Стаўка на камфорт і стыль

- 14:46Выхаваўчая прастора

Прадпрымальніцтва ўжо трывала ўвайшло ў жыццё школьнікаў. Старшакласнікі смела ўвасабляюць свае бізнес-­ідэі, намацваючы тыя сферы, дзе яны б маглі рэалізоўвацца праз некалькі гадоў, ужо дарослымі. Сярод іх — школьная бізнес-­кампанія “СТАРТ” сярэдняй школы № 14 Маладзечна.

Бескаркасныя крэслы: стыльны камфорт.

Школьнікі асвойваюць тут прадпрымальніцтва з 2013 года. Па словах намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце Ірыны Уладзіміраўны Пацалуевай, пачыналася школьнае прадпрымальніцтва з пашыву і продажу сувенірнай прадукцыі, у асноўным мяккіх цацак. А калі ў наша жыццё актыўна ўвайшлі экасумкі, юныя прадпрымальнікі ўзяліся за іх шыццё і аздабленне — у беларускіх матывах.

Стыльныя, зручныя і ёмістыя сумкі-шоперы лічацца абсалютна ўніверсальнымі, падыходзяць для любога ўзросту і сезона. З такой сумкай зручна хадзіць і па магазінах, і на прагулкі, і нават на вучобу, бо яна з камфортам замяняе цяжкі рукзак.

Купляюць сумкі-шоперы сёння і моладзь, і людзі сярэдняга ўзросту. Арыентуючыся на гэтую мэтавую аўдыторыю, школьнікі распрацоўваюць дызайн і робяць адпаведнае каляровае афармленне будучых экалагічных сумак. Так, іх равеснікам падабаюцца смелыя эксперыменты, таму яны з задавальненнем крэатывяць. Яны шыюць свае сумкі толькі з натуральных матэрыялаў (бавоўна, лён, бамбук), распісваюць іх трывалымі і тэрмаўстойлівымі экалагічнымі фарбамі або аздабляюць вышытымі элементамі з беларускімі матывамі. Кошт экасумкі складае ў сярэднім 15 рублёў. З улікам, што яна праслужыць 2—4 гады, кошт невысокі. Асартымент, які прапаноўвае іх бізнес-кампанія, юныя прадпрымальнікі пашырылі за кошт ручнікоў — для твару і кухонных. Іх яны таксама аздабляюць каларытнай вышыўкай.

Сумяшчаем зручнае з прыгожым.

“За гэтую нашу ідэю на конкурсе бізнес-ідэй, які праходзіў у “Зубраняці”, мы атрымалі дыплом ІІ ступені. І якраз там, у “Зубраняці”, у нас з’явілася яшчэ адна бізнес-ідэя. Там шмат пакояў адпачынку, а ў іх — крэсел-мяшкоў. Ва ўстановах нашага раёна такіх крэсел практычна няма, а яны былі б дарэчы і ў дашкольных установах, і ў школах. У першую чаргу, у кабінетах дэфектолагаў, педагогаў-псіхолагаў, бо такая мэбля дазваляе дзіцяці разняволіцца. І мы пачалі шыць такія крэслы, прычым выключна для дзяцей. Яшчэ зусім нядаўна я сутыкнулася з тым, што мне трэба было купіць дзіцячае крэсла-мяшок у дзіцячы сад і я яго не знайшла. Дзіцячыя крэслы мала хто адшывае, таму мы занялі якраз гэтую нішу. У нашых крэслах будзе камфортна дзіцяці любога ўзросту, а дзякуючы ручцы, дзіцяці зручна яго пераносіць”, — гаворыць Ірына Уладзіміраўна.

Такія крэслы карыстаюцца вялікім попытам у школьнай бізнес-кампаніі, бо каштуюць значна танней за падобныя тавары ў магазінах. Іх школьнікі шыюць з натуральнай тканіны, а зверху надзяваюць чахол з плашчавой тканіны на маланцы. Напаўняюць свае крэслы-мяшкі гіпаалергенным матэрыялам — пенаполістырольнымі грануламі. Такія лёгкія і пухнатыя крэслы як модны аксесуар дапоўняць любы інтэр’ер і праслужаць шмат гадоў.

“На жаль, пакуль у сферы школьнага прадпрымальніцтва застаюцца нявырашаныя пытанні, — прызнаецца І.У.Пацалуева. — Калі пытанняў з прыёмам падлеткаў на работу ў нас няма (бацькі пішуць згоду, і мы заключаем працоўныя дагаворы з іх дзецьмі), то пытанні з выплатай заробку застаюцца актуальнымі. Так, ёсць нюансы па аплаце заробку навучэнцам — не да канца выпрацаваны гэты алгарытм. І мы ўсе вельмі чакаем прапрацаванасці ў гэтым кірунку. Гэта дапаможа нам рухацца далей”.

Высокія эмацыянальныя і фізічныя нагрузкі, на жаль, сталі часткай сучаснага жыцця. Таму, вярнуўшыся дадому пасля вучобы ці работы, хочацца разняволіцца, адпачыць. І цудоўна дапамагае ў гэтым крэсла-мяшок. Яго канструкцыя падстройваецца пад цела, мякка ахінае яго выгіб і контур, спрыяючы поўнаму расслабленню мышцаў і падтрымліваючы пазваночнік у анатамічна правільным становішчы. Гэта мэбля павышанага ўзроўню камфортнасці з універсальным дызайнам, дзякуючы чаму крэсла гарманічна ўпішацца практычна ў любы інтэр’ер.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва установы адукацыі.