Яшчэ восенню, напярэдадні дня нараджэння вядомага земляка Якуба Коласа, выхаванцы дзіцячага сада № 1 Стоўбцаў у новым фармаце выдалі ўласныя аўтарскія кнігі, энцыклапедыі і любімыя творы вялікага песняра, прычым зрабілі гэта з улікам усіх тонкасцей паліграфіі: вытрымалі неабходны стыль у афармленні, падабралі шрыфты і самі праілюстравалі кожны верш і апавяданне. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Чароўныя гісторыі
Далучыць дзяцей да чытання твораў мастацкай літаратуры — адна з актуальных праблем дашкольнай адукацыі, але яна вырашальная. Для таго каб зацікавіць выхаванцаў вывучэннем роднага слова і нацыянальнай культуры, педагогі дзіцячага сада № 1 Стоўбцаў аддаюць перавагу літаратурнаму краязнаўству.
— Дашкольны ўзрост — самы спрыяльны час, каб азнаёміць дзяцей з разнастайнасцю жанраў мастацкай літаратуры і прыцягнуць іх да маўленчай дзейнасці, звязанай з успрыманнем твораў, — зазначае загадчыца дзіцячага сада Дар’я Пятрова. — Маленькае дзіця вучыцца кіраваць гаджэтамі раней, чым знаёміцца з кнігай, а літаратурны вопыт чытача-дашкольніка абмяжоўваецца праглядам мультфільмаў. Мы знайшлі спосаб змяніць гэта — пачалі прымяняць літаратурнае краязнаўства. Яно знаёміць з гісторыяй і сучасным літаратурным жыццём рэгіёна. Разам з дзецьмі вывучаем біяграфіі пісьменнікаў, звязаных з той ці іншай мясцовасцю, чытаем літаратурныя творы і абмяркоўваем мастацкія вобразы ў іх. Аб’ектамі літаратурнага краязнаўства з’яўляюцца таксама ўсе сродкі ўвекавечання памяці пісьменніка: музеі, помнікі, мемарыяльныя дошкі і інш.
Самы важны кампанент літаратурнага краязнаўства — экскурсійная дзейнасць. Для гэтага педагогі стварылі віртуальны даведнік па родным горадзе “Турфірма “Стаўбчаначка”. Інтэрактыўны памочнік-карта знаёміць дзяцей і дарослых з вядомымі месцамі родных Стоўбцаў і ўключае 20 пешых маршрутаў культурна-гістарычнай, фізкультурна-аздараўленчай, экалагічнай і пазнавальнай накіраванасці для дзяцей і бацькоў. Асаблівай папулярнасцю ў раёне карыстаюцца экскурсійныя маршруты, звязаныя з жыццём і творчым шляхам Якуба Коласа, і гэта нядзіўна. Да таго ж жаданне азнаёміцца з творчасцю славутага земляка пацвярджае цікавасць дарослых і дзяцей да беларускай мовы.
— Выкарыстанне гэтага рэсурсу ў адукацыйным працэсе дазваляе азнаёміць дашкалят з жыццём і творчасцю пісьменнікаў-землякоў, а таксама ў рэальным часе пабываць у тых месцах, дзе нарадзіліся і жылі Якуб Колас, Мікола Маляўка, Яўген Хвалей, Казімір Камейша, — дадае Дар’я Юр’еўна. — З выхаванцамі сярэдняга і старэйшага дашкольнага ўзросту мы арганізоўваем шэраг экскурсій да прыродных і сацыяльна значных аб’ектаў малой радзімы. Разам з тым пытанні патрыятычнага выхавання вырашаем праз узаемадзеянне з літаратурна-мемарыяльным музеем Я.Коласа, Стаўбцоўскай дзіцячай раённай бібліятэкай імя Я.Коласа.
Мова родная — мова модная
Завяршыць знаёмства з гісторыяй роднага краю выключна экскурсіямі і паставіць на гэтым кропку было б няправільна: калі цікавасць дзяцей да літаратуры і гісторыі расце, трэба шукаць новыя метады работы, пашыраць магчымасці для пазнавальнай дзейнасці малышоў.
Менавіта гэта падштурхнула педагогаў для знаёмства дашкалят з творчасцю пісьменнікаў-землякоў выкарыстаць кніжны адвент-каляндар і тэхналогію сторысек. Д.Пятрова расказала, што выхавальнікамі дашкольнай адукацыі Стаўбцоўскага раёна гэтая тэхналогія прымяняецца вельмі актыўна, прычым не толькі на занятках, але і падчас арганізацыі нерэгламентаванай дзейнасці выхаванцаў.
Сторысек у перакладзе з англійскай азначае “мяшок гісторый”. Яго ідэя заключаецца ў чытанні кніг па-новаму, гэта значыць, сумесна з гульнямі, квестамі, загадкамі, размалёўваннем герояў твора, праглядам мультфільмаў і буктрэйлераў. Усё гэта магчыма сумясціць дзякуючы дадатковым матэрыялам, якія знаходзяцца ў меху гісторый разам з кнігай. Стварыць і напоўніць такі мех — карпатлівая праца.
— Першапачаткова трэба вырабіць сам мяшок — ён павінен быць каляровым і прыцягваць увагу, — знаёміць з тэхналогіяй загадчыца дашкольнай установы. — Выдатна, калі ў дызайнерскім афармленні будуць адгадвацца прыметы літаратурнага твора. Пасля трэба знайсці кнігу з творам, якому прысвячаецца сторысек. Па афармленні і змесце яна павінна адпавядаць узросту дзіцяці. Таксама неабходна падабраць астатнія складнікі камплекта. Гэта могуць быць мяккія цацкі ці цацкі з кіндар-сюрпрызаў, гумовыя фігуркі, пальчыкавыя і пальчаткавыя лялькі, маскі і інш. Усе яны павінны быць правобразамі герояў выбранага твора. Сюды ж, у мех, можна пакласці навукова-папулярную кнігу на тэму, блізкую да мастацкага твора, DVD з мультфільмам ці казкай па творы.
Важныя кампаненты тэхналогіі сторысек — дыдактычныя гульні, якія распрацоўваюць самі педагогі па змесце выбранага літаратурнага твора, і шпаргалкі для дарослых. Ролю апошніх выконваюць памяткі, інфармацыйныя буклеты, рэкамендацыі і г.д. У гэты ж спіс дабаўляем варыянты мастацкіх кніг розных выдавецтваў з непадобнымі тыпамі ілюстрацый, прыклады пытанняў для размовы па кнізе, біяграфію пісьменніка ў цікавых фактах і рэкамендацыі па арганізацыі працэсу чытання.
— На завяршэнне трэба зрабіць апісанне гатовага сторысека, — дадае Дар’я Юр’еўна. — Прыгожа аформлены спіс таго, што будзе знаходзіцца ў мяшку, таксама памяшчаецца ўнутр. Мы абавязкова прапануем дамашнія заданні да навукова-папулярнай кнігі, напрыклад, просім стварыць калаж з газетных або часопісных выяў, якія адпавядаюць тэматыцы кнігі.
Сторысек — не проста цікавая форма арганізацыі вучэбнай і пазнавальнай дзейнасці малышоў. Гэта выдатны варыянт правядзення сумеснага вольнага часу дарослых і дзетак. Пасля таго як на занятках выхаванцы азнаёміліся з новым літаратурным творам з дапамогай тэхналогіі сторысек, мяшок гісторый перасяляецца ў раздзявалку групы. Адтуль яго можна ўзяць дадому і перадаць наступным удзельнікам. Так мех з гісторыямі, напоўнены творамі пісьменнікаў-землякоў, падарожнічае па сем’ях выхаванцаў. Для выхавальніка мяшок гісторый — гэта паўнавартасныя структураваныя заняткі па мастацкай літаратуры, а для бацькоў — добры спосаб паназіраць за сваімі маленькімі разумнікамі.
— Раскрыю яшчэ адзін сакрэт названай тэхналогіі: пасля нялёгкай, але вельмі цікавай работы з прадстаўленымі творамі мастацкай літаратуры арганізоўваецца выніковае мерапрыемства, напрыклад, тэатральная пастаноўка або літаратурны ранішнік, — прыводзіць прыклад Дар’я Пятрова.
Але не толькі сторысек дапамагае педагогам Стаўбцоўшчыны вучыць дзяцей роднай мове, літаратуры і мастацтву. Дзейсны інструмент — кніжны адвент-каляндар. Якім ён можа быць? Гэта канверцікі, маленькія дэкаратыўныя кішэні, скруткі або скрыначкі з ілюстрацыямі твораў, з фота аўтараў, заданнямі, кніжнымі сюрпрызамі на кожны дзень.
— Наш каляндар напоўнены цікавымі заданнямі па матывах творчасці пісьменнікаў-землякоў, — прэзентуе яшчэ адну распрацоўку Дар’я Пятрова. — Згадзіцеся: было б няправільна дзяцей, якія нарадзіліся і растуць на стаўбцоўскай зямлі, знаёміць з жыццём і творчасцю пісьменнікаў-землякоў, не выходзячы з дзіцячага сада. Кожны жыхар нашага раёна павінен пабываць у тых месцах, дзе нарадзіліся і жылі вядомыя літаратары.
Для такога падарожжа педагогі стварылі інтэрактыўную карту, дзе экскурсійныя маршруты структураваны па блоках. Аглядная прагулка змяшчае фота аб’екта, інфармацыю аб месцы яго размяшчэння, дадатковыя графічныя матэрыялы. Для таго каб дзеці і бацькі актыўна далучаліся да экскурсійных маршрутаў, падарожнікам прапаноўваецца “Практычны даведнік”. У меню прадстаўлены тэматычныя блокі: “Чым заняць дзіця на прагулцы”, “У дапамогу бацькам”, “Сумесныя гульні”, “Чым заняцца пасля прагулкі”.
— Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца экскурсійныя маршруты, звязаныя з жыццём і творчым шляхам Я.Коласа, — дапаўняе педагог. — Мы праверылі і з упэўненасцю можам сказаць, што вельмі эфектыўна выкарыстоўваць каляндар напярэдадні юбілеяў беларускіх пісьменнікаў. Наш адвент напоўнены цікавымі заданнямі па матывах іх творчасці.
Шляхам Якуба Коласа
На Стаўбцоўшчыне ўжо склаўся свой адметны каляндар традыцыйных мерапрыемстваў, прысвечаных Якубу Коласу, а іх актыўнымі ўдзельнікамі з’яўляюцца ўстановы дашкольнай адукацыі. У горадзе праводзіцца фестываль чытальнікаў “Чытаем нёманскія хвалі”, музейны забег “Шляхам Якуба Коласа”. Такія сучасныя формы работы садзейнічаюць папулярызацыі беларускай мовы сярод бацькоў, адраджэнню традыцыі сямейнага чытання.
— Прэзентацыя дзіцячых кніг, якія выдалі нашы выхаванцы напярэдадні дня нараджэння песняра, адбылася ў Стаўбцоўскай дзіцячай раённай бібліятэцы імя Я.Коласа і не пакінула абыякавымі яе чытачоў, — зазначае Дар’я Пятрова.
Работа дзіцячага сада № 1 Стоўбцаў у супрацоўніцтве з Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Я.Коласа адзначана падзячнымі лістамі. Акрамя таго, стала добрай традыцыяй правядзенне ва ўстановах дашкольнай адукацыі Стаўбцоўскага раёна тэматычных дзён “Мова родная — мова модная”, “Каласавіны”, якія садзейнічаюць выхаванню каштоўнасных адносін дзяцей да роднага краю і беларускага слова. Мэтанакіраваная работа па далучэнні дзяцей дашкольнага ўзросту да твораў мастацкай літаратуры сродкамі краязнаўства ажыццяўляецца на працягу многіх гадоў. Дзякуючы гэтаму педагогі Стаўбцоўшчыны напрацавалі станоўчы вопыт, які быў прадстаўлены на пасяджэнні савета па пытаннях дашкольнай адукацыі Мінскай вобласці і на семінары-практыкуме паміж педагогамі Маладзечанскага і Стаўбцоўскага раёнаў.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА