Свята працы

- 12:40Авторские колонки, Ремарка

Дзень працы сярод агульнарэспубліканскіх свят стаіць крыху паасобку. У гэтым свяце няма ўзнёсласці Дня Перамогі, няма навізны Новага года, няма пяшчоты 8 Сакавіка і адухоўленасці Вялікадня. У ім ёсць нешта іншае — будзённае, звыклае, спакойнае. Як гэта ні дзіўна гучыць, але праца некалі зрабіла нас людзьмі і працягвае гэта рабіць да сённяшняга моманту. Працаваць — значыць быць чалавекам.

Наталля КАСТЭНКА

Калісьці Першамай пачынаўся як Дзень салідарнасці працоўных. У далёкім Чыкага 1 мая 1886 года рабочыя арганізавалі масавую забастоўку з патрабаваннем 8-гадзіннага працоўнага дня. Уявіце сабе: у тыя часы людзі цяжка працавалі на працягу 12—15 гадзін у дзень і атрымлівалі за гэта мізэрныя грошы. Акрамя таго, каб пражыць і пракарміць сям’ю, вымушаны былі працаваць нават дзеці, а пра сацыяльныя гарантыі працуючым ніхто і не чуў. Мінскія рабочыя ўпершыню адзначылі Дзень працы маёўкай у 1895 годзе. Той рух, які заснавалі ўсяго 40 айчынных працаўнікоў, захаваўся праз гады і краіны. А лозунг “Мір! Праца! Май!” актуальны і сёння.

У нашай краіне 1 Мая — агульнарэспубліканскае свята. Гэта правільна. Славіць чалавека працы, дзякаваць яму за яго штодзённую карпатлівую работу — гонар для нашай суверэннай дзяржавы. Добрай традыцыяй напярэдадні Першамая стала і ганараванне лепшых працаўнікоў на самым высокім узроўні. Адбудзецца яно і ў бягучым годзе.

Упэўнена, што сёлета Дзень працы стане асаб­лівым святам. Краіна рыхтуецца адзна­чаць вялікую дату — 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ніводзін абеліск, ніводнае воінскае пахаванне не павінна застацца па-за нашай увагай. Выдатны прыклад, як і заўсёды, у гэтым плане паказваюць прафсаюзныя лідары.

На рэспубліканскім суботніку члены Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі разам з паплечнікамі па ФПБ плённа працавалі ў напрамку захавання памяці — дабраўпарадкоўвалі памятныя месцы.  І гэта не проста працоўная акцыя. Гэта магчымасць ушанаваць памяць і аддаць даніну павагі тым суайчыннікам, дзякуючы якім мы жывём пад мірным небам. Да прафсаюзных лідараў далучыліся студэнты, і ўсе разам папрацавалі на трох мемарыялах — “сёстрах Хатыні”.

Вёска Дальва на Лагойшчыне падзяліла лёс Хатыні ў чэрвені 1944 года. 44 чалавекі, сярод якіх было 29 дзяцей, былі спалены зажыва… У вёсцы Доры Валожынскага раёна ў ліпені 1943 года пакутніцкую смерць прынялі 257 аднавяскоўцаў. Жанчын, дзяцей і старых разам са святаром фашысцкія нелюдзі замкнулі ў драўляным храме і падпалілі яго… Мемарыял “Папова Града” ў Чэрвеньскім раёне захоўвае памяць пра жудасны май 1944-га, калі карнікі сагналі ў хлеў старых і малых — у агні загінулі 57 чалавек…

Гэты жах назаўсёды застаўся ў сэрцы кожнага беларуса.

Кожны з нас цвёрда ўпэўнены: гэта ніколі не павінна паўтарыцца.

Мы будзем працаваць на карысць Радзімы. Будзем вучыць дзяцей і садзіць кветкі, бу­дзем шанаваць нашых бацькоў і захоўваць памяць пакаленняў. Мы, беларусы, мірныя людзі, якія потам і крывёй здабылі сваё права жыць на роднай зямлі. Адзначаць святы, працаваць у будні. Ганараваць лепшых і падтрымліваць маладых. Проста жыць звычайным, ціхім жыццём.

І няхай Першамай не выклікае пафасных пачуццяў, але гэта наша агульнае свята. А нашы дзеці павінны ведаць, што іх галоўная праца — за школьнай партай. Таму што менавіта ім будаваць і захоўваць краіну, а таксама славіць яе сваёй творчай працай.

Фота на прэўю з сайта pixabay.com