Свой брэнд

- 10:35Авторские колонки, Мнение

У кожнага раёна павінен быць свой брэнд. У гэтым упэўнены ўдзельнікі міжнароднага конкурсу “Адкрываючы свет інтэлектуальнай уласнасці”. І не толькі яны…

Ігар ГРЭЧКА

Але спачатку пра конкурс. Праводзіўся ён у чатыры этапы з верасня па снежань. У апошнія дні мінулага года на выніковае мерапрыемства ў Нацыянальнай бібліятэцы сабраліся арганізатары (прадстаўнікі Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях, Міністэрства адукацыі, Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці, Еўразійскай патэнтнай арганізацыі) і самі канкурсанты — моладзь ва ўзросце ад 13 да 18 гадоў.

Заключным заданнем для іх стала падрыхтоўка канцэпцыі прасоўвання канкрэтных прадуктаў, якія валодаюць унікальнымі характарыстыкамі, абумоўленымі геаграфічным пахо­джаннем. Такія прадукты ствараюцца даўно, і вельмі важна, каб пра іх ведалі не толькі жыхары канкрэтнага населенага пунк­та. На тэматычнай выставе можна было, напрыклад, азнаёміцца з ажурным ткац­твам Гарадоцкага раёна, пакаштаваць духмяны хлеб з Глыбокага або салодкі гальшанскі пернік, палюбавацца рухаўскімі дыванамі са Старадарожчыны…

Дыпломам І ступені па выніках усіх этапаў у індывідуальным заліку ўзнагароджана навучэнка гімназіі № 36 Мінска Маргарыта Федарук. А пераможцам чацвёртага этапу стаў праект навучэнца Фарыноўскай сярэдняй школы Полацкага раёна Яраслава Канькова (кіраўнік — настаўніца гісторыі Ірына Барысаўна Шлемен). У ім хлопец прадставіў (увага!) канцэпцыю прасоўвання лячэбнай сапрапелевай гразі возера Пліса.

Сапраўды, чаму б не папулярызаваць такі асаблівы прадукт, калі кожны год у беларускія санаторыі на лячэнне прыязджаюць тысячы замежных турыстаў. Дарэчы, колькасць турыстаў, якія ўехалі ў нашу краіну ў 2023 годзе, скарыстаўшыся бязвізам, перавысіла пазамінулагодні паказчык і дасягнула 413 тысяч.

Лічбы, агучаныя Дзяржаўным пагранічным камітэтам, выдатна сведчаць пра тое, што турыстычная цікавасць да нашай краіны расце. Але папулярызаваць адметнасці Беларусі, яе брэнды, якія ва ўсе часы з’яўляюцца знакам якасці, трэба ў першую чаргу сярод нас саміх — жыхароў гасціннай сінявокай зямлі.

Гэта цудоўна разумеюць у сістэме адукацыі, таму рэгулярна праводзяцца конкурсы, накіраваныя на папулярызацыю матэрыяльнай і нематэрыяльнай спадчыны малой радзімы. Сярод самых вядомых — “Капітал месца”. У кастрычніку ўжо другі раз падвялі яго вынікі. Снежань таксама быў у конкурсным плане насычаным. У Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства прайшоў заключны этап турніру “Пазнай свой край”, названы пераможцы конкурсу “Па старонках Дзённіка вандроўніка”, трэцяга этапу ўсебеларускай маладзёжнай экспедыцыі “Маршрутамі памяці. Маршрутамі адзінства”.

“Настаўніцкая газета” не застаецца ў баку ад папулярызацыі адметнасцей рэгіёнаў. З 2009 года на старонках выдання рэгулярна выходзілі матэрыялы праекта “Родная зямля”, у рамках якога мы наведалі 118 раёнаў нашай краіны, пабывалі ва ўсіх гарадах і ў сотнях вёсак, станавіліся гасцямі брэндавых фестываляў. Напрыклад, такіх як “Жураўлі і журавіны Міёрскага краю” або свята Яблычны Спас на малой радзіме знакамітага садавода-селекцыянера Івана Сікоры ў Шаркаўшчынскім раёне. А яшчэ вывучалі адметнасці неглюбскага ручніка, апраналі дрыбінскія валёнкі… Цяпер гэта робім у межах рубрыкі “Спаз­наць і зберагчы”.

Адным з гастранамічных брэндаў Бярозаўскага раёна з’яўляюцца смачныя спораўскія карасі і ляшчы, якімі вас пачастуюць у музеі мясцовай школы. Фота аўтара

Таксама знаёмства з рэгіёнамі працягваем у публікацыях праекта “Нам засталася спадчына”. Журналісцкія рэпартажы не толькі пра славутыя храмы, палацы і іншыя аб’екты даўніны. Героямі матэрыялаў становяцца ў першую чаргу педагогі, дзякуючы якім наша спадчына захоўваецца, а веды пра яе папулярызуюцца. І самае галоўнае — дзякуючы такім неабыя­кавым людзям нашы брэнды набываюць славу. Думаю, не памылюся, калі скажу, што той жа вішнёвы фестываль у Глыбокім наўрад ці стаў бы такім каларытным і маштабным, каб не
ўдзел у ім педагогаў.

Ваш раён таксама славіцца брэндамі? Калі не, сітуацыю варта выпраўляць. Упэўнены, у вас ёсць прапановы, да якіх мясцовая ўлада паставіцца з разуменнем і падтрымкай. Мы ж у сваю чаргу абяцаем падтрымку інфармацыйную.