Чарговы рэспубліканскі савет дырэктараў устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі прайшоў на Гродзеншчыне. Праграма мерапрыемства была вельмі насычанай, да гэтага абавязвала і тэма савета — фарміраванне грамадзянскіх кампетэнцый ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
Работа была пачата ў Скідзелі, у цэнтры па месцы “жыхарства” Гродзенскага раённага цэнтра творчасці, дзе на прыкладзе арганізацыі работы ў гэтым раёне была прадэманстравана даступнасць дадатковай адукацыі для дзяцей, якія пражываюць у сельскай мясцовасці, вопыт па арганізацыі патрыятычнага выхавання дзяцей, уключэння іх у сацыяльна значныя акцыі і ініцыятывы.
Удзельнікаў савета віталі намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі начальнік упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Мацюшонак і дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі старшыня рэспубліканскага савета дырэктараў устаноў дадатковай адукацыі Надзея Васільчанка. У сваіх выступленнях яны засяродзілі ўвагу на выхаваўчым патэнцыяле ўстаноў дадатковай адукацыі ў фарміраванні грамадзянскасці і патрыятызму маладога пакалення.
Адукацыйную прастору Гродзенскай вобласці ў кантэксце фарміравання грамадзянскіх кампетэнцый прадставіў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама А.Г.Сонгін. Аляксандр Генрыхавіч расказаў аб кадравых пытаннях, матэрыяльнай базе і актыўнасці дзяцей, якой трэба адпавядаць педагогам, каб напаўняць дзейнасць, у тым ліку ў патрыятычным выхаванні, новым зместам, які адпавядае сучасным патрабаванням грамадства і дзяржавы.
— Толькі паспявай за крэатыўнымі ідэямі нашых дзяцей, — падкрэсліў гэты тэзіс Аляксандр Генрыхавіч. І ў пацвярджэнне яго кіраўнік раённай асацыяцыі школьнага самакіравання “Садружнасць” навучэнец Капцёўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна Антон Кохна разам з сябрамі расказаў пра ініцыятывы моладзі, пра сваю грамадзянскую пазіцыю.
Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Гродзенскага райвыканкама Таццяна Аксаміт, дырэктар раённага Цэнтра творчасці Сняжана Пекарскене, намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце цэнтра Ганна Фінагенава прэзентавалі рэгіянальную практыку і вопыт фарміравання грамадзянскіх кампетэнцый навучэнцаў Гродзенскага раёна.
У сярэдняй школе № 3 Скідзеля ўдзельнікі савета не толькі азнаёміліся з сістэмай патрыятычнага выхавання, але і разам з членамі школьнага дыскусійнага клуба “Імпульс” сталі ўдзельнікамі бінарнай дыскусіі “Мы залежым ад часу альбо час залежыць ад нас”.
Шчучынскі палац творчасці дзяцей і моладзі стаў месцам канцэпт-прэзентацыі “Малая радзіма — Шчучыншчына — вялікія магчымасці”.
— У рабоце кожнага аб’яднання па інтарэсах закладзены вялікі выхаваўчы патэнцыял, — гаворыць дырэктар палаца Ірына Дзегцярова. — Мы прадставілі сістэму фарміравання грамадзянскіх кампетэнцый нашых выхаванцаў праз дзейнасць розных аб’яднанняў. Падчас круглага стала “Грамадзянін. Патрыёт. Абаронца” азнаёмілі ўдзельнікаў савета з вопытам работы праваслаўнага ваенна-патрыятычнага клуба “Дружына”.
Другі дзень работы рэспубліканскага савета дырэктараў устаноў дадатковай адукацыі праходзіў у Лідзе. Вопыт работы Лідчыны прадставіў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Лідскага райвыканкама Аляксандр Кадлубай. Кіраўнікі ўстаноў дадатковай адукацыі расказалі аб тым, як выхоўваюцца патрыятызм, грамадзянская пазіцыя, інфармацыйная культура навучэнцаў праз краязнаўчую і турыстычна-экскурсійную работу, тэхнічную творчасць, экалагічную адукацыю, праз забаўляльную і сацыяльна значную дзейнасць.
Флэш-кросінг “Маладзёжнае лідарства — сучасны фармат” прадэманстраваў, як дзіцячыя і маладзёжныя арганізацыі Гродзеншчыны фарміруюць грамадзянскую актыўнасць праз сацыяльна значныя ініцыятывы, валанцёрскі рух, дзейнасць маладзёжнага парламента.
Падводзячы вынікі двухдзённай работы, А.М.Мацюшонак адзначыў станоўчы вопыт і вялікі патэнцыял устаноў дадатковай адукацыі Гродзенскай вобласці ў патрыятычным выхаванні дзяцей і моладзі, добрую матэрыяльную базу ўстаноў, новыя кірункі дзейнасці, у тым ліку звязаныя з правядзеннем Года малой радзімы.
На наступным савеце плануецца абмеркаваць пытанні арганізацыі летняга адпачынку і аздараўлення дзяцей і ўдзелу ў ім устаноў дадатковай адукацыі.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.