STEAM­-ключ да дзелавой гульні

- 16:02Адукацыйная прастора

Сучасныя педагагічныя тэхналогіі ўсё больш арыентаваны на тое, каб вучыць дзіця здабываць веды падчас практычнай дзейнасці. А яшчэ аналізаваць інфармацыю, рабіць высновы, прэзентаваць вынікі сваёй дзейнасці. STEAM­-падыход — адзін з самых практыка-­арыентаваных метадаў навучання. Ён дазваляе прымяняць адначасова веды па матэматыцы, фізіцы, хіміі, біялогіі, інжынерыі і дызайне, а таму вельмі актуальны на любым уроку.

 У структуры ўрока павінны рацыянальна спалучацца розныя формы, прыёмы, метады, якія дапаўняюць адзін аднаго і раскрываюць змястоўны кантэнт вучэбных заняткаў. Сінтэз практыка-арыентаваных элементаў адукацыйных методык, якія ўключаюць у сябе псіхалагічны трэнінг, элементы мазгавога штурму, ролевую гульню, дае магутны матывацыйны штуршок да атрымання ведаў. Падлеткі імкнуцца дасягаць пастаўленай мэты, самастойна здабываюць аўтэнтычныя веды, вучацца праектаваць і знаходзіць узаемасувязь атрыманых ведаў з навакольнай рэчаіснасцю, працаваць у камандзе.

На ўроку біялогіі ў 10 класе па тэме “Сучасныя ўпаковачныя матэрыялы” выкарыстоўваю спалучэнне сучасных і традыцыйных элементаў адукацыйных тэхналогій для стварэння атмасферы дзелавой гульні. Таксама прымяняю STEAM-падыход, квест-заданні і на кожным этапе заняткаў задзейнічаю методыку візуалізацыі.

Дзелавая гульня дазваляе мадэляваць жыццёвую сітуацыю, у рамках якой навучэнцы выбіраюць аптымальны варыянт вырашэння праблемы і на аснове новых ведаў абгрунтоўваюць сваё рашэнне.

У ходзе дзелавой гульні ўдзель­нікі дзеляцца на групы (у кожнай камандзе вучні размяркоўваюць паміж сабой кіруючыя пасады: дырэктар, галоўны бухгалтар, менеджар і г.д.). Задача кожнай групы — выбраць адну з форм упаковачнага матэрыялу для фасоўкі малака і вадкай малочнай прадукцыі. Малочная прадукцыя была выбрана невыпадкова, бо гэта адзін з любімых і распаўсюджаных прадуктаў штодзённага попыту з кароткім тэрмінам захоўвання і спецыяльнымі патрабаваннямі да ўпакоўкі, сярод якіх — трываласць, вільгацеўстойлівасць, паветранепранікальнасць, лёгкасць, нізкі кошт і інш.

У працэсе падачы вучэбнага матэрыялу гімназісты вывучаюць разнастайныя сучасныя ўпаковачныя матэрыялы (пакеты Tetra Рak, пластыкавыя бу­тэль­кі, поліэтыленавыя пакеты, шкляную тару) і іх ўласцівасці. А таксама даведваюцца аб сур’ёзных экалагічных праблемах сучаснасці з-за забруджвання прыроды пластыкам. Таму кожная група “кіраўнікоў” актыўна абмяркоўвае яшчэ і хімічныя рэчывы, якія ўваходзяць у склад сучасных упаковачных матэрыялаў, тэрміны іх раскладання, спосабы ўтылізацыі і г.д.

Для гэтага прапаную навучэнцам скласці з пазлаў розныя знакі экалагічнай маркіроўкі. Што яны азначаюць, можна даведацца з раздатачных табліц. Звяртаю ўвагу старшакласнікаў на тое, што ў знаку паўторнай перапрацоўкі ставіцца лічба, якая азначае хімічнае рэчыва, з якога выраблена ўпакоўка. Прапаную вызначыць хімічныя формулы тых ці іншых упаковачных матэрыялаў. Для выканання гэтага задання раздаю табліцы з хімічнымі формуламі і назвамі розных рэчываў-палімераў. Вучням трэба правільна суаднесці адно з адным. У гэтым ім дапамагаюць сумежныя веды пра палімеры з курса арганічнай хіміі за 10 клас.

Такая работа на ўроку падводзіць навучэнцаў да лагічнай высновы аб тым, што не ўсе віды пластыку перапрацоўваюцца і, такім чынам, утвараюцца звалкі, якія трэба неяк утылізаваць. Таму паўстае пытанне, як доўга пластык раскладаецца ў прыродзе. У пошуках адказу навучэнцы аналізуюць інфармацыю, атрыманую ў выглядзе малюнка з рознымі тэрмінамі раскладання бытавога смецця, і складаюць храналагічную шкалу раскладання ўпаковачных матэрыялаў.

Падтрымлівае тэму экалогіі заданне, якое развівае чытацкую пісьменнасць разам з матэматычнымі навыкамі. Заданне прадстаўлена ў выглядзе задачы, у якой частка даных, неабходных для разліку, прадстаўлена ў графічным выглядзе.

Фізкультхвілінка таксама ўпісана ў агульны кантэкст урока. Навучэнцам прапануецца агле­дзець клас, знайсці і прынесці на дошку літары, з якіх затым неабходна скласці слова “біяраскладальныя”, што дазваляе перайсці да новага блока матэрыялу і падвесці навучэнцаў да высновы аб патрабаваннях, якія прад’яўляюцца да новых сучасных упаковачных матэрыялаў, сярод якіх ёсць нават ядомыя.

Вынікам урока, праведзенага ў выглядзе дзелавой гульні, з’яўляецца праект, які адлюстроўвае работу навучэнцаў на розных этапах заняткаў. Працуючы ў групах, на аснове праектнай карты ўрока, вучні адказваюць на пытанні аб тым, якое прызначэнне выконвае сучасная ўпакоўка, якія задачы ставяць перад сабой вытворцы ўпаковачных матэрыялаў, якую ўпакоўку выбірае экалагічна адукаваны чалавек, купляючы тую ці іншую прадукцыю. Гімназісты робяць выбар на карысць пэўнай тары, аргументуюць сваю пазіцыю, прадстаўляюць і абараняюць свой пункт гледжання.

Задача
Пятага чэрвеня Беларусь адзначае Дзень аховы навакольнага асяроддзя. Пытанні аховы навакольнага асяроддзя і экалогіі з’яўляюцца прыярытэтнымі на нацыянальным і міжнародным узроўнях.
Вызначыце, колькі кілаграмаў пластыкавага смецця па даных Белстата стварае сям’я з чатырох чалавек у сярэднім у год, калі зыходзіць з таго, што чалавек у сярэднім выкідвае 1,15 кг цвёрдых бытавых адходаў у суткі?
Склад цвёрдых бытавых адходаў (ЦБА) прадстаўлены на малюнку.
Адказ: 100,74 кг.

Распрацоўка сцэнарыяў такіх урокаў мае і пэўныя складанасці. У залежнасці ад узроўню ведаў навучэнцаў ім патрэбны розны час на абдумванне, абмеркаванне і выкананне заданняў, таму ў настаўніка павінна быць прадумана блокавая сістэма падачы матэрыялу і магчымасць карэкціраваць аб’ём (выключаць пэўныя заданні) інфармацыі з улікам неабходнасці стварыць завершаную структуру вучэбных заняткаў.

Святлана СЛІНКА,
настаўніца біялогіі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі гімназіі Дзяржынска.