«Сустрэча падарыла часцінку цяпла кожнаму з нас». Міністр адукацыі прыняў удзел у акцыі «Ад усёй душы»

- 9:26Актуально, Новости

Міністр адукацыі Андрэй Іванец у рамках дабрачыннай акцыі для пажылых людзей “Ад усёй душы” наведаў ТЦСАН Фрунзенскага раёна Мінска, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

У аддзяленні дзённага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту цэнтра сацыяльнага абслугоўвання рознымі формамі актыўнасці ахоплены больш за 600 пенсіянераў. Дзейнічаюць чатыры дзясяткі клубаў і гурткоў па інтарэсах, дзе пажылыя лю­дзі займаюцца скандынаўскай хадзьбой, спяваюць, танцу­юць, займаюцца рукадзеллем, вучаць замежныя мовы і г.д. Таксама яны далучаюцца да валанцёрскай дзейнасці на карысць грамадства.

Андрэй Іванец азнаёміўся з работай цэнтра, паразмаўляў з прадстаўнікамі старэйшага пакалення, якія наведваюць яго. Дарэчы, сярод іх нямала і педагогаў, якія выйшлі на пенсію. Нехта на валанцёрскіх пачатках вядзе гурткі, а нехта прыходзіць у іх займацца. Таксама міністр наведаў аддзяленне сацыяльнай рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў, у якіх праводзіцца важная работа па сацыялізацыі маладых хлопцаў і дзяўчат з інваліднасцю.

У рамках акцыі “Ад усёй душы” для людзей сярэбранага ўзросту арганізавалі святочны канцэрт, у якім сваімі талентамі парадавалі як дзеці і моладзь, так і актыўныя пенсіянеры.

— Сімвалічна, што акцыі “Нашы дзеці” і “Ад усёй душы” праходзяць у  краіне адначасова. Мы абавязаны рабіць усё, каб не проста захаваць сувязь пакаленняў, а зрабіць яе непарыўнай. Наведваючы такія сацыяльныя цэнтры, разумееш, як важна ўносіць свой уклад у тое, каб кожны чалавек у нашай краіне быў шчаслівы і адчуваў сябе абароненым. Сённяшняя сустрэча падарыла часцінку цяпла кожнаму з нас, — адзначыў Андрэй Іванец.

Ад імя Міністэрства адукацыі сацыяльнаму цэнт­ру быў уручаны падарунак — грашовы сертыфікат, дзякуючы якому тут плану­юць на­быць сістэму для спеваў караоке. Гэта дазволіць узба­гаціць вольны час сталічных пенсіянераў яшчэ адной пазітыўнай актыўнасцю.

Аксана МЫЦЬКО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА