Стварэнне Міжнароднага інжынернага інстытута ГрДУ і Універсітэта Кайлі ў Кітаі абмеркавалі ў Гродна

- 11:18Образование: Беларусь — Китай

Стварэнне Міжнароднага інжынернага інстытута ГрДУ імя Янкі Купалы і Універсітэта Кайлі ў Кітаі партнёры з КНР абмеркавалі падчас візіту ў Гродна, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Увогуле, супрацоўніцтву Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы з універсітэтамі і каледжамі Кітайскай Народнай Рэспублікі ўжо тры дзесяцігоддзі. Дагаворы з 22 універсітэтамі і арганізацыямі КНР. Сумесныя адукацыйныя праграмы. Кабінет кітаязнаўства імя Канфуцыя і шляхі па стварэнні Інстытута Канфуцыя сумесна з Сіньцзянскім педагагічным універсітэтам. Навучанне замежных студэнтаў у Гродне і беларускіх — у КНР. Курсы кітайскай мовы для ўсіх жадаючых… І гэта толькі рыскі аб’ёмнай карціны адукацыйнага і культурнага супрацоўніцтва паміж ГрДУ імя Янкі Купалы і ўстановамі Кітая.

— Узаемадзеянне ўніверсітэта з установамі адукацыі Кітайскай Народнай Рэс­публікі з’яўляецца адным са стратэгічных напрамкаў нашага міжнароднага супрацоўніцтва і ажыццяўляецца ў рамках альянсу “Адзін пояс — адзін шлях”, — пад­крэсліла рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Фёдараўна Кітурка. — Сёння нашымі парт­нёрамі з’яўляюцца 15 устаноў вышэйшай адукацыі розных правінцый Кітая. Узаема­дзеянне ажыццяўляецца праз сумесныя адукацыйныя праграмы і навуковыя праекты, акадэмічныя абмены. Традыцыйнымі сталі мерапрыемствы культурнай і турыстычнай накіраванасці. За апошнія пяць гадоў у нас атрымалі дыпломы бакалаўраў і магістраў больш за 500 кітайскіх грамадзян, а два аспіранты з Кітая паспяхова абаранілі кандыдацкія дысертацыі. Сёння ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы вучыцца больш за 100 студэнтаў з КНР.

Гісторыя дружбы

Першыя абітурыенты з Кітая прыехалі ў ГрДУ імя Янкі Купалы ў сярэдзіне 90-х гадоў мінулага стагоддзя. У 1999 годзе ва ўніверсітэт быў залічаны Ванг Тао, цяпер ён працуе на кафедры перакладу і міжкультурнай камунікацыі, з’яўляецца магістрам філалагічных навук. I сёння ён уносіць свой уклад у развіццё адносін паміж УВА-партнёрамі, суправаджае прыёмы кітайскіх калег у Купалаўскім універсітэце, з’яўляецца членам дэлегацый ГрДУ імя Янкі Купалы падчас візітаў у кітайскія ўстановы адукацыі.

Першы дагавор аб супрацоўніцтве паміж ГрДУ імя Янкі Купалы і Паўднёва-­цэнтральным эканамічным і юрыдычным універсітэтам Кітая быў падпісаны ў 2001 годзе. З 2008 года студэнты спецыяль­насці “Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый” пачалі выву­чаць кітайскую мову як другую замежную, а з 2018-га — у якасці першай замежнай. У 2012 годзе ў Купалаўскім універсітэце быў створаны кабінет кітаязнаўства імя Канфуцыя — філіял Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ. У студэнтаў з’явілася магчы­масць не толькі выву­чаць кітайскую мову, але і больш даведвацца пра культуру і традыцыі кітайскага народа. Штогод ва ўніверсітэце прахо­дзяць дні кітайскай культуры. Сёння ГрДУ вядзе работу па стварэнні Інстытута Канфуцыя сумесна з Сіньцзянскім педагагічным універсітэтам.

Яшчэ больш важкім міжнароднае супрацоўніцтва стала ў 2018 годзе, калі быў падпісаны першы дагавор аб рэалізацыі сумеснай адукацыйнай праграмы. Яна прадугледжвае залічэнне студэнта адначасова ў дзве УВА: гродзенскую і Кітайскай Народнай Рэспублікі. Схемы навучання пры гэтым могуць быць розныя, напрыклад, два гады замежны студэнт вучыцца ў сябе, а затым два гады ва ўстанове партнёра, а ў выніку атрымлівае два дыпломы аб адукацыі. Рэалізацыя гэтых праграм стала новым вектарам міжнароднага супрацоўніцтва.

Сёння ў ГрДУ імя Янкі Купалы больш за 30 сумесных адукацыйных праграм з УВА іншых краін. Аднак першымі партнёрамі ў гэтым кірунку сталі менавіта ўніверсітэты Кітая — Чунцынскі політэхнічны і Шаньдунскі ўніверсітэт шляхоў зносін.

У чэрвені 2023 года дэлегацыя Купалаўскага ўніверсітэта на чале з рэктарам чарговы раз наведала КНР. У ходзе візіту быў падпісаны дагавор аб стварэнні прадстаўніцтва Асацыяцыі выпускнікоў ГрДУ імя Янкі Купалы ў Кітайскай Народнай Рэс­публіцы, дзякуючы чаму будзе наладжана эфектыўнае інфармаванне абітурыентаў Кітая аб новых магчымасцях Гродзенскай УВА, рэалізацыі інавацыйных праектаў і праграм.

Важным дасягненнем 2023 года стала ўключэнне ГрДУ імя Янкі Купалы ў ­топ-6 універсітэтаў Беларусі па рэалізацыі эксперыментальнага праекта. Яго сутнасць у тым, што выпускнікі вышэйшых каледжаў КНР маюць магчымасць атрымаць дыплом бакалаўра ў Купалаўскім універсітэце ў скарочаныя тэрміны. І сёлета першыя студэнты ўжо залічаны ў Купалаўскі ўніверсітэт дзякуючы гэтаму праекту.

Красамоўныя лічбы

ГрДУ імя Янкі Купалы рэалізуе актыўную міжнародную палітыку ў рамках 229 дагавораў з замежнымі ўстановамі і арганізацыямі з 32 краін, у тым ліку з 22 універсітэтамі і арганізацыямі КНР.

За апошнія 10 гадоў у рамках пагаднення аб супрацоўніцтве ў галіне адукацыі паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам адукацыі Кітайскай Народнай Рэспублікі 11 студэнтаў ГрДУ імя Янкі Купалы прайшлі навучанне ў вядучых універсітэтах КНР: Пекінскім педагагічным універсітэце, Пекінскім універсітэце мовы і культуры, універсітэце Цінхуа, Чжэцзянскім і Шэньсійскім педагагічных універсітэтах. 17 кітайскіх студэнтаў прайшлі навучанне ў ГрДУ імя Янкі Купалы. Увогуле, у рамках між­урадавых і міжуніверсітэцкіх дагавораў каля 50 студэнтаў ГрДУ імя Янкі Купалы прайшлі навучанне ва ўніверсітэтах Кітая.

Сёння ў ГрДУ вучыцца больш за 1000 замежных студэнтаў з 43 краін свету, сярод іх 130 студэнтаў з КНР.

Сумесныя праграмы

ГрДУ імя Янкі Купалы сумесна з іншымі ўстановамі вышэйшай адукацыі Беларусі прымае ўдзел у рэалізацыі эксперыментальнага праекта “Рэалізацыя мадэлі інтэграцыі адукацыйных праграм вышэйшай адукацыі (Рэспубліка Беларусь) з адукацыйнай праграмай неўніверсітэцкай вышэйшай адукацыі (КНР) у скарочаныя тэрміны”. Традыцыйным стала праектаванне сумесных з калегамі з розных устаноў КНР адукацыйных праграм па падрыхтоўцы бакалаўраў, навучанні па спецыяльнасцях “Руская філалогія” і “Дашкольная адукацыя”. Вядзецца работа з універсітэтам Кайлі па адкрыцці Міжнароднага інжынернага інстытута, у рамках якога плануецца рэалізацыя сумесных адукацыйных праграм па спецыяльнасцях “Электронная эканоміка”, “Матэматыка”, “Праграмная інжынерыя”.

На рэгіянальным узроўні

Асаблівыя адносіны звязваюць Гро­дзенскую вобласць і правінцыю Ганьсу. У рамках супрацоўніцтва прадстаўнікі КНР павышалі ўзровень рускай мовы ў форме ўключанага навучання на філалагічным факультэце па адукацыйнай праграме першай ступені вышэйшай адукацыі “Руская філалогія” і адначасова скончылі магістратуру па спецыяльнасці “Міжнародная эканоміка”. Яшчэ ў 2018 годзе ва ўніверсітэце быў адкрыты цэнтр па стажыроўцы кадраў правінцыі Ганьсу КНР. У апошнія гады ўзаемадзеянне ў навукова-адукацыйнай і культурнай сферах толькі пашыраецца. Педагогі і навучэнцы ўстаноў адукацыі КНР былі частымі гасцямі ГрДУ імя Янкі Купалы, а таксама прымалі ў сваёй краіне калег з Гродна.

Падтрымка таленавітых студэнтаў

Добрым партнёрам ГрДУ імя Янкі Купалы ў акадэмічнай, навуковай і культурнай сферах стаў Дабрачынны фонд падтрымкі навучання і развіцця таленавітых студэнтаў у КНР.

Супрацоўніцтва прадугледжвае абмен вопытам у арганізацыі адукацыйнага працэсу, правядзенне сумесных навуковых даследаванняў, абмен навукоўцамі і выкладчыкамі, рэкламную і інфармацыйна-кансультацыйную дзейнасць на тэрыторыі КНР з мэтай папулярызацыі адукацыйных і іншых паслуг, якія аказваюцца ў Купалаўскім універсітэце. Адкрытае ў 2023 годзе прадстаўніцтва Асацыяцыі замежных выпускнікоў у КНР узначаліў Цянь Дзі, выпускнік магістратуры педагагічнага факультэта ГрДУ.

Кітайская мова для ўсіх

Купалаўскі ўніверсітэт стаў першым з рэгіянальных УВА, дзе пачалося вывучэнне кітайскай мовы на курсах з трохгадовай праграмай падрыхтоўкі. Наведваюць курсы не толькі супрацоўнікі УВА і студэнты, але і школьнікі, жыхары горада. Курсы прайшлі больш за 700 слухачоў. Студэнты розных факультэтаў універсітэта вывучаюць кітайскую мову як першую ці другую замежную альбо на факультатывах.

Ірына АНІКЕВІЧ
Фота прадастаўлены ГрДУ імя Янкі Купалы