Хутка вуліцы напоўняцца мімозамі і цюльпанамі, мужчыны ў апошні момант пачнуць бегаць па магазінах у пошуках падарункаў, а ў навучэнцаў аб’яднання па інтарэсах «Разьба па дрэве» Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Чэрыкава ўсё даўно гатова. Падрабязней – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».
— Больш за ўсё хлопцам падабаецца тое, што яны могуць рабіць сваімі рукамі сувеніры і дарыць іх родным, — расказвае кіраўнік аб’яднання педагог дадатковай адукацыі Сяргей Мікалаевіч Сыман. — Напрыканцы зімы і ў пачатку вясны хлопцы актыўна выпільваюць і выпальваюць прыгожыя жаночыя ўпрыгажэнні, але часцей за ўсё робяць кветкі. Шукаюць у інтэрнэце эскізы, падглядваюць адзін у аднаго ідэі, што можна прэзентаваць маме. Дарэчы, часта робяць падарункі і для любімых настаўніц — указкі, падстаўкі для тэлефонаў — практычныя, патрэбныя ў школе рэчы. Некаторыя хлопцы працуюць па заказе. Бабулі — асноўныя карыстальнікі нашай гатовай прадукцыі. Для іх хлопчыкі робяць стальніцы, рамкі для фота, качалкі для цеста.
Сапраўды, шчасце бабулі — гэта ляпіць для любімага ўнука піражкі, а спакой настаўніка — калі мабільныя тэлефоны навучэнцаў знаходзяцца пад пільным наглядам на яго стале. А чым жа хлопчыкі радуюць саміх сябе?
— Нядаўна мы з імі скончылі рабіць снайперскія вінтоўкі, да гэтага выпільвалі з фанеры мячы катаны, ножыкі карамбіты, — расказвае Сяргей Мікалаевіч. — Хлопчыкі застаюцца хлопчыкамі — ім падабаецца зброя. Калі гурткоўцы бачаць, што іх сябар працуе над цацачным ножыкам, які ўбачыў у мульціку, ім хочацца зрабіць для сябе такі ж і пахваліцца перад сябрамі. Увогуле, у нас тут мужчынскі свет. Дзяўчынкі час ад часу таксама прыходзяць, аднак ім цяжка — для разьбы па дрэве патрэбна фізічная сіла, якой дзяўчынкам часта не хапае. Вядома, самыя складаныя элементы можна выпіліць электралобзікам, дзеці вельмі любяць ім карыстацца — хутка, зручна, лёгка. Аднак я настойваю на тым, каб большую частку работы яны выконвалі ручным лобзікам — гэта лепш і з пункту гледжання бяспекі, і для развіцця маторыкі рукі. Таму асноўны кантынгент маіх навучэнцаў — хлопчыкі 10—15 гадоў. У гэтым узросце іх уяўленне і фізічнае развіццё знаходзяцца ў гармоніі, і яны могуць самастойна стварыць тыя рэчы, якія бачаць у сваіх фантазіях.
Чытайце матэрыял Віталіны НЕСЦЯРОВІЧ у дадатку “Шосты дзень” у нумары ад 28 лютага 2023 года.