Сучасна, цікава, прагрэсіўна

- 17:02Адукацыйная прастора, Адукацыйныя праекты

Узнагароджаны пераможцы і ўдзельнікі ІІІ адкрытага фестывалю настаўнікаў кітайскай мовы “Майстар кітайскай мовы”. Цырымонія адбылася на базе гімназіі з беларускай мовай навучання № 23 Мінска, дзе функцыянуе рэсурсны цэнтр кітайскай мовы і культуры.

Для педагогаў фестываль стаў пляцоўкай абмену вопытам і сучаснымі эфектыўнымі формамі і метадамі вывучэння кітайскай мовы і культуры. У ім прынялі ўдзел 13 настаўнікаў кітайскай мовы з Мінска і Бараўлянскай сярэдняй школы. Сярод арганізатараў мерапрыемства — кабінет Канфуцыя Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ і МГІРА. 

Фестываль уключаў завочны этап, да якога ўдзельнікі рыхтавалі відэазварот на кітайскай мове, дзе коратка апісвалі сваю прафесійную дзейнасць, асноўныя дасягненні, і план-канспект вучэбных заняткаў па кітайскай мове. Вочны этап прадугледжваў правя­дзенне адкрытых вучэбных заняткаў у незнаёмым класе, іх план і самааналіз і матывуючую лекцыю на кітайскай мове ў стылі TED па тэме “Час ву­чыць кітайскую”.

Пераможцаў фестывалю ўзнагародзіла Лю Сулін, намеснік дырэктара Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ. 

Дыпломам І ступені адзначана настаўніца кітайскай мовы гімна­зіі № 9 Мінска Ірына Валер’еўна Карнацэвіч; дыпломам ІІ ступені — настаўніца кітайскай мовы гімназіі з беларускай мовай навучання № 23 Мінска Маргарыта Сяргееўна Протас; дыпломам ІІІ ступені — настаўніца кітайскай мовы гімназіі № 36 Мінска Карына Леанідаўна Гарбарук і настаўніца кітайскай мовы гімназіі № 40 Мінска Наталля Іванаўна Крукоўская.

Уладальніца першага дыплома Ірына Валер’еўна Карнацэвіч сваю матывуючую лекцыю на кітайскай мове падчас фестывалю прысвяціла кітайскім іерогліфам. Тлумачыла, з якіх частак яны складаюцца, дзялілася хітрасцямі аб тым, як лёгка іх запомніць. У кітайскай мове каля 80 тысяч іерогліфаў, але для таго каб мець зносіны, чытаць кнігу, дастаткова ведаць 5 тысяч. Дзеці павінны разумець, што іерогліф — гэта не карцінка, яго не малююць. Ён складаецца з рыс і іх камбінацый (графем). І яшчэ — кітайская мова танальная: кожны склад вымаўляецца адным з чатырох тонаў. Акрамя таго, у ёй спецыфічна расстаўляюцца сэнсавыя націскі і лагічныя паўзы ў сказах. 

У кітайскай мове каля 80 тысяч іерогліфаў, але для таго каб мець зносіны, чытаць кнігу, дастаткова ведаць 5 тысяч.

Ірына Карнацэвіч па спецыяльнасці настаўніца англійскай мовы, якую выкладае з 2009 года. Педагагічны вопыт, выкарыстанне камунікатыўнай тэхналогіі дапамагаюць ёй справіцца і з выкладаннем кітайскай мовы, якую ў гімназіі дзеці вывучаюць у 1—2 класах факультатыўна, а з 3 класа як асноўны прадмет.

— Я чалавек, які любіць спазна­ваць новае, — гаворыць педагог. — Неяк звярнула ўвагу, што ў мінскім аэра­порце з’явіліся надпісы на кітайскай мове, і падумала, што было б выдатна іх прачытаць. Гэта быў эмацыянальны пасыл. Таксама я разумела, што кітайская мова сёння актыўна развіваецца, а Кітай з кожным годам набірае эканамічную моц і мае патрэбу ў розных спецыялістах. Вырашыла, што вывучаць кітайскую мову — гэта сучасна, цікава і прагрэсіўна. Займалася па праграме перападрыхтоўкі настаўнікаў на працягу двух гадоў у Інстытуце Канфуцыя пры БДУ. Сёння па выніках моўнага экзамену ўзровень валодання кітайскай мовай у мяне вышэй за сярэдні (чацвёрты ўзровень з шасці). Спадзяюся, што ў найбліжэйшы час мне ўдасца прайсці стажыроўку ў гэтай краіне.  

Надзея ЦЕРАХАВА.