У Пінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы лёгкай прамысловасці працуюць стваральнікі прыгажосці, таму што разам з навучэнцамі на занятках і ў шматлікіх творчых аб’яднаннях яны ствараюць дзівосы — калекцыі адзення, мудрагелістыя прычоскі, вырабы з розных матэрыялаў, творчыя сцэнічныя нумары, а яшчэ таму, што імкнуцца ствараць прыгажосць у дзецях — выхоўваць іх добрымі людзьмі.
Калі амаль паўстагоддзя назад было створана Пінскае тэхнічнае вучылішча № 108 трыкатажнікаў, яно рыхтавала рабочых для найбуйнейшага ў СССР прадпрыемства лёгкай прамысловасці — Пінскага камбіната верхняга трыкатажу. Сёння ўстанова, якая за гады развіцця ператварылася ў каледж, па-ранейшаму працуе на карысць лёгкай прамысловасці, але кадры рыхтуе для мноства прадпрыемстваў краіны, не толькі швейнага профілю. Выпускнікі працуюць на пінскім “Палессі” і мэблевай фабрыцы “Пінскдрэў”, на сталічных прадпрыемствах “Элема” і “Галантэя”, на салігорскай “Калінцы”. Пашырыўся спектр прапанаваных прафесій. Традыцыйна тут атрымліваюць прафесійна-тэхнічную адукацыю будучыя швачкі, краўцы, вязальшчыцы, аператары круцільнага і матальнага абсталявання, прадзільшчыкі. Аднак, каб адпавядаць патрэбам часу, была пачата таксама падрыхтоўка цырульнікаў і аператараў ЭВМ, а на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі — тэхнікаў-праграмістаў. Гэтыя прафесіі карыстаюцца папулярнасцю ў абітурыентаў. Сёння ў каледжы двухузроўневая сістэма падрыхтоўкі кадраў па спецыяльнасцях прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
Штодзённы клопат пра дзяцей
Каледж узначальвае Мікалай Віктаравіч Новак. Дырэктар адзначае, што сёння прыярытэтамі ў рабоце калектыву з’яўляюцца бесперапыннае ўдасканаленне адукацыйнага працэсу, добрасумленнае стаўленне да працы, высокая якасць падрыхтоўкі спецыялістаў, выхаванне духоўна-маральных і грамадзянска-патрыятычных якасцей у моладзі, развіццё творчых здольнасцей і навыкаў здаровага ладу жыцця навучэнцаў.
Штодзённы клопат пра дзяцей пачынаецца са стварэння ўтульнага асяроддзя для іх. Вучэбна-матэрыяльная база каледжа ўдасканальваецца: пастаянна абнаўляецца абсталяванне ў вучэбных майстэрнях, набываецца камп’ютарная тэхніка. Павышаецца ўзровень інфарматызацыі адукацыйнага працэсу. Добрыя побытавыя ўмовы створаны ў інтэрнаце.
Выкладчыкі і майстры вытворчага навучання каледжа — дасведчаныя спецыялісты, ініцыятыўныя і творчыя работнікі. Яны арганізоўваюць адукацыйны працэс так, каб навучэнцы актыўна, захоплена і зацікаўлена працавалі і бачылі вынікі сваёй дзейнасці. Дзякуючы гэтаму, юнакі і дзяўчаты паспяхова асвойваюць прафесіі. У гэтым можа пераканацца кожны, бо свае навыкі яны дэманструюць у вучэбнай цырульні і швейнай майстэрні, якія аказваюць паслугі насельніцтву. Цырульня прываблівае цэнамі паслуг: жаночая стрыжка тут каштуе 2 рублі, мужчынская — 1,5. Работы выконваюць навучэнцы пад наглядам майстроў. Каб задаволіць кліентаў, юныя майстры сочаць за модай, вывучаюць новыя цырульніцкія тэхнікі, якія выходзяць за межы праграмы навучання. Швейная майстэрня рэалізоўвае гатовую прадукцыю: пасцельную бялізну, дамашняе адзенне, а таксама здзяйсняе рамонт і пашыў адзення па індывідуальных заказах. Цырульніцкія паслугі і паслугі швейнай майстэрні карыстаюцца попытам у гараджан. Гэта дазваляе яшчэ і развіваць пазабюджэтную дзейнасць. Таксама ў каледжы арганізаваны платныя адукацыйныя паслугі — жадаючыя могуць прайсці курсы кройкі і шыцця, манікюру. На платнай аснове дзейнічае дзіцячая творчая майстэрня “Планета”.
З гэтага навучальнага года ва ўстанове ўзяліся за рэалізацыю эксперыментальнага праекта “Апрабацыя мадэлі інтэграцыі працоўнага навучання, прафесійнай падрыхтоўкі навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі і прафесійна-тэхнічнай адукацыі па прафесіі вязальшчыца”. У каледжы арганізаваны заняткі для вучняў 10—11 класаў гарадскіх школ у рамках вучэбнага прадмета “Працоўнае навучанне” па прафесіі вязальшчыца. Ранняе прафесійнае самавызначэнне школьнікаў, развіццё прафесійных інтарэсаў у працэсе навучання матывуе навучэнцаў прадоўжыць навучанне па гэтай прафесіі на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Ідэя эксперымента — прасачыць за тымі школьнікамі, якія пройдуць такую падрыхтоўку і стануць навучэнцамі каледжа, параўнаць іх з навучэнцамі, якія не маюць папярэдняй прафесійнай падрыхтоўкі, каб ацаніць, якія дадатковыя веды, навыкі, магчымасці дае такая падрыхтоўка.
Педагогі многае робяць для таго, каб каледж адпавядаў сучасным патрабаванням, што прад’яўляюцца да арганізацыі адукацыйнага працэсу, з’яўляўся цэнтрам творчасці і насычанага інтэлектуальнага жыцця. Яны ўдзельнічаюць у навукова-практычных канферэнцыях, конкурсах, выставах, імкнуцца працаваць эфектыўна і па-сучаснаму. Педагогі каледжа — актыўныя ўдзельнікі Рэспубліканскага агляду “Інфармацыйныя тэхналогіі ў прафесійнай адукацыі”. Выкладчык В.В.Грышко двойчы быў адзначаны дыпломамі мерапрыемства. Васіль Васільевіч распрацаваў сайт, які актыўна выкарыстоўвае для арганізацыі навучання.
У агульнай творчай плыні
Немагчыма, гаворачы аб Пінскім каледжы лёгкай прамысловасці, не згадаць народны хор “Крынічанька”, які з’яўляецца візітоўкай і гордасцю ўстановы. Ды і не толькі ўстановы, а ўсёй сістэмы прафесійнай адукацыі. Хор упрыгожвае спевамі жыццё каледжа ўжо больш за 40 гадоў. Арганізатар, нязменны кіраўнік і проста сэрца калектыву — Алег Іванавіч Лебедзеў. Галасам пінскага хору апладзіравалі ў мностве беларускіх гарадоў, а таксама ў замежных краінах. Пералічыць усе ўзнагароды калектыву проста немагчыма. Дарэчы, у каледжы ёсць яшчэ адзін народны калектыў — студыя эстраднай песні. Яе кіраўнік — сын Алега Іванавіча — Уладзімір Алегавіч Лебедзеў.
Магутная творчая плынь у каледжы рухаецца не паралельна, не недзе побач з адукацыйным, выхаваўчым працэсам, а цесна з імі з’ядналася. У каледжы дзейнічае шэраг творчых аб’яднанняў. І гэта не толькі спосаб арганізацыі вольнага часу. Гэта дапамагае выхоўваць дзяцей, а таксама ўдасканальвае іх як прафесіяналаў, таму што шыццё, візаж, цырульніцкае майстэрства — творчыя прафесіі. На занятках у дзяцей развіваюць фантазію, цярплівасць, даюць дадатковыя навыкі, вучаць мысліць крэатыўна, што потым дазволіць у рабоце выходзіць на новы ўзровень. Дадатковая адукацыя навучэнцаў каледжа выходзіць далёка за рамкі традыцыйных пазаўрочных мерапрыемстваў.
Напрыклад, удзельнікі творчага аб’яднання “Дызайн” уключаюцца ў розныя віды мастацка-канструктарскай і тэхналагічнай дзейнасці. Яны знаёмяцца з бацікам, тэкстыльным дызайнам, папяровай пластыкай, аплікацыяй, калажам і іншымі тэхнікамі. На гэтых занятках юныя таленты ствараюць калекцыі адзення для ўдзелу ў творчых спаборніцтвах. Навучэнцы каледжа — пастаянныя ўдзельнікі Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу “Млын моды”. Канечне, валоданне рознымі тэхнікамі пашырае магчымасці творцаў, дазваляе знаходзіць новы позірк на прывычныя рэчы. Кіраўнік аб’яднання Людміла Васільеўна Бабіч імкнецца на сваіх занятках далучаць моладзь да культурных традыцый, выхоўваць агульную эстэтычную культуру, мастацкі густ, культуру працоўнай дзейнасці.
Наталля Сяргееўна Савіцкая прапаноўвае навучэнцам азнаёміцца з папулярным сёння майстэрствам скрапбукінгу. У аб’яднанні “Цуды сваімі рукамі” прыдумваюць календары, фотаальбомы, якія ў якасці падарунка парадуюць любога. Дызайнерскія паштоўкі сапраўды можна назваць цудамі. Для іх стварэння навучэнцы асвойваюць тэхнікі дыстрэсінг, эмбосінг, штампінг, упрыгожваюць паштоўкі кветкамі і нават надаюць ім розныя водары.
Аквагрым і роспіс па целе міхендзі таксама вельмі падабаюцца дзяўчатам, якія вучацца ў каледжы. Такія незвычайныя навыкі яны могуць атрымаць у аб’яднанні “Грані” пад кіраўніцтвам Веранікі Уладзіміраўны Руско. А яшчэ яны ствараюць аб’ёмныя кветкі з гафрыраванай паперы, фаамірану, дызайнерскую вопратку з ручным роспісам і непаўторныя двухслаёвыя карціны ў тэхніцы бацік.
Ёсць цікавыя прапановы і для тых, хто цікавіцца творчасцю іншага характару, — аб’яднанне “Праграмаванне”. Яго ўдзельнікі пад кіраўніцтвам Надзеі Віктараўны Аргер распрацоўваюць, напрыклад, мабільныя дадаткі, якія даюць магчымасць вучыцца ў гульнявой форме. У гэтым годзе дзве распрацоўкі ўдзельнікі аб’яднання прадставілі на занальным этапе Рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”.
Самае галоўнае, што ва ўмовах дадатковай адукацыі навучэнцы могуць развіваць свой творчы патэнцыял, навыкі адаптацыі да сучаснага грамадства і атрымліваюць магчымасць паўнавартаснай арганізацыі вольнага часу.
Мой край
Патрыятычнае выхаванне і грамадзянскае станаўленне падрастаючага пакалення — адна з актуальных задач, над якой працуе каледж. Педагогі ўдзяляюць вялікую ўвагу прывіццю павагі да культуры свайго народа, любові да роднай мовы, прыгажосці нашага краю.
Пяць гадоў дзейнічае творчае аб’яднанне “Мой край”, якое заклікана фарміраваць каштоўнасныя адносіны да малой радзімы. Яго кіраўнік — Алена Юр’еўна Сідарэвіч. Удзельнікі аб’яднання вывучаюць Піншчыну. Пінск — гэта старажытны горад, багаты сваёй гісторыяй, звычаямі, традыцыямі, славутасцямі і знакамітымі людзьмі.
Аб’яднанне мае гісторыка-краязнаўчую накіраванасць. Сёння ў ім займаюцца 13 навучэнцаў. Яны працуюць з гістарычнымі дакументамі, літаратурай, вывучаюць гістарычныя месцы горада, сустракаюцца з ветэранамі. Для пошуку дакладнай і актуальнай інфармацыі наладжана ўзаемадзеянне з шэрагам устаноў культуры, сродкамі масавай інфармацыі, бібліятэкамі, архівам, музеямі, прадпрыемствамі, установамі адукацыі.
Вынікі сваёй пошукавай і даследчай работы ўдзельнікі творчага аб’яднання паспяхова прадстаўляюць на навукова-практычных канферэнцыях. Па ініцыятыве і з дапамогай удзельнікаў творчага аб’яднання ў каледжы быў праведзены шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных Году малой радзімы.
За час работы аб’яднання “Мой край” сабраны багаты матэрыял, на аснове якога створаны інтэрнэт-рэсурс. Ён змяшчае інфармацыю аб гісторыі, геральдыцы Пінска, фільмы аб горадзе, аповеды аб яго вуліцах. Ёсць раздзел, прысвечаны творчасці літаратараў Піншчыны. Можна даведацца, радзімай якіх слаўных дзеячаў стаў горад. А яшчэ навучэнцы каледжа распрацавалі экскурсійны маршрут, які расказвае аб гісторыі і сучаснасці Пінска.
Рэгулярныя заняткі творчага аб’яднання пашыраюць кругагляд, актуалізуюць веды аб аспектах жыцця горада. Юнакі і дзяўчаты вучацца бачыць прыгажосць роднага краю, разумеюць важнасць беражлівых адносін да ўсяго, што іх акружае. Выпускнікі цэняць вопыт, які атрымалі падчас гісторыка-краязнаўчай работы, падтрымліваюць сувязь з цяперашнімі ўдзельнікамі аб’яднання, перадаюць свой вопыт.
Верыцца, што прыгажосць, якую “ўвабралі ў сябе” навучэнцы ў гэтай установе, яны, трапіўшы на свае працоўныя месцы, будуць распаўсюджваць і далей.
Дар’я РЭВА.