Учарашняя малапрыметная старшакласніца сёння ў цэнтры ўвагі на ўніверсітэцкай сцэне БДУ. Чараўніцтва, няйначай! Творчая атмасфера і бурнае грамадскае ўніверсітэцкае жыццё ствараюць сапраўдныя цуды з нядаўнімі абітурыентамі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».
З шэрай мышкі — у жар-птушку
Па словах работнікаў упраўлення па справах культуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, пераўвасабленне са сціплай шэрай мышкі ў сапраўдную жар-птушку ці з юнака-зануды ў душу кампаніі — з’ява частая. Модныя курсы асобаснага росту або тэрапіі з псіхолагам тут зусім ні пры чым. Уся справа ў багацці творчасці, зносін і актыўнасці, якімі насычаны вольны час студэнтаў. Дзякуючы гэтаму маўчуны разнявольваюцца, становяцца ўпэўненымі ў сабе, запатрабаванымі і выдатнымі маладымі людзьмі, а тыя, хто актыўнічаў у школьныя гады, развіваюць свае таленты і ператвараюцца ў сапраўдных зорак універсітэцкай сцэны.
Сёння Белдзяржуніверсітэт налічвае больш за 50 аб’яднанняў па інтарэсах, дзе студэнты праводзяць свой вольны час. Сярод творчых калектываў БДУ два носяць званне заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь і шэсць — званне народнага. Некаторыя паспяхова працуюць ужо восем дзясяткаў гадоў. Сярод іх заслужаны аматарскі калектыў Беларусі ансамбль танца «Крыжачок», заслужаны аматарскі калектыў Беларусі фальклорна-этнаграфічны ансамбль «Неруш» БДУ, народная студэнцкая харавая капэла БДУ.
— Асобнай увагі заслугоўвае работа праектнага, прадзюсарскага і інфармацыйнага цэнтраў нашага кіравання, куды ўваходзіць больш за тры сотні студэнтаў 1—4 курса. Гэта ўнікальная структура, якая функцыянуе на аснове самаарганізацыі актыўнай творчай моладзі. Кожны студэнт пры жаданні тут знаходзіць прымяненне сваім прамоўніцкім, артыстычным, арганізатарскім, рэжысёрскім і іншым талентам, уключыўшыся ў работу аднаго з цэнтраў. Гэта тое месца, дзе юныя таленты, паглыбляючыся ў атмасферу эмоцый, творчасці і крэатыву, могуць рэалізаваць свой патэнцыял на ўсе сто працэнтаў, — адзначае начальнік упраўлення па справах культуры БДУ Уладзімір Макарэвіч.
Сярод маштабных студэнцкіх культурных праектаў БДУ фестывалі інтэлектуальных гульняў «Студэнцкія гульні БДУ» і «Трэк», песенны конкурс «Фестываль эстрады БДУ», міжнародны форум хароў «Папараць-кветка БДУ». Таксама фестываль першакурснікаў YFM, Міжнародны фестываль «Тэатральны куфар БДУ», міжуніверсітэцкі паэтычны форум, адкрыты маладзёжны танцавальны фестываль BSU Dance Festival і многія іншыя. Клуб Daily Geek збірае аматараў інтэрактыву пагутарыць і пагуляць у настольныя гульні, якіх у калекцыі клуба каля 50.
Чароўны смак творчасці
Дзейнасць трох цэнтраў ажыццяўляецца па 12 напрамках, ахопліваючы ўсе сферы грамадскага і творчага жыцця студэнтаў. У кожным з кірункаў ёсць свой лідар з ліку старшакурснікаў, які арганізуе і курыруе ўзаемадзеянне студэнтаў у Telegram, асноўным сродку сувязі і зносін моладзі. Telegram-каналы, тэматычныя «гутаркі» ствараюцца па розных творчых напрамках, факультэтах, курсах.
Напрыклад, праектны цэнтр займаецца арганізацыяй культурна-масавых мерапрыемстваў, адказваючы за закулісную частку любога мерапрыемства.
— У цэнтр уваходзяць тыя, хто валодае выдатнымі арганізатарскімі навыкамі, — тлумачыць загадчык культурна-масавага аддзела ўпраўлення па справах культуры Іван Жукаў. — У іх вядзенні, напрыклад, супрацоўніцтва з партнёрамі і спонсарамі, тэхнічнае забеспячэнне свят і мерапрыемстваў, мастацка-дэкаратыўнае афармленне і валанцёрская дзейнасць. На іх плечы таксама кладзецца набыццё сувеніраў, прэзентаў, падарункаў, сустрэча гасцей, раздача буклетаў, рэкламнай прадукцыі, правядзенне прамоўтарскіх акцый. Яны адказваюць за гук, святло, музычнае і тэхнічнае суправаджэнне. Мастацка-дэкаратыўны блок у гэтым цэнтры — гэта, бадай, адзін з самых творчых кірункаў. Мастакі і дэкаратары забяспечваюць крэатыўнае афармленне сцэны, стварэнне фотазон, афіш, банераў, аквагрыму і г .д.
Прадзюсарскі цэнтр акумулюе тых, хто любіць святло сафітаў і з задавальненнем выходзіць на сцэну: музыкантаў, вакалістаў, танцораў, вядучых, акцёраў, чытальнікаў. Самастойна прыдумляючы пастаноўкі, яны выступаюць як на ўнутрыўніверсітэцкіх мерапрыемствах, так і на міжуніверсітэцкіх, гарадскіх, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах.
А вось у PR-цэнтры згуртоўваюцца студэнты, якія займаюцца зборам і распаўсюджваннем інфармацыі. Яны анансуюць мерапрыемствы, рэкламуюць іх і піяраць, забяспечваюць інфармацыйнае суправаджэнне, расказваючы пра закуліснае жыццё ў інтэрв’ю, каментарыях, відэазамалёўках. Выконваючы гэта, студэнты на практыцы асвойваюць прафесіі дызайнера, блогера, эсэмэмшчыка, фатографа, відэографа.
— У пачатку першага курса мы збіраем усіх пачаткоўцаў, праводзім азнаямленчыя сустрэчы, анкетаванне. Даведаўшыся пра існаванне розных цэнтраў БДУ, першакурснікі самі вырашаюць, чым хочуць заняцца. Бо ў кожнага свае схільнасці і захапленні: адзін — мастак-самавук, другі — выпускнік музычнай школы, трэці адвучыўся ў гуртку тэхнічнай творчасці, чацвёрты — прыроджаны шоўмен і г. д., — расказвае Іван Васільевіч. — Першы практычны вопыт і магчымасць заявіць пра сябе новаспечаныя студэнты атрымліваюць на фестывалі першакурснікаў YFM, які праходзіць кожны год у канцы верасня.
Конкурсу папярэднічае цэлы месяц каманднай падрыхтоўкі, напоўнены творчасцю, спевамі, танцамі, відэаздымкамі, бліскучым гумарам і весялосцю. За гэты час першакурснікі лепш пазнаюць адно аднаго. У напісанні сцэнарыя, стварэнні візітак, здымках для партфоліа пачаткоўцам дапамагаюць старшакурснікі. Так зараджаецца пераемнасць традыцый, згуртаванасць і сяброўства.
Вынік фестывалю — гала-канцэрт на сцэне ліцэя БДУ, дзе з каманд усіх факультэтаў вызначаецца пераможца. У гэтым годзе перамога дасталася эканамічнаму факультэту. Прыз — паездка ў снежні ў Полацк з насычанай культурна-забаўляльнай праграмай.
Па назіраннях спецыялістаў упраўлення па справах культуры БДУ, тыя студэнты, хто на фестывалі YFM паглыбіўся ў незабыўную атмасферу творчасці і свята, зведаўшы ўсплёск самых яскравых эмоцый, праяўляюць актыўнасць і далей.
Вось ужо 25 гадоў ярка і відовішчна 1 верасня БДУ праводзіць конкурс «Віват, студэнт!». На працягу трох гадзін першакурснікі дружна і весела бавяць час у Палацы спорту: глядзяць канцэрт, парад факультэтаў, удзельнічаюць у конкурсах, спяваюць, фатаграфуюцца ў фотазонах, слухаюць кароткі і пазнавальны аповед пра ўніверсітэт. А таксама знаёмяцца з дзейнасцю творчых цэнтраў БДУ.
На прынцыпах самаарганізацыі і самакіравання
Творчыя праекты, конкурсы, акцыі ў БДУ праводзяцца штомесяц. У год іх праходзіць 585. У кожным творчым кірунку штогод арганізуецца адзін буйны флагманскі праект. Акрамя іх, на працягу года праходзіць мноства дадатковых, больш дробных творчых спаборніцтваў. Пасля анонса таго ці іншага праекта ў месенджарах сярод актыву цэнтраў пачынаецца віртуальны мазгавы штурм. Студэнты фантануюць ідэямі, уносяць дзясяткі прапаноў. Затым ідэі даводзяцца да дасканаласці, прадумваюцца дэталі і дробязі, прыдумляюцца фішкі, праходзіць шэраг рэпетыцый.
Таксама ў віртуальных гутарках куратары распаўсюджваюць інфармацыю аб правядзенні навучальных майстар-класаў, сустрэчах з цікавымі спікерамі, спецыялістамі з розных сфер. Шмат чаму студэнты вучацца і адно ў аднаго, а таксама ў спецыялістаў універсітэта.
— Студэнцкая самаарганізацыя пад нашым чулым кіраўніцтвам — вельмі эфектыўная сістэма адпачынкавай работы з моладдзю. Яна прадугледжвае шырокае поле для праяўлення крэатыву, ініцыятывы, энергіі, свабоды, фарміравання высокага ўзроўню самастойнасці і адказнасці ў студэнтаў. Гэтую сістэму важна падтрымліваць, не перашкаджаючы ёй развівацца, — падводзіць вынік Уладзімір Міхайлавіч. — У стагоддзе тэхналогій і хуткасцей моладзь вельмі імкліва і актыўна цягнецца да самарэалізацыі. Многія праяўляюць сябе ў розных сферах, адначасова знаходзяць сабе прымяненне ў некалькіх творчых студэнцкіх суполках, БРСМ, прафкаме, саветах факультэтаў. Ёсць тыя, хто паспявае выступаць і ў складзе нашых знакамітых калектываў. Творча развіты чалавек больш паспяхова адаптуецца да сацыяльнага асяроддзя, актыўны пры вырашэнні прафесійных задач, больш ураўнаважаны, не баіцца думаць маштабна, крэатыўна і смела.
Адзінае, чаго, мабыць, не дастае студэнтам БДУ, па іх прызнанні, — сваёй творчай прасторы з утульнай актавай залай і вялікім плазменным экранам, месцам для вакальных і танцавальных рэпетыцый. Гэта іх навагодняя мара.
Марына КУНЯЎСКАЯ