Студэнт Аляксандр Мароз стварыў рэцэптуру тварожнага вырабу павышанай біялагічнай каштоўнасці для дзяцей

- 12:12Новости

Студэнту Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій Аляксандру Марозу ўсяго 21 год, а на яго рахунку — актуальная навуковая распрацоўка і грант на рэалізацыю ад Міністэрства адукацыі, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

— Выкладчыкі заўважылі маё імкненне да вучобы і прапанавалі далучыцца да навуковай дзейнасці. Так, на другім курсе я пачаў прымаць удзел у даследаваннях тварагу: назіраў, праводзіў доследы і эксперыменты. Паступова захапіўся, захацелася паспрабаваць вынайсці што-небудзь сваё. Аналізаваў вытворчасць малочных прадуктаў. З цягам часу ўзнікла распрацоўка тэхналогіі кісламалочнага прадукту для да­школьнага і школьнага харчавання, якая атрымала грант ад Міністэрства адукацыі, — расказаў Аляксандр.

Даследаванне маладога навукоўца мае шматгранную карысць. Аляксандр Мароз стварыў рэцэптуру тварожнага вырабу павышанай біялагічнай каштоўнасці. Гэта асабліва важна для дзяцей, бо іх арганізм пастаянна расце.

— Дзеці маюць рэгулярную патрэбу ў вялікай колькасці незаменных амінакіслот, ім трэба шмат карысных мікра- і макра­элементаў, таму я вырашыў распраца­ваць тэхналогію тварожнага сырка з павышаным утрыманнем сыроватачных бялкоў. Зра­біць гэта атрымалася з дапамогай дабаўлення да тварагу сыру рыкота. У новага прадукту атрымаліся прывабныя смакавыя якасці і высокая карыснасць. Каб яго выпускаць, прадпрыемствам не трэба нейкага асобнага абсталявання. Канечне, хацелася б пабачыць сваю распрацоўку ў вытворчасці, — падзяліўся юнак.

Пакуль у планах хлопца — пайсці працаваць, алё ён упэўнены: інавацыйныя навуковыя ідэі спатрэбяцца паўсюдна.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара