Стужка часу

- 11:25Выхаванне, Дадатковая адукацыя

Стаць героем тэатральнай пастаноўкі — такую магчымасць вучням дае наведванне ў суботу сярэдняй школы № 8 Полацка.

Усё дзякуючы праекту“Стужка часу”, суаўтарам якога выступіла педагог-арганізатар установы адукацыі Дзіяна Анатольеўна Цябут. Яе ініцыятыва ўяўляе сабой унікальную гістарычную рэканструкцыю “Таццяна Марыненка і дзейнасць партызанскай брыгады “Няўлоўныя”. Такая тэма была выбрана невыпадкова, бо піянерская дружына полацкай сярэдняй школы № 8 горда но­сіць імя Таццяны Савельеў­ны.

Для аднаўлення карціны падзей ва ўстанове адукацыі была створана творчая група педагогаў і навучэнцаў — клуб ваенна-патрыятычнай рэканструкцыі “Памяць”. Яго ўдзельнікі займаюцца валанцёрскай дзейнасцю, вывучэннем архіўных дакументаў, а таксама наведваюць майстар-класы па акцёрскім майстэрстве і рыхтуюць тэатральныя эцюды. Пасяджэнні клуба праходзяць у шосты школьны дзень, калі ёсць магчымасць сабрацца ў вольны ад вучобы час.

— Першапачаткова праект быў прымеркаваны да Года малой радзімы і ствараўся ў гонар 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, — расказала Дзіяна Анатольеўна. — У Год гістарычнай памяці мы вырашылі яго аднавіць. Галоўная фішка “Стужкі часу” — стварэнне гістарычнай рэканструкцыі, у рамках якой мы арганізуем тэатральныя пастаноўкі з удзе­лам нашых навучэнцаў. Самастойна ствараем касцюмы, шукаем атрыбутыку на тэму партызанскага руху. Часта выступаем на тэматычных мерапрыемствах. Напрыклад, 9 мая ставім спектакль на полацкім Кургане неўміручасці. У далейшым плануем разнастаіць нашу тэатральную дзейнасць: больш расказаць аб таварышах Таццяны Марыненка.

Ваенна-гістарычная рэканструкцыя — адна з самых дзейс­ных форм вывучэння гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Яна дае магчымасць кожнаму ўдзель­ніку праекта не толькі дапоўніць звесткі з фільмаў і кніг уласнымі ўражаннямі, але і ўжыцца ў ролю герояў.

— Для школы тэатральныя пастаноўкі — дастаткова рэдкая з’ява, — адзначыла Дзіяна Анатольеўна. — Дзецям такі фармат шостага школьнага дня вельмі падабаецца, таму што кожнаму з іх дазваляе адчуць сябе акцёрам. Многія навучэнцы прыхо­дзяць за кампанію. Аднаму спадабалася — прывёў сябра. Той паглядзеў і таксама захапіўся! Вось так, па ланцужку, наша “Стужка часу” абзавялася пастаяннымі гледачамі. Тэматыка партызанскага руху таксама адыгрывае вялікую ролю. Гісторыі пра подзвігі абаронцаў айчыны нікога не пакіда­юць абыякавымі.

“Цяпер з ініцыятывай “Стужка часу” мы ўдзельнічаем у піянерскім фестывалі “Агеньчык запрашае сяброў”. Змагаемся за перамогу ў намінацыі “Сацыяльна значны праект”.

Дзмітрый АРХІПЕНКА.