Сцежкі-дарожкі вістыцкіх школьнікаў

- 11:19Выхаванне
А.М. Піваварчук са сваім верным двухколавым сябрам

За 18 гадоў настаўнік геаграфіі і гісторыі Вістыцкай сярэдняй школы Брэсцкага раёна Аляксандр Міхайлавіч Піваварчук пераадолеў на веласіпедзе 75 тысяч кіламетраў. Каб уявіць гэтую адлегласць, узгадаем, што акружнасць Зямлі па экватары складае каля 40 тысяч кіламетраў. На працягу 27 гадоў педагагічнай работы Аляксандр Міхайлавіч знаходзіцца ў пастаянным руху, пошуку новых веласіпедных шляхоў і краязнаўчых маршрутаў.

З 2000 года настаўнік з’яўляецца кіраўніком школьнага гуртка “Бацькаўшчына”. Спачатку, як расказаў Аляксандр Міхайлавіч, гурток меў нумізматычны напрамак. Дзеці збіралі і вывучалі манеты розных часоў і дзяржаў. Сёння ў калекцыі педагога налічваецца каля 10 тысяч манет. Нумізматычны матэрыял сістэматызаваны і выкарыстоўваецца на ўроках пры вывучэнні краін свету.
З 2005 года гурток набыў “веласіпедны” напрамак. Паколькі Аляксандр Міхайлавіч даўно захапляўся “двухколавымі” падарожжамі па родным краі, настаўнік вырашыў прыцягнуць да вывучэння прыродных і гістарычных помнікаў малой радзімы школьнікаў, якія з энтузіязмам адгукнуліся на цікавую прапанову. Сёння ў гуртку займаюцца 15 вучняў 5—11 класаў.
— Школьнае краязнаўства — цудоўная магчымасць не толькі для вывучэння роднага краю, але і для блізкіх зносін з прыродай, экалагічнага выхавання, — гаворыць Аляксандр Міхайлавіч. — Гэтая работа добра фарміруе дзіцячы светапогляд, патрыятычныя пачуцці, павагу да гісторыка-культурнай спадчыны свайго народа. Падчас вывучэння прыроды, насельніцтва, гісторыі роднай мясцовасці, гаспадарчай дзейнасці рэгіёна школьнікі набываюць карысны вопыт, неабходны ў дарослым жыцці. А.М. Піваварчук са сваім верным двухколавым сябрам

А.М.Піваварчук лічыць веласіпед адным з лепшых відаў транспарту для экскурсій і вандровак па родным краі, бо двухколавы сябар добра трэніруе цела, забяспечвае рухальную актыўнасць, дазваляе пераадольваць значныя адлегласці і пранікаць у цяжкадаступныя мясціны. Акрамя таго, веласіпедныя паездкі садзейнічаюць трываламу засваенню правіл дарожнага руху, развіваюць у дзяцей такія якасці, як узаемадапамога і адказнасць, калектывізм і дысцыплінаванасць, настойлівасць у дасягненні мэты, а таксама выпрацоўваюць у складаных дарожных умовах хуткасць рэакцыі, цягавітасць, сілу і спрыт. Падчас паездак і экскурсій істотна пашыраецца кругагляд навучэнцаў.
За 7 гадоў гурткоўцы здзейснілі не адну сотню паездак. Самы працяглы маршрут склаў 268 кіламетраў. Выхаванцы Аляксандра Міхайлавіча наведалі звыш 160 населеных пунктаў на тэрыторыі Брэсцкага, Жабінкаўскага, Камянецкага, Кобрынскага, Пружанскага і Маларыцкага раёнаў. Падчас гэтых паездак школьнікі праводзілі даследаванні мясцовасці па розных напрамках.
Першы напрамак звязаны з вывучэннем геаграфічных аб’ектаў, размешчаных на тэрыторыі не толькі Брэсцкага раёна, але і суседніх з ім рэгіёнаў. Так, школьнікі цесна пазнаёміліся з найвышэйшай (186 метраў) і найніжэйшай (122 метры) кропкамі Брэсцкага раёна, якія знаходзяцца на мяжы трох сельсаветаў каля вёскі Заполле і на дзяржаўнай мяжы з Польшчай каля вёскі Чыжэвічы, кар’ерамі па здабычы пяску, крыніцамі, шматлікімі рэкамі, азёрамі і ляснымі масівамі Брэсцкага і Камянецкага раёнаў. Падчас пераходаў праз раку Лясную школьнікі даследавалі і апісвалі масты.
Другі напрамак даследаванняў ахоплівае аб’екты, звязаныя з жыццём і дзейнасцю вядомых людзей. Так, вёска Скокі — радзіма паплечніка Тадэвуша Касцюшкі пісьменніка Юліяна Нямцэвіча; вёскі Малыя і Вялікія Сяхновічы — радзіма нацыянальнага героя некалькіх краін Тадэвуша Касцюшкі; вёска Шастакова — радзіма аднаго з кіраўнікоў паўстання 1863 — 1864 гадоў Рамуальда Траўгута, а вёска Воўчын — радзіма апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага.
Трэці напрамак работы звязаны з мясцінамі, дзе ў час Вялікай Айчыннай вайны ішлі баі. Брацкія магілы і помнікі воінам-вызваліцелям ёсць амаль у кожнай вёсцы.
Чацвёрты напрамак тычыцца архітэктурных помнікаў роднага краю, якія пераважна прадстаўлены касцёламі і цэрквамі. Так, касцёлы ўпрыгожваюць вёскі Чарнаўчыцы (Троіцкі касцёл 1585 года) і Пелішча (касцёл Сэрца Ісуса), а таксама горад Высокае (касцёл Святой Тройцы). Цэркваў налічваецца значна больш. Навучэнцы даследавалі Крыжаўзвіжанскую царкву 1678 года ў вёсцы Вістычы, царкву Параскевы Пятніцы 1733 года ў вёсцы Чарнаўчыцы, Спаса-Праабражэнскую царкву 1725 года і манастыр у вёсцы Хмелева, Свята-Мікалаеўскую царкву ў вёсцы Вялікія Сяхновічы, а таксама цэрквы яшчэ ў амаль 20 населеных пунктах.
Пяты напрамак работы ўключае вывучэнне помнікаў гісторыі і археалогіі, якія ў асноўным прадстаўлены курганнымі і бескурганнымі могільнікамі, што знаходзяцца ўздоўж ракі Лясной па абодвух берагах каля вёсак Дружба, Покры, Трасцяніца, Ратайчыцы і інш. Так, каля Покраў знаходзіцца старажытнае гарадзішча, каля Крыўлян — рэшткі сярэдневяковага палаца, а ў Высокім палац захаваўся лепш за ўсё. Акрамя таго, захаваліся асобныя пабудовы мінулых стагоддзяў у вёсках Вялікія Сяхновічы (рэшткі крухмальнага завода), Малыя Сяхновічы (будынак сыраварні), Алешкавічы і Шпіталі (рэшткі млыноў), Ратайчыцы і Воўчын (свіран) і Вялікая Ракавіца (капліца-пахавальня).
Шосты напрамак даследаванняў — старажытныя палацава-паркавыя ансамблі і сядзібы. На жаль, захаванасць большасці з іх вымушае жадаць лепшага, аднак паглядзець сёе-тое ўсё ж магчыма.
— Каб паездка атрымалася ўдалай і карыснай для ўсіх, неабходна ўсё дакладна прадумаць і спланаваць, — адзначае Аляксандр Міхайлавіч. — Зыходзячы з мэт і задач, распрацоўваецца маршрут паездкі, прадумваюцца месцы прыпынкаў, аб’екты для вывучэння, час руху. Абавязкова ўлічваюцца ўзрост і фізічная падрыхтаванасць дзяцей, умовы надвор’я, адлегласць.
Усе ўдзельнікі веласіпеднай паездкі павінны быць да яе добра падрыхтаваны ў фізічным плане, мець адпаведную экіпіроўку і дастатковы запас ежы і піцця, ведаць правілы дарожнага руху, захоўваць дысцыпліну.
Падчас паездкі робяцца запісы, у выніку апрацоўкі якіх праводзіцца далейшае апісанне паездкі, а таксама занатоўваюцца вучнёўскія ўражанні. Абавязкова ажыццяўляюцца фатаграфаванне аб’ектаў і розныя вымярэнні (глыбіня кар’ера, шырыня і глыбіня ракі, тэмпература вады ў рацэ ці возеры, шырыня і даўжыня мастоў, пераадоленая адлегласць, час і хуткасць руху), назіранні за надвор’ем (тэмпература паветра, хмарнасць, напрамак і сіла ветру). Акрамя таго, дзеці працуюць з картай (вызначаюць месцазнаходжанне і адлегласць, выбіраюць напрамак руху).
Па словах настаўніка, матэрыялы паездак у далейшым выкарыстоўваюцца на ўроках гісторыі і геаграфіі, занятках па краязнаўстве, уроках і пазакласных мерапрыемствах па англійскай мове, экскурсіях па школе для замежных гасцей.
Прыкладам аднаго з маршрутаў можа служыць паездка па маршруце “Ад вышэйшай да ніжэйшай кропкі Брэсцкага раёна”: Вістычы — Казловічы — казловіцкі кар’ер — адзнака 186 метраў — Заполле — запольская крыніца — хутар Матыкалы — Вялікія Матыкалы — Нехалсты — Малая Ракавіца — Вялікая Ракавіца — Сычы — Вельямовічы — Чыжэвічы — адзнака 122 метры— Галачова — возера Бужжа — Галачова — Чылеева — Вялікія Матыкалы — Малыя Матыкалы — Смуга — Вістычы. Працягласць маршруту — 54 кіламетры, час пераадолення — да 7 гадзін.
Мэта паездкі — наведванне і вывучэнне найвышэйшай і найніжэйшай кропак Брэсцкага раёна, а таксама іншых аб’ектаў па шляху руху. Школьнікі стартуюць ад калоны ХVІІІ стагоддзя, размешчанай каля Вістыцкай сярэдняй школы. Маршрут паездкі распрацаваны такім чынам, каб рух быў максімальна бяспечным. Для гэтага выбіраюцца не магістральныя дарогі, а тыя, дзе транспартны рух невялікі. У кожным населеным пункце наведваюцца розныя адметныя аб’екты, колькасць якіх даволі вялікая (цэрквы, капліцы, помнікі, мясціны баёў у чэрвені 1941 года, фрагменты палацава-паркавых ансамбляў, кар’еры па здабычы пяску, старажытны гасцінец, водныя аб’екты, заказнік “Бужскі”).
— Распрацаваць можна любую колькасць маршрутаў, прычым самага рознага прызначэння, у тым ліку з элементамі экстрыму, — гаворыць Аляксандр Міхайлавіч. — Пазалетась наша школа стала рэспубліканскай інавацыйнай пляцоўкай па адпрацоўцы элементаў выжывання ў экстрэмальных умовах. Падчас веласіпедных паездак здараюцца розныя нечаканыя сітуацыі, якія патрабуюць хуткага вырашэння. Некаторыя сітуацыі можна стварыць штучна. Гэта дапамагае адпрацаваць навыкі па іх пераадоленні.

Гурткоўцы падчас веласіпедных вандровак

У эксперыменце ўдзельнічаюць навучэнцы 5—7 класаў, таму працягласць паездак складае не больш за 30 кіламетраў. Вёска Вістычы размешчана ў зручным для арганізацыі паездак месцы. Гэта дазваляе распрацаваць маршрут рознай ступені складанасці з улікам шматлікіх аб’ектаў для вывучэння.
Адбылося некалькі экстрэмальных паездак, падчас якіх правяраліся фізічныя і маральныя магчымасці школьнікаў. Удзельнікі праверылі сябе на трываласць і даказалі, што пры адпаведнай падрыхтоўцы можна пераадолець любыя цяжкасці.
Экстрэмальнымі элементамі паездак былі мінусавая і “спякотная” тэмпературы, ападкі, моцны вецер, пераадоленне крутых схілаў, язда па палявых, гравійных і пясчаных дарогах, бездарожжы. Калі вы думаеце, што на веласіпедзе нельга ездзіць зімой, то памыляецеся. Для вістыцкіх школьнікаў снег не з’яўляецца сур’ёзнай перашкодай.
— Калі добра падрыхтавацца — няма нічога немагчымага, — упэўнены А.М.Піваварчук. — Іншая справа, што сёння, бывае, цяжкавата адарваць дзяцей ад камп’ютара, які з’яўляецца моцным канкурэнтам для многіх карысных заняткаў.
Пры гуртку дзейнічаюць два клубы. Клуб Дзмітрыя Каляды, які аб’ядноўвае 9 чалавек, названы ў гонар навучэнца, які першым праехаў адну тысячу кіламетраў. Сёння за плячыма юнака ўжо 10 тысяч кіламетраў. І спыняцца на дасягнутым хлопец не збіраецца. У складзе клуба веласіпедных марафонцаў — 7 чалавек, а прайшлі праз яго ў свой час каля 150.
Важна, што па выніках паездак выконваюцца даследчыя работы. Сярод іх — “Мова нашай мясцовасці”, “Па старонках жыццёвага шляху былога дырэктара школы Мікалая Васільевіча Навуменкі” (узначальваў установу 33 гады), “Уладальнікі Вістыч у ХV — XIX стагоддзях”, “Надвор’е вёскі Вістычы” (за 16 гадоў), “Дарогі нашага краю” і інш. Усе работы суправаджаюцца вялікай колькасцю фотаздымкаў, на якіх адлюстроўваецца выгляд розных аб’ектаў з часавымі інтэрваламі. Сачыць за развіццём рэгіёна, зменамі ў знешнім выглядзе вуліц і дамоў надзвычай цікава.
Сёння выхаванцы Аляксандра Міхайлавіча займаюцца вывучэннем гнездаванняў буслоў на тэрыторыі Брэсцкага раёна. Падчас 25 паездак навучэнцы наведалі 94 вёскі, дзе выявілі 182 гнязды гэтай птушкі. Наперадзе ў вістыцкіх школьнікаў шмат новых адкрыццяў і незабыўных уражанняў. Сцежкі-дарожкі клічуць у чарговую веласіпедную вандроўку па родным краі.

 

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

hryshkevich@ng-press.by

Фота аўтара і з архіва Вістыцкай сярэдняй школы.