Пубертатны крызіс, які прыпадае на падлеткавы ўзрост, — вельмі ўразлівы перыяд сталення і станаўлення асобы. Падлетак вучыцца разумець свае эмоцыі і эмоцыі іншых людзей, і гэты першы вопыт можа быць даволі балючы.
Сам-насам з праблемамі
Праяўленні падлеткавага негатывізму, супраціўлення, пратэстных паводзін, жаданне рабіць усё наадварот, агрэсія і аўтаагрэсія не проста насцярожваюць дарослых, педагогаў і бацькоў, а, як ні дзіўна, палохаюць і адштурхоўваюць. Чаму? Таму што ў такіх сітуацыях дарослыя самі часта губляюцца, не ведаючы, як рэагаваць па-іншаму, падключаюцца да эмоцый дзіцяці, адказваюць падобнай эмацыянальнай, негатыўна афарбаванай рэакцыяй. І атрымліваецца, што падлетак застаецца сам-насам са сваімі праблемамі, якія здаюцца яму невырашальнымі, ён не бачыць іншых спосабаў і магчымасцей для пераадолення цяжкасцей, акрамя аднаго — скончыць адразу з усімі непрыемнасцямі адным махам…
Для дзіцяці, асоба якога толькі фарміруецца, пратэст і негатывізм — гэта часта адзінае пасільнае для яго выяўленне патрэбы ў самастойнасці, спроба праявіць і сцвердзіць сваё “я”, выліць негатыў і напружанне.
У перыяд пераходу ад дзяцінства да юнацтва важна не заглушаць “непажаданыя” паводзіны дзіцяці, не “ваяваць” з ім, а навучыць яго канструктыўным, гэта значыць прымальным, спосабам распазнавання і выказвання эмоцый, выхаду з цяжкіх сітуацый.
Чалавечы фактар
Сёння ў сацыяльных педагогаў, педагогаў-псіхолагаў, настаўнікаў ёсць шмат інструментаў, карысных матэрыялаў у адкрытым доступе для прафілактычнай работы і дапамогі дзецям, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, па пераадоленні негатыўных эмацыянальных станаў, ёсць дакладны алгарытм дзеянняў на выпадак выяўлення аўтаагрэсіўных праяўленняў у навучэнцаў. Але, тым не менш, вырашальным у гэтым пытанні быў і застаецца чалавечы фактар — увага і неабыякавасць да іншых, да тых, хто побач.
Нярэдка менавіта настаўнікі першымі заўважаюць трывожныя званочкі ў паводзінах або змяненне настрою падлетка і прапаноўваюць сваю дапамогу ў выглядзе спагадлівай гутаркі, добрага слова ці парады звярнуцца да педагога-псіхолага. Такі крок праз разуменне, суперажыванне, неабыякавасць дае падлетку надзею, што не ўсё страчана, выйсце ёсць і ёсць тыя, хто можа дапамагчы. Часта гэты першапачатковы ўдзел з’яўляецца вырашальным момантам і яго можа быць дастаткова, каб прадухіліць непапраўнае.
Калі ў педагогаў або бацькоў адносіны з дзецьмі будуюцца выключна функцыянальна, на прывычных аўтаматычных патэрнах узаемадзеяння, то адбываецца неўсвядомленае абясцэньванне структуры ўнутранага свету дзіцяці, якая ўскладняецца, сталее, упускаецца магчымасць захаваць кантакт на аснове даверу і ўзаемаразумення з “ужо не дзіцем, але яшчэ не дарослым”. Нягледзячы на тое, што падлеткі становяцца заканамерна абстрагаванымі, падкрэсліваючы сваю даросласць і незалежнасць, яны ўсё яшчэ маюць патрэбу ва ўвазе, падтрымцы і дапамозе.
Першыя прыметы няшчасця
Настаўнікі і бацькі могуць выканаць невялікую самадыягностыку.
1) Выберыце з ніжэй прапанаваных або пазначце іншыя неспрыяльныя эмацыянальныя праяўленні, якія вы часцей за ўсё назіраеце ў падлеткаў (свайго класа/свайго дзіцяці): трывога, страх, няўпэўненасць, апатыя, абыякавасць, замкнёнасць, сум, маркота, гнеў, злосць, агрэсія, раздражняльнасць і інш.
2) Успомніце, як вы звычайна рэагуеце на праяўленне такіх эмоцый: адказваю прыкладна тым жа, злуюся, палохаюся, хвалююся, лаюся, спрабую дапамагчы, стараюся пагаварыць, не чапаю, звяртаюся да спецыялістаў і інш.
3) Падумайце, чым, па-вашаму, з’яўляюцца такія эмацыянальныя праяўленні ў падлеткаў: узроставымі асаблівасцямі, пройдуць; асобаснымі ўласцівасцямі і асаблівасцямі характару; сітуатыўнымі рэакцыямі; нармальнымі эмоцыямі, уласцівымі ўсім людзям; трывожнай прыметай наяўнасці сур’ёзных праблем; прыметай захворвання і інш.
Калі адказы атрыманы, можна прааналізаваць сваё бачанне сітуацыі, вылучыць тыповыя праблемы і шляхі іх пераадолення.
На што варта звярнуць увагу дарослых, педагогаў, бацькоў у першую чаргу? На першыя прыметы магчымага няшчасця, дэпрэсіўных тэндэнцый, негатыўнага эмацыянальнага стану, які ўзмацняецца. Пры гэтым важна разумець: нягледзячы на тое, што дэпрэсія з’яўляецца даволі распаўсюджанай у падлеткавым узросце, дыягнастуецца яна толькі ўрачом! Па статыстыцы, больш за 5% дзяцей і падлеткаў пакутуюць ад дэпрэсіі. Часцей за ўсё гэта падлеткі ў стане стрэсу, якія перажылі страту, маюць цяжкасці ў адносінах з бацькамі і іншыя сямейныя праблемы, цяжкасці з навучаннем і зносінамі з аднагодкамі. Клінічную дэпрэсію ў падлеткаў дыягнастуе толькі ўрач, ставіць самастойна дыягназ ні ў якім выпадку нельга.
Стрэс у падлетка
Разгледзім найбольш тыповыя прыметы перажывання стрэсу ў падлеткаў.
- Доўгі час і на працягу большай часткі дня дзіця знаходзіцца ў прыгнечаным стане. Часам дзеці знаходзяцца настолькі доўга ў такім стане, што яны ўспрымаюць яго як норму і не скардзяцца на змяненне свайго настрою.
- Адзначаюцца апатыя, сум, страта цікавасці да ўсяго. Падлетак можа пачаць залішне вінаваціць сябе ў няўдачах, крытыкаваць сябе і балюча ўспрымаць крытыку ў свой адрас з боку навакольных. Можа з’явіцца пачуццё нікчэмнасці, непрымання, безнадзейнасці, з’яўляюцца думкі аб тым, што не варта жыць, што ўсё дарэмна.
- Праяўленні раздражняльнасці і агрэсіўнасці суправаджаюцца пачуццём няўпэўненасці, страхам, з’яўляюцца праблемы з канцэнтрацыяй увагі, зніжаецца матывацыя, адчуваецца страта энергіі. Падлеткі могуць перастаць удзяляць увагу сваёй знешнасці і гігіене.
- Характэрнымі таксама з’яўляюцца частыя пропускі школьных заняткаў і пагаршэнне паспяховасці ў школе, могуць назірацца змяненні ў харчаванні, рэжыме сну, спробы сыходу з дому, самапашкоджанні.
Падлеткі, у якіх узнікаюць праблемы ўнутры сям’і ці ў сценах школы, на самай справе могуць знаходзіцца ў цяжкім эмацыянальным стане, але пры гэтым не разумець, што з імі адбываецца. Пры гэтым бацькі і настаўнікі не адразу могуць зразумець, што паводзінскія праблемы з’яўляюцца вынікам унутраных праблем, бо падлетак не заўсёды можа знаходзіцца ў прыгнечаным стане, а, наадварот, паводзіць сябе дэманстратыўна ці абуральна.
Разумець і падтрымліваць
Такія праяўленні трэба разглядаць як крык аб дапамозе. Першапачатковая дапамога падлеткам у такіх абставінах будуецца па наступных прынцыпах.
- РАЗУМЕЦЬ, што любы чалавек, які апынаецца ў цяжкай сітуацыі, асабліва, калі не бачыць выйсця з яе, мае патрэбу не ў крытыцы і асуджэнні, а ў разуменні, у тым, каб яго бачылі, чулі, ва ўпэўненасці, што яго не абвінавацяць, не адвернуцца.
- ВЫСЛУХАЦЬ. Даць магчымасць выхаду ўнутранаму напружанню праз словы, усплёск эмоцый — гэта нармальна, не трэба баяцца праяўлення негатыўных эмоцый.
- ДАЦЬ ЧАС СУПАКОІЦЦА. На гэта неабходны час, важна ўлічваць “тармазны ход” нервовай сістэмы ў стане пераўзбуджэння. Імгненна супакоіцца немагчыма. І толькі ў спакойнай атмасферы варта правесці гутарку.
- ПАГАВАРЫЦЬ, праявіць спагаду, увагу, падтрымаць словамі.
- ЗВЯРНУЦЦА ДА СПЕЦЫЯЛІСТАЎ па псіхалагічную, сацыяльна-педагагічную дапамогу.
Падлеткавая аўтаагрэсія, суіцыдальныя дзеянні далёка не заўсёды з’яўляюцца дакладна прадуманым і спланаваным намерам. Вельмі часта гэта вынік імпульсіўных, сітуатыўных эмацыянальных рэакцый. Своечасовая псіхалагічная дапамога, спагада, аказаная падлетку ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, дапамогуць пазбегнуць трагедый.
Аксана БАРОНАВА,
старшы выкладчык кафедры філасофіі
і гуманітарных праблем адукацыі МГІРА,
псіхолаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі
Фота з адкрытых крыніц інтэрнэту