Сумеснае чытанне кніг: як з дапамогай казак у дзяцей фарміруюцца сямейныя каштоўнасці

- 15:30Образование, Портфолио

Фарміраванне сямейных каштоўнасцей адбываецца не толькі праз узаемаадносіны з бацькамі, дзядулем і бабуляй, але і праз сумеснае чытанне кніг.

Ірына ЛЕНСКАЯ, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Атраднаўскай сярэдняй школы Любанскага раёна Мінскай вобласці

Пытанням гендарнага і сямейнага выхавання шмат увагі ўдзяляюць педагогі, не засталіся збоку ад хвалюючай праблемы і пісьменнікі. Як зазначыла Алена Стэльмах, яе галоўная мэта як пісьменніцы — засяродзіць увагу чытача на сям’і як найвялікшай каштоў­насці грамадства. Нездарма існуе вельмі трапнае выслоўе: “Моцная сям’я — моцная дзяржава”. Нацыянальны арыенцір — гэта сямейныя каштоўнасці.

Як педагог я ўпэўнена, што праз чытанне казак Алены Стэльмах у дзяцей фарміруюцца сямейныя каштоўнасці, забяспечваецца пераемнасць сямейных традыцый. Невыпадкова кніга “Пашка і сонечны праменьчык” адзначана Нацыянальнай літаратурнай прэміяй.

У кнігу ўвайшлі 8 казак, у кожнай з якіх расказваецца пра важныя прынцыпы выхавання дзіцяці. Пасля прачытання твораў складваецца пэўная сістэма сямейных каштоўнасцей. Кожная з казак па-свойму раскрывае сак­рэты сямейных узаемаадносін, паказ­вае разнапланавую ролю маці, баць­кі, вялікі ўплыў на ўнукаў дзядуляў і бабуль.

У кожнай казцы падзеі ці адбываюцца ў сям’і, ці пэўным чынам звязаны з ёй. Героі — дзеці і іх бацькі. У чытача складваецца мадэль пэўных узаемаадносін паміж сямейнікамі. У аснове іх — пяшчота і любоў.

Другі прынцып узаемаадносін — патрабавальнасць і строгасць да дзяцей. У казках гаворыцца: “Ім толькі дай волю!”, “У строгіх матуліных словах адчувалася пяшчота і любоў. Мацярынскае сэрца поўнілася шчасцем ад таго, што ўся яе сонечная сямейка сабралася разам у прасторным Неба-доме. Любая сям’я трымаецца на ўзаемадапамозе”, “Якой бы агністай зоркай ні была маці-Сонца, без дапамогі ўвішных дзетак-праменьчыкаў ёй было б не ўправіцца”.

Задача маці — вучыць сына або дачку адказным паводзінам, сумленна ставіцца да выканання сваіх абавязкаў. Вось як у казцы маці-Сонейка тлумачыць жыццёвыя ісціны: “Гультайства — пачатак усіх бед”, “Слязамі няшчасце не адгоніш”, “Ведай: лепш самому пацярпець, чым каго іншага пакрыўдзіць”.

Адзін з прынцыпаў выхавання, які закладзены ў народнай педагогіцы, грунтуецца на працы. Бацькі сваім прыкладам павінны прывучаць дзяцей да работы. Сумесная праца — аснова выхавання.

Вобраз бацькоў аўтар малюе як самых аўтарытэтных людзей. Маці заўсёды выступае як дарадца, да яе ідуць па параду. Напрыклад: “Навошта нам крыўдзіць павучка? Ён такі маленькі і бездапаможны. Да ўсяго трэба ставіцца з разуменнем, усё трэба лю­біць такім, якое яно ёсць”. А бацька для дзяцей з’яўляецца непахісным аўтарытэтам.

Выхоўваць можна не толькі прык­ладам, але і словам. У казцы “Нечаканая знаходка” кранае эпізод з’яўлення ў кватэры бяздомнага кацяняці. Дзяўчынкі баяліся адмоўнай рэакцыі бацькоў, аднак словы разважлівага таты іх падбадзёрылі: “Ніколі і нікога нельга пакідаць у бядзе. Майце на ўвазе, што зараз за сваю знаходку вы несяце сур’ёзную адказнасць”.

Менавіта ў сям’і дзіця атрымлівае асновы культуры і этыкету.

Як сцвярджае А.Стэльмах, сям’я — гэта група аднадумцаў, паміж якімі пануе сяброўства. Прыклады з твораў: “Цікаўныя і дасціпныя, праменьчыкі моцна сябравалі, чаму маці вельмі радаваліся”, “Бацькі, ведаючы ціка­васць сына да неба і палёту, усе разам адпраўляюцца ў адпачынак на самалёце”, “Дома працаўніцу Броню чакала дружная пчаліная сям’я. І калі яна не з’явілася ў час, усе сваякі не на жарт расхваляваліся”.

Адзін з прынцыпаў сямейнага выхавання грунтуецца на еднасці пакаленняў, калі ў жыцці дзяцей прысутніча­юць бабуля і дзядуля. Знаходзім у казках такія эпізоды: “Цікавасць Віталіка да неба і палёту раздзяліў дзед Алесь Пятровіч”, “Каб падтрымаць хлопчыка, ён навучыў яго рабіць самалёцікі з паперы. Часам спаборнічалі, чый паля­ціць далей”. Важна, каб дзіця чула словы пахвалы, гэта надае ўпэўненасці, веры ў тое, што ўсё атры­маецца: “Шурыку сваімі паслухмянымі паводзінамі захацелася заслужыць пахвалу ў грознага, на іх погляд, дзеда. Мудры, ён ведаў, як падабраць чароўны ключык да дзіцячых сэрцаў. І стары лагодай ды спагадай растапіў у юных душах вост­рыя ледзяшы за­тоенай боязі”.

Дзед даваў розныя даручэнні, а прык­меціўшы спрыт унука, стараўся хлопца падахвоціць.

Як сцвярджае аўтар, дзеці — вялікая ўзнагарода, сэнс чалавечага жыцця. Без дзяцей сям’я не сям’я. У казцы “Дуб і крумкач” з вуснаў мудрага Дуба-баць­кі гучыць ісціна: “Час, калі станеш бацькам, варты ўсяго жыцця”. Задаволены з’яўленнем парасткаў, ён прызнаўся: свой бацькоўскі абавязак выканаў сумленна.

Асаблівую ўвагу ў кнізе аўтар звяртае на сямейныя традыцыі, якія перадаюцца з пакалення да пакалення. Доб­ра абмеркаваць увечары падзеі дня, адсвяткаваць радасную падзею пірагом і гарбатай. Варта запрасіць на ўрачыс­тасць бабулю і дзядулю. Такія моманты яднаюць усіх, збліжаюць.

Добрай традыцыяй з’яўляецца ся­мейнае чытанне кніг, у прыватнасці чытанне казак перад сном малым дзеткам. Кніга — цудоўны сродак выхавання, падкрэслівае А.Стэльмах.

У беларускай парэміялогіі шмат прыказак з лексемамі “сям’я”, “бацька”, “маці”. Многія з іх знайшлі адлюстраванне ў казках Алены Стэльмах.

Прыказка

Эпізоды з твораў Алены Стэльмах.

Мае думкі

Дзетак узгадаваць — не курак пасклікаць

Выхаванне дзіцяці — гэта штодзённая праца бацькоў па фарміраванні асобы

Бацька фарміруе розум, а маці лашчыць цела і душу

Сям’я абавязкова павінна быць поўнай. Роля бацькі і маці ў працэсе выхавання вельмі значная

Умеў дзіця нара­дзіць, умей і навучыць

Неабходныя ў жыцці навыкі фарміруюць бацькі. Гэты працэс пастаянны

Адно дзіця не дзіця, двое дзяцей — палавіна дзіцяці, трое дзяцей — цэлае дзіця

Мнагадзетнасць у нашых продкаў была нормай. У казцы “Супоўніца Міла” Эмілька выхоўваецца ў мнагадзетнай сям’і. У Марціна 5 унукаў. А.Стэльмах вітае думку, што сям’я павінна быць вялікай

У каго ёсць бабуля і дзед, той не ведае бед

У творах дзед Марцін вучыць унука ганчарнай справе. Алесь Пятровіч майструе папяровы самалёцік

За агульным сталом ежа смачнейшая

Сям’я збіралася за сталом кожную нядзелю. Дужа хвалілі боршч і дарослыя, і дзеці

Пры сонейку цёпла, пры мамцы добра. Ад роднага таткі дорагі і латкі

Маці павучае Віталіка ціха, спакойна. Мама строгая, але пасля падабрэла. “Хлопчык вінавата зазіраў у матчыны падабрэлыя вочы”

Дружная сям’я не ведае смутку

Многія справы, у тым ліку і адпачынак, праходзяць сумесна. Дзед і ўнук спаборнічаюць, чый самалёцік паляціць далей (казка “Папяровы самалёцік”)

Бацькоўскае слова дарэмна не гаворыцца

 Сын Янка прыслухоўваецца да слоў бацькі. Тата для яго вялікі аўтарытэт. “Бацька дарма з месца не сарве. Значыць, ёсць у тым асаблівая патрэба”

Які род, такі і плод

“Род Янкі Жывіцы моцна стаяў на зямлі. Прашчуры роду прыкіпелі душой да лесу”

Дзеткі добрыя — бацьку-маці вянок

Трэба такіх дзяцей выхаваць, каб табе чужыя людзі дзякавалі. “Палясоўшчыкі дзякавалі бацьку за сына”

Народная мудрасць сцвярджае: “Хто бацькоў шануе, той давеку не гіне”. У сваіх творах аўтар не перастае схіляць чытача да шанавання бацькоў, павазе да іх, у далейшым — да пераймання іх найлепшых чалавечых якасцей. Прыклад старэйшых — аснова выхавання і сталення асобы.

Якая сям’я ідэальная? З твораў пісьменніцы, відавочна, што гэта поўная сям’я, дзе пануюць узаемапавага, разуменне. Усе сямейнікі дапамага­юць адно аднаму, падтрымліва­юць словам і справай. Бацькі шмат часу бавяць з дзецьмі, у іх ёсць агульныя заняткі, а дзеці паважаюць старэйшых.

Лічу, што казкі Алены Стэльмах варта чытаць разам з дзеткамі. Няхай сумеснае прачытанне прынясе асалоду!

Фота на прэўю з сайта pixabay.com, носіць ілюстрацыйны характар