Святлана Дзенісеня: немагчыма прывіць дзіцяці цікавасць да вучобы, калі яно не разумее, навошта вучыцца

- 10:10Новости

Як зрабіць працэс адаптацыі дзіцяці да школы лёгкім і захаваць яго цікавасць да навучання — карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагутарыла з настаўніцай пачатковых класаў гімназіі Ганцавіч Святланай Дзенісеняй. 

Новы ўзровень

Дырэктар гімназіі Ганцавіч Іна Бараноўская, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ірына Вайцешык і настаўніца пачатковых класаў Святлана Дзенісеня вядуць прыём дакументаў у 1 клас
Фота аўтара

— Святлана Іванаўна, вы працуеце з малодшымі школьнікамі ўжо 37 гадоў і сёлета зноў набіраеце 1 клас. Якім павінна быць дзіця, падрыхтаванае да школы?

— Гатоўнасць дзіцяці да школы па­дзяляецца на фізіялагічную, псіхалагічную і пазнавальную. Усе віды гатоўнасці павінны гарманічна спалучацца. Калі нешта не развіта або развіта не ў поўнай меры, гэта можа адгукнуцца праблемамі ў навучанні, зносінах з аднагодкамі і інш.   

Дзіця, падрыхтаванае да школы, павінна не столькі ўмець чытаць і пісаць, як думаюць многія бацькі, колькі быць псіхалагічна і сацыяльна сталым.

Гэта азначае, што яно павінна валодаць пэўным узроўнем мысліцельных аперацый: умець прымаць адэкватныя рашэнні, хутка рэага­ваць на змяненні сітуацыі, умець плана­ваць сваю дзейнасць і інш. Яно павінна ўмець узаемадзейнічаць з равеснікамі і дарослымі, а таксама валодаць пэўнай ступенню самастойнасці і ўседлівасці. Дзіцяці неабходна прывіць навыкі самаабслугоўвання: завязваць шнуркі, зашпільваць гузікі, збіраць партфель. Вельмі важна, каб у яго была развіта дробная маторыка, а рука падрыхтавана да пісьма, бо пісьмо на пачатковым этапе звычайна выклікае значныя цяжкасці. Псіхалагічная гатоўнасць прадугледжвае, што ў дзіцяці яшчэ да паступлення ў школу сфарміравана жаданне засвойваць веды, наведваць установу адукацыі. Важна, каб дашкольнік быў эмацыянальна падрыхтаваным: мог справіцца са стрэсам, выкліканым першымі днямі знаходжання ў школе, каб у яго былі развіты валявыя якасці, каб ён умеў выслухаць настаўніка, працаваць па інструкцыі. Усё гэта дазволіць дзіцяці паспяхова засвойваць праграму 1 класа.

— Як звычайна праходзіць адаптацыя дзіцяці да школы?

— Адаптацыйны перыяд ва ўсіх розны: ён можа доўжыцца ад 2—3 тыдняў да паўгода і залежыць ад індывідуальна-псіхалагічных асаблівасцей дзіцяці, характару ўзаемадзеяння з навакольнымі, ступені падрыхтаванасці да школы і ўзроўню складанасці адукацыйнай праграмы. Гэты перыяд праходзіць лягчэй у тых дзяцей, якія адчуваюць падтрымку з боку баць­коў. У настаўнікаў бываюць цяжкасці, калі ў клас прыходзяць дзеці рознага ўзросту. Па цяперашнім наборы можна меркаваць, што да нас прыйдуць дзеці з розніцай ва ўзросце ў адзін год.  Задача настаўніка — усяліць у вучня веру ва ўласныя сілы, у поспех, не да­пускаць адмоўнай ацэнкі ў адносінах да яго.

Плаўны і максімальна лёгкі пераход дзіцяці на новы ўзровень дапамагае забяспечыць і работа па пераемнасці, якая вядзецца паміж гімназіяй і дзіцячымі садамі. Арганізоўваецца ўзаеманаведванне педагогамі заняткаў у дашкольных групах і ўрокаў у пачатковай школе з наступным абмеркаваннем, правядзенне семінараў-практыкумаў, вывучэнне вопыту выкарыстання варыятыўных форм, метадаў і прыёмаў работы, сумесных педсаветаў, псіхолага-педагагічнага кансіліума па выніках вывучэння сацыяльна-педагагічнай адаптацыі першакласнікаў. Мы вельмі цесна працуем з педагогам-псіхолагам гімназіі Марыяй Рабкавец.

Знайсці агульную мову

— Чаму часам бывае так, што дзіця з радасцю і ахвотай ідзе ў школу, а праходзіць некалькі тыдняў — і жаданне згасае? Хто ў гэтым вінаваты?

— Можна вылучыць шэраг пры­чын. Па-першае, няправільны падыход да падрыхтоўкі да школы. Паступленне ў 1 клас — важны момант, да якога трэба рыхтавацца загадзя. Каб першакласнікі добра вучыліся і лёгка спраўляліся з вучэбнымі нагрузкамі, баць­кі імкнуцца падрыхтаваць іх да школы: вучаць асновам лічэння, чытання, пісьма. Такога аб’ёму ведаў дастаткова, каб дзіця змагло хутка адаптавацца да вучэбнага працэсу. Але часам бацькі вельмі стараюцца і імкнуцца прайсці з сынам ці дачкой матэрыял першага навучальнага года яшчэ да школы. У такіх выпадках дзеці прыходзяць вучыцца настолькі падрыхтаванымі, што ім проста нецікава прысутнічаць на ўроках, тэмы якіх яны ўжо вывучылі. З-за гэтага ў іх поўнасцю знікае матывацыя да вучобы. Таму пры падрыхтоўцы дзіцяці да школы лепш рабіць акцэнт на базавых навыках і не імкнуцца прайсці большую частку праграмы 1 класа.

Па-другое, у дзіцяці не сфарміраваны ўяўленні пра школу. Частай прычынай таго, шо маленькаму вучню нецікава вучыцца ў 1 класе, з’яўляюцца няспраўджаныя чаканні.

Кожны дашкольнік малюе ў сваёй фантазіі пэўную карціну таго, якой будзе школа. Але малы прыходзіць у 1 клас і разумее, што ўсё зусім не так, як ён сабе гэта ўяўляў.

Вучыцца хутчэй цяжка, чым весела, урокі доўгія, а перапынкі кароткія, настаўнікі строгія… А таму вельмі важна загадзя падрыхтаваць дзіця да вучобы, патлумачыць яму рэаліі школьнага жыцця, каб зберагчы яго ад расчараванняў.

Па-трэцяе, высокія патрабаванні ад бацькоў. Кожнай маці ці бацьку хочацца, каб дзіця добра вучылася: хутка разумела і запамінала матэрыял, без цяжкасцей спраўлялася з любымі заданнямі. Але на практыцы так адбываецца не заўсёды. Паступаючы ў 1 клас, дзіця адчувае сур’ёзны стрэс. Яму даводзіцца адначасова наладжваць адносіны з аднакласнікамі і захоўваць увагу на ўроках. Большасці дзяцей не ўдаецца хутка прыстасавацца, і яны страчваюць цікавасць.

Сярод прычын могуць быць і няўдалы выбар класа ці школы, вялікая розніца ва ўзросце і ўзроўні ведаў школьнікаў. Яшчэ адна прычына — адсутнасць у першакласніка імкнення да ведаў. Большасць сучасных дзяцей не любіць вучыцца — гэта факт, з якім ужо даўно згодны настаўнікі. У многім гэта звязана з масавай даступнасцю інфармацыі. Калі раней веды сапраўды цаніліся, то зараз вучні шчыра не разумеюць, навошта трэба сядзець над падручнікамі, калі кароткі змест літаратурнага твора ці любая формула лёгка гугліцца ў інтэрнэце. Немагчыма прывіць дзіцяці цікавасць да вучобы, калі яно не разумее, навошта вучыцца. Таму найважнейшая задача бацькоў, а потым і настаўніка — паказаць, як атрыманыя веды можна прымя­няць у што­дзённым жыцці.

Ну і адна з галоўных прычын страты цікавасці да навучання — псіхалагічная непадрыхтаванасць да навучання. Калі бацькі рыхтуюць дзіця да паступлення ў 1 клас, яны ў большай ступені звяртаюць увагу на ўзровень яго інтэлектуальных здольнасцей, а не на псіхалагічную гатоўнасць да навучання ў школе. У выніку малы можа валодаць усімі неабходнымі навыкамі, але не ўмець заво­дзіць сяброўства з іншымі дзецьмі або вельмі стамляецца ад доўгага знаходжання на ўроку. Усё гэта становіцца прычынай стрэсаў, з-за якіх у дзіцяці знікае жаданне зай­мацца дома і ў школе. Таму важную ролю ў развіцці дашкольнікаў педагогі адводзяць сацыялізацыі і трэніроўцы ўседлівасці. Каб дзіця лёгка знаходзіла агульную мову з равеснікамі, варта часта гуляць з ім на дзіцячай пляцоўцы, дзе яно зможа навучыцца ўзаема­дзейнічаць з аднагодкамі.

Бацькі як саюзнікі

— Як зрабіць бацькоў сваімі саюзнікамі?

— З самага пачатку неабходна памятаць, што бацькі — гэта саюзнікі настаўніка. Таму не трэба жорстка навязваць свой пункт гледжання. Толькі гаварыць, тлумачыць, раіцца і не баяцца сысці са свайго педагагічнага п’едэстала. Не трэба саромецца звяртацца да бацькоў па дапамогу і падтрымку. Пры кожнай размове з бацькамі пра іх дзіця трэба пачынаць са станоўчых момантаў. Толькі ў гэтым выпадку мамы і таты пачнуць прыслухоўвацца і давяраць. Настаўніку не трэба баяцца дзяцей, а шчыра, адкрыта, але адэкватна выяўляць свае эмоцыі і пачуцці да іх. І дзеці, і бацькі гэта добра адчуваюць і потым адказваюць узаемнасцю, павагай, цеплынёй і любоўю.

Наталля КАЛЯДЗІЧ