Сучасны фармат — сучасная мама

- 10:29Выхаванне, Рознае
На паспяховасць дзяцей многія бацькі з-за сваёй празмернай занятасці звяртаюць увагу, на жаль, у апошні момант. Звычайна гэта адбываецца пасля чарговага бацькоўскага сходу. Відавочна, што і ў жыцці школы такія бацькі ўдзелу не прымаюць.
Тым не менш ёсць такія мамы, якія робяць усё магчымае для таго, каб быць не толькі ў курсе ўсіх школьных падзей, але і арганізоўваць іх.
Таццяна Васільеўна Кавунова — менавіта такі чалавек. Яна актыўна супрацоўнічае з гімназіяй № 11 Мінска, дзе вучыцца яе дачка, а таксама арганізоўвае для вучняў цікавыя і карысныя майстар-класы, тэматычную напоўненасць для якіх актыўная мама прыдумвае сама.

— Таццяна Васільеўна, дзякуючы вашай ініцыятыве і ідэям, у гімназіі было праведзена некалькі класных гадзін.
— Усё гэта я раблю для дзяцей. Па прафесіі я настаўнік фізічнай культуры і здароўя. У душы — таксама настаўнік. І ўпэўнена, назаўсёды ім застануся, нягледзячы на тое, што прадмет “Фізічная культура і здароўе” больш не выкладаю. Калі пачаць аналізаваць майстар-класы, якія я падрыхтавала для класных гадзін, то яны адрозніваюцца ад фізічнай культуры. Аднак арганізаваныя мерапрыемствы накіраваны на выхаванне культуры знешняга выгляду школьнікаў.

— Раскажыце, калі ласка, як узнікла ідэя правядзення майстар-класа па тэме “Дзелавы стыль гімназіста”?
— Ідэя правесці тэматычную размову, а таксама арганізаваць прэзентацыю дзелавога стылю адзення ў мяне ўзнікла пасля аднаго з бацькоўскіх сходаў. Тады завуч зрабіла бацькам, якія прысутнічалі на сходзе, заўвагу, што знешні выгляд вучняў пакідае жадаць лепшага. Пасля гэтага выпадку ў мяне і ўзнікла ідэя наконт таго, каб арганізаваць паказ дзелавога стылю адзення. Вы, я думаю, разумееце, што старшакласнікі не змогуць набыць аднолькавую школьную форму і штодня насіць яе. Прычын для гэтага дастаткова. І самымі відавочнымі з’яўляюцца несупадзенне ў дзяцей тэмпераменту, характараў. Да таго ж густ у гэтай справе таксама адыграе немалаважную ролю. Затое кожны з вучняў можа адкрыць сваю шафу і падабраць тое адзенне, якое адпавядае дзелавому стылю. “Дзелавы стыль гімназіста” — менавіта такую назву атрымала класная гадзіна, на якую былі запрошаны вучні 8-9 класаў гімназіі. Сцэнарый правядзення мерапрыемства, які я распрацавала, спадабаўся і намесніку дырэктара па выхаваўчай рабоце Ксеніі Валер’еўне Яцкевіч. Менавіта яна разам з класнымі кіраўнікамі 8 і 9 класаў, а таксама з працоўнай групай навучэнцаў падрыхтавала ўсё, што было неабходна для правядзення мерапрыемства.

— Ведаю, што для арганізацыі паказу дзелавога адзення вы запрашалі ў гімназію рэжысёра-пастаноўшчыка з Нацыянальнай школы прыгажосці.
— Так, арганізаваць свята нам дапамагала Алена Сяргееўна Кавальчук. Для таго каб найбольш поўна расказаць пра дзелавы стыль у адзенні, патрэбна было арганіза-ваць паказ, навучыцца майстэрству дэфіле. Без дапамогі прафесіяналаў мы б не справіліся. А зрабіць свята незабыўным хацелася. І ведаеце, у нас усё атрымалася! І дзяўчаты, і хлопцы, якія выступалі ў якасці мадэлей, выглядалі годна і вельмі прафесійна!
Безумоўна, яны хваляваліся, таму што на падрыхтоўку да свята было выдзелена ўсяго некалькі заняткаў. Але ўсё атрымалася! Нашы гімназісты былі вельмі стыльнымі, сур’ёзнымі. І чаму б не ганарыцца, калі ўсё арганізавана на высокім узроўні? Праўда, шкада, што на паказ не змаглі прыйсці бацькі. Але, думаю, з расказаў дзяцей яны змаглі ўявіць, што насамрэч адбывалася ў той дзень у гімназіі. Дарэчы, сцэнарый правядзення класнай гадзіны па тэме дзелавога стылю быў надрукаваны ў часопісе “Мінская школа”.

— Ці сталі вучні пасля гэтага мерапрыемства прытрымлівацца адпаведнага стылю ў адзенні?
— Я ўпэўнена, што вучні зразумелі, што тое адзенне, пра якое ішла гаворка на класнай гадзіне, не сумнае і “шэрае”. Не толькі бацькі, але і настаўнікі ведаюць, што адзенне, якое можна аднесці да дзелавога стылю, ёсць у кожнага вучня. Галоўнае — правільна расказаць пра яго, а ў далейшым паспрабаваць утрымаць дзелавы стыль у школе. Безумоўна, зрабіць гэта даволі цяжка. Але, упэўнена, нічога немагчымага не існуе. Галоўнае, каб настаўнік змог знайсці той пункт гледжання, які будзе прыняты вучнямі.

— Раскажыце, калі ласка, пра майстар-клас па цырульніцкім майстэрстве і дэкаратыўнай касметыцы. Напэўна, ён стаў лаканічным працягам “Дзелавога стылю гімназіста”.
— Ідэя арганізаваць майстар-клас па прычосках узнікла пасля вышэйназванага мерапрыемства. Вядома, што кожнаму стылю адзення адпавядае канкрэтны знешні выгляд. Асноўнай мэтай чарговага свята стала дапамога вучням старшых класаў у выбары прычоскі і макіяжу. Дзяўчаты, якія вучацца ў 8—11 класе, ужо карыстаюцца касметыкай, але, на жаль, не заўсёды ўмела. Прычоскі таксама ва ўсіх аднолькавыя. Часцей за ўсё вучаніцы збіраюць валасы ў хвост альбо проста іх не заплятаюць. Хлопцам, між іншым, таксама хочацца быць прыгожымі, а значыць, і ім варта ведаць, як правільна даглядаць сябе, і валасы ў тым ліку. Таму на наступнай класнай гадзіне прама ў класе мы адкрылі салон прыгажосці. Пасля мерапрыемства ўсе без выключэння мадэлі выйшлі з актавай залы іншымі людзьмі! Удала ўложаныя ў прычоску валасы, стрыманы макіяж. Такой прыгажосці мы яшчэ не бачылі! Ведаю, што гэтае мерапрыемства запомніцца надоўга. Асаблівы дзякуй хочацца сказаць навучэнцам групы № 3-09-77д прафесійна-тэхналагічнага каледжа. Таксама словы падзякі выказваю Мікалаю Мікалаевічу Ціральчуку, дырэктару згаданай навучальнай установы, і начальніку аддзела пазашкольнай работы Аксане Андрэеўне Скіліндзе за тое, што не адмовілі ў просьбе і згадзіліся дапамагчы арганізаваць тэматычную класную гадзіну.

— Таццяна Васільеўна, як настаўнікі рэагуюць на вашу дзейнасць у школе?
— Безумоўна, настаўнікі ўдзячны за тое, што я раблю. Усе мерапрыемствы, за правядзенне якіх бяруся, абмяркоўваюцца і з намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, і непасрэдна з дырэктарам гімназіі Вольгай Леанідаўнай Бойка.

— А вучні? Як яны ставяцца да правядзення такіх незвычайных класных гадзін?
— Думаю, вучням падабаюцца такія мерапрыемствы. Тым не менш першай суддзёй для мяне з’яўляецца дачка Васіліна. Неяк яе сяброўкі запыталіся, адкуль я бяру ідэі і як будую арганізацыю работы. А на маё сустрэчнае пытанне наконт таго, ці падабаюцца ім такія мерапрыемствы, адказалі, што было б проста цудоўна, каб і майстар-класы, і сустрэчы з цікавымі людзьмі адбываліся часцей.

— Магчыма, вы спрабавалі іншых бацькоў зацікавіць сваімі ідэямі?
— Многія бацькі вельмі загружаны работай, а гэта значыць, яны не заўсёды маюць магчымасць думаць над тым, якія праекты прапанаваць школе. Але ёсць мама, з якой мы сябруем (яе дачка вучыцца ў 8 класе). Вось яна мяне падтрымлівае. І я ўдзячна, што ёсць тыя, хто пазітыўна і з разуменнем успрымае мае ідэі. Дарэчы, любоў да творчасці — гэта не выпадковасць. Я — чалавек камунікабельны. Падтрымліваю зносіны са сваімі сяброўкамі, калегамі з сярэдняй школы № 147 Мінска. Некаторыя з іх ужо не пра-цуюць у школе, а нехта працягвае настаўніцкую дзейнасць. Усе яны — асобы вельмі творчыя і таленавітыя. Менавіта дзякуючы сяброўству з імі, я, настаўнік фізічнай культуры, пачала любіць творчасць.

— Як ваша дачка ставіцца да таго, што ў яе такая актыўная мама.
— Думаю, празмерная ініцыятыва мамы ёй не вельмі падабаецца. Але ў той жа час, мае задумкі і ідэі катэгарычна не адмаўляе. І калі б дачка папрасіла не браць ініцыя-тыву правядзення класных гадзін на сябе, я б прыслухалася да яе меркавання і не займалася гэтым. Нельга не прымаць да ўвагі тое, што Васіліна лічыць непатрэбным для сябе ў межах школы. Таму што школа — гэта тое месца, дзе ў яе ёсць сябры і ўласныя захапленні. Важна разумець адно: калі дзецям дрэнна ад таго, што робяць іх бацькі, значыць, гэтага лепш не рабіць.

— Таццяна Васільеўна, ці думалі над тым, што яшчэ можна арганізаваць у гімназіі?
— Безумоўна, думала. І не толькі думала, а ўжо нават пачала збіраць ідэі для правядзення некаторых мерапрыемстваў. Напрыклад, мне хочацца запрасіць да дзяцей на сустрэчу ўрачоў, псіхолагаў, алімпійскіх чэмпіёнаў. Але ўсё гэта я планую арганізаваць не лекцыйна, а ў тым фармаце, які будзе цікавым для сучаснай моладзі. У мяне ў распрацоўцы ўжо ёсць мерапрыемства, якое звязана з фізічнай культурай і спортам. Яно прыдумана разам з навучэнцамі Рэспубліканскага вучылішча алімпійскага рэзерву. Увогуле я хачу наладзіць майстар-класы па розных відах спорту, якія будуць праводзіць навучэнцы згаданай установы адукацыі ў шосты школьны дзень. Ідэй, як бачыце, многа. Я гатова да супрацоўніцтва і хачу звярнуцца да бацькоў і настаўнікаў: давайце аб’яднаемся і зробім школьнае жыццё нашых дзяцей яшчэ больш цікавым! Я ўпэўнена: чым больш творчасці мы будзем укладваць у тое, што робім, тым больш узаемаразумення з’явіцца паміж дарослымі і дзецьмі.

 

Наталля ДУБІК.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.