Напэўна, вы заўважалі, што на пытанне “Хто вы?” чалавек звычайна адказвае, што ён, напрыклад, музыкант, эканаміст, цырульнік, вартаўнік, бібліятэкар. Нехта можа казырнуць модным словам: барыста, самелье, мерчандайзер. Вельмі рэдка хто-небудзь скажа “Я тата” або “Я бабуля”. І ўжо толькі ў пэўных абставінах мы называем сябе суседам, пакупніком, кліентам банка, пасажырам або гледачом.
Сапраўды, прафесія многае гаворыць пра нас. Яна вызначае наша жыццё, наш дабрабыт, наша адчуванне шчасця. Каб не прайсці міма сваёй справы, найперш патрэбны веды — пра яе і пра сябе.
А, як вядома, лепшы шлях да ведаў — дзеянне. Менавіта аб гэтым разважаюць нашы аўтары — удзельнікі тэматычнага праекта “Педагагічная асамблея”. Аднак у іх артыкулах не толькі разважанні, але і слушныя парады, як дапамагчы школьнікам выбраць сваю дарогу. Вы азнаёміцеся з самай актуальнай інфармацыяй аб сітуацыі на рынку працы, знойдзеце алгарытм работы па распрацоўцы індывідуальных прафесійных маршрутаў для школьнікаў, апісанне методыкі арганізацыі адукацыйных падарожжаў, прыёмаў работы з ментальнымі картамі, а таксама сітуацыйныя задачы, эўрыстычныя заданні, кейсы, праекты.
“Наша гімназія — гэта вялікая дружная сям’я, дзе кожнае дзіця лічаць здольным, разумным, непаўторным, шчыра любяць і чакаюць. Напэўна, таму многія выпускнікі вяртаюцца да нас ужо ў ролі настаўнікаў, а ў ролі клапатлівых бацькоў давяраюць нам самае дарагое — сваіх дзяцей”, — гаворыць Наталля Пятроўна Кохава, дырэктар гімназіі № 1 Оршы імя Г.В.Сямёнава, вопыт дзейнасці якой прадстаўлены ў праекце “Энцыклапедыя “Школы Беларусі”. Сапраўды, у гэтай установе адукацыі дзякуючы намаганням педагогаў, навучэнцаў і бацькоў створана дзіўная атмасфера сумеснай творчасці і супрацоўніцтва. Акунуўшыся ў яе, немагчыма не быць таленавітым і дапытлівым. Навучэнцы паглыблена вывучаюць гісторыю Беларусі, грамадазнаўства, беларускую, рускую і французскую мовы, матэматыку, фізіку, хімію, біялогію, актыўна працуюць у навуковым таварыстве “Пошук”, займаюцца даследаваннем роднага краю на занятках аб’яднанняў па інтарэсах “Актывісты школьнага музея”, “Літаратурная Аршаншчына”, “Оршазнаўства”. На старонках нашага часопіса педагагічны калектыў гімназіі дзеліцца эфектыўнымі інструментамі метадычнай работы, багатым практычным матэрыялам па арганізацыі выхаваўчай дзейнасці.
Як заўсёды, вельмі складаныя, а падчас і балючыя пытанні для бацькоў і настаўнікаў закранае наша пастаянная рубрыка “Бацькоўскі сход”. Гэтым разам размова прысвечана тэме фарміравання выканаўчых функцый у дзяцей з асаблівасцямі развіцця.
“Адна з базавых праблем большасці дзяцей з сіндромам дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасцю і расстройствамі аўтыстычнага спектра — парушэнне ваканаўчага функцыянавання. Цяжкасці з канцэнтрацыяй увагі, імпульсіўнасць аказваюць адмоўнае ўздзеянне на вучэбныя і прафесійныя вынікі чалавека і ўвогуле на якасць яго жыцця ў соцыуме. На жаль, апошнія медыцынскія даследаванні сведчаць, што СДУГ выяўляецца прыкладна ў 5—8% дзяцей, РАС — у 1%”, — адзначае ў сваім артыкуле кандыдат педагагічных навук А.Ф.Сівашынская. Як дапамагаць гэтым людзям адаптавацца ў соцыуме, як вучыць авалодваць неабходнымі выканаўчымі функцыямі, чытайце ў лістападаўскім выпуску “Бацькоўскага сходу”.
На апошніх старонках часопіса мы па традыцыі прапануем некалькі артыкулаў з “Народнай асветы” мінулых гадоў. Сёння яны прысвечаны тэме працоўнага выхавання навучэнцаў. Той, хто быў школьнікам у 1960—1980-х гадах, добра памятае вераснёвую працу ў калгасах па зборы агародніны, урокі батанікі на прышкольным участку, летнюю практыку ў працоўным лагеры. Працоўнае выхаванне было неад’емнай часткай адукацыйнага працэсу.
“Многія піянерскія і камсамольскія арганізацыі школ рэспублікі ўмела спалучаюць агульнаадукацыйныя задачы з працоўным выхаваннем школьнікаў. Піянеры і школьнікі шырока прыцягваюцца да аказання дапамогі калгасам і саўгасам у вырошчванні розных сельскагаспадарчых культур, да ўборкі ўраджаю, да работы на жывёлагадоўчых фермах”, — адзначае ў сваім артыкуле сакратар ЦК ЛКСМБ Т.Дзмітрыева (№ 5 за 1959 год). Са з’яўленнем ІКТ, інавацыйных тэхналогій і высокатэхналагічных машын патрэба ў ручной працы ў розных галінах гаспадаркі стала значна меншай. Гэта паступова прывяло да страты ва ўстановах адукацыі традыцыі вывучаць прыродазнаўчыя дысцыпліны “на натуры”.
Сёння педагогі зноў акцэнтуюць увагу на тым, што дзяцей неабходна вяртаць “у прыроду”, прывучаць да працы, максімальна выкарыстоўваць прыродазнаўчы патэнцыял вучэбных прадметаў.
У артыкулах, якія мы прапануем, прадстаўлена шмат прыкладаў, а таксама парады, як навучыць дзяцей спалучаць вучобу і карысную працу. І давайце прыслухаемся да меркавання Т.Дзмітрыевай: “У будучага працавітага гаспадара павінны быць пільныя вочы, яму “да ўсяго ёсць справа”, і яго душа баліць за народнае дабро. Выхаванне ў працы не вырашаецца комплексам нейкіх пэўных мерапрыемстваў. Выхаванне ў працы — гэта арганізацыя ўсяго жыцця школьніка. Не толькі ў школе, піянерскай арганізацыі, але і дома, у сям’і нашы дзеці не павінны расці беларучкамі. Яны павінны дапамагаць бацькам, умець зрабіць для сябе ўсё неабходнае”. (У тэкстах захавана арфаграфія і пунктуацыя арыгіналаў.)
Святлана МАЗУРЫНА,
галоўны рэдактар