаў-дашкольнікаў, настаўнікаў-прадметнікаў (матэматыкаў, фізікаў, філолагаў і інш.), сацыяльных педагогаў.
— Сёлета ўніверсітэту ўдалося задаволіць патрэбу ў маладых спецыялістах на 30%. Па шэрагу спецыяльнасцей попыт на выпускнікоў перавысіў колькасць студэнтаў у некалькі разоў. Па дашкольнай адукацыі заяўкі выкананы на 27%, па пачатковай адукацыі — на 31%, па беларускай мове і літаратуры — на 17%, па рускай мове і літаратуры — на 11%, па практычнай псіхалогіі — на 18%. Пры гэтым з заявак Мінска на мэтавы набор 46 месцаў былі перададзены на агульны конкурс, бо конкурс па заказчыку не адбыўся. А паколькі выпускнікі па мэтавым накіраванні і выпускнікі педагагічных класаў пасля вучобы павінны адпрацоўваць 5 гадоў, мэтазгодна выдаваць мэтавыя накіраванні выпускнікам педагагічных класаў, бо, па-першае, яны падрыхтаваны, ведаюць асновы прафесіі, а па-другое, больш матываваны да гэтай работы.
А.Жук выказаў спадзяванне, што работа па папулярызацыі педагагічнай прафесіі будзе працягвацца.
— Для прыцягнення матываванай і здольнай моладзі на педспецыяльнасці праводзіцца сістэмная прафарыентацыйная работа. Каардынацыяй гэтай дзейнасці займаецца цэнтр развіцця педагагічнай адукацыі БДПУ. У мінулым годзе з педкласаўцамі было арганізавана больш за 250 мерапрыемстваў. Найбольш маштабны праект — “Студэнт на адзін дзень”. Летась у праекце паўдзельнічаў кожны пяты прадстаўнік сталіцы. Прафарыентацыйныя мерапрыемствы ўніверсітэт праводзіць і на базе МГААЦ “Лідар” у межах тэматычных адукацыйных змен. Штогод у межах змены “Атрыманне прафесіі” студэнты і выкладчыкі знаёмяць вучняў са студэнцкім жыццём, спецыфікай навучання ва ўніверсітэце і інш. Актыўна працуюць і члены клуба выпускнікоў педкласаў “Профіль+”. У школах і гімназіях яны правялі 57 мерапрыемстваў, — паведаміў А.Жук.
Рэктар БДПУ азнаёміў удзельнікаў мерапрыемства з напрамкамі новай дарожнай карты, якая распрацавана ў адпаведнасці з дагаворам і якая будзе абнаўляцца па меры неабходнасці. Яе галоўны пасыл: наш рэзерв — выпускнікі педкласаў. Сёлета профільнае навучанне педнакіраванасці арганізавана ў 75 установах адукацыі Мінска, гэта 13% ад усёй колькасці па рэспубліцы (паказчык вышэйшы за мінулагодні амаль на 50%).
— Новая дарожная карта адрозніваецца тым, што ў ёй улічаны ўсе напрамкі, а таксама вызначаны канкрэтныя тэрміны правядзення тых альбо іншых мерапрыемстваў, падзей. І мы думаем, што за кожным канкрэтным мерапрыемствам будзе канкрэтны вынік: той, які неабходны сёння для сталічнай адукацыі, і той, які неабходны для БДПУ. Калі раней мы гаварылі пра тое, што клопат універсітэта — набраць сабе студэнтаў, то зараз мы гаворым: клопат нашай адукацыі — аб’яднаць намаганні (праз педагагічныя класы, праз падключэнне студэнтаў БДПУ і інш.), каб у нашы ўстановы прыйшлі матываваныя педагогі, — адзначыла Марына Ільіна.
Спадзяёмся, рэалізацыя дарожнай карты будзе садзейнічаць метадычнай падтрымцы дзейнасці профільных класаў педагагічнай накіраванасці, актывізацыі прафарыентацыйнай работы, росту прафесійнага майстэрства сталічных педагогаў.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара