Сучасная і эстэтычная: чаму Роўкавіцкая сярэдняя школа лёгка дасць фору гарадской

- 9:00Главная, Знак качества, Образование

Роўкавіцкую сярэднюю школу, што ў Чачэрскім раёне, складана назваць вясковай. Яна лёгка дасць фору гарадской: дагледжаная тэрыторыя, адрамантаваны будынак, сучасныя абсталяваныя кабінеты. І самае галоўнае — тут працуе высокапрафесійны педкалектыў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Васіль Рудабелец, прадстаўляючы адукацыйна-выхаваўчы цэнтр школы (так пазіцыяніруецца шматфункцыя­нальнасць кабінета інфарматыкі, дзе адбываецца падрыхтоўка да важных грама­дзянска-патрыятычных мерапрыемстваў і адукацыйных конкурсаў), падзяліўся планамі на будучыню — рэалізаваць праект “Школа маёй мары”. Але пасля наведвання ўстановы і знаёмства з педагогамі і вучнямі мне здалося, што праект ужо працуе — штораніцу роўкавіцкія хлопчыкі і дзяўчынкі прыходзяць у сваю школу мары.

Пераканала ў гэтым і наш экскурсавод Даша Кісялёва, якая расказала пра ключавыя напрамкі развіцця сваёй школы, паказала самыя значныя аб’екты, засяродзіўшыся на важных дасягненнях. Напрыклад, у кабінеце працоўнага навучання створаны ўсе ўмовы, каб стаць сучаснай гаспадыняй. Новае абсталяванне і прыгожая мэбля спрыяюць, у прыватнасці, развіццю кулінарных здольнасцей, таму, калі настаўніца Яніна Дзядкова разам са сваімі навучэнкамі прапанавалі пачаставацца наліснікамі з макам, мы адразу пага­дзіліся: надта ж яны былі прыгожымі і смачнымі!

У швейнай майстэрні мы дзівіліся іншым вучнёўскім талентам — швейным. Элементы адзення, брошкі, касцюмы для выступленняў — усё падуладна юным швачкам з Роўкавіцкай школы. Але самае галоўнае — разам з уменнем шыць або гатаваць дзяўчаты атрымліва­юць працоўны навык і разуменне, што праца і рукі — моцныя зарукі.

 У кабінеце пачатковых класаў таксама панавала прыгажосць і вока радавала вучэбная нагляднасць. Настаўніца Святлана Вайцянкова праводзіла ўрок у 4 класе з выкарыс­таннем гексатэхналогіі. На занятках дзеці гаварылі пра патрыятызм, разважалі пра значэнне гэтага слова, называлі асноўныя характа­рыстыкі чалавека — пат­рыёта сваёй краіны.

“Будучы настаўніцай пачатковых класаў, шмат увагі ўдзяляю развіццю такога патрыятычнага пачуцця, як любоў да малой ра­дзімы, імкнуся прывіваць дзецям беражлівае стаўленне да прыроды. Вельмі важна выхоўваць у іх разуменне правільнага выкарыстання энергарэсурсаў. З гэтай нагоды праводжу экалагічныя святы, майстар-класы, творчыя конкурсы. Дарэчы, на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон” мы заваявалі дыплом І ступені. Думаю, вы са мной пагодзіцеся, што веды, вопыт, звычкі і ўражанні, атрыманыя ў дзяцінстве, застаюцца з чалавекам на ўсё жыццё. А жаданне захоўваць і прымнажаць багацці сваёй краіны — гэта і ёсць патрыя­тызм”, — рэзюмавала Святлана Канстанцінаўна.

Сапраўды, патрыятызм пачынаецца з малой радзімы, памяць і традыцыі якой захоўваюцца ў школьным музейным пакоі “Беларус­кая хатка”. Збор экспанатаў пачаўся яшчэ ў 1992 го­дзе. Ля вытокаў музея былі настаўнікі гісторыі Мікалай Іванавіч Лагойкін і Уладзімір Анатольевіч Мохараў. На сёння экспанатаў ужо каля ста (збор працягваецца), і кожны з іх сведчыць пра культурнае і сацыяльнае развіццё жыхароў Роўкавіцкага сельскага Савета ў ХІХ—ХХ стагоддзях.

“Наш музейны пакой актыўна выкарыстоўваецца на практыцы. Тут право­дзяцца ўрокі і краязнаўчыя мерапрыемствы. Акрамя таго, вядзецца даследчая дзейнасць, прычым паспяхова. Нашы работы займаюць прызавыя месцы на раённых, абласных і рэспуб­ліканскіх конкурсах. Вашай увазе прадстаўлена пастаянная экспазіцыя, але ў нас ёсць і зменная, якая выкарыстоўвацца, напрыклад, пры правядзенні мерапрыемстваў, прысвечаных падзеям Вялікай Айчыннай вайны”, — паведаміла кіраў­нік музейнага пакоя Алёна Круглікава.

У кабінеце замежнай мовы мы пазнаёміліся з яго га­спадыняй — настаўніцай нямецкай мовы Ірынай Рудабелец. Ірына Аляксанд­раўна — вельмі сучасны педагог, які імкнецца разнастайваць свае ўрокі інтэр­актывам, гульнямі і вялікай колькасцю нагляднасці. З разнастайнасцю яе метадаў і падыходаў можна азнаёміцца на старонцы прафесійнага блога: http://de-stunde.blogspot.com/?m=1. Дарэчы, педагог шчодра дзеліцца сваімі напрацоўкамі, напрыклад, у блогу можна знайсці тэорыю і методыку правядзення гульняў па самых розных тэмах. Акрамя таго, настаўніца актыўна вядзе старонку ў Instagram, дзе расказвае пра свае ўрокі і дзеліцца назапашаным вопытам.

Яшчэ Ірына Рудабелец сумесна з брэсцкай калегай з сярэдняй школы № 16 Аленай Грынчык выдалі планы-канспекты ўрокаў для васьмікласнікаў. У дапаможніку вызначаны мэта, структура, этапы ўрока. Акрамя таго, ён суправаджаецца сотняй дадаткаў — разнас­тайнымі матэрыяламі для арганізацыі вучэбна-пазнавальнай дзейнасці школьнікаў на ўроку. Тут ёсць гульні, карткі-заданні, воблакі слоў, парныя заданні, тэксты з пропускамі, дыялогі, а таксама заданні на разу­менне тэксту, флэш-карткі, рэбусы.

Зразумела, што з такім прафесійным рэнамэ Ірына Аляксандраўна — часты госць Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. На яе майстар-класах заўсёды аншлаг, што не дзіўна, бо педагогі атрымліваюць вялікую колькасць дыдактычнага матэрыялу і ідэй для яго прымянення. Дарэчы, і ў нас у кабінеце замежнай мовы вочы проста разбягаліся. Гульні з карткамі, канструктары, вучэбныя таблічкі, каляровыя стэнды і шафы з літаратурай — усё для паспяховага засваення прадмета. Нават асобная (і абсталяваная) зона для рухавых гульняў ёсць.

Ну а калі вы не на ўроку, то жаданне парухацца адразу ўзрастае ў разы, прынамсі, у пачаткоўцаў дакладна. І тут на дапамогу прыхо­дзіць трэнажорны пакой, які абсталявалі некалькі гадоў назад для вучняў малодшага і сярэдняга звяна. Выдатнае месца, дзе можна пераключыцца і атрымаць разрадку. 

Роўкавіцкая школа ўразіла. Дагледжанасцю і ўтульнасцю, сучаснымі дызайнерскімі знаходкамі і колеравымі рашэннямі. А яшчэ выдатнымі педагогамі і вучнямі, якія штодзень імкнуцца зрабіць сябе і сваю навучальную ўстанову лепшай. А матывуе іх на пастаянны пошук і развіццё кіраўнік — дырэктар школы Святлана Корхава. Па меркаванні Святланы Васільеўны, калі дзеці будуць вучыцца ў прыгажосці (чалавечай і навакольнай), то і самі будуць з прыгожай душой. У Роўкавіцкай школе працуюць вельмі душэўныя настаўнікі і ўмовы створаны цудоўныя — пасля мадэрнізацыі школа стала сучаснай і эстэтычнай.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА