Суботні праект «Планета здароўя» аб’яднаў навучэнцаў сярэдняй школы № 20 Брэста

- 12:10Новости, Шестой день

Сацыяльна­-педагагічны праект “Планета здароўя” рэалізуецца ў сярэдняй школе № 20 Брэста імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава. Ён вучыць 12—14-­гадовых падлеткаў не паддавацца шкодным залежнасцям. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Сацыяльны педагог Юлія Трафімчук актуальнасць тэматыкі свайго праекта тлумачыць так:

— Апошнім часам ва ўсім свеце істотна ўскладнілася сітуацыя, звязаная са злоўжываннем тытуню, алкаголю і наркатычных сродкаў. Хутка расце колькасць спажыўцоў гэтых рэчываў, імкліва мала­дзеюць нарказалежныя групы насельніцтва. Шырокая даступнасць псіхаактыўных рэчываў стала рэальнасцю нашага жыцця. Сёння ад рызыкі ўжывання пералічаных шкодных рэчываў не застрахаваны ніхто, нават тыя дзеці, якія лічацца добранадзейнымі. Ужыванне алкаголю, курэнне ўспрымаюцца імі як атрыбут дарослага жыцця, што ў выніку вядзе да правапарушэнняў, адмаўлення аўтарытэту бацькоў і настаўнікаў, да розных захворванняў. У большасці выпадкаў падлеткі маюць перабольшаныя ўяўленні аб рэзервах уласнага здароўя, сваіх фізічных магчымасцях і неадэкватны аптымізм у дачыненні да здароўя ў будучыні. Менавіта таму іх не ціка­вяць шматлікія засцярогі з боку дарослых аб шкодных наступствах ужывання псіха­актыўных рэчываў.

Ідэя праекта “Планета здароўя” заключаецца ў тым, каб аб’яднаць самыя эфектыўныя формы і метады правядзення заняткаў, накіраваныя на фарміраванне навыкаў адмаўлення ад ужывання тытуню і алкаголю. Як пераканалася на практыцы Юлія Уладзіміраўна, падлеткі лепш засвойваюць матэрыял, калі ён прадстаўлены ў выглядзе гульнявых сітуацый, дыскусій, розных практыкаванняў, дэманстрацыі і абмеркавання відэасюжэтаў. Менавіта гэта і стала асновай яе праекта.

Удзельнікам трэба прайсці дзевяць цікавых этапаў, кожны з якіх прапаноўвае падлеткам розныя выпрабаванні. Яны прыпадаюць на ўсе тэматычныя здаровыя суботы дзевяці месяцаў навучальнага года. Гэта калектыўная гульня-падарожжа “Станцыі”, творчы конкурс “Ліст сябру, які курыць”, спартыўныя спаборніцтвы “Вясёлыя старты”, гульня “Падарожжа па тэлевіктарыне”, творчы конкурс “Антынікацінавая рэклама” ў выглядзе мультымедыйнай прэзентацыі, дыспут-пляцоўка “Пасіўнае курэнне і яго шкода для навакольных” (для ўдзельнікаў праекта і іх бацькоў), конкурс плакатаў “Я + здароўе = будучыня”, спартыўны марафон на школьным стадыёне і конкурс аўтарскіх праектаў. Усе гэтыя мерапрыемствы прызваны выхоўваць адмоўнае стаўленне да шкодных звычак, замацоўваць веды школьнікаў пра шкоду тытуню, алкаголю і псіхатропных рэчываў для арганізма чалавека, спрыяць адэкватнаму ацэньванню рэк­ламы гэтых рэчываў і шукаць адрэналінавую альтэрнатыву ў спорце, гульнях і цікавых калектыўных справах.

Усе выпрабаванні школьнікі прахо­дзяць, падзяліўшыся на каманды па 8—10 чалавек, якія маюць сваю назву і дэвіз. Абавязкова вядзецца рэйтынгавая табліца паспяховасці кожнай каманды. У фінале праекта тром камандам, якія набралі найбольшую колькасць балаў, уручаюцца падарункі і дып­ломы, астатнім камандам — падзячныя лісты.

Па задуме аўтара, кожны этап прыносіць удзельнікам не толькі новыя заданні, якія патрабуюць эрудыцыі, кемлівасці, творчага падыходу, згуртаванасці, але і прымушае задумацца аб значнасці ўласнага “Я”, жыццёвых каштоўнасцях, сваім здароўі.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота прадастаўлена школай