У апошнія гады ў Беларусі ўсё больш набірае абароты стартап-рух. Яго ўдзельнікі — генератары прарыўных ідэй і стваральнікі перспектыўных праектаў, што тычацца самых розных сфер жыцця. Якія ўмовы для развіцця і самарэалізацыі маладых даследчыкаў створаны ў нашай краіне, даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Фота Алега Ігнатовіча выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі
Развіццё і прасоўванне інавацыйных праектаў маладых вучоных звычайна пачынаецца з установы, дзе яны вучацца.
Напрыклад, у БДУІР навукоўцу-пачаткоўцу прапануюцца два шляхі рэалізацыі. Першы — прыйсці ў традыцыйную навуковую школу і развівацца ў ёй пад кіраўніцтвам мэтра — вядомага вучонага. Ён будзе даваць пэўныя задачы, і па выніках іх выканання студэнт пачне публікаваць даследчыя артыкулы. Другі — паўдзельнічаць у конкурсе навуковых і інавацыйных ідэй, перамагчы ў ім і атрымаць грант на рэалізацыю свайго праекта ў студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі ўніверсітэта.
— Па выніках завочнага і вочнага тураў прапаноўваем некаторым навучэнцам рэалізаваць іх перспектыўныя ідэі і праекты на базе нашай лабараторыі. Мы дапамагаем маладым даследчыкам у напісанні тэхнічнага задання і садзейнічаем на ўсіх этапах выканання праекта. Акрамя таго, афіцыйна працаўладкоўваем іх, і многія з іх такім чынам атрымліваюць першае працоўнае месца, — расказала загадчыца студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі БДУІР Марыя Баранава.
Яна лічыць, каб атрымаць экспертную ацэнку, неабходна ўдзельнічаць у розных конкурсах, напрыклад “100 ідэй для Беларусі”.
— Прайшоўшы такую школу, студэнты атрымаюць веды і навыкі, сапраўды неабходныя для будучай работы і запуску паспяховага бізнесу. Я веру, што некаторыя з нашых навучэнцаў здольны ў юным узросце запускаць прыбытковыя стартапы, таму мы актыўна развіваем інфраструктуру, што дапамагла б падхапіць перспектыўную ідэю, якая дойдзе да слыху інвестараў, — дадала М.Баранава.
БДУІР заўсёды падтрымліваў маладзёжную навуку. Сёння ён імкнецца больш развіваць распрацоўкі IT-напрамку, арыентуючы студэнтаў на міждысцыплінарныя даследаванні.
— IT — у першую чаргу інструмент як для медыцыны, так і для прамысловасці. Любы сучасны станок праграмуемы, таму ў гэтай сферы заўсёды запатрабаваны інавацыі, без якіх развіццё ў любой галіне прамысловасці не ўяўляецца магчымым, — паведаміла загадчыца студэнцкай НДЛ.
У сваю чаргу кожны факультэт БНТУ асобна адбірае патэнцыяльныя інавацыйныя праекты і пачынае іх прасоўваць, дэманструючы ў тым ліку на конкурсе “100 ідэй для Беларусі”.
— Кожны год універсітэт вылучае свае праекты. Яны спачатку праходзяць факультэцкі этап, потым універсітэцкі. Летась у нас былі два пераможцы на гэтым конкурсе: праграмнае забеспячэнне CartON і вадародны рухавік, які выклікаў асаблівую цікавасць і сабраў ля свайго стэнда вялікую колькасць людзей, — расказаў намеснік старшыні савета маладых вучоных БНТУ Яўген Міхасік.
Па яго словах, універсітэт наладзіў супрацоўніцтва з Паркам высокіх тэхналогій. У ліпені паміж БНТУ і сакратарыятам наглядальнага савета ПВТ падпісана пагадненне аб узаемадзеянні.
— Мы запрашаем прадстаўнікоў ПВТ, каб яны данеслі студэнтам, што іх навуковая дзейнасць не абмяжоўваецца конкурсамі або канферэнцыямі, што ім варта працягваць яе і камерцыялізаваць — атрымліваць пэўную выгаду і папулярызаваць, — падкрэсліў Я.Міхасік.
Ён нагадаў, што ў БНТУ ёсць навукова-тэхналагічны парк “Палітэхнік”, які спрыяе развіццю стартап-руху:
— Маладыя вучоныя БНТУ могуць атрымаць падтрымку і першыя ўласныя вырабы, а таксама дапамогу ў прасоўванні свайго праекта. Значнасць “Палітэхніка” падкрэсліваюць і прадстаўнікі Парка высокіх тэхналогій, таму што вельмі многія пачыналі менавіта ў нашым парку.
Дарогу пачаткоўцам
Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях таксама распрацаваў механізм падтрымкі стартап-праектаў на розных этапах іх развіцця — ад задумы да інвестыцыйнай стадыі.
Камітэт спрыяе правядзенню штогадовага рэспубліканскага маладзёжнага праекта “100 ідэй для Беларусі”. Яго найлепшыя праекты, пераможцы рэспубліканскага конкурсу стартап-праектаў Belarus IST StartUp Award і іншых конкурсаў, што праводзяцца міністэрствамі адукацыі і аховы здароўя, атрымліваюць права на распрацоўку Белінфондам бізнес-планаў інавацыйных праектаў. Сёлета распрацаваны бізнес-планы для 13 праектаў, 12 з якіх — пераможцы “100 ідэй для Беларусі”.
Галоўная мэта праекта “100 ідэй для Беларусі” — укараненне інавацый у рэальны сектар эканомікі.
Дарэчы, урачысты старт 14-га сезона “100 ідэй для Беларусі” быў дадзены 4 лістапада. Ужо завершаны прыём заявак. Пераможцы будуць вызначаны ў 10 намінацыях. Восем з іх — асноўныя і адпавядаюць прыярытэтным напрамкам навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці Беларусі, дзве — спецыяльныя: “Лепшая бізнес-ідэя” і “Таварыства і сацыяльная сфера”. У кожнай намінацыі выбіраюцца пераможцы ў трох узроставых групах: навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі; студэнты і курсанты; працуючая моладзь, маладыя вучоныя, прадстаўнікі ўстаноў і арганізацый, падпарадкаваных НАН Беларусі.
— Адзін з крытэрыяў ацэнкі праектаў на конкурсе “100 ідэй для Беларусі” — магчымасць іх укаранення ў рэальны сектар эканомікі, а мэта арганізатараў — звесці моладзь з экспертамі, якія дапамогуць ёй рэалізаваць ідэі. Таму неабавязкова, каб праект быў адразу гатовы да ўкаранення. Пераможцаў выбіраюць экспертныя саветы. У іх склад уваходзяць супрацоўнікі многіх буйных прамысловых прадпрыемстваў, якія выкарыстоўваюць шанс прыцягнуць перспектыўныя маладыя кадры да работы ў навукова-даследчых цэнтрах на базе сваіх вытворчасцей, — расказала прэс-сакратар БРСМ Кацярына Лакісава.
Арганізатары праекта ў абавязковым парадку робяць рассылку конкурсных ідэй у профільныя міністэрствы, арганізацыі, установы. Немалаважны складнік прасоўвання праектаў — ініцыятыўнасць саміх удзельнікаў, многія з якіх прапаноўваюць шляхі рэалізацыі ўласных ідэй.
— Праект “100 ідэй для Беларусі” праводзіцца не толькі на конкурснай аснове, акцэнт зроблены і на навучанні, каб моладзь магла дапрацаваць або палепшыць свае інавацыйныя ідэі. Удзельнікі абавязкова наведваюць шэраг лекцый. Арганізаваны і праект “Стартап-тур. Інтэнсіў для маладых прадпрымальнікаў”, дзе ініцыятыўным маладым людзям даюць заканадаўчыя асновы для адкрыцця і вядзення ўласнага бізнесу, — дадала А.Лакісава.
Што тычыцца ўкаранення праектаў-пераможцаў, то прадстаўнік БРСМ нагадала аб праекце, які быў прадстаўлены ў намінацыі “Грамадства і сацыяльная сфера”:
— Нядаўна ў Беларусі прайшла першая ўнікальная аперацыя па ўстаноўцы двух біянічных пратэзаў сабаку. Яе правёў лідскі ветэрынар Павел Жульпа. Ён быў удзельнікам нашага праекта пару гадоў назад і прапанаваў прыцягваць жывёл з пратэзамі да адаптацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Яшчэ ў нашай краіне штогод праводзіцца Рэспубліканскі конкурс інавацыйных праектаў, накіраваны на падтрымку і развіццё маладзёжнага прадпрымальніцтва і стартап-праектаў.
— Сёлета конкурс праводзіцца 15-ы раз. За гэты час у ім прынялі ўдзел больш за 2 тысячы праектаў, у тым ліку 201 — гэтага года. Конкурс мае дзве асноўныя намінацыі: “Найлепшы інавацыйны праект” і “Найлепшы маладзёжны інавацыйны праект”. На ўдзел у дадатковых намінацыях, якіх сёлета адкрыта рэкордная колькасць — 29, пададзена 113 заявак, — праінфармаваў дырэктар Беларускага інавацыйнага фонду ДКНТ Віталь Храмчанкаў.
Ён акцэнтаваў увагу на тым, што пераможцы ў дадатковых намінацыях атрымаюць суправаджэнне інавацыйных праектаў экспертамі і профільнымі спецыялістамі, магчымасць супрацоўніцтва з арганізацыямі, якія іх заснавалі, і рэалізацыі сваіх задум. Сёлета намінацыі прадстаўлены ад 18 арганізацый: Міністэрства аховы здароўя, Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі, канцэрна “Белдзяржхарчпрам”, Бабруйскаграмаша, МТЗ, “Атланта”, “Кераміна”, “Амкадора”, БМЗ, “Гродна Азота”, СЭЗ “Брэст” і не толькі.
Так маладыя прадпрымальнікі нашай краіны атрымліваюць магчымасць удзельнічаць у інтэнсівах і конкурсах рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў, мэта якіх — папулярызацыя тэхналагічнага прадпрымальніцтва сярод маладзёжнай аўдыторыі, забеспячэнне экспертнай і арганізацыйнай падтрымкі стартап-праектаў, выяўленне інвестыцыйна прывабных ідэй.
Маладзёжнае прадпрымальніцтва
Больш за 200 маладых прадпрымальнікаў сабраў на пляцоўцы бізнес-інкубатара ПВТ форум Startup Generation. У конкурснай праграме перамог праект ГДТУ імя П.В.Сухога.
Фота ПВТ
На двухдзённым форуме інавацыйнага прадпрымальніцтва Startup Generation маладыя прадпрымальнікі прэзентавалі і абаранялі свае праекты перад экспертным журы, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, УВА, стартап-цэнтра ПВТ і кампаній-рэзідэнтаў.
Падтрымаць удзельнікаў мерапрыемства прыехаў і міністр адукацыі Андрэй Іванец, які ацаніў высокі патэнцыял запушчанага стартап-руху і нагадаў, што “сёння падтрымка маладзёжнага прадпрымальніцтва — гэта дзяржаўная палітыка”.
У конкурснай праграме былі прадстаўлены 32 праекты, у цэнтры якіх было ўсё: ад тэхналогій і медыцыны да экалогіі і адукацыі. Але толькі пяць найбольш перспектыўных, на думку экспертнай камісіі, дайшлі да фіналу. Сярод фіналістаў — міні-дадатак для зручнага пошуку адзення WearMe ад студэнтаў БДУ і БДУІР, Fresh-метка для аб’ектыўнай ацэнкі якасці прадукцыі з ГрДУ імя Янкі Купалы, электронная сістэма для адсочвання кліенцкага вопыту на прадпрыемствах рознічнага гандлю RS ASSISTANT STORE ад БДУІР, а таксама сумесны праект БНТУ і БДУ CartON, які дапаможа зручна перавозіць прадукты з магазіна дадому.
Перамогу атрымалі студэнты ГДТУ імя П.В.Сухога з праектам Kliffort. Гэта лічбавая платформа па дастаўцы сыпучых будматэрыялаў, якая звязвае заказчыка, перавозчыка і пастаўшчыка. Аўтар ідэі — магістрант кафедры “Інфармацыйныя тэхналогіі” факультэта аўтаматызаваных і інфармацыйных сістэм Цімафей Курчанок. Прыза глядацкіх сімпатый удастоены праект StudFlow БДТУ, які ўяўляе сабой платформу, што дазваляе студэнтам падаць заяўку і знайсці месца размеркавання пасля заканчэння навучальнай установы.
Конкурс стартапаў не толькі дазволіў удзельнікам прадэманстраваць свае ідэі, але і стварыў платформу для абмену вопытам і наладжвання кантактаў з інвестарамі і экспертамі.
Вольга АНТОНЕНКАВА