“Сучасны выхавальнік, які ён?” — тэма круглага стала, які прайшоў у дзіцячым садзе № 573 Мінска з удзелам педагогаў і вучняў педагагічнага класа сталічнай сярэдняй школы № 52. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
У госці да малышоў прыйшлі не толькі дзесяцікласнікі, але і дырэктар школы Аксана Цуран, а таксама класны кіраўнік педагагічнага класа Таццяна Рудазуб.
— Для таго каб выпускнікі школы выбіралі педагагічную прафесію не з чыстага ліста, мы рыхтуем іх да гэтага, — адзначыла Аксана Пятроўна. — У нашых планах прадэманстраваць вучням педагагічных класаў усе структурныя адзінкі сістэмы адукацыі краіны, прадугледжаныя Кодэксам аб адукацыі: дашкольныя ўстановы, сацыяльныя прытулкі, дзіцячыя дамы, дамы сямейнага тыпу, школы, ліцэі, каледжы і УВА. Наша адукацыйнае падарожжа пачалося з наведвання дзіцячага сада № 138, а сёння мы ў гасцях у 573-м садзе. У мінулым навучальным годзе з нашай школы ўпершыню выпусціўся педагагічны клас. Тры нашы вучаніцы атрымалі мэтавыя накіраванні, і ўсе паступілі на бюджэт у БДПУ, прыняўшы рашэнне стаць настаўнікамі-дэфектолагамі. Праз паўтара года чакаем сваіх выпускніц у сябе на практыцы.
Загадчыца дзіцячага сада № 573 Наталля Марачова выступіла ў ролі мадэратара круглага стала. А дапамагала ёй віртуальны памочнік Паліна.
— Хто ж такі выхавальнік дзіцячага сада? — звярнулася да аўдыторыі Наталля Аляксандраўна.
І вось што адказала Паліна:
— Гэта чалавек, якога дзеці могуць бачыць часцей, чым уласных бацькоў. На яго, а часцей на яе вачах малыя растуць, вучацца, смяюцца і плачуць, прывыкаюць да пэўнага рэжыму, ядуць ненавісную кашу, радуюцца прагулкам і, вядома, сталеюць.
— А што сабой уяўляе сучасны выхавальнік? Той, хто працуе сёння? Давайце паразважаем, — прапанавала кіраўнік.
У гэтым дапамагла гульня “Воблака слоў” (на анлайн-платформе Wooclap). На сталах у вучняў ляжалі лісточкі з QR-кодамі. Педагогі таксама падключыліся да працэсу.
— Выхавальнік — гэта прафесія або прызванне? — працягнула Наталля Марачова. — Ёсць меркаванне, што выхавальнік павінен займаць актыўную жыццёвую пазіцыю. Для таго каб яе выпрацаваць, неабходна верыць у свае сілы, умець сумленна і адкрыта паглядзець на сябе. Прапаную вам апісаць сябе, а для гэтага выканаць практыкаванне “Хто я? Якая я?”. На сталах перад вучнямі ляжаць пытанні. За тры мінуты ім неабходна напісаць дзесяць слоў насупраць кожнага пытання. Вынікі абмяркуем.
Дырэктар 52-й школы Аксана Цуран прапанавала вучням захаваць свае адказы (аддаць настаўніку), а праз год зноў выканаць гэтае ж практыкаванне і параўнаць вынікі.
А якім свайго выхавальніка бачаць дзеці? Падчас круглага стала быў паказаны відэаролік з меркаваннямі выхаванцаў сада аб сваіх педагогах. Асобу сучаснага выхавальніка шмат у чым вызначаюць яго агульны культурны ўзровень і эрудыцыя, якую дзесяцікласнікам прапанавалі прадэманстраваць падчас віктарыны з выкарыстаннем анлайн-платформы Kahoot.
Пасля выхавальнікі 573-га дзіцячага сада прэзентавалі свой вопыт работы “Навучу за 5 мінут”. Святлана Кавалёнак расказала пра метад нагляднага мадэлявання “Піктаграмы” для развіцця звязнага маўлення дашкольнікаў. Яго сутнасць заключаецца ў тым, што да кожнага слова або маленькага словазлучэння прыдумваюцца сімвалічныя выявы, якія замяняюць іх: ствараюцца замалёўкі да казкі, верша, пацешкі або апавядання.
— Выкарыстоўваю дапаможнікі беларускага настаўніка-дэфектолага Кацярыны Сакалоўскай, — адзначыла Святлана Леанідаўна. — Спачатку ідзе падрыхтоўка да пераказу, аповеду, завучвання, падбіраецца літаратурны твор у адпаведнасці з вучэбнай праграмай дашкольнай адукацыі. Першае чытанне тэксту носіць азнаямленчы характар, а пры паўторным чытанні ўвага акцэнтуецца на запамінанні, адбываецца размова па змесце. Пасля трэцяга чытання дзецям даецца магчымасць пераказаць тэкст, скласці апавяданне, расказаць верш, выкарыстоўваючы піктаграмы.
Па прапанаваных піктаграмах старшакласнікі пад кіраўніцтвам педагога склалі апавяданне “Восень”.
Выхавальніца Наталля Рабцава прадэманстравала вопыт работы з робатамі КUBO і “Ботлі” для індывідуальных заняткаў з выхаванцамі старэйшага дашкольнага ўзросту.
— Я выкарыстоўваю робатаў для замацавання матэматычных уяўленняў дзяцей, развіцця ўмення выбудоўваць алгарытмы, для паляпшэння навыку лічэння і прасторавага мыслення, — расказала Наталля Андрэеўна. — Робат КUBO ўмее перамяшчацца. У наборы ў яго ёсць карткі з чыпамі, якія ён счытвае, запамінаючы зададзены шлях. Дзеці выбудоўваюць для робатаў шлях з пункта А ў пункт Б. Для гэтага мы складаем поле з пазламі, бяром конусы, карткі са стрэлкамі (направа, налева, назад, наперад, налева 45 градусаў і направа 45 градусаў) і пульт кіравання. Мы ставім конусы ў зададзеных пунктах А і Б, з дапамогай стрэлак выбудоўваем шлях, адзін крок робата роўны аднаму каляроваму полю з пазламі. Затым націскаем на пульце “Пуск” і назіраем за перамяшчэннем робата. Калі хоць раз памыліцца, то робат не трапіць у пункт прызначэння.
Педагог прапанавала добраахвотнікам паспрабаваць сябе ў кіраванні робатам. Так, школьнікі выканалі алгарытмы для запуску жабы і паліцэйскай машыны. Падрабязныя канспекты заняткаў можна знайсці на сайце вытворцы робатаў або прыдумаць свае гульні. Усе творчыя педагогі ўмеюць камбінаваць, відазмяняць і адаптаваць вядомае. Таму ўсё, што неабходна для работы з робатамі, — гэта творчы падыход, жаданне і, вядома ж, самі робаты.
Наталля Камеш-Гайкова прадставіла кінезіялагічныя практыкаванні, накіраваныя на развіццё і актывізацыю міжпаўшарных сувязей. Навукова даказана вельмі высокая эфектыўнасць гэтага метаду пры рабоце з дзецьмі з парушэннямі маўлення і нізкай пазнавальнай актыўнасцю. Комплексы такіх практыкаванняў уключаюць у сябе дыхальныя, вокарухальныя, цялесныя практыкаванні, а таксама заданні для развіцця дробнай і буйной маторыкі, на рэлаксацыю, расцяжку, самамасаж.
— Практыкаванні я адаптавала для музычных заняткаў. Напрыклад, спалучыўшы жэсты і музыку, атрымала практыкаванні, якія актывізуюць увагу выхаванцаў, развіваюць пачуццё рытму і навык слухання музыкі, — сказала педагог і прадэманстравала відэа з заняткаў.
Затым яна прапанавала дзецям апрабаваць практыкаванні “Кольца”, “Вуха — нос”, “Кулак — далонь — рабро”. Іх можна прымяняць як элемент ранішняй гімнастыкі, прагулкі ці іншай спецыяльна арганізаванай або нерэгламентаванай дзейнасці. Наталля Уладзіміраўна падзялілася з вучнямі картатэкай кінезіялагічных практыкаванняў, каб яны маглі адразу пачаць іх прымяняць.
Пазнавальную актыўнасць дзяцей Вольга Піварчук развівае з дапамогай метаду эксперыментавання.
— Вы ведаеце, дзе жывуць рачныя параходзікі? Яны сумуюць у ціхіх бухтах і чакаюць, калі скончыцца зіма і наступіць лета, — пачала заняткі педагог. — І вось наступіла лета, і адзін з параходзікаў, якога звалі Чамучка, адправіўся ў падарожжа па рацэ, каб знайсці сяброў. Плыў ён уздоўж берага, як раптам неба зацягнулі хмары і пайшоў дожджык. Давайце патлумачым Чамучку, што такое дожджык.
Для доследу “Дожджык” (колькасць удзельнікаў 16) патрэбны: пена для галення, харчовы фарбавальнік (сіні), 16 шклянак з вадой (0,5 л), 16 піпетак. У празрыстую шклянку наліваем чыстую ваду (напалову). Зверху выціскаецца пена. У піпетку або шпрыц набіраем сінюю ваду (гуаш і вада альбо вада і харчовы фарбавальнік). Крыху апускаем шпрыц у пену і павольна выціскаем каляровую ваду. У празрыстай вадзе знізу павінны з’явіцца струменьчыкі (нітачкі) сіняй вады. Выснова: фарба прасочваецца скрозь пену і апускаецца на дно за кошт большай шчыльнасці.
На беразе Чамучка ўбачыў зайчаня, якому не было дзе схавацца ад дажджу. Параходзік схаваў яго. І разам з сябрам яны адправіліся далей. Скончыўся дождж, на небе з’явілася вясёлка.
Правядзём дослед “Вясёлка”. Нам патрэбны: фламастары, талерка з чыстай вадой, белыя сурвэткі. На сурвэтцы знізу малюем тоўстыя кропкі ў рад (колеры вясёлкі). Далей апускаем край сурвэткі з кропкамі ў ваду і назіраем, што будзе адбывацца. Выснова: вада па сурвэтцы паднімаецца ўверх, а разам з ёй і размыты каляровы малюнак вясёлкі.
Плылі па рацэ параходзік і зайчаня і заўважылі на беразе кураня. Яно было вельмі сумнае, таму што хацела падарыць маме букет яе любімых гарлачыкаў, але кураня не ўмела плаваць. І тады нашы вандроўнікі вырашылі яму дапамагчы.
Правядзём дослед “Гарлачыкі”. Бяром 16 нарыхтовак папяровых гарлачыкаў, 16 празрыстых шклянак з вадой (0,5 л), 16 алоўкаў. Закручваем пялёсткі папяровага гарлачыка ўнутр і апускаем на ваду. Кветка раскрываецца. Выснова: пры намаканні папера становіцца больш цяжкай, а пялёсткі кветак раскрываюцца. Так у нашых падарожнікаў з’явіўся яшчэ адзін сябар. Яны пайшлі далей і на невялікім астраўку пасярэдзіне ракі ўбачылі чацвярых маленькіх жабянят, якія паскакалі далёка ад свайго балота і заблукалі. Сябры вырашылі дапамагчы жабянятам дабрацца дадому.
Наступны дослед — “Лодачкі”. Бяром тры кавалкі пластыліну, папяровыя ручнікі, трох папяровых жабянят. Апусцім цэлы кавалак пластыліну ў ваду — ён тоне. Вылепім з яго лодачку і зноў апусцім на ваду — яна не тоне. Выснова: кавалак пластыліну тоне, у ім няма паветра. Лодачка напаўняецца паветрам, а паветра лягчэйшае за ваду, таму лодачка не тоне. Змесцім у кожную лодачку па адным жабяняці і дапаможам ім даплысці да свайго дома. Так і скончылася маленькае падарожжа Чамучкі. Ён знайшоў новых сяброў.
У гульні “Воблака слоў” (з выкарыстаннем анлайн-платформы Wooclap) вучні падзяліліся ўражаннямі аб сустрэчы з калектывам дзіцячага сада, а затым адправіліся на экскурсію па ўстанове.
Акрамя таго, будучыя педагогі паспрабавалі сябе ў ролі кіраўнікоў па фізвыхаванні, правялі з дашкольнікамі рухавыя гульні з музычным суправаджэннем.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара