Стыпендыятамі Беларускага фонду міру на Гродзеншчыне сталі 55 паспяховых навучэнцаў і студэнтаў. Узнагароджанні прайшлі ва ўсіх раёнах вобласці. Жыхароў Гродна і Гродзенскага раёна ўшаноўвалі ў абласным Палацы творчасці дзяцей і моладзі.
Двойчы ў год уладальнікамі прэміі Гродзенскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру” становяцца таленавітыя навучэнцы і студэнты, якія, дзякуючы сваёй працавітасці, мэтанакіраванасці і жаданню ісці наперад, дасягнулі высокіх вынікаў на алімпіядах, у творчых конкурсах і спартыўных спаборніцтвах.
Традыцыйна арганізатарамі мерапрыемства сталі Гродзенскае абласное аддзяленне грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру” і галоўнае ўпраўленне адукацыі аблвыканкама. Такая форма заахвочвання таленавітай моладзі існуе ўжо на працягу 17 гадоў. За гэты час стыпендыятамі Беларускага фонду міру сталі больш за 1600 чалавек.
— У нас таленавітая моладзь, якая займае актыўную грамадзянскую пазіцыю, паспяховая ў вучобе, займаецца творчасцю, валанцёрскім рухам, — падкрэсліла першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Галіна Курганская. — На працягу многіх гадоў такія грамадскія аб’яднанні, як “Беларускі фонд міру”, “Беларускі дзіцячы фонд”, прымаюць актыўны ўдзел у нашых мерапрыемствах, выступаюць спонсарамі, шмат чаго робяць для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. У вобласці многае робіцца па падтрымцы таленавітай моладзі. Заснаваны абласныя і раённыя прэміі. Уручэнне стыпендый Беларускага фонду міру — адно з такіх мерапрыемстваў, калі маладыя людзі могуць адчуць, наколькі яны патрэбны сваёй краіне. У іх ёсць усе магчымасці для таго, каб развіваць свае здольнасці, займацца любімай справай.
Адна са стыпендыятаў — Настасся Раждзественская, навучэнка 11-га класа Гродзенскай гарадской гімназіі, прызёр і пераможца міжнародных конкурсаў і фестываляў “Мая мара”, “Хрустальны васілёк”, #BYFEST. Дзяўчына рыхтуецца да паступлення на акцёрскі факультэт і мэтанакіравана ідзе да ажыццяўлення сваёй мары.
— Школа адыграла адну з вядучых роляў, каб дапамагчы мне рэалізавацца, у тым ліку дзякуючы ўдзелу ў розных культурна-масавых мерапрыемствах, — прызналася Настасся. — Я спяваю ва ўзорнай вакальнай студыі, займаюся танцамі. Летась прымала ўдзел у конкурсе чытальнікаў у Празе, дзе заняла 1-е месца, таксама ў вакальных конкурсах, у тым ліку ў Славеніі. Зараз займаюся на курсах акцёрскага майстэрства ў Беларускай акадэміі мастацтваў.
Навучэнка гімназіі № 2 Гродна Анжаліка Сац, прызёр трэцяга абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па англійскай мове, будзе прадстаўляць вобласць на заключным этапе алімпіяды. Дзяўчына марыць паступіць у лінгвістычны ўніверсітэт. Адзначае, што ў многім яе веды — заслуга добрых педагогаў гімназіі. А адзінаццацікласніку Аляксандру Жуку з сярэдняй школы № 1 Скідзеля заўсёды падабалася майстраваць нешта сваімі рукамі, што ён і прадэманстраваў на алімпіядзе па працоўным навучанні. У вольны час ён не толькі робіць кухонныя дошкі або палічкі, але і збірае мапед.
Сярод узнагароджаных ёсць і спартсмены. Навучэнец Гродзенскага электратэхнічнага каледжа Альберт Раманцэвіч — чэмпіён вобласці і бронзавы прызёр Рэспублікі Беларусь па летнім мнагаборстве. Нямала і творчай моладзі. Агнешка Комінч, навучэнка гімназіі № 10 Гродна, — лаўрэат шматлікіх творчых конкурсаў і пераможца абласных навукова-практычных канферэнцый “Край Гарадзенскі” і “Крышталёвая Альфа”. А навучэнка гімназіі № 7 Гродна Юлія Шывілько мае мноства перамог у фартэпіянных конкурсах міжнароднага ўзроўню, яна ўдзельніца тэлевізійнай гульні “Я ведаю”.
Адзначаны поспехі студэнцкай моладзі. Настасся Палубок, студэнтка Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта, лаўрэат абласнога этапу рэспубліканскага фестывалю-конкурсу “АРТ-вакацыі”. У складзе тэатральнай студыі “Байка” яна неаднаразова станавілася дыпламантам рэспубліканскіх фестываляў студэнцкай творчасці. Студэнтка ГрДУ імя Янкі Купалы Вераніка Басінская — член Грамадскага рэспубліканскага студэнцкага савета пры Міністэрстве адукацыі Беларусі. А Ганна Жук, студэнтка Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта, — камандзір валанцёрскага цэнтра Cardis, арганізатар шэрага сацыяльных і адукацыйных праектаў і акцый.
— З 2003 года традыцыйна адоранай моладзі ўручаецца прэмія Беларускага фонду міру, гэты год не стаў выключэннем. Маладыя людзі праявілі сябе ў вучобе, алімпіядным руху, мастацтве, спорце, многія з іх — удзельнікі і пераможцы творчых праектаў. І гэтая стыпендыя для кожнага заслужаная, — падкрэсліў старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення Беларускага фонду міру Іван Калбаска. — Хваліць заўсёды важна, таму што пахвала дае стымул да новых дасягненняў і перамог. Я ўпэўнены, што сённяшнія стыпендыяты ў будучыні яшчэ праявяць сябе.
Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.