Светлы горад са светлай душой

- 15:43Родная земля, Рознае

Хоць Светлагорск і з’яўляецца адным з самых маладых беларускіх гарадоў, аднак сваёй прыгажосцю і таямнічасцю не саступае старэйшым братам — славутым Нясвіжу, Полацку, Гродна. Сучаснасць тут цесна пераплялася з багатым мінулым, а духоўнасць… з прамысловасцю. Такое незвычайнае суседства розных аспектаў жыцця горада ўплывае і на асаблівасці выхаваўчай работы, што праводзіцца ва ўстановах адукацыі.

Горад кантрастаў

Калі б герой знакамітай “Брыльянтавай рукі” падарожнічаў не толькі па Міжземным і Чорным моры, але і па Дняпры, а потым Бярэзіне, то, напэўна, у спісе гарадоў-кантрастаў побач з Марсэлем, Стамбулам і Лонданам ён абавязкова паставіў бы Светлагорск. Ціхі шолах лістоты ў парках і скверах тут мяжуе з аўтамабільным гулам, шмат-павярхоўкі з тыповымі вясковымі хатамі, а вежы храмаў гэтак жа стромка ўзносяцца да неба, як і трубы-вежы электрастанцыі, ААТ “Светлагорскі ЦКК” (цэлюлозна-кардонны камбінат) або ААТ “СветлагорскХімвалакно”. Светлагорск — не толькі горад кантрастаў. Як сведчыць памятны знак насупраць аўтавакзала, гэта і горад будаўнікоў, энергетыкаў, хімікаў, нафтавікоў, а таксама горад юнацтва.
Усе гэтыя азначэнні можна замяніць адным словазлучэннем — светлы горад. І справа не толькі ў электрастанцыі, ад электрычнага святла якой і атрымаў назву ўзведзены ў канцы 50-х гадоў каля вёскі Шацілкі малады горад. Дастаткова гадзіну-другую прагуляцца па ўтульных вуліцах і абавязкова завітаць на самае прасторнае, самае светлае месца горада — Цэнтральную плошчу са шматпавярховымі дамамі, пафарбаванымі ў светлыя адценні ружовага і жоўтага колераў, сотнямі кветак і светла-шэрай тратуарнай пліткай. “Добры дзень, ваша светласць!” — хацелася сказаць пасля прагулкі не толькі гораду, але і заснавальніку Шацілак Раману Шацілу, помнік якому стаіць у цэнтры горада. Светлая плошча, светлыя дамы, але самае галоўнае — гэта людзі са светлай, шчырай душой і светлымі, шчырымі ўсмешкамі. Менавіта такімі з’яўляюцца настаўнікі, з якімі давялося сустрэцца і пагутарыць пра мінулае горада, яго сучаснае і будучае жыццё.

Спрэчнае пытанне

Гаварылі мы не толькі пра знакамітых жыхароў горада, ураджэнцаў раёна. Чырвонай ніткай праз нашу размову праходзіла тэма экалагічнага стану Светлагорска, паколькі горад з’яўляецца буйным прамысловым цэнтрам, на яго тэрыторыі знаходзяцца такія флагманы, як “Хімвалакно”, цэлюлозна-кардонны камбінат. Частка маіх суразмоўцаў лічыць, што за знешняй светласцю і чысцінёй прыхоўваецца забруджанасць паветра і ракі Бярэзіны. Зусім іншае меркаванне давялося пачуць ад педагогаў гімназіі.
— Дастаткова падысці да дрэў і ўбачыць, што на іх растуць лішайнікі, якія, між іншым, з’яўляюцца выдатным паказчыкам чысціні паветра, — адзначыла настаўніца біялогіі Вольга Віктараўна Бадзеннікава.
Тое, што чысціня паветра ў Светлагорску прыкладна такая ж, як і ў суседніх райцэнтрах, сведчаць шматлікія даследаванні, якія навучэнцы гімназіі праводзілі пад кіраўніцтвам настаўніцы хіміі Галіны Анатольеўны Капецкай. Гэта, напрыклад, вывучэнне Аляксеем Крычаўцовым цеплавога забруджвання ракі Бярэзіны; Юліяй Гаўрылюк, Аленай Яцэвіч і Наталляй Каштанавай хімічнага забруджвання ракі. Вывучэннем узроўню забруджанасці сцёкавых вод займалася з вучнямі і Вольга Віктараўна. Дарэчы, названыя работы ў свой час паспяхова прадстаўляліся на раённых і абласных навукова-даследчых канферэнцыях, некаторыя абараняліся юнымі эколагамі на англійскай мове на міжнародным узроўні.
— Мы высветлілі, што ўсе паказальнікі шкодных выкідаў знаходзяцца ў норме. Якаснае правядзенне навукова-даследчых работ было б немагчыма без актыўнай дапамогі супрацоўнікаў цэлюлозна-кардоннага камбіната і “Хімвалакна”. Напрыклад, у даследаванні сцёкавых вод нам дапамагала загадчыца лабараторыі ЦКК. Мы з вучнямі займаліся толькі тэарэтычнай часткай даследаванняў, падлікамі, паколькі па тэхніцы бяспекі дзецям нельга дакранацца да сцёкавых вод, забор вады рабілі супрацоўнікі камбіната. Як паказалі даследаванні, узровень забруджанасці сцёкавых вод мінімальны, ачышчальныя збудаванні на ЦКК працуюць надзейна, — адзначыла Вольга Віктараўна.
Пра супрацоўніцтва ўстаноў адукацыі з прадпрыемствамі хімічнай прамысловасці трэба сказаць асобна. Гэтыя аб’екты з’яўляюцца горадаўтваральнымі, і нядзіўна, што тут працуе значная частка светлагорцаў, а многія выпускнікі працягваюць традыцыі бацькоў і звязваюць жыццё з рабочымі прафесіямі. У многім гэтаму садзейнічае адпаведная прафарыентацыйная работа, што праводзіцца сярод навучэнцаў. Галоўная яе форма — экскурсіі. Паколькі і ЦКК, і “Хімвалакно” — гэта ўмоўна закрытая тэрыторыя з асаблівым рэжымам работы, то падрыхтоўка да экскурсіі вядзецца дасканала. З дзецьмі праводзіцца інструктаж па тэхніцы бяспекі, выпісваюцца спецыяльныя пропускі. Напрыклад, на ЦКК экскурсія доўжыцца каля 2 гадзін. За гэты час, нібыта цікавы і захапляльны фільм, перад наведвальнікамі паўстаюць усе этапы стварэння кардонных маналітаў-упаковак для халадзільнікаў і тэлевізараў.

Смачныя гуркі

Выдатным паказчыкам узроўню экалагічнага стану горада з’яўляецца і колькасць нітратаў, якія ўтрымліваюць прадукты харчавання, вырашчаныя жыхарамі горада на прысядзібных участках. Спецыяльнымі падлікамі займаліся навучэнкі гімназіі Дар’я Кахно і Кацярына Шаплякова, якія пад кіраўніцтвам Галіны Анатольеўны Капецкай правялі “Параўнальны аналіз утрымання нітратаў і вывучэнне ўплыву кулінарнай апрацоўкі на колькасць нітратаў у агародніне”.
Агародніна для аналізу адбіралася ў поліэтыленавыя мяшкі на заключным этапе паспявання. У асноўным агародніну мылі вадой, выціралі чыстай тканінай і разразалі крыжападобна на 4 роўныя часткі, адну з якіх бралі для аналізу. Так рабілі з цыбуляй, гуркамі. Качаны капусты разразалі крыжападобна ўздоўж вертыкальнай восі на 8 роўных частак, для аналізу таксама бралі адну частку. Даследаванні праводзіліся з выкарыстаннем калібровачнай шкалы па дыфеніламіне. Даследаванне паказала, што агародніна, вырашчаная на тэрыторыі горада, цалкам прыдатна для ўжывання, колькасць нітратаў у ёй мінімальная.
Канечне, такое паняцце, як экалагічна-спрыяльныя ўмовы для пражывання ў горадзе, умоўнае. У гэтым пераконвае, напрыклад, даследаванне, праведзенае навучэнцамі 8 класа пад кіраўніцтвам настаўніцы біялогіі Тамары Васільеўны Гаўрыленка “Уплыў жыццяздатнасці насення дзьмухаўцоў у залежнасці ад мясцін іх вырастання”. Вывучалася ўсходжасць насення ўздоўж дарог у горадзе, прыгарадзе і вёсцы, што знаходзіцца за 25 км ад Светлагорска. Найбольш добрыя паказчыкі, як і чакалася, атрымаліся ў вёсцы.

Домікі для птушак

Для светлагорскіх настаўнікаў і вучняў клопат пра чысціню роднага горада — гэта не толькі правядзенне адпаведных навуковых даследаванняў, але і рэгулярны ўдзел у працоўных дэсантах, суботніках. Для калектыву гімназіі гэта яшчэ і клопат пра нашых чатырохлапых і крылатых братоў. Стварэнне кармушак і шпакоўняў, нарыхтоўка корму — такія ж звычныя справы, як і збор макулатуры або смецця. Прычым гэта не проста штампоўка на ўроках працы аднатыпных птушыных домікаў. Па-першае, усе вырабы рознага колеру (на дрэвах каля будынка гімназіі шпакоўні чамусьці сінія), па-другое, на кармушках могуць прысутнічаць і ўзоры, напрыклад, у выглядзе кветкі. Як адзначыў дырэктар гімназіі Пётр Міхайлавіч Кулакоўскі, птушкам таксама хочацца, каб іх жыллё было асаблівым, не падобным на суседскае. Вось і стараюцца вучні, рэалізуюць свае дызайнерскія здольнасці, робяць больш камфортным птушынае жыццё. Частку домікаў дзеці развешваюць на сваіх прысядзібных участках або ў вёсках у бабулі, частка домікаў упрыгожвае дрэвы на тэрыторыі гімназіі і ў лесе ў ваколіцах Светлагорска, а частка шпакоўняў развешваецца каля дзіцячых садоў.
Малады або сталы?
Сінонімамі слова “светлы”, калі гаварыць пра Светлагорск, з’яўляюцца “чысты”, “утульны”, “прыгожы”, а яшчэ “малады”. Хаця настаўнікі гісторыі сярэдняй школы №10 не пагодзяцца з праўдзівасцю апошняга слова ў гэтым спісе сінонімаў. Калі лічыць, што горад з’яўляецца спадкаемцам багатай на мінулае вёскі Шацілкі, то для характарыстыкі яго ўзросту варта ўжыць слова “сталы”. Для 453 гадоў, што прайшлі з часу першага ўпамінання вёскі ў гістарычных дакументах, якраз падыдзе такое азначэнне. Хаця і гэты ўзрост пад вялікім пытаннем. Як паведаміла настаўніца гісторыі Алена Аляксандраўна Маслюкова, разам з вучнямі яна ў 90-я гады пад кіраўніцтвам супрацоўнікаў Інстытута гісторыі НАН Беларусі пачала займацца археалагічнымі раскопкамі, у тым ліку на месцы Шацілак. Знойдзеныя артэфакты адносяцца яшчэ да старажытных часоў.
— Калі мае сённяшнія дзесяцікласнікі былі ў 7 класе, мы пазнаёміліся з прывілеем, што захоўваецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, за подпісам Жыгімонта II Аўгуста. Ён датуецца 15 чэрвеня 1560 года. У дакуменце гаворыцца, што маёнтак “Востраў Шацілінскі”, размешчаны побач з Горвальскім трактам (сённяшняй вуліцай Савецкай) на рацэ Бярэзіне ў Рэчыцкай воласці, пасля смерці папярэдняга ўладальніка Рамана Шацілы перадаецца Ждану Манкевічу ў пажыццёвае валоданне з абавязковым выкананнем ім вайсковай службы. І хоць у дакуменце не ўзгадваецца сама вёска, аднак назва вострава сведчыць пра яе існаванне. Дарэчы, помнік Раману Шацілу, аўтарам якога з’яўляецца скульптар Эдуард Астаф’еў, стаў першым у вобласці помнікам, пастаўленым у гонар заснавальніка горада, — расказвае Алена Аляксандраўна.
Каб больш падрабязна пазнаёміць мяне з гісторыяй горада, настаўніца прапанавала здзейсніць завочнае падарожжа. Знаёмства з любым горадам, як вядома, лепш пачынаць з легенд і паданняў, у нашым выпадку звязаных з Шацілкамі. Па словах Алены Аляксандраўны, існуе некалькі версій адносна паходжання назвы вёскі. Адна з іх гаворыць пра тое, што мясцовыя жыхары некалі займаліся пашывам “шатаў” — прыгожага і каштоўнага адзення, якое насілі выключна ў святочныя дні. Згодна з іншай версіяй, назва вёскі пайшла ад 18-19_2(сайт)кораня “шаць” (месца, зарослае чаротам). Існуе яшчэ адна легенда, якая расказвае пра тое, што на прыгожым месцы правага берага Бярэзіны пасяліліся сем прышлых людзей, у аднаго з якіх было прозвішча Шаціла. Аднойчы здарыўся няшчасны выпадак і ў рацэ ўтапілася дачка-прыгажуня гэтага чалавека. Засмучаны стратай, Шаціла пакінуў маляўнічы край, а мясцовыя жыхары ў яго гонар назвалі паселішча.
Новы этап развіцця Светлагорска пачаўся пасля таго, як у студзені 1954 года ў Шацілкі прыехала група спецыялістаў з будаўнічай пляцоўкі Смалявіцкай ДРЭС для ўзвя-дзення Васілевіцкай электрастанцыі (цяпер Светлагорская ЦЭЦ). У верасні 1958 года першая турбіна дала электрычнае святло, з таго часу новы горад і пачалі называць Светлагорскам.
— Рухаючыся па першай вуліцы горада (вуліцы Леніна) можна ўбачыць будынак Дома культуры энергетыкаў, узведзены ў 1958 годзе. Гэта самы першы буйны аб’ект культуры нашага Светлагорска. Тут навучэнцы наведваюць бібліятэку, харэаграфічныя і вакальныя гурткі. Праз дарогу ад яго можна ўбачыць музей гісторыі горада, які нядаўна быў рэканструяваны. Мы з вучнямі часта наведваем музей, тут праводзяцца цікавыя выставы, — расказвае Алена Аляксандраўна.

Маўклівы звон

Пра кожны будынак настаўніца расказвала з асаблівай цеплынёй і пяшчотай. І гэта нядзіўна, пра светлы горад, з якім у яе звязаны самыя цёплыя ўспаміны жыцця, па-іншаму гаварыць нельга. Найбольш любімым месцам прагулак і адпачынку ў Алены Аляксандраўны, як і ў яе землякоў, з’яўляецца набярэжная Бярэзіны. Тут праходзяць святочныя мерапрыемствы, народныя гулянні, імпрэзы. У цэнтры Набярэжнай плошчы ўзвышаецца манумент “Маўклівы звон” (аўтары У.Слабодчыкаў, І.Марозаў). Урачыстае адкрыццё манумента на месцы пахавання 264 салдат, якія загінулі ў 1943—1944 гады ў баях за Шацілкі, адбылося 9 мая 2005 года ў 60-ю гадавіну Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
— Мы можам убачыць, як на пастаменце ўзвышаюцца маналітныя гранітныя камяні, на якіх знаходзіцца сімвалічна расколаты звон. У сярэдзіне яго — невялікі царкоўны звон, змешчаны для склікання людзей да помніка ў памятныя дні. Гэты звон напамінае пра ахвяры вайны, пра тое, якой высокай цаной была заваявана Перамога. Побач знаходзіцца помнік у гонар маладых хлопцаў, якія загінулі ў Афганістане. Ён адкрыты 3 ліпеня 1994 года па ініцыятыве воінаў-інтэрнацыяналістаў Светлагорскага раёна. Аўтары кампазіцыі — скульптары Касцюкоў і Жданаў. Дарэчы, прыярытэтным кірункам нашай краязнаўчай дзейнасці з’яўляецца вывучэнне жыцця людзей, якія прысвяцілі часцінку свайго жыцця нашаму гораду. Так, пад маім кіраўніцтвам Інга Бедзія і Кацярына Шымановіч даследавалі творчы шлях мастака Аляксандра Камардзіна, каменныя скульптуры якога ўпрыгожваюць вуліцы Светлагорска, — працягнула аповед калегі настаўніца гісторыі Ева Міхайлаўна Галавачэнка.
І, канечне, падчас экскурсіі нельга не пазнаёміцца з велічнымі храмамі горада. Паколькі мы ўжо ўмоўна знаходзімся на беразе ракі, то трэба азнаёміцца з касцёлам Уздзвіжання Святога Крыжа, далей накіруемся да праваслаўных сабораў: Свята-Петрапаўлаўскага і Спаса-Праабражэнскага.
Вяртаючыся да тэмы вайны, варта адзначыць, што яна грунтоўна распрацавана калектывам дзясятай школы. Ва ўстанове адукацыі дзейнічае музей, прысвечаны баявому шляху 172-й стралковай дывізіі, якая вызваляла Шацілкі і подзвіг салдат якой лёг у аснову знакамітых “Жывых і мёртвых” Канстанціна Сіманава. Экспедыцыйны атрад класа, якім кіруе Алена Аляксандраўна, актыўна ўдзельнічаў у рэспубліканскім паходзе па месцах воінскай славы, у раённай эстафеце патрыятычных спраў “Паклонімся вялікім тым гадам”, прысвечанай 65-годдзю Вялікай Перамогі, вывучаліся подзвігі членаў падпольнай маладзёжнай арганізацыі “Смугнар” (“Смерць прыгнятальнікам народа”), што дзейнічала ў Калінкавічах. Кожны год удакладняюцца спісы ветэранаў, замацаваных за школай, з ліку хлопцаў выбіраюцца адказныя за работу з франтавікамі і партызанамі. Вучні актыўна ўдзельнічаюць у раённым конкурсе малюнкаў “Сябруюць дзеці на планеце”, абласным конкурсе на лепшы сацыяльна-значны праект па вывучэнні малой радзімы, раённым конкурсе чытальнікаў, прысвечаным вызваленню Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, навукова-практычнай канферэнцыі “Успомнім іх пайменна…”, фестывалі патрыятычнай песні “Песні юнацтва нашых бацькоў”, ваенна-патрыятычнай гульні “Зарніца”, рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”.
— Прыкладам міжпрадметнай навукова-даследчай дзейнасці з’яўляецца праца Арцёма Сямёнычава, прадстаўленая на рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі “Шацілкаўскія чытанні”. Пры даследаванні карт, рассакрэчаных некалькі гадоў назад Міністэрствам абароны Рэспублікі Беларусь, хлопец выявіў на тэрыторыі раёна 43 зніклыя населеныя пункты. Старшакласнік зрабіў важнае для мясцовай гісторыі адкрыццё, выкарыстоўваючы веды і ўменні, атрыманыя на ўроках гісторыі і геаграфіі, — адзначыла Алена Аляксандраўна.
Наперадзе юных краязнаўцаў чакаюць новыя пошукі і знаходкі. Комплексны падыход да вывучэння Светлагорскага раёна дапаможа ўзнавіць малавядомыя старонкі мінулага, даследаваць населеныя пункты, прыроду, экалогію, культурныя традыцыі роднага краю. У час экспедыцый школьнікі і надалей будуць удасканальваць навыкі даследчай працы, выкарыстоўваць і прымяняць на практыцы атрыманыя веды, праводзіць археалагічную разведку і раскопкі, вывучаць флору, фаўну і экалагічнае становішча мясцовасці, збіраць этнаграфічны матэрыял і мясцовы фальклор.

Ідэальнае месца

На развітанне Алена Аляксандраўна разам з Евай Міхайлаўнай паведаміла яшчэ дзве цікавыя легенды, запісаныя ад шацілкаўскіх старажылаў. Адна з легенд распавядае пра чорных булгар, якія нібыта схавалі на дне ракі каштоўныя манеты, і таго, хто іх знойдзе, чакаюць хваробы. Другая ж легенда сведчыць, што падчас Паўночнай вайны праз тэрыторыю Светлагорскага раёна са сваім войскам праходзіў Карл ХІІ. У час чарговага прывалу ён паставіў шацёр акурат пад тым дубам, што і цяпер расце каля электрастанцыі. Наколькі праўдзівыя падобныя прыклады вуснай народнай творчасці, краязнаўцы з дзясятай школы будуць высвятляць у гэтым навучальным годзе. Наконт першай легенды не ведаю, аднак другая, дакладна, праўдзівая. Шведскі кароль проста не мог не спыніцца ў гэтых прыгожых, маляўнічых мясцінах — ідэальным месцы для будаўніцтва светлага горада, горада са светлай душой і людзьмі, у якіх светлыя, шчырыя ўсмешкі.

 

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.