Сусветны дзень птушак адзначаецца 1 красавіка

- 9:30Новости

Бусел — адна з самых вядомых і любімых птушак у свеце. Белага бусла называюць сонечнай птушкай, прадвеснікам вясны і сімвалам новага жыцця. Ён жа — адзін з сімвалаў Беларусі. Сотні белакрылых птушак засяляюць нашу Радзіму. Пасяліўся бусел і ў нашай школе.

Заняткі на тэмы, прысвечаныя гэтай птушцы, у нашай групе прадоўжанага дня заўсёды праходзяць вельмі захапляюча. Маленькім навучэнцам я чытаю паданні пра паходжанне белага бусла, казкі, загадкі, дэманструю відэаролікі. Чытаем шмат вершаў, прысвечаных сімвалу Беларусі. Разам з выхавальнікам дзеці расфарбоўваюць малюнкі з бусламі, выразаюць іх з паперы.

Вучні настолькі пранікліся гісторыямі пра буслоў, што з ахвотай падключылі да творчай работы і сваіх бацькоў. Зараз у нашай групе сапраўдны музей белых птушак: вялікія і маленькія, з саломы, дрэва, папяровых модуляў, звязаныя і сшытыя буслы ўпрыгожваюць наш кабінет.

Белы бусел — гэта сельскі жыхар, у вялікім горадзе, на жаль, яго рэдка сустрэнеш. А яшчэ гэта пералётная птушка. Толькі ж у нас буслы жывуць цяпер круглы год. Вучні кожнаму бус­ліку далі імя. Мы з задавальненнем дзелімся фота­здымкамі з чытачамі “Настаўніцкай”, на лагатыпе якой таксама адлюстраваны бусел.

Не забыліся мы і пра зімуючых птушак. Яшчэ напрыканцы восені я прапанавала дзецям разам з бацькамі зрабіць кармушкі для іх, на што тыя з ахвотай адгукнуліся. Мы развесілі іх на прышкольным двары і кожны дзень, ажно да вясны, пакуль птушкам не стала лягчэй знаходзіць ежу, кармілі крылатых сяброў. Зараз рыхтуем шпакоўні.

Іна КАСЦЮЧКОВА,
выхавальнік групы прадоўжанага дня
сярэдняй школы № 46 Віцебска імя І.Х.Баграмяна
Фота бусла ўзята з сайта pixabay.com