Стаў піянерам-падпольшчыкам у 11 гадоў: як гартаваўся дух будучага міністра асветы БССР Міхаіла Мінкевіча

- 17:15Новости

Публіцыстычныя нататкі пра тое, што памятала і памятае пра панскую Польшчу заходнебеларуская глыбінка — тая самая, дзе гартаваўся мужны дух камсамольца-­падпольшчыка Міхаіла Мінкевіча. У даваенны і пасляваенны час ураджэнец вёскі Гулічы Ляхавіцкага раёна працаваў настаўнікам, кіраваў Лідскім райкамам партыі, з 1968 па 1985 год займаў пасаду міністра асветы БССР. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Свае і чужыя

Ровар, асаднік, ванзэлкі… Дзясяткамі слоў польскага паходжання перасыпана і да гэтага часу мова заходнебеларускіх вёсак. І ў творах пісьменнікаў-заходнікаў ёсць мноства цікавых дэталей пра тую пару. У іх ліку Максім Танк, Піліп Пястрак, Алякей Карпюк, Валянцін Таўлай, Вячаслаў Адамчык, Генрых Далідовіч… Сімвалічна і глыбока пра тое, якой для беларусаў была панская Польшча, расказаў Янка Брыль у аповесці “Сірочы хлеб”, ён жа паглыбіў ды ўзбуйніў балючую для многіх заходнікаў тэму ў рамане “Птушкі і гнёзды”.

І мы раслі ў сілавым полі аповедаў пра тое, ранейшае. Памятаю, дзядзька Іван, па-вясковаму Канавальчык, з якім я часам пасвіў кароў, неяк расказаў: з Брылём яны, маладыя навабранцы, у верасні 1939-га разам апынуліся ў войску польскім. Шмат хлопцаў-заходнікаў забрылі, калі Германія напала на Польшчу, і хутка ж іх Чырвоная Армія з другога боку падціснула. Тысячамі траплялі беларусы ў палон, калі шчасціла выжыць у полымі двух франтоў — з нямецкага Захаду і савецкага Усходу. Праўда, пазней Іван Антонавіч, калі запытаў яго пра цёзку, дзядзьку Івана Шэлеха з Яцкаўшчыны, такога ў сваёй памяці не адшукаў…

Гімназісты Клецкай беларускай гімназіі

Што такое КПЗБ і польскі канц­лагер у Бярозе-Картузскай (“дзе людзей палякі мучылі”), як жылося пры Польшчы маім землякам — пра тое ў нашай вёсцы Яцкаўшчыне, што ў Ляхавіцкім раёне Брэстчыны, у 1960-я гады старэйшыя лю­дзі расказвалі па-рознаму. Да 1939-га вёска была пад Польшчай — на ўскрайку Наваградскага ваяводства, бліжэй да Клецка. Некаторым жыццё “за польскім часам” падабалася, асабліва тым, хто з багацейшых, якія тады пры панах і ў Беласток, і ў Варшаву ці Кракаў выбіраліся. Пра гэта мой тата, з карэнных яцкаўскіх малазямельцаў, разважаў прыкладна так: “Багатырам што? Пры грашах добра ўсюды: і пры паляках, і пры Саветах. А вось каб яны парабкамі ў пана пабылі ці ў асадніка за мізэрную плату дзень пры дні за плугам пахадзілі, дык па-іншаму запелі б”. Тата быў з 1930-га, у польскай школе павучыўся і расказваў мне на памяць, што ў галовы малых беларусаў назаўжды, з дубцом ды моцнаю лінейкай для большай надзейнасці, убілі: “Kto ty jesteś? — Polak mały. // Jaki znak twój? — Orzeł biały. // Gdzie ty mieszkasz? — Między swemi. // W jakim kraju? — W polskiej ziemi”. Беларусаў, зрэшты, “у польскей земі” за роўных з палякамі ані дня ніхто не лічыў. Ну, а словы амаль усе ў вершыку зразумелыя. Адказ на пытанне “Дзе жывеш ты?” — мудрагелісты выраз między swemi, што азначае “паміж сваімі людзьмі”…

Спрабуючы разабрацца, хто ёсць хто ў гэтым свеце, дзе свае і дзе чужыя, у малалецтве я такі даймаў дарослых закавырыстым пытаннем: “А палякі нашы?” Многія хітравата пасмейваліся, анічога не кажучы…

Гэта цяпер я ўжо разумею: іншым разам лепш прамаўчаць, нават і ў размове з дзіцем. Вырасце — само разбярэцца. Мудрай завядзёнцы трымаць язык за зубамі маіх аднавяскоўцаў вучыла само суровае жыццё. Некаторыя ж памяталі як царскую ўладу, так і першых немцаў у 1914-м. І першыя Саветы, якія вельмі хутка змянілі ў 1919-м палякі, потым у 1939-м на нядоўга — другія Саветы, а ўжо ў 1941-м — другія немцы. І ўрэшце ў 1944-м зноў прыйшлі Саветы-бальшавікі. Ну як тут скажаш, дзе свае і дзе чужыя? А некаторыя на маё пытанне пра палякаў і паджартоўвалі, пасмейваліся: “Вашы, хлопча, вашы…”

Дык нашы палякі ці не? Па вялікім рахунку, на зямлі ўсе людзі — браты і сёстры. Да таго ж мы сусе­дзі, на што ёсць воля вышэйшая. І доўгі час, вякамі беларусы-ліцвіны і палякі жылі ў адной дзяржаве — Рэчы Паспалітай (фактычна з 1569-га па 1795-ы). Па жыцці ў хрысціянскіх, славянскіх традыцыях мы таксама “свае людзі”. Да таго ж дзясяткі тысяч беларусаў пралілі кроў, загінулі, вызваляючы тую “братнюю Польшчу” ў 1944-м ад фашыстаў. Так што народы кроўна, можна сказаць, парадніліся. Потым за савецкім часам і ў Польшчы ж нібыта сацыялізм будавалі, але, пэўна, не такі, як у нас. А пасляваенным палякам лішні раз аніхто і не нагадваў пра злачынствы іх супляменнікаў да 1939-га ў Заходняй Беларусі, празванай імі “крэсамі всходнімі”. Нібы мы старонку сваёй 20-гадовай (1919—1939) гісторыі перагарнулі ды махнулі на яе рукой, забыліся. Хіба што ў Ляхавічах вуліца 17 Верасня была…

Нельга забыць

Але ці ж можна вялізнай супольнасці, народу сваю гісторыю забыць і жыць нібыта з чыстага ліста? Дык і пра Вялікую Айчынную па такой страусавай логіцы можа не ўспамінаць: было — і прайшло… Пэўна што, некаму таго і хацелася б. А паняцце “гістарычная памяць” для грамадзян у незалежнай дзяржаве акрэслівае працэс храналагічны і бесперапынны, а не выбраныя кімсьці збоку, пад пэўным ракурсам асобныя моманты беларускай гісторыі. Вось і я, хоць малы быў, а памятаю, як право­дзілі ў апошні шлях дзядзьку Аляксея Ждановіча. Ён быў старэйшы за маіх бацькоў. Кашляў цяжка, хадзіў паціху з кійком і меў не­здаровы колер твару. Калі гналі з пашы кароў, ён выходзіў нетаропка з двара сустрэць сваю. Мама на мае пытанні казала: “Гэта ж яго ў Бярозе ў канцлагеры палякі трымалі-мучылі, здароўе там і пакінуў. Кажуць, і газу лілі ў нос, іголкі пад пазногці заганялі”. Я жахаўся, не мог даўмецца: для чаго, за што?.. Дык ён, тлумачыла мама, быў ці то камсамольцам, ці то камуністам, а палякі такіх вельмі не любілі.

М.Г.Мінкевіч з жонкай Вольгай Андрэеўнай і яе стрыечным братам Б.І.Коўзанам — вядомым лётчыкам, Героем Савецкага Саюза (1943).

Фота з архіва дачкі Л.М.Ярэй

Тут і варта перакінуць сімвалічны масток з Яцкаўшчыны ў суседнія Гулічы, кіламетра за паўтара. Для таго возьмем радкі з даследчай работы “Мінкевіч Міхаіл Гаўрылавіч — міністр асветы БССР”. Яе напісала ў 2021 годзе вучаніца 1-й лідскай сярэдняй школы Саб­рына Сакевіч пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі і грамадазнаўства Наталлі Ліханавай. Дарэчы, Наталля Анатольеўна, сваячка Мінкевіча, сабрала пра яго матэрыялы, ёсць унікальныя экспанаты (кніга з аўтографам і фотаздымак) у школьным краязнаўчым музеі. Работа была выканана як адзін з праектаў Усебеларускай маладзёжнай экспедыцыі “Маршрутамі памяці. Маршрутамі адзінства” ў намінацыі “Героі зямлі беларускай”. Цытую на мове арыгінала: “С 1931 по 1936 год Минкевич Михаил являлся учащимся Виленской белорусской гимназии. В 1934 г., будучи гимназистом 6 класса, принимал участие в создании ячейки КСМЗБ в д.Гуличи. Комсомольцы вели активную революционную деятельность. Односельчанин Кичило Н.Ю. вспоминает: “В Вильно я встретился с Махляром Б. и Минкевичем М., они передали мне ящик с типографией. В моей хате мы печатали листовки”. За участие в револю­ционном движении Минкевич М.Г. в 1936 г. был исключен из Виленской белорусской гимназии”.

У мяне ёсць падставы мерка­ваць, што Аляксей Ждановіч і Міхаіл Мінкевіч не проста былі знаёмы — разам удзельнічалі ў нацыянальна-вызваленчай бараць­бе. Нарадзіўся Міхаіл 15 лютага 1919 года ў Гулічах у сялянскай сям’і. Як падрос, то ў мясцовай пачатковай школе скончыў пяць класаў. Там і яцкаўцы-пачаткоўцы вучыліся, і я ў тым ліку — з 1967-га. Гулічы да нас бліжэй, чым Жарабковічы (да іх 3 км), куды, падросшы, хадзілі мы ў сярэднюю школу. Цалкам верагодна, што Аляксей і Міхаіл якраз у школе пасябравалі. Арыгінальны будынак школы і сёння моцны яшчэ, хоць школу ў Гулічах даўно закрылі. Вось бы там, светла мару, зрабіць музей народнага адзінства імя Міхаіла Мінкевіча: расказаць пра гісторыю асветы раёна, Брэстчыны, Заходняй Беларусі, пра дзейнасць падпольных арганізацый, ячэек, адна з якіх была ў Гулічах (маючы ў сваім складзе і яцкаўцоў). І паказаць, якой была і якой стала беларуская сістэма адукацыі.

Тыя юныя героі — прыклад вялікай любові да Бацькаўшчыны для ўсіх юных патрыётаў. Ну такі яскравы факт!

Будучы міністр асветы БССР, адзін з лепшых міністраў, як успамінаў пра яго Іван Шамякін (а яны ж разам працавалі ў Вярхоўным Савеце рэспублікі), яшчэ ў 1930-м падымаў голас за Беларусь, у 11 гадоў стаў піянерам-падпольшчыкам.

Са згаданай даследчай работы вынікае, што ён тады вучыўся ў Клецкай беларускай гімназіі. Але не толькі вучыўся: “Вместе с другими ребятами распространял листовки, в дни революционных праздников вывешивал красные знамена. За эту подпольную дея­тельность в 1930 году он был исключен из гимназии”. Клецк за кіламетраў 10—11 ад Гуліч. У платнай для вучняў (іх здымкі ёсць у інтэрнэце) гімназіі, якая працавала не за кошт польскіх улад, а на прыватныя ахвяраванні, панаваў здаровы беларускі дух. І ў 1931-м улады гэты дух зусім задушылі: гімназію ліквідавалі на хвалі барацьбы з беларускім рухам.

Сотні, тысячы вядомых і невядомых

Дзень народнага адзінства, які мы адзначаем, — свята хоць і маладое, аднак ужо з вялікай гісторыяй. І ў такі дзень, 17 верасня, сярод усяго іншага варта згадваць імёны тых мужных людзей, хто не прос­та чакаў, не страчваючы надзею, уз’яднання Беларусі, а прыкладаў для гэтага свае намаганні — як мог, як умеў. Гэта было і змаганне за беларускі народ, за наша “права людзьмі звацца”, за будучую незалежную дзяржаву. Некаму можа здацца, нібыта незалежнасць неяк раптам і неспадзявана бела­русам “упала з неба” на пачатку 1990-х. Аднак жа народ яе выпакутаваў, выгадаваў. Патрыёты ў сваіх розумах і сэрцах выношвалі высокую ідэю, якая ўрэшце стала явай. Сотні, тысячы людзей, вядомых і невядомых нашых папярэднікаў, яе набліжалі, працавалі на ідэю, ваявалі за яе. То давайце разам сёння ўшануем іх памяць! Аддадзім даніну глыбокай павагі — за тое, што ёсць у нас Дзень народнага адзінства і ёсць незалежная Рэспубліка Беларусь! Яны пра вольную Беларусь марылі — нам выпаў лёс яе ўмацоўваць, развіваць, зберагаць.

Настаўнікі Клецкай беларускай гімназіі. Ліпень 1931 г.

Хто былі тыя барацьбіты за Беларусь, за яднанне народа? Нас­таўнікі, гімназісты, студэнты, рабочыя і сяляне, прычым пераважна маладыя людзі. Яны рызыкавалі, ведучы падпольную антыпольскую работу, не толькі воляй і здароўем — жыццямі. Сёння мы збольшага толькі ведаем пра тых змагароў. Але і на іх прыкладзе разумеем, што калі ўжо нацыянальная самасвядомасць у чалавеку прачнулася, то яе, як і песню дружбы, “не задушишь, не убьешь”. Аднак жа і цяпер мне складана ўявіць, як дванаццацігадовы Міша, мой зямляк з Гуліч, змог загартаваць свой дух, падпарадкаваць жыццё высокай ідэі служэння свайму народу. Пэўна, выдатныя ў яго былі настаўнікі. Можа, таму і выбраў яго потым савецкі час на такую пасаду? Пакінем пытанне адкрытым.

У 1931 годзе выключаны з Клецкай гімназіі Міхаіл Мінкевіч ужо быў гімназістам у Вільні. Ды і там не давучыўся, бо польскім уладам патрэбны былі, вядома, не самасвядомыя беларусы, а рахманыя манкурты, якім няма справы да лёсу Бацькаўшчыны, хто паклоніцца Польшчы, прыме як свой знак “ожэл бялы”. Выхад знайшоўся: хлопец усё ж скончыў гімназію, але Гродзенскую польскую, і ў тым жа 1937 годзе паступіў на мед­факультэт Віленскага ўніверсітэта. Павучыўся там нядоўга: у лютым 1938-га яго арыштавалі, паставілі ў віну актыўную рэвалюцыйную дзейнасць і далі тры гады турмы.

Ён быў тады за кратамі не ў віленскіх Лукішках, вядомых нам па творчасці Максіма Танка. Мінкевіча трымалі, ёсць версія, у Баранавічах і Навагрудку. Паплечнікі па няволі, сярод якіх быў і паэт Валянцін Таўлай, прыгадвалі пазней, што Мінкевіч імкнуўся падтрымаць баявы дух таварышаў, часам у камеры спяваў “Гімн маладых камунараў”. Пра тое пісаў і настаўнік гісторыі краязнавец з Жарабковіцкай сярэдняй школы Уладзімір Лаўрэнаў у гістарычна-культурнай хроніцы “Ёсць край такі…”. Ён жа вёў перапіску з Міхаілам Гаўрылавічам. Цяпер тыя ліс­ты з Мінска захоўваюцца ў музеі Жарабковіцкай школы, якая носіць імя знакамітага міністра-земляка.

“Плакаў, не хаваючы слёз…”

Мы падышлі да таго моманту ў біяграфіі Міхаіла Мінкевіча, пра які нямногія ведаюць. У даследчай рабоце, выкананай у 1-й лідскай школе, ёсць звесткі, што ў 1939 годзе Мінкевіч разам з іншымі сябрамі-падпольшчыкамі быў пераведзены ў Гродзенскую турму і апынуўся там у адной камеры з Валянцінам Таўлаем. Далей: “Военно-полевой суд приговорил их к смертной казни. Приговор не был приведен в исполнение, так как вскоре Красная Армия освободила территорию Западной Беларуси. После освобождения из Гродненской тюрьмы Михаил Минкевич вернулся в родную деревню Гуличи”. Ён увайшоў тады ў Гуліцкі сельскі рэвалюцыйны камітэт, удзельнічаў у надзяленні вяскоўцаў зямлёй. А ў канцы 1939 — пачатку 1940 года сфарміравалася Ляхавіцкае часовае ўпраўленне, і Міхаіл Гаўрылавіч у ім працаваў спачатку інспектарам аддзела адукацыі, а потым і загадчыкам Ляхавіцкага валаснога аддзела народнай адукацыі.

Але ж узнікае пытанне, чаму ваенна-палявы суд вынес вязням смяротны прысуд.

Збіраючы матэрыялы пра міністра-земляка, у інтэрнэце я знайшоў тэкст “Две судьбы”, аўтар якога “Наталья Горбачева, дитя войны, отличник просвещения СССР”. І ў яе працы, напісанай у 2022-м, у Год гістарычнай памяці, якраз расказваецца пра лёсы Міхаіла Мінкевіча і Валянціна Таўлая. З Мінкевічам асабіста яна была знаёма з часу яго работы першым сакратаром Лідскага райкама партыі (1965—1968). Тады і Гарбачова разам з мужам-афіцэрам жыла ў Лідзе, працавала ў 3-й школе намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Там быў створаны музей, вялася пошукавая работа, у выніку якой усплыло імя Валянціна Таўлая (1914—1947). Лёс чалавека, яго яркая біяграфія прыцягнулі ўвагу школьнікаў, і ўзнікла ідэя — змагацца за прысваенне яго імя школьнай камсамольскай арганізацыі. Калі ж актывісты наведалі жонку і дачку паэта ў Мінску, то даведаліся: “…в Гродненской тюрьме, в камере смертников Тавлай встретился с Минкевичем. Через некоторое время мы пригласили Михаила Гавриловича в школу на встречу со старшеклассниками. Надолго запомнился его яркий эмоциональный рассказ о событиях тех дней. Комсомольской организации школы было присвоено имя Валентина Тавлая, а Михаил Гаврилович вскоре был назначен министром просвещения БССР”.

Наталля Гарбачова расказвае пра герояў як палымяных бараць­бітоў за ўз’яднанне беларускіх зямель, за савецкую ўладу на тэрыторыі ўсёй краіны, пра ўдзел гэтых людзей у Вялікай Айчыннай вайне. Яна знаходзіць у іх лёсах шмат агульнага: “Даже родились оба в феврале. И что еще поражает: участниками народно-освободительного движения они становятся в детском возрасте!” А наконт зняволення Мінкевіча ў турме ў яе такая версія падзей: “Двадцатилетним юношей он попадает в Береза-Картузский концентрационный лагерь и проходит через все круги этого ада”.

Далейшы аповед Наталлі Ва­сільеўны — каштоўнае гістарычнае сведчанне, якое варта прывесці цалкам: “Когда я стала работать в отделе народного образования Гродненского облисполкома, то мы снова встретились с Михаилом Гавриловичем. Он был министром очень демократичным и беседовал со мной во время приездов в Гродно как со старой знакомой. Его повели как-то на строительство будущего Дворца пионеров. Возле переходного моста через овраг этот немолодой солидный человек заплакал, не скрывая слез: “В этом овраге польская дефензива ежедневно расстреливала моих товарищей, и меня ждала та же участь”.

Тогда из уст очевидца мы узнали о событиях тех дней сентября 1939 года. После начала немецкого наступления политических заключенных срочно сосредоточили в Гродненской тюрьме и начали ежедневно расстреливать. Так в одной камере смертников в ожидании своей очереди оказались Валентин Тавлай и Михаил Минкевич, и здесь состоялось их знакомство. Их спасло от расстрела стремительное наступление Красной Армии”.

Працяг будзе

Напрыканцы нататак Гарбачова робіць выснову: ніводзін міністр адукацыі ў Беларусі не працаваў на такой пасадзе так доўга (1968—1985) і не зрабіў так шмат для выхавання патрыётаў сваёй краіны. Менавіта пры ім былі ўведзены курсы этыкі і сусветнай мастацкай культуры, пачалі праводзіцца дзіцячыя фестывалі, агляды і конкурсы.

Міхаіл Мінкевіч меў і баявыя ордэны і медалі (удзельнік вайны, танкіст), і працоўныя. Ён заслужаны настаўнік БССР, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР 7-га і 8-га скліканняў, меў званне “Ганаровы пенсіянер саюзнага значэння”.

Яшчэ жывыя тыя, хто добра памятае дэмакратычны стыль работы, творчы почырк Міхаіла Мінкевіча. Ёсць і сведчанні ранейшыя. Скажам, у часопісе “Нёман” я знайшоў прызнанне Івана Шамякіна: “Кроме нас, писателей, никто не выступал по-белорусски — ни один идеолог всех рангов — от ЦК до райкомов, министр культуры, даже наши коллеги из творческих союзов. Исключением на республиканском уровне был один министр просвещения Михаил Гаврилович Минкевич, светлая ему память”. А нядаўна даведаўся, што ў ліку ўдзячных вучняў майго земляка-міністра быў і Абу-Бекір Шабановіч — муфтый мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Беларусі. Яго, настаўніка гісторыі, міністр Мінкевіч і запрасіў на работу ў міністэрства: Абу-Бекір Юх’янавіч доўгі час працаваў у дзяржінспекцыі сістэмы адукацыі.

І добра было б, павучальна для моладзі сабраць і запісаць успаміны пра Міхаіла Мінкевіча яго калег па міністэрстве, настаўнікаў, родных і блізкіх… Дарэчы, калі пісаў нататкі, выпадкова даведаўся: унук Міхаіла Гаўрылавіча ў 20 гадоў выбраў жыццё манаха. І калі на тое будзе воля Усявыш­няга, то, можа, удасца сустрэцца з ім, запісаць успаміны ўнука пра яго вядомага дзеда — героя заходнебеларускага падполля, вайны, нястомнага працаўніка на ніве народнай асветы.

Іван ЖДАНОВІЧ
Фотаздымкі з адкрытых крыніц